Зігуля, Н. Шляхам інавацый і высокіх тэхналогій / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 27 красавіка. — С. 8—9.
Малады рацыяналізатар «Бабушкінай крынкі» дапамагае прадпрыемству быць канкурэнтаздольным
Намесніку генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях знакамітага малочнага холдынга Аляксандру Рудзеню ўсяго 35, а ён ужо дасягнуў высокіх вынікаў у рабоце, рэалізаваўся як сем’янін. Цяпер працуе над кандыдацкай, даследуе магчымасці энергазберажэння на прадпрыемствах малочна-мясной прамысловасці. Паралельна займаецца інавацыйнай дзейнасцю па мадэрнізацыі прадпрыемства. У яго шэсць дыпломаў, якія пацвярджаюць яго вышэйшую адукацыю ў сферы энергетыкі і эканомікі, і прыкладна столькі ж патэнтаў. Ён чалавек справы і цэніць кожную хвіліну. Перад ім на стале нататнік, дзе распісаны кожны дзень тыдня. Гэта план дзеянняў, тое, што трэба зрабіць у першую чаргу. Наша з ім інтэрв’ю — таксама частка згаданага плана. Суразмоўнік шануе не толькі свой час, але і час іншых. У размове з Аляксандрам Рудзенем мы закранулі шмат розных пытанняў. Найбольш цікавыя з іх прапануем чытачу.
Пра інавацыйную дзейнасць
— Аляксандр, раскажыце пра ваш шлях на «Бабушкіну крынку»? Ён быў хуткі, лёгкі?
— Прыйшоў сюды па запрашэнні, — сціпла прызнаецца ён. — Наогул у харчовую прамысловасць трапіў пасля заканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ). Яго я скончыў адразу з двума дыпломамі. З трэцяга курса ў ім можна было атрымаць другую вышэйшую адукацыю, і я гэтым скарыстаўся. У выніку ў мяне дзве спецыяльнасці — «інжынер-энергетык» і «эканаміст-менеджар». Дыпломную работу абараніў на «10», а вось дзяржэкзамен здаў на «9». Па размеркаванні трапіў у філіял прадпрыемства «Гроднахлебапрадукт» «Мастоўскі кумпячок». Пачынаў у якасці інжынера-энергетыка, а праз тры гады, у 25 гадоў, ужо быў галоўным інжынерам. Паралельна вучыўся ў магістратуры БНТУ і атрымаў дыплом магістра тэхнічных навук па спецыяльнасці «Энергетыка». Ад прадпрыемства мяне накіравалі вучыцца ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (БДАТУ) па спецыяльнасці «Кіраванне арганізацыямі і падраздзяленнямі АПК», які таксама паспяхова скончыў. Паступіў у аспірантуру ВНУ, скончыў яе, але, на жаль, яшчэ не абараніўся — не хапае часу. Але ў мяне ўсё яшчэ наперадзе. Пакрысе пішу кандыдацкую па тэме «Энергазберажэнне на прадпрыемствах мяса-малочнай прамысловасці». У аснове работы ляжаць інавацыйныя праекты, але каб абараніцца, трэба мець шэраг патэнтаў. У мяне ж у асноўным патэнты па абсарбцыйных халадзільніках.
— Раскажыце крыху пра свае інавацыйныя адкрыцці.
— Гэта вынаходніцтвы, якія дазваляюць эканоміць электраэнергію, выкарыстоўваць залішняе цяпло для атрымання холаду ў прамысловых мэтах. Патэнты распрацаваныя на базе дзеючага абсталявання, яно проста было дамадэрнізавана. Але каб яго ўкараніць, патрэбна сур’ёзнае фінансаванне. Усё яшчэ ў працэсе.
— Чаму менавіта такое абсталяванне абралі?
— Цікавасць да абсарбцыйных халадзільнікаў з’явілася падчас іх устаноўкі на прадпрыемстве «Лакафарба» ў Лідзе. Я браў у гэтым непасрэдны ўдзел. І вельмі добра вывучыў прынцып дзеяння абсталявання. Яно вельмі перадавое, і сёння шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачынае ставіць такія халадзільнікі ў сябе.
— Якім чынам вы ўдзельнічаеце ў мадэрнізацыі вашай вытворчасці?
— Штогод у нас распрацоўваецца праграма тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства, дзе прадугледжаны капітальныя ўкладанні інвестыцый. І я разам з іншымі нашымі супрацоўнікамі ўдзельнічаю ў распрацоўцы тэхнічнай мадэрнізацыі, складаю адпаведныя планы, якія ўзгадняюцца з кіраўніцтвам і зацікаўленымі асобамі. Сёлета ў нас будуць рэалізаваны інавацыйны праект, новая тэхналогія па вытворчасці безлактознага малака метадам мембранных тэхналогій. Вытворчасці мембранных тэхналогій няма пакуль не толькі ў Беларусі, але нават у Расіі, Еўропе і Амерыцы. Прадукт ёсць, а вось тэхналогіі няма. На сённяшні дзень ёсць тэхналогія вырабу прадукту з дабаўленнем ферментаў, але малако страчвае свае натуральныя смакавыя ўласцівасці. А мы з дапамогай гэтай інавацыйнай тэхналогіі выдаляем лактозу з малака да мінімальнага значэння, што дазваляе пакінуць смакавыя ўласцівасці. І той мінімальнай дозай лактозы, якая застаецца, расшчэпліваем ферменты. Прадукт у выніку атрымліваецца таннейшы і больш смачны. Пры гэтым смак малака не губляецца. Да таго ж такое малако не менш карыснае для здароўя. Гэты прадукт прызначаны для тых людзей, якія не засвойваюць лактозу. Такіх людзей вельмі шмат у Кітаі. Мы спадзяёмся, што наш прадукт будзе там запатрабаваны.
Пра сусветны і асабісты вопыт
— Наколькі глыбока вы аналізуеце развіццё малочна-мясной галіны ў маштабах свету?
— Аналізуем у першую чаргу Еўропу на прадмет перадавых тэхналогій, краіны, куды пастаўляем прадукцыю і куды патэнцыяльна можам пастаўляць. Сёння нам цікавыя Кітай, сярэднеазіяцкія краіны, Афрыка. Наогул, увесь рынак аналізуем і выяўляем, што можа быць там запатрабаванае. Мы пастаянна ўдзельнічаем у выстаўках, якія з’яўляюцца вялікім стымулам для развіцця інавацыйнай дзейнасці. Самая буйная ў Расіі выстаўка «Аграпрадмаш», дзе можна ўбачыць самае перадавое абсталяванне. Вельмі ўразіла міжнародная выстаўка ў Франкфурце-на-Майне, на якой я пабываў, калі яшчэ працаваў на Бабруйскім мясакамбінаце. Яна такая вялікая, што мы перамяшчаліся па ёй на аўтобусе. Там прысутнічалі вытворцы з усяго свету. Пра некаторых мы наогул нічога не ведалі. Уразіла, што ў свеце так шмат новага абсталявання, цікавых ідэй. Ты бачыш нешта новае, прапрацоўваеш пытанне, вывучаеш яго больш глыбока і ўкараняеш у вытворчасць — гэта новы прадукт, упакоўка або тэхналогія. На апошняй выстаўцы бачылі прыстасаванне, якое дазваляе эканоміць за кошт этыкетак. Здаецца, дробязь, але ж гэты працэс раней быў у нас менш эфектыўны. Мы спачатку наносілі інфармацыю на этыкетку, а потым клеілі яе на каробку. Але сёння ёсць такія прынтары, якія адразу ж наносяць інфармацыю на каробку. І не патрэбна асобная этыкетка.
— Наколькі вам цікава займацца наватарскай дзейнасцю і наколькі гэтаму спрыяюць умовы?
— Мне цікава працаваць на дадзеным прадпрыемстве, яно адно з найлепшых на рынку Беларусі і адно з найбуйнейшых. Пастаянна мадэрнізуецца, тут увесь час распрацоўваюцца новыя віды прадуктаў, у чым ты бярэш непасрэдны ўдзел. І мне прыемна ўсведамляць, што я маю дачыненне да прадукцыі насамрэч высокай якасці. А я патрыёт сваёй краіны, для мяне важна працаваць на яе карысць.
— Што ўяўляе з сябе ваша работа?
— Мая задача — арганізаваць работу інжынерна-тэхнічнай службы, каб яна працавала бездакорна. Калі толькі прыйшоў, мы займаліся мадэрнізацыяй нашага філіяла ў Слаўгарадзе, укаранялі інвестыцыйны праект «Тэхнічная мадэрнізацыя лініі вытворчасці сыроў і абсталявання станцыі другога пад’ёму». У працэсе яго рэалізацыі была ўдасканалена сырная лінія, у выніку чаго памянялася форма сыру. Раней гэта было кола вагой восем кілаграмаў, а цяпер — брус вагой чатыры кілаграмы. Ён больш зручны для нарэзкі, і спажыўцы тое ацанілі. Сёння на брус большы попыт. Каб памяняць форму сыру, трэба было перабудавацца. Пабудавалі там халадзільную камеру для захоўвання прадукту, зрабілі мадэрнізацыю помпавай станцыі другога пад’ёму, бо старая ўжо маральна і фізічна ўстарэла. У выніку адбылося зніжэнне выдаткаў на вытворчасць прадукцыі, скараціліся затраты на паліўна-энергетычныя рэсурсы, палепшыліся санітарна-гігіенічныя ўмовы вытворчасці, былі ўкаранёны новыя тэхналогіі і абсталяванне, адбылася мадэрнізацыя камер выспявання сыру, што дазволіла павялічыць аб’ёмы яго вытворчасці.
Пра моладзь і пераемнасць
— Ці шмат у вашай рацыяналізатарскай камандзе моладзі?
— Так. Але вельмі каштоўна, што ў нас працуюць і сталыя, вопытныя спецыялісты. Яны вельмі таленавітыя. Кожны кірунак у нас вядзе цэхавы механік, якому даручаюцца канкрэтныя задачы. З адным з іх, а таксама з тэхнолагамі і іншымі спецыялістамі мы разам распрацавалі вытворчасць безлактознага малака з дапамогай мембранных тэхналогій. Абаранілі нашу знаходку на абласным узроўні, у Саўміне, у Акадэміі навук — паўсюль атрымалі адабрэнне, і нам выдзелілі інавацыйныя грошы. Сёння мы ўжо закупляем неабходнае абсталяванне.
— Якія яшчэ ўнікальныя праекты плануеце ажыццявіць вашай творчай камандай?
— На нашай галаўной пляцоўцы ў Магілёве да 2025 года плануем арганізаваць вытворчасць для захоўвання печаных замарожаных прадуктаў. Такой вытворчасці ў Беларусі пакуль няма. Такім чынам мы пашырым наш асартымент цалкам новай прадукцыяй. Наогул, стратэгія развіцця холдынга накіравана на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, канцэнтрацыю навукова-тэхнічнага, вытворчага, фінансавага і кадравага патэнцыялу. Гэта патрэбна для стварэння, укаранення і рэалізацыі сучаснай канкурэнтаздольнай прадукцыі, павелічэння аб’ёмаў экспартных паставак, прыцягнення валютных паступленняў у краіну.
— Сёння кіраўнікамі сур’ёзных суб’ектаў гаспадарання, грамадскіх арганізацый часта становяцца менавіта маладыя людзі. На ваш погляд, гэта правільна?
— Моладзь у любым выпадку трэба прасоўваць. Мы пастаянна працуем з ВНУ, знаходзім там дастойных маладых спецыялістаў. Але я не лічу, што ўзрост на нешта можа паўплываць. Добра, калі чалавек хоча вучыцца, працаваць, пераадольваць перашкоды і дасягаць чагосьці. Але вопыт — таксама вельмі важны момант, які на шмат што ўплывае і дае вынік. І дзесьці ён нават пераважвае веды.
— Акцэнт на высокія тэхналогіі рабіўся заўсёды, але апошнім часам гэты працэс вельмі паскорыўся. Трэба ведаць шмат, каб адпавядаць усім патрабаванням. Наймальнік сёння зацікаўлены ў спецыялістах найбольш прагрэсіўных і адукаваных…
— Вядома, так і павінна быць. Робатызаванасць, аўтаматыка ідуць наперад. Быў на адным з сучасных прадпрыемстваў, і калі ў нас істотную частку вытворчасці займае механічная служба, то там яна мінімальная. Асноўны персанал — інжынеры па аўтаматызацыі, праграмісты і інжынеры-электроншчыкі, якія кіруюць працэсамі аўтаматыкі. За гэтым — будучыня.
Пра бацькоў і сям’ю
— Хто вашы бацькі? Ці можна сказаць, што вы працягваеце сямейныя традыцыі?
— Збольшага. Нарадзіўся я ў Калінкавічах. Калі мне было два гады, бацькі па размеркаванні пераехалі ў Ваўкавыск. Там скончыў школу, потым вучыўся ў Мінску, пасля вучобы вярнуўся ў Гродна, адтуль пераехаў у Магілёў. Мой бацька — выпускнік маскоўскага мяса-малочнага інстытута. Напэўна, таму я і не пайшоў у энергасістэму. Душа ляжала больш да харчовай прамысловасці. Бабуля таксама ўсё жыццё працавала на мясакамбінаце. А вось брат, які, як і я, закончыў БНТУ, працуе ў энергасістэме.
— Атрымаць адразу два дыпломы БНТУ — гэта трэба мець вялікі талент…
— Мне падабаецца эканоміка сама па сабе, заўсёды хацеў скончыць эканамічны факультэт. Калі б я не зрабіў тое паралельна, усё роўна паступіў бы пазней. А паколькі была магчымасць, чаму б не. Сёння эканоміка — адзін з важных фактараў. Усюды трэба ўмець лічыць грошы. Ва ўсіх працэсах закладзена эканоміка.
— У школе, напэўна, былі выдатнікам?
— Матэматыка вельмі падабаецца, гэта мая любімая навука. Калі матэматыку не ведаеш, многае губляеш у жыцці. Мне падабаецца вучыцца. У 2020 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
— Сёння для моладзі ёсць усе ўмовы, каб рэалізаваць творчы патэнцыял — і так званая крэмніевая даліна для падлеткаў, і ІT-летнік для школьнікаў, і конкурс «100 ідэй для Беларусі». Наколькі гэта неабходна і важна?
— Дзяржава шмат робіць для таго, каб моладзь рэалізавала сябе ў прафесійным плане. Калі ёсць жаданне паказаць сябе, праявіць — сапраўды, можна дасягнуць усяго.
— На сям’ю часу хапае?
— Сям’я — мой надзейны тыл, двум сынам ужо 9 і 11 гадоў. На выхаванне, сапраўды, часу не заўсёды хапае. Дзецьмі больш займаецца жонка, яна банкаўскі спецыяліст, працуе дыстанцыйна. Знаёмыя мы з ёй даўно, яшчэ з Ваўкавыска. Нашы бацькі сябравалі, ну і мы таксама.
Пра санкцыі як рухавік прагрэсу
У кабінеце Аляксандра Рудзені шмат «гаворачых» прадметаў. На сцяне — дыплом другой ступені прадпрыемству як лідару энергаэфектыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Побач — сертыфікат на міні-трактар, які падарыў холдынгу за яго поспехі былы губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц. А яшчэ ўзнагарода ад нафта- перапрацоўшчыка «Беларуснафты» як найлепшаму кліенту года: у прадпрыемства вялікі аўтапарк — 621 транспартны сродак і агрэгат. Нават гадзіннік незвычайны — з калодак аўтамабіля. Гэта ўжо падарунак свайму падначаленаму ад генеральнага дырэктара, які калісьці працаваў на «БЕЛАЎТАМАЗЕ». Працоўнаму кабінету ўласцівы мінімалізм. Нечакана заўважаю на падаконніку розныя пляшачкі і слоічкі з-пад прадукцыі «Бабушкінай крынкі». Здзіўляюся: навошта яны там?
— Гэта ж таксама наша адкрыццё, — усміхаецца Аляксандр Сяргеевіч. — Перад тым, як калектыўны Захад аб’явіў нам санкцыі, італьянцы ўстанаўлівалі на нашым прадпрыемстве лінію. Сабраць — сабралі, а вось запусціць не паспелі. І колькі мы потым да іх ні звярталіся, яны не рэагавалі. За два месяцы мы самастойна ва ўсім разабраліся і запусцілі. Лінія паспяхова працуе. А яны і не ведаюць. Зваротнай сувязі дагэтуль няма.
— Вось як. А абывацелі часта наракаюць, што ўсе разумныя даўно з’ехалі за мяжу за вялікімі грашыма…
— Няпраўда, сярод беларусаў шмат вельмі разумных, думаючых, творчых людзей. І патэнцыял у краіны вялікі.
Даведка
У ААТ «Бабушкіна крынка» — кіруючая кампанія холдынга «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкіна крынка» ўваходзяць галаўное прадпрыемства ў Магілёве, 14 філіялаў, цэх па вытворчасці сыроў, а таксама прадстаўніцтва ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
На асобных філіялах размешчаны дапаможныя вытворчасці — пашыў спецвопраткі, вытворчасць мыйных сродкаў, упакоўкі, выраб паддонаў. Некалькі з іх выконваюць транспартна-лагістычныя функцыі. Асартымент прадукцыі налічвае больш як 250 найменняў пад брэндамі: «Бабушкіна крынка», «Весёлые внучата», EcoGreco, «Свежыя навіны», «СлаўГорад», «Манастыр Тупічэўскі», LUXURY, ZVONKA.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з архіва прадпрыемства