Пра Віктара Турава, Залюстроўе і «Смолку»

Аляксандрава, Л. Пра Віктара Турава, Залюстроўе і «Смолку» / Лідзія Александрава // Звязда. — 2022. — 17 снежня. — С. 13. 

Калі гавораць пра беларускае кіно, звычайна закранаюць альбо класіку, гісторыю нацыянальнага кінематографа, альбо маладзёжныя эксперыменты. Рэжысёр Алена Турава звязвае абедзве тэмы сваёй асобай, сваёй творчасцю. Яна — дачка рэжысёра Віктара Турава, які праславіў беларускае кіно свамі шэдэўрамі і ад нядаўняга часу — мастацкі кіраўнік студыі маладзёжнага кіно «Смолк@» на «Беларусьфільме».

ВІКТАР ТУРАЎ І «Я РОДАМ З ДЗЯЦІНСТВА»

— Мой любімы фільм бацькі — «Я родам з дзяцінства». Фільм, можна сказаць, сямейны, там мая мама маладая здымалася. Яшчэ я вялікая аматарка творчасці Уладзіміра Высоцкага, чые песні там гучаць. Гэта першая вялікая работа Высоцкага на экране, бацька даў яму пуцёўку ў афіцыйны кінематограф. Але бацька ніколі не падкрэсліваў, не выстаўляў гэты факт, і ўвогуле сваім сяброўствам з Уладзімірам Высоцкім не хваліўся. А гэта было сапраўднае сяброўства, яны шмат сустракаліся, падарожнічалі, праводзілі час у кампаніях. Толькі бліжэй да свайго сыходу, у 1995-м, бацька даў вялікае інтэрв’ю пра Высоцкага. Акрамя таго, лічу, што гэты фільм пра хлопчыкаў пасляваеннага часу вельмі праўдзівы… Ім верыш. Бацька быў яшчэ малады, калі здымаў, у 1965 годзе, яшчэ былі для яго вельмі жывыя ўспаміны пра тое, як ён сам хлопчыкам быў з маці ў канцлагеры… Таму і атрымаўся такі шчыры аповед пра пасляваенных дзяцей. Для мяне гэты фільм самы блізкі, самы цёплы, хоць я з вялікай павагай стаўлюся да іншых работ бацькі, напрыклад, «Праз могілкі» — вельмі моцная карціна…

ВІКТАР ТУРАЎ І КНІГІ

— Галоўным скарбам бацькі былі кнігі. Добрыя кнігі тады было купіць не так проста. Ён ездзіў па свеце ў камандзіроўкі і адусюль прывозіў рэдкія выданы. Меў вельмі шмат кніг пра музеі свету — тады ж не было інтэрнэту, паглядзець на якія-небудзь рэдкія ўзоры жывапісу, графікі. Шыкоўныя былі ў яго альбомы розных мастакоў, агромністыя тамы энцыклапедый, мастацкая літаратура… Увесь яго кабінет — спрэс сцяна кніг: ад падлогі да столі. Кніжкі бацька мне дарыў… Памятаю, падарыў «Алісу ў Залюстроўі» — таксама рэдкасць на той час… І, мне падаецца, гэта было невыпадковым, бо пасля я зняла фільм «Рыжык у Залюстроўі»… Так што ёсць нітачкі лёсу, якія цягнуцца з мінулага. Яшчэ бацька падарыў мне кнігу свайго сябра, паэта Шпалікава, па сцэнарыі якога зняты фільм «Я родам з дзяцінства». Шпалікаў, на жаль, вельмі рана сышоў з жыцця. Із-за гэтага, магчыма, не рэалізаваны праект, аб якім бацька марыў: фільм «Фіеста-45», да якога Шпалікаў мог бы напісаць сцэнарый. Пра 1945 год, пра вялікае, міжнароднае святкаванне Вялікай Перамогі. Гэта быў бы фільм пра тое, як хлопчык з маці, вызваленыя з германскага канцлагера, ідуць дадому праз усю Еўропу, параненую, хворую, якая аднаўляе свае сілы, але шчаслівую, якая верыць, што ўсё самае кепскае ўжо ззаду. Фільм пра тое, як людзі розных нацыянальнасцяў, вызваленыя ад фашызму, дапамагаюць адно аднаму. У аснове — рэальная гісторыя, як мой бацька з маленькай сястрой і маці, вызваленыя з нямецкага канцлагера, вярталіся пешкі ў Беларусь. Я вельмі б хацела, каб гэты праект быў калі-небудзь усё ж такі рэалізаваны, з захаваннем стылістыкі ранняга Турава, каб гэта ўспрымалася менавіта як яго апошні фільм.

ХАРАКТАР РЭЖЫСЁРА

— Якім дакладна бацька быў на здымачнай пляцоўцы, не ведаю, бо я на пляцоўцы з ім не працавала. Магу толькі меркаваць па водгуках калег. Акцёры яго ўспамінаюць з вялікай цеплынёй і гавораць пра тое, што ў іх заўсёды быў
вялікі «вотум даверу»: бацька дазваляў ім ствараць. Ставіў задачу, але чакаў, што акцёр прыўнясе ў ролю і сваё. Я сама на пляцоўцы чалавек не жорсткі, але быць зусім лаяльнай нельга, бо ўсё разваліцца… Зыходжу з таго, што кожны чалавек — космас: аднаму трэба дакладна даваць каманды, «рабіць адсюль і да абеду», з другім трэба акурат-на… Падчас здымак у «Кіндэрвілейскім прывідзе» на двух хлопчыкаў-блізнят, якія выконвалі ролі гэткіх хуліганаў, даводзілася… крычаць. Па іх жа просьбе: «Мама як на нас пакрычыць — мы заўсёды ўсё робім». Пасля змены ў мяне быў сарваны голас, але хлопцы пачалі добра працаваць.
ШЛЯХ НА ПЛЯЦОЎКУ

— Бацька аберагаў мяне ад працы ў кінематографе, лічыў, што гэта не для жанчыны. Упершыню на здымачную пляцоўку я трапіла, калі мяне запрасіў на эпізадычную ролю Дзмітрый Зайцаў — я была студэнткай БДУ… Тады паглядзела, як што адбываецца, і, папраўдзе, не думала, што сама буду на пляцоўцы некалі працаваць. І калі прыйшла на кіна-студыю, гэта аказаліся анімацыйныя фільмы. Але жыццё само вырашыла… Калі майму дзіцяці было два-тры гады, мне прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні праекта пра Дзеда Мароза, што ён робіць улетку. Запрасілі як сцэнарыста, таму што я перад гэтым рабіла некалькі гадоў навагоднія праграмы на тэлебачанні, і адна з іх, «Скарбонка навагодніх пацех», стала найлепшай праграмай года. Ідэя ўзнікла яшчэ і таму, што ў той год адкрылі ў Белавежскай пушчы рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Цэха «камп’ютарных цудаў» тады на студыі яшчэ не існавала, я прапанавала інтэграваць анімацыйных персанажаў у наш фільм, як у стужцы «Хто падставіў трусіка Роджэра». І мяне ўзялі як сурэжысёра, рыхтаваць анімацыю. А рэжысёрам павінна была быць Рэната Грыцкова. Але ў Рэнаты па асабістых абставінах праца не склалася, яна з’ехала ў Ханты-Мансійск, на праект прыйшоў Іван Паўлаў. І фактычна мы з ім сталі сурэжысёрамі. Так я праходзіла сваю рэжысёрскую школу ў ігравым кіно. Успомніць смешна, як мы званілі і пыталіся, дзе набыць зялёную тканіну, на якой здымаюцца ўсялякія спецэфекты. «Вам храмакей патрэбны?» А мы і слова такога не ведаем… Фільм «Навагоднія прыгоды ў ліпені» аказаўся гэткай тэхналагічнай школай для ўсёй студыі, пачалі рабіць спецэфекты для самых розных карцін, не звяртаючыся па дапамогу да суседзяў.
«СМОЛК@»

— Студыя ўзнікла не раптоўна. Ідэя ідзе ад Міністэрства культуры Беларусі і цалкам лагічна вынікае з таго, што беларускаму кінематографу патрэбная «свежая кроў», разнастайнасць у праектах. «Смолк@» — гэта і абрэвіятура: «Студыя маладзёжнага кіно», і наша электроная пошта, і гульня. «Сабачка» ў назве студыі, знак электроннай пошты, — наш талісман. Ён падтрымлівае і абараняе… Ён вельмі добразычлівы, але калі што, можа і гаўкнуць. Мэта студыі ў тым, што мы даём магчымасць маладым сцэнарыстам, рэжысёрам паспрабаваць сябе ў кіно, за бюджэтныя грошы. Мы тэсціруем іх на кароткім метры, каб выявіць патэн-цыял. Калі нешта і не атрымалася, не значыць, што гэта канец творчай кар’еры, магчыма, чалавеку яшчэ трэба сябе «пракачаць». Калі ў кагосьці атрымалася добрая кароткаметражка, значыць, можна падключыць яго да больш сур’ёзнага
праекта. Мы своеасаблівы фільтр, які вызначае таленты, знаходзіць будучых спецыялістаў. Мы не засяроджваемся толькі на студэнтах і выпускніках акадэміі мастацтваў ці інстытута культуры. Сёлета ў рамках фестывалю «Лістапад» быў упершыню праведзены конкурс — пітчынг рэжысёрскіх эксплікацый. Хлопцы і дзяўчаты з самых розных прафесій прапаноўвалі свае праекты на зададзеныя тэмы. У ігравым кіно тэмамі былі «Гарадская легенда» і «Першае каханне», у неігравым — «Мой родны кут». Да ўдзелу адабралі каля 20 канкурсантаў, было сур’ёзнае міжнароднае журы, прысутнічалі прадзюсары, у тым ліку з Расіі і іншых краін. Пераможцаў запрасілі ў нашу студыю ўдзельнічаць у рэалізацыі сваіх ідэй у кароткім метры. Цяпер рыхтуецца да запуску студэнцкі альманах на аснове работ пераможцаў пітчынгу. У нас зараз не вельмі вялікі калектыў, але спадзяюся, што разрасцёмся. Сёння ў нас працуе малады рэжысёр Кірыл Халецкі, выпускнік акадэміі мастацтваў, які зрабіў ужо некалькі цікавых работ, адзін з пераможцаў пітчынгу. Яго работа «Мне няма каго паклікаць на сваё пахаванне» ўвойдзе ў альманах маладых аўтараў. Разглядаем таксама магчымасць цягам наступнага года запусціць поўнаметражную камедыю «Кіношнікі» як дэбют Кіры-ла. Спадзяюся, падобныя пітчынгі паўторацца, а мы будзем расказваць пра сябе ў іншых гарадах Беларусі. Зусім нядаўна былі на конкурсе аматарскага кіно імя Тарыча ў Полацку, прапанавалі ўдзельнікам даслаць свае творчыя прапановы. Плануем прэзентаваць сябе ў розных вузах, не толькі творчых: напрыклад, на філасофскім факультэце БДУ ёсць свой кінафестываль — хацелася б з імі скантактавацца. Калі кожны год дзякуючы нашай працы з’явіцца хаця б адно-два новыя імёны, ужо добры поспех.

Лідзія АЛЯКСАНДРАВА