Сінькевіч, Г. Вядзе за сабой / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 21 красавіка. — С. 7.
Працоўны стаж дырэктара сярэдняй школы № 44 Магілёва Антона Лабаноўскага ўсяго дзевяць гадоў. Але Антон Мікалаевіч ужо дасягнуў значных прафесійных поспехаў. Надоечы ён стаў адным з пераможцаў абласнога конкурсу “Педагагічны дэбют”.
У педагогіку Антон Лабаноўскі прыйшоў па закліку сэрца. Настаўнічаць імкнуўся яшчэ з дзяцінства, бо перад вачыма быў прыклад цудоўных педагогаў у асобе маці, бабулі і іншых сваякоў.
— Мне пашчасціла, бо я бачыў асаблівасці педагагічнай дзейнасці ў літаральным сэнсе знутры. Разумеў, што тэта вельмі адказная праца, але ўжо тады ведаў, што мой шлях — менавіта настаўніцтва. Пасля школы свядома вырашыў працягнуць сямейную дынастыю. Паступіў на філалагічны факулыэт МДУ імя А.А.Куляшова. У якасці профілю выбраў родную беларускую мову і літаратуру, — паведаміў Антон Мікалаевіч.
Маладым спецыялістам Антон Лабаноўскі трапіў у сярэднюю школу № 40 абласнога цэнтра, пасля працаваўу Мяжысецкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна.
— Абедзве навучальныя ўстановы ўспамінаю з цеплынёй. Там прайшоў прафесійнае станаўленне, адбыўся як педагог. Там змог праявіцца, адкрыць у сабе новыя грані і магчымасці, — расказаў Антон Мікалаевіч.
У першыя працоўныя гады Антон Лабаноўскі вызначыўся перемогай на абласным фестывалі «Прызванне — педагог» абласным этапе конкурсу «Настаўнік года». Неўзабаве актыўнага маладога педагога прыкмецілі.
— Прапанова аб тым, каб узначаліць сярэднюю школу № 44 горада, стала для мяне нечаканасцю. Але, калі ўсё ўзважыў, — пагадзіўся. Хацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі. Гэта быў своеасаблівы выклік. На пасадзе дырэктара ўжо другі год. Канечне, спачатку ўзнікалі пэўныя цяжкасці. У мяне не было вопыту адміністрацыйнай работы, складана даваліся пытанні, звязаныя з гас-падарчай дзейнасцю. Справіўся, дзякуючы падтрымцы калектыву, а яшчэ ўменню бачыць перад сабой мэту, верыць і ісці да яе дасягнення, — адзначыў Антон Мікалаевіч.
Па яго словах, першай кіраўніцкай задачай быў пошук узаемаразумення з педагагічным калектывам, арганізацыя работы так, каб творчы патэнцыял мог раскрыць кожны настаўнік.
— Аб’яднаны калектыў — ключавы залог поспеху. Вельмі важна рабіць усё магчымае, каб ператварыць педагогаў у каманду аднадумцаў, дзе ўсе дапаўняюць адно аднаго і развіваюцца самастойна, — упэўнены Антон Лабаноўскі. — Тут мне пашанцавала: побач працуюць людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы парадай і справай. Такі давер і павага для мяне — вялікая каштоўнасць.
Сур’ёзны, але пазітыўны і харызматычны, адказны, але чулы і ўважлівы да іншых, Антон Мікалаевіч даволі хутка заваяваў трывалы аўтарытэт сярод вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Ён з тых кіраўнікоў, якія не сядзяць на месцы. Дзверы яго кабінета заўсёды адчынены для ўсіх.
— Сучаснаму кіраўніку неабходна быць стратэгам, бачыць перспектыву развіцця ўстановы адукацыі на некалькі гадоў наперад, пераадольваць цяжкасці. Аднаму з гэтым справіцца складана, таму я стараюся быць лідарам, які ўмее слухаць і чуць. Дзякуючы гэ-тай якасці, за даволі кароткі тэрмін удалося згуртаваць у адзіную супольнасць не толькі педагогаў, а і дзяцей, іх бацькоў. Усе пра-блемы і клопаты школы мы вырашаем разам, што прыносіць станоўчыя вынікі, — падкрэсліў Антон Лабаноўскі.
У школе ёсць істотныя зрухі па абнаўленні матэрыяльнай базы. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, творчасці і спорце. Выдатна праяўляюць сябе і педагогі.
— Пакуль наша ўстанова па адукацыйных паказчыках не на самых высокіх пазіцыях. Але мы бачым, над чым трэба працаваць, і разам рухаемся ў гэтым напрамку, — заўважыў суразмоўнік.
Дарэчы, планы перад сабой і калектывам малады дырэктар паставіў амбіцыйныя. Сярод іх — павышэнне якасці адукацыі, удасканаленне ўзаемадзеяння сям’і і школы, выхаванне навучэнцаў асобамі, адаптаванымі да жыццёвых рэалій.
— Планаў — мноства. Працуючы над іх ажыццяўленнем, вызначылі галоўную місію школы: каб вучні былі патрэбнымі ў грамадстве, упэўненымі ў заўтрашнім дні. Мы хочам бачыць нашых дзетак шчаслівымі! Да гэтага і імкнёмся, — запэўніў Антон Лабаноўскі.