Брэнд рэгіёна

Сінькевіч, Г. Брэнд рэгіёна / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 31 сакавіка. — С. 20.

Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова-тэхналагічны каледж 25 гадоў запар з’яўляецца пераможцам абласнога спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці. Гэтая навучальная ўстанова двойчы была занесена на рэспубліканскую Дошку гонару, неаднаразова выходзіла ў лідары па краіне па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Галоўнае ў дзейнасці МДЭПТК — якасць адукацыі. У каледжы шырокі пералік спецыяльнасцей. Тут імкнуцца ісці ў нагу з часам, улічваць змены ў эканоміцы, уносячы неабходныя карэктывы ў падрыхтоўку кадраў. Навучанне арганізавана з улікам сучасных адукацыйных тэндэнцый. Наогул гэтая ўстанова прадстаўляе сабой інавацыйны адукацыйны комплекс, дзе ёсць тры ўзроўні — ПТА, ССА і Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з АПФР.

— Прытрымліваемся меркавання, што магчымасць атрымаць прафесію павінна быць у кожнага маладога чалавека незалежна ад яго здольнасцей або стану здароўя. Ужо больш за два дзесяцігоддзі пры каледжы функцыянуе Цэнтр рэабілітацыі, дзе пуцёўку ў прафесійнае жыццё атрымлівае моладзь з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яны навучаюцца ў інтэграваных группах і непасрэдна пры Цэнтры. А не так даўно мы дадаткова адкрылі дыстанцыйны фармат навучання. Запатрабаваныя спецыяльнасці цяпер могуць набыць і маладыя людзі з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату,  адзначыў дырэктар каледжа Алег Бахановіч.

Тут рыхтуюць сапраўды высокакваліфікаваных спецыялістаў, у кампетэнтнасці якіх упэўненыя і работадаўцы. Запыты на размеркаванне прыходзяць у МДЭПТК ад флагманаў вытворчасці з розных рэгіёнаў. Адметна, што лепшых навучэнцаў матывуюць застацца працаваць у роднай установе. У педагагічным калектыве звыш 100 майстроў і выкладчыкаў — мясцовыя выпускнікі.

— Якасная прафесійная падрыхтоўка для нас на першым месцы. Але не менш значным лічым фарміраванне асобы маладых людзей, раскрыццё іх здольнасцей. Зараз у каледжы навучаецца больш за 1,3 тыс. хлопцаў і дзяўчат. Кожны можа знайсці сабе справу даспадобы, бо ў нас дзейнічаюць разнастайныя гурткі, секцыі, аб’яднанні па інтарэсах. Моладзь усебакова развіваецца. Як вынік — летась на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, алімпіядах, аглядах мастацкай творчасці і спартыўных спаборніцтвах навучэнцы заваявалі звыш 300 прызавых дыпломаў. Характэрна, што нароўні з астатнімі паўсюдна праяўляюць сябе і нашы асаблівыя вучні,  падкрэсліў А. Бахановіч.

Па яго словах, вялікую ўвагу ў эканамічным каледжы ўдзяляюць выхаванню. Далучэнне моладзі да спрадвечных духоўна-маральных каштоўнасцей, прывіццё маладому пакаленню любові да Радзімы тут у прыярытэце. Ва ўстанове ўласнымі сіламі створаны маштабны музейны кластар. Самы адметны з музеяў — «Спадчына роднага краю», у шматлікіх экспазіцыях якога прадстаўлена ўся гісторыя краіны. Вылучаецца таксама свецкі духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія, які быў адкрыты дзякуючы плённаму ўзаемадзеянню з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

МДЭПТК даўно стаў своеасаблівым адукацыйным брэндам Магілёўшчыны. Але, нягледзячы на шматлікія заслугі, калектыў ніколі не стаіць на месцы, нястомна рухаецца наперад.

— У нас калектыў аднадумцаў. Гэта асабліва важна, бо аб’яднаць людзей у адзіную каманду — самае складанае. Усе работнікі — выключныя прафесіяналы, якія з чуласцю і ўважлівасцю ставяцца да навучэнцаў, працуюць плённа і з поўнай самааддачай. Ёсць шмат планаў на бліжэйшую будучыню і на больш далёкую перспектыву. На дасягнутым не спыняемся. Будзем працягваць імкнуцца да самаўдасканалення, асваення новых прафесійных вышынь, — запэўніў дырэктар каледжа.