У вянок паэту

Разумава, Г. У вянок паэту / Галіна Разумава // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 14 кастрычніка. — С. 10.

У фестывальнай палітры Беларусі не надта многа літаратурных свят.На Магілёўшчыне можна згадаць фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», які з 2006 года праводзіцца на малой радзіме Алеся Пісьмянкова ў Касцюковіцкім раёне. З 2019 года ў Краснапольскім раёне сталі арганізоўваць свята паэзіі «У вянок Аляксею Пысіну», прысвечанае знакамітаму паэту і журналісту. Арганізатарам свята выступае Краснапольская раённая бібліятэка імя М. Ткачова пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта.

24 верасня адбылося чацвёртае рэгіянальнае свята, прысвечанае Году гістарычнай памяці, якое сабрала аматараў паэтычнага слова Краснапольшчыны і суседніх Слаўгарадскага і Касцюковіцкага раёнаў. Сярод паэтаў — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.

На пачатку ўдзельнікі наведалі мемарыяльны музей А. В. Пысіна ў Палужскай школе, затым усклалі кветкі да брацкай магілы ў гарадскім скверы. Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія стала творчай пляцоўкай свята. У актавай зале сабраліся прадстаўнікі раённай улады, творчай інтэлігенцыі, гараджане рознага ўзросту, педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі. У фае гімназіі раённай бібліятэкай былі аформлены выстаўкі «Паэтычны гонар Краснапольшчыны», «А. В. Пысін — майстар беларускага слова», «З гісторыі свята паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну».

Асноўным лейтматывам свята стаў Год гістарычнай памяці і тэма малой радзімы. Напачатку ў выкананні навучэнцаў гімназіі гучалі неўміручыя пысінскія радкі: «Краснаполле», «Вузел», «Балада Буйніцкага поля», «Дала мне маці гэту мову…».

Марыя Разгонава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама, прывітала ўдзельнікаў свята і нагадала пра багатыя культурныя і літаратурныя традыцыі рэгіёна.

Галоўны бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі Галіна Дзятлава зазначыла, што паэзія Пысіна — унікальная з’ява ў айчыннай літаратуры. Аляксей Пысін павінен быў стаць трэцім народным пісьменнікам Магілёўшчыны поруч з А. Куляшовым і І. Чыгрынавым, але яго раптоўны сыход з жыцця парушыў усе планы, і Аляксей Васільевіч Пысін застаўся народным у душы і ў памяці землякоў…

Магілёўскай абласной бібліятэкай праводзіцца вялікая работа па захаванні памяці і творчай спадчыны Пысіна-журналіста і Пысіна-паэта: створаны электронны фотаальбом «Жыццё маё…», персанальны электронны бібліяграфічны паказальнік «Аляксей Пысін — журналіст», які ўключае больш за тры сотні поўных тэкстаў публікацый А. Пысіна з 1946 па 1981 гг., перасоўная выстаўка-дыярама «Пакуль зямля твая жывая, і ты — жывы». У Музейным пакоі гісторыі кнігі і бібліятэкі аформлена экспазіцыя «З будучым мінулае сшываю», дзе прадстаўлены дакументы, асабістыя рэчы паэта і ўзна-гароды, у тым ліку медаль «За адвагу», бібліятэка паэта. Асаблівай каштоўнасцю з’яўляюцца кнігі з аўтографамі Ч. Айтматава, В. Астаф’ева, В. Быкава і інш.

З 2010 г. абласная бібліятэка штогод арганізоўвае навукова-практычную канферэнцыю «Пысінскія чытанні», прымеркаваную да дня нараджэння паэта. Удзел у ёй прымаюць навукоўцы, выкладчыкі, студэнты-філолагі, бібліятэкары і пісьменнікі з Беларусі і Расіі.

Нязменным удзельнікам чытанняў з’яўляецца найстарэйшы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Арцем’еў, які сябраваў з А. В. Пысіным каля трыццаці гадоў. Даследаванню жыцця і літаратурнай дзейнасці паэта Арцем’еў прысвяціў некалькі кніг, найбольш грунтоўную — «Народны душою…» — выдаў у 2020 г. да стагоддзя Пысіна.

Г. Дзятлава перадала ў фонд Красна-польскай раённай бібліятэкі паказальнік «Аляксей Пысін — журналіст» і кнігі В. Арцем’ева з аўтографамі.

У паэтычным конкурсе «Куточак майго дзяцінства» прынялі ўдзел паэты Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага раёнаў. Журы пад старшынствам члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Азаранкі падвяло вынікі конкурсу: дыплом трэцяй ступені прысуджаны Галіне Каваленцы — бібліятэкару Ленінскай сельскай бібліятэкі Краснапольскага раёна, другой ступені — Сяргею Сыранкову з Краснаполля, першай ступені — Алесі Шаройцы з Касцюковіч.

Уладальнікам Гранпры стала Людміла Марціновіч са Слаўгарада за верш «Мы едины, непобедимы». Дыпломы пераможцам уручыла намеснік старшыні Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта А. Чаюкова.

У анлайн-конкурсе чытальнікаў «Вянок Аляксею Пысіну» прынялі ўдзел больш за 30 школьнікаў Краснапольшчыны. Па выніках конкурсу дыпломы пераможцам у трох узроставых намінацыях уручыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі М. Разгонава.

У рамках свята адбыўся паэтычны дэбют карэспандэнта Краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг» Дзіны Манько і настаўніцы ўстановы адукацыі «Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія» Валянціны Казловай.

Творчая суполка — як а дна вялікая сям’я. Сардэчныя віншаванні ад калег па пяры і раённай ветэранскай арганізацыі з нагоды 75-годдзя прымала член народ-нага паэтычнага аб’яднання «Світанак» Краснапольскага раённага Цэнтра культуры, лаўрэат прэміі А. В. Пысіна Галіна Мікалаеўна Яўсеенка.

У рамках свята ў маладзёжным цэнтры культуры і адпачынку «Міраж» адбыўся круглы стол «Паэзія — люстэрка маёй душы…», мадэратарам якога выступіла дырэктар Краснапольскай бібліятэчнай сеткі Алена Раманенка.

Слова Аляксея Пысіна жыло паўна-кроўным жыццём, жыве і сёння. I будзе жыць… Па словах Віктара Ракава, сябра А. Пысіна: «…пысінскае слова ідзе. Яно хвалюе. Яно свеціць. Яно — на вуснах нашчадкаў…»

Галіна РАЗУМАВА