Усвядоміць свой шлях

Сінькевіч, Г. Усвядоміць свой шлях / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 3 мая. — С. 4.

Дзейнасць органаў вучнёўскага самакіравання, а таксама ролю гэтых фарміраванняў у станаўленні дзіцячай асобы дэталёва абмеркавалі ў Магілёве.

Мерапрыемства адбылося ў рамках рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне Магілёўскай вобласці: ініцыятыва, адзінства, дзеянне, вынік».

Як заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, уключэнне ў самакіраванне дазваляе нашай моладзі ўдзельнічаць у грамадскім, палітычным, культурным жыцці як у рэгіёнах, так і ў цэлым у Беларусь

— У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі, навучэнцы могуць удзельнічаць у кіраванні ўстановамі адукацыі. У Магілёўскай вобласці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі зараз дзейнічаюць 254 органы самакіравання: вучнёўскія саветы, саветы стараст, старшакласнікаў, гімназічныя саветы. Акрамя таго, 56 такіх фарміраванняў функцыянуюць ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — адзначыў Андрэй Барысавіч.

Вучнёўскае самакіраванне з’яўляецца часткай адукацыйнага працэсу, забяспечвае развіццё самастойнасці навучэнцаў у прыняцці рашэнняў для дасягнення грамадска значных мэт.

— Самакіраванне ў школе накіравана на выхаванне ў дзяцей дысцыпліны і прадастаўленне ім пэўнай свабоды дзеянняў у прыняцці важных рашэнняў, якія тычацца непасрэдна іх саміх. Настаўнікі заўважаюць: удзельнічаючы ў вырашэнні сур’ёзных праблем у школе, дзеці вучацца адказваць не толькі за свае ўчынкі, але і за дзеянні ўсяго калектыву. Школьнае самакіраванне дапамагае вучням рэалізаваць сябе і ўсвядоміць свой жыццёвы шлях. Разумеючы важнасць работы па арганізацыі вучнёўскага самакіравання, МДАІРА на працягу многіх гадоў удзяляе значную ўвагу павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў у гэтым напрамку, — адзначыў рэктар Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро.

Падчас дыскусіі падкрэслівалася, што для фарміравання ў навучэнцаў грамадзянскай пазіцыі, патрыятычных і лідарскіх якасцей патрэбна актыўнасць саміх педагогаў. Бо патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Грамадзянскасць — гэта якасць асобы, якую можна развіць, але толькі праз асабісты прыклад настаўніка, праз рэальныя карысныя справы, праз супрацоўніцтва з дзецьмі.

— Каб выхаваць патрыёта, фарміраваннем яго асобы трэба займацца з самых ранніх гадоў. Таму сёння ўсе нашы намаганні накіраваны на работу з маладым пакаленнем, з тымі, хто ўжо заўтра будзе развіваць нашу дзяржаву. Акрамя маладзёжных парламентаў пры абласным і гарадскім Саветах дэпутатаў, ужо створаны маладзёжны актыў горада — гэта падлеткі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, неабыякавыя да лёсу сваёй краіны, — паве-даміў старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын.

Тэмы патрыятычнага выхавання, далучэння моладзі да грамадскага жыцця былі ў ліку ключавых на форуме. Ва ўстановах адукацыі рэгіёна прайшлі круглый сталы, дыялогавыя пляцоўкі, адкрытыя ўрокі, дзе прадметна абмяркоўваліся перспектывы развіцця вучнёўскага самакіравання. Па іх выніках была прынята агульная рэзалюцыя. У дакуменце прапануюць пачаць прыцягваць дзяцей да вучнёўскага самакіравання з малодшых класаў, у гарадах і раёнах арганізаваць сістэмную работу з удзельнікамі вучнёўскага самакіравання, уключаць іх у сацыяльна значную дзейнасць. Упор будзе зроблены і на павышэнне кваліфікацыі педагогаў у гэтым кірунку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.