На творчы Алімп без падрыхтоўкі

Шалахоўскі, А. На творчы Алімп без падрыхтоўкі / Аляксей Шалахоўскі // Літаратура і мастацтва. — 2022. — 14 кастрычніка. — С. 15.

15 кастрычніка 2022 года адзначае 60-годдзе вядомы спявак Сяргей Валянцінавіч Франкоўскі. Прозвішча паходзіць са старажытнага шляхецкага роду Рэчы Паспалітай. Нарадзіўся Сяргей у Магілёве ў звычайнай сям’і: маці Людміла Іларыёнаўна працавала на «Лаўсане», бацька Валянцін Акімавіч — шафёр.

Сяргей быў неразлучны з прайгравальнікам і ўсюды цягаў за сабой кружэлку са знакамітай песняй «Камарыкі». Калі ў сям’і адбывалася якое-небудзь свята, хлопчык пачынаў спяваць і танцаваць, а ўзнагародай былі апладысменты… Вялікі ўплыў на маленькага артыста зрабіў дзед Іларыён Іванавіч Пашуцін — былы гімназіст, чалавек музыкальны, які меў добры тэнар і іграў на сяміструннай гітары. Відаць, ад яго і пайшлі тыя «музыкальныя гены», што дапамаглі Сяргею дасягнуць творчага алімпу без спецыяльнай падрыхтоўкі, якая для многіх дзеячаў музычнага мастацтва пачыналася з ранняга дзяцінства. Хлопец, як і многія яго равеснікі, вучыўся у звычайнай сярэдняй школе Магілёва. Але ж цікавасць да музыкі праяўлялася і там.

У 1981—1983 гадах служыў у асобным батальёне сувязі, што пад Лепелем. Падчас службы ў войску навучыўся іграць на гармоніку… Пасля арміі будучы народны артыст працаваў на будоўлі, гадзіннікавым майстрам, токарам, а ў вольны ад працы час і ў святочныя дні падпрацоўваў на вяселлях, імянінах і лічыўся найлепшым у Магілёве выканаўцам народных і папулярных песень.

Ідэя стаць прафесійным артыстам прыйшла не адразу. На адным з вяселляў сябры, узрушаныя яго голасам, настойліва параілі паступаць вучыцца ў кансерваторыю.

У 1985 годзе Сяргей пачаў займацца ў вакальнай студыі таленавітага педагога Людмілы Яўгеньеўны Браілоўскай. Пад яе кіраўніцтвам будучы артыст спасцігаў азы складанага опернага мастацтва.

У 1986 годзе магілёўскі самародак паступіў у маскоўскую кансерваторыю, нягледзячы на вялікі конкурс (30 чалавек на месца). Прыёмная камісія была проста зачаравана яго шыкоўным голасам і складанай праграмай. Далей Сяргей трапіў у клас вядомага саліста Вялікага тэатра Расіі Яўгенія Гаўры-лавіча Кібкалы, дзе правучыўся адзін год, а потым… нечакана кінуў кансер-ваторыю.

Ці можна знайсці словы, каб перадаць перажыванні бацькоў? Тым не менш праз некаторы час Сяргей быў прыняты ў родную Беларускую дзяр-жаўную кансерваторыю…

У 1991 годзе Франкоўскі стаў лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу вакалістаў імя Л. Александроўскай, а ў 1993-м — конкурсу імя С. Лемешава… У тым жа годзе быў прыняты ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Як відаць, унікальны лірыка-драматычны тэнар магілёўскага самародка не застаўся і без увагі сталічных карфеяў опернага мастацтва. У 1995 годзе Сяргей Валянцінавіч скончыў Беларускую кансерваторыю, а ў 1997-м асістэнтуру-стажыроўку. Увесь гэты час мудрым настаўнікам Франкоўскага быў аўтарытэтны педагог прафесар Леанід Пятровіч Івашкоў.

У 2004 годзе Сяргей Франкоўскі стаў заслужаным артыстам, а ў 2009-м атры-маў званне народнага артыста.

Сярод прыхільнікаў творчасці Сяргея Валянцінавіча людзі розных пакаленняў. Усё ярчэй і ярчэй разгараецца зорка яго таленту.

У яго бліскучым выкананні прагучалі такія партыі ў нацыянальнай оперы, як Эдгар («Лючыя дзі Ламермур» Г. Даніцэці), Ізмаіл («Набука» Дж. Вердзі), Макдуф («Макбет» Дж. Вердзі), дон Карлас («Дон Карл ас» Дж. Вердзі), Герцаг Мантуанскі («Рыгалета» Дж. Вердзі), Манрыка («Трубадур» Дж. Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж. Пучыні), Альфрэд («Травіята» Дж. Вердзі), Калаф («Турандот» Дж. Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П. Масканьі), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Герман («Пікавая дама» П. Чай-коўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Князь Галіцын («Хаваншчына» М. Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А. Барадзіна), Нігіліст («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Д. Шастаковіча), Настаўнік («Візіт дамы» С. Картэса), Раман («Сівая легенда» Д. Смольскага), Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана).

Сяргей Франкоўскі валодае тэмбральна яркім, паўнагучным голасам, драматычным тэмпераментам і высокім сцэнічным прафесіяналізмам. Опернае мастацтва ўнікальнага беларускага тэнара было высока ацэнена за мяжой, падчас гастролей у Турцыі, Швейцарыі, Германіі, Францыі, Англіі, Кітаі, Польшчы, Тайландзе і іншых краінах.

Аляксей ШАЛАХОЎСКІ