Палітычная трансфармацыя вачыма грамадзян

Палітычная трансфармацыя вачамі грамадзян / Нэлі Зігуля [і інш.] // Звязда. — 2022. — 2 лістапада. — С. 7—9 (Мясцовае самакіраванне). 

Дэпутаты з усёй Беларусі пра абмеркаванне законапраекту аб УНС

лістапада заканчваецца абмеркаванне законапраекта «Аб Усебеларускім народным сходзе» у якім на шматлікіх дыялогавых пляцоўках брала ўдзел без перабольшання ўся краіна. Падчас усенароднага абмеркавання важных і для дзяржавы, і для грамадства законапраектаў — а цяпер абмяркоўваюцца і змяненні ў Выбарчы кодэкс — да яго падключыліся дэпутаты ўсіх узроўняў і члены Савета Рэспублікі. У гэтым нумары мы сабралі меркаванні ўдзельнікаў дыялогавых пляцовак. Яны падзяліліся і атмасферай, у якой яны праходзілі, і ўласным бачаннем маючых адбыцца заканадаўчых навацый.


«Дэлегатамі УНС павінны быць людзі, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за краіну»

Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Праект закона «Аб Усебеларускім народным сходзе» распрацаваны ўпершыню. Такі падыход звязаны з асноўнымі прынцыпамі народнай улады і дэмакратыі. Таму што ў склад дэлегатаў, згодна з праектам закона, будуць уключаны дэпутаты розных узроўняў — 350 чалавек. Яшчэ 400 чалавек — прадстаўнікі грамадства, якія будуць абраны на месцах. Сход аб’ядноўвае дэлегатаў з усіх рэгіёнаў і пластоў насельніцтва. Гэта значыць, кожны дэпутат, кожны дэлегат будзе прадстаўляць розную праслойку насельніцтва, але ўсе будуць акумулявацца на рашэнні вызначаных задач. Такі падыход дазволіць разам прымаць рашэнні, а прыняўшы, іх выконваць.

Прыкладам народнай дэмакратыі з’яўляецца і наступнае абмеркаванне прынятых рашэнняў, калі іх сутнасць дэлегаты будуць даносіць сваім выбаршчыкам. Сход УНС — своеасаблівая апора для народы і ўлады. Менавіта на рашэнні народнага сходу змогуць абапірацца дзяржаўныя органы ў сваёй рабоце. Будзе лягчэй працаваць заканадаўчай і выканаўчай уладам. Падчас сходу будзе магчымасць вынесці на абмеркаванне тыя праблемы, якія не заўсёды могуць закрануць заканадаўцы.

Важныя палажэнні, лічу, датычацца кампетэнцыі УНС. У прыватнасці, зацвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама кірункаў знешняй і ўнутранай палітыкі. Гэта даволі адказны крок для дэлегатаў УНС. Яны будуць вырашаць, якім курсам варта ісці краіне. Зыходзячы з гэтага, у далейшым будуць распрацоўвацца тыя ці іншыя законы.

Асаблівай увагі заслугоўваюць моманты, звязаныя з пытаннямі выбараў — іх легітымнасці, а таксама пытаннямі зняцця прэзідэнта ў выніку нейкіх парушэнняў. І сход павінен узяць на сябе такую адказнасць. Як і ў прыняцці рашэнняў аб увядзенні на тэрыторыі Беларусі надзвычайнага альбо ваеннага становішча пры наяўнасці падстаў, якія прадугледжаны Канстытуцыяй. Гэта пытанні высокага ўзроўню і адказнасці.

Мне задаюць пытанне: ці не будзе закон аб УНС падмяняць Канстытуцыю? Бо сам УНС — гэта канстытуцыйны статус, ён унесены як асобны раздзел у Асноўны Закон Беларусі. Трэба сказаць, што падмены тут ніякай няма. Бо новы законапраект пашырае гэты раздзел, падрабязна яго трактуе і тлумачыць. Дазваляе больш асэнсавана падысці да раздзела, які быў унесены ў Канстытуцыю пасля рэферэндуму, што праходзіў у лютым гэтага года.

Напрыклад, у Канстытуцыі ў раздзеле 3.1 дадзена вызначэнне УНС — хто можа стаць дэлегатам, тэхналогіі правядзення сходу. У прыватнасці, прапануецца збірацца не менш за адзін раз на год. Новы законапраект дае больш разгорнутыя тлумачэнні.

Так, у Канстытуцыі толькі 6 артыкулаў, звязаных з дзейнасцю УНС, а законапраект — гэта 42 артыкулы, якія раскрываюць сутнасць дадзенага органа. Акрамая кампетэнцый, ёсць артыкулы стратэгічна праграмнага характару, у іх канкрэтна прапісана, якія пытанні будуць разгледжаны больш дэталёва.

Увогуле развіццё грамадства дазваляе нам казаць аб сваім унікальным падыходзе ў рэалізацыі дэмакратыі ў нашай краіне. Прэзідэнт тлумачыць, што народны сход ніякім чынам не будзе перасякацца з існуючымі галінамі ўлады. Гэта асобны орган, які будзе выконваць канкрэтныя задачы. Быць дэлегатам — высокая місія. Абраннік сходу павінен адчуваць адказнасць за прыняцце рашэнняў і добрасумленна іх выконваць.

Як прадстаўнік дэпутацкага корпуса хачу звярнуцца да сваіх калег. Лічу, што ўсе дэпутаты павінны паказаць сваю якасную работу. Для гэтага трэба актыўна працаваць на месцах, у СМІ, выязджаць у рэгіёны, браць удзел у вырашэнні зваротаў грамадзян. Час няпросты, ён патрабуе ад дэпутатаў у тым ліку актыўнасці, уключэння ва ўсе працэсы. Мы адчуваем адказнасць за будучыню нашай краіны, за той курс, які мы абралі і якім будзем ісці.

Фота Маргарыты УШКЕВІЧ


«УНС — апора і для народа, і для ўлады»

Максім Гурын, член Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў:

— У лютым краіна прагаласавала за ўнясенне заўваг і дапаўненні ў Асноўны Закон, у тым ліку ўключэнне ў яго склад раздзела аб УНС. Людзі першапачаткова выступалі за наданне Усебеларускаму народнаму сходу асаблівага статусу, актыўна ўдзельнічалі ў фарміраванні прапаноў у праект Канстытуцыі, рабілі заўвагі, выказвалі свае пажаданні. Цяпер, калі наступіў перыяд абмеркавання законапраекта і была магчымасць задаць распрацоўшчыкам пытанні, магіляўчане гэтым актыўна карысталіся. Нашаму грамадству ўжо звыклыя такія фарматы, як дыялогавыя пляцоўкі, дзе вельмі зручна весці размову і кожнаму разабрацца, як будзе працаваць гэты механізм. Кожны павінен ведаць асаблівасці выбарчага працэсу, дзеяння нарматыўных дакументаў.

Паколькі дэлегатамі УНС могуць быць розныя катэгорыі прадстаўнікоў нашага грамадства — а гэта і члены грамадскіх аб’яднанняў, партый, і дэпутаты рознага ўзроўню — людзі, якім грамадзяне дэлегіравалі свае паўнамоцтвы прадстаўляць іх інтарэсы, дыялог атрымаўся з улікам інтарэсаў усіх і разуменнем найважнейшых працэсаў. Пытанні з месцаў паступалі з веданнем, што меркаванне кожнага грамадзяніна будзе выслухана і ўлічана. Яны датычыліся фарміравання самой структуры УНС, працэсу вылучэння. Людзі пыталіся, ці будзе на УНС прадстаўлена моладзь, прадстаўнікі працоўнага класа, задавалі іншыя пытанні, якія пацвярджаюць зацікаўленасць і глыбокае жаданне магіляўчан удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, важных для нашай Айчыны.

Абмеркаванне законапраекта аб УНС на працягу апошніх дзён было адным з галоўных пытанняў. Нам вельмі важна было пачуць меркаванне грамадзян аб паўнамоцтвах Усебеларускага народнага сходу і ролі гэтага канстытуцыйнага органа ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Бо асноўная мэта найвышэйшага прадстаўнічага органа — максімальны ўдзел у кіраванні краінай яе грамадзян праз прамое прадстаўніцтва, забеспячэнне максімальнага народаўладдзя.

Новы законапраект дазволіць раскласці ўсё па палічках і зазначыць, што кожны грамадзянін і патрыёт нашай краіны мае права на голас, які ў далейшым будзе пачуты.

Як адзначыў Прэзідэнт нашай краіны на нарадзе 20 кастрычніка, УНС павінны аб’яднаць дэлегатаў ад усіх рэгіёнаў і слаёў насельніцтва, прадстаўнікоў улады і нашага грамадства. Разам, талакой можна пераадолець любыя перашкоды, знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі. Сход — апора і для народа, і для ўлады. Важна, каб непасрэдна грамадзяне прымалі рашэнні, на якія потым будуць абапірацца дзяржаўныя органы.


Па прынцыпе сацыяльнай справядлівасці

Надзея Беластоцкая, дэпутат Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельскага раёна:

— На тэрыторыі Гомельскага раёна прайшла маштабная дыялогавая пляцоўка, прысвечаная абмеркаванню праекта закона «Аб Усебеларускім народным сходзе». У сустрэчы ўзялі ўдзел дэпутаты розных узроўняў і сельская моладзь — прадстаўнікі маладзёжных саветаў пры сельвыканкамах. Магчымасць пачуць кампетэнтныя думкі аб законапраекце, падзяліцца сваімі заўвагамі і прапановамі, упэўненая, важная і для жыхароў аддаленых сельскіх населеных пунктаў, пажылых людзей. Як дэпутат па Цярэніцкай выбарчай акрузе № 3 Гомельскага раёна, у межах штомесячнай работы з выбаршчыкамі вырашыла таксама правесці сустрэчу па абмеркаванні законапраекта. Нягледзячы на тое, што будучыня Усебеларускага народнага сходу сёння вельмі шырока абмяркоўваецца, у вяскоўцаў застаюцца пытанні па сутнасці фарміравання гэтага органа народаўладдзя. Для многіх, асабліва пажылых людзей, напрыклад, не ўсе прававыя нюансы новага законапраекта зразумелыя. Але ўсім цікава разабрацца ў дадзеным пытанні, людзі абапіраюцца на меркаванні прадстаўнікоў улады. Для мяне як чалавека, які больш за 25 гадоў працуе ў сістэме сацыяльнай дапамогі насельніцтву, вельмі важна, што Усебеларускі народны сход — орган, у аснове якога ляжыць прынцып сацыяльнай справядлівасці. Многім вяскоўцам таксама блізкае тое, што Усебеларускі народны сход як орган дзяржаўнага кіравання будуць прадстаўляць людзі розных узроставых катэгорый, рознага жыццёвага досведу, прадстаўнікі розных сацыяльных груп і розных прафесіі. Усебеларускі народны сход дасць унікальную магчымасць удзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных пытанняў для любога актыўнага прадстаўніка грамадзянскай супольнасці.


Знайсці адказы на актуальныя пытанні

Марыя Афанасенка, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета, дырэктар Гвозніцкай сярэдняй школы Маларыцкага раёна:

— Сёння ў нашым грамадстве працягваецца абмеркаванне законапраектаў аб Усебеларускім народным сходзе і Выбарчым кодэксе. Сваё меркаванне можа выказаць кожны грамадзянін, тым самым паўдзельнічаць у прыняцці лёсавызначальных рашэнняў.

У ліку іншых дэлегатаў я прадстаўляла Маларыцкі раён на пятым Усебеларускім народным сходзе. Пытанні якасці ведаў вучняў, развіццё профільнай адукацыі, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, прафарыентацыйная работа, сацыяльная абароненасць настаўнікаў, лёс малакамплектнай сельскай школы, стварэнне новых рабочых месцаў у сельскай мясцовасці, павелічэнне пенсіённага ўзросту для работнікаў, занятых на вытворчасці са шкоднымі ўмовамі, — праблемы, якія былі найбольш вострымі, хвалявалі мяне як дырэктара ўстановы адукацыі і дэпутата, які прадстаўляе сваіх выбаршчыкаў. Адказы на многія свае пытанні я атрымала ў выніковых дакументах сходу. Менавіта праграма стратэгіі развіцця Беларусі, разлічаная на пяць гадоў, прынятая на Усебеларускім народным сходзе, прадугледжвае вырашэнне большасці з названых праблем.

Што чакаю я і мае выбаршчыкі ад новага складу УНС? Паспрабую растлумачыць. Нагадаю, што Маларыцкі раён — паўднёва-заходні пагранічны раён Брэсцкай вобласці і Беларусі. Мы жывём на мяжы з Украінай і Польшчай. У адной дзяржаве ідуць баявыя дзеянні, у другой іх актыўна падтрымліваюць. Сярод маларытчан шмат выхадцаў з Украіны, якія звязалі свой лёс з Беларуссю, але маюць родных і блізкіх у суседняй краіне. Падзеі апошніх месяцаў успрымаюцца імі з болем і трывогай. Вельмі часта ў гутарках з выбаршчыкамі чую занепакоенасць тым, ці зможам мы ў сябе ў краіне захаваць мір і спакойнае, бяспечнае жыццё. Менавіта гэта, галоўнае для ўсіх нас, можна знайсці ў вызначэнні прававога статусу і канцэпцыі Усебеларускага народнага сходу, які забяспечвае непарушнасць канстытуцыйнага ладу, грамадзянскую згоду, зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

Асабліва важным лічу той факт, што трэцюю частку дэлегатаў сходу плануецца вылучаць з грамадзянскай супольнасці. Гэта значыць, што любы беларус, які мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзельнічае ў рабоце грамадскай арганізацыі, можа стаць дэлегатам УНС і прычыніцца да прыняцця найважнейшых для краіны рашэнняў.

Жыхары Маларыцкага раёна выказалі сваё меркаванне аб неабходнасці Усебеларускага народнага сходу яшчэ ў лютым 2022 года на рэспубліканскім рэферэндуме па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абсалютнай большасцю галасоў пры яўцы 89 працэнтаў маларытчане выбралі для сябе і сваіх дзяцей стабільнасць у грамадстве, мірную, квітнеючую Беларусь.


«Стабілізаваць грамадства і дзяржаву»

Алеся Сінякова, выконваючая абавязкі старшыні Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна:

— Усебеларускі народны сход стаў асаблівай формай народаўладдзя, дэмакратычным інстытутам, які дазволіў грамадзянам Беларусі больш шырока рэалізоўваць права ўдзелу ў справах дзяржавы — не толькі праз выбары розных узроўняў і рэферэндумы, дзейнасць парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў, камунікацыю з выбраннікамі.

На сённяшні дзень прамых аналагаў УНС у палітычных сістэмах іншых краін не знайсці. Ні ў адной дзяржаве няма такога органа, дзе прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый могуць браць непасрэдны ўдзел у палітычным жыцці сваёй краіны на такім высокім узроўні. Усе настроеныя на такую палітычную рэформу, чакаюць яшчэ больш эфектыўнага кіравання. Каб жыццё наша паляпшалася, якасць яго павышалася. Мяркуючы па настроі ў працоўных калектывах, усе ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень.

Важна данесці да ўлады праблемы і пытанні, якія паступаюць ад насельніцтва. Вырашаць талакой і раіцца з людзьмі — гэтак прынята ў беларусаў. І гэта правільна. Разам — мы сіла. Прынцып прамога народаўладдзя будзе рэалізаваны падчас прыняцця дадзенага закона. І народ яго абавязкова падтрымае. Важна, што ў склад сходу можа ўвайсці любы абраны народам беларус, якому неабыякавы лёс краіны: прадстаўнікі актыўнай моладзі, перадавікі працоўных калектываў, ветэраны, якія сваімі справамі на карысць краіны заслужылі грамадскі аўтарытэт.

Усебеларускі народны сход важны не толькі сам па сабе. Выключна важная яшчэ і тая работа, якая вядзецца на падыходах да форуму: дыялогавыя пляцоўкі, збор меркаванняў і прапаноў ад прадстаўнікоў самых розных сфер па пытаннях далейшага развіцця краіны, уключаючы эканоміку, грамадска-палітычны лад. Больш за тыдзень у працоўных калектывах ішло абмеркаванне праекта закона «Аб Усебеларускім народным сходзе», нашы грамадзяне актыўна бралі ўдзел у дыскусіях, уносілі свае прапановы — гэта яшчэ адзін паказчык таго, што беларусы ўсведамляюць: кожны з нас нясе адказнасць за свой выбар і вырашае, у якой краіне будуць жыць яго дзеці.

УНС не ўваходзіць ні ў адну з галін дзяржаўнай улады. Ён як бы стаіць над усімі галінамі ўлады і з’яўляецца своеасаблівым страхуючым элементам, своеасаблівым арбітрам у выпадку нейкіх магчымых рознагалоссяў, вострых сітуацый паміж рознымі галінамі ўлады. Тое, што такія абвастрэнні могуць быць, не выключаецца, таму сход якраз і павінен згладжваць такія канфлікты, вырашаць супярэчнасці і стабілізаваць само грамадства і дзяржаву. Якраз у гэтым і ёсць яго вызначальная роля.

Некаторыя сумняваюцца, маўляў, дадатковы прадстаўнічы орган народаўладдзя будзе залішні, што ён дубліруе паўнамоцтвы парламента. Я не падзяляю такіх думак і лічу, што толькі народ як крыніца ўлады павінен вызначаць колькасць сваіх прадстаўнічых органаў, іх функцыі і паўнамоцтвы. Усебеларускі народны сход выйшаў з нашага гістарычнага веча, гэта наш генетычны код.


«Любое грамадства павінна рухацца наперад»

Пётр Бібік, старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў:

— Жыхары нашага раёна бралі актыўны ўдзел у абмеркаванні прапанаваных законапраектаў. У сваю чаргу, мы імкнуліся ахапіць як мага больш шырокую аўдыторыю. Менавіта ад актыўнай грамадзянскай пазіцыі людзей у далейшым будзе залежаць лёс краіны і наш агульны дабрабыт. А каб закон стаў дзейсным і эфектыўным, ён павінен стаць народным. Таму неабходна параіцца з народам. Яшчэ напярэдадні падрыхтоўкі да рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю мы правялі шмат мерапрыемстваў, сустрэч, у якіх узялі ўдзел грамадзяне розных узростаў, прафесій. На ўсе запыты яны атрымалі вычарпальныя адказы. Таму асаблівых пытанняў цяпер у іх не ўзнікае.

Людзей найбольш цікавіла, хто можа ўвайсці ў склад Усебеларускага народнага сходу, якая будзе сістэма адбору і як будзе ісці яго фарміраванне, як будзе арганізавана працэдура прыняцця рашэнняў, роль сходу ў сістэме ўлады. Людзі цікавіліся таксама, чым выклікана прыняцце новага Выбарчага кодэкса. Вядома, мы маглі б жыць і з тым, што ёсць. Але любое грамадства павінна развівацца, рухацца наперад. Мяняюцца часы, абставіны і мы павінны ісці ў нагу з часам. Выбарчы кодэкс мяняецца, і грамадзяне павінны разумець, як будзе весціся выбарчы працэс. Сярод навацый — адзіны дзень галасавання, што пасадзейнічае ўпарадкаванню выбараў дэпутаў Саветаў розных узроўняў. Устаноўлены таксама дакладныя тэрміны правядзення выбараў — апошняя нядзеля лютага. Гэта дазволіць скараціць колькасць выбарчых кампаній, акруг і ўчастковых камісій, сэканоміць не толькі сродкі, але і людскія рэсурсы. Гэта, лічу, вельмі правільна.

Запісалі спецыяльныя карэспандэнты: Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Маргарыта УШКЕВІЧ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Святлана ЯСКЕВІЧ.