Ад ініцыятывы да выніку

Ад ініцыятывы да выніку : у Магілёускай вобласці прайшоу першы рэгіянальны форум, прысвечаны мясцоваму самакіраванню / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 3 мая. — С. 9 (Прил.: Мясцовае самакіраванне).

У Магілёўскай вобласці прайшоў першы рэгіянальны форум, прысвечаны мясцоваму самакіраванню

Дэвіз І рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці» — «Ініцыятыва, адзінства, дзеянне, вынік» — вызначыў і сам сэнс падзеі. Мерапрыемства абагульніла назапашаны вопыт, выявіла дамінанты, расставіла акцэнты. А галоўнае, наглядна паказала, што работа толькі тады мае плён, калі ў ёй задзейнічаны ўсе, пачынаючы ад жыхароў, заканчваючы дэпутатамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Ініцыятыўнасць трэба выхоўваць

Форум ахапіў усю вобласць. На працягу трох дзён у Магілёве, Бабруйску і райцэнтрах паўсюдна праходзілі выставы, круглыя сталы, актуальныя дыялогі, акцыі па пасадцы Алей міру і стваральнай працы. У рабоце былі задзейнічаны ўсе — моладзь, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, народныя выбраннікі, спецыялісты абл-, гар-, райвыканкамаў, парламентарыі, заканатворцы.

Тэма мясцовага, вучнёўскага і студэнцкага самакіравання і сучасныя падыходы ў іх развіцці раскрывалася падчас работы адпаведных секцый, якія працавалі на пляцоўках магілёўскіх ВНУ і Бабруйскага гарсавета. Адзін дзень форуму быў прысвечаны Адзінаму дню самакіравання. Актывісты маладзёжных парламентаў правялі яго разам са старшынямі рай- і гарсаветаў, паглядзелі, як тыя працуюць. Вынікі трохдзённай работы былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое адбылося на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ). Падчас яго былі ўзнагароджаны пераможцы віктарыны сярод школьнікаў і студэнтаў на веданне гісторыі развіцця мясцовага самакіравання, выбарчага працэсу і актуальных аспектаў нарматворчасці. Ініцыятыва яе правядзення належала Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. На пленарным пасяджэнні была таксама падпісана Дэкларацыя аб далучэнні да дасягнення Мэт устойлівага развіцця паміжМагілёўскім аблвыканкамам і БРУ.

На базе ВНУ ў гэты ж дзень адбылася прэзентацыя Міжнароднага навукова-даследчага цэнтра па ўстойлівым развіцці, зялёнай эканоміцы і інфарматызацыі.

— Моладзь — вялікая рухаючая сіла грамадства, мы гэтую місію разумеем і выкарыстоўваем, — падкрэсліў падчас адкрыцця цэнтра рэктар БРУ Міхаіл ЛУСЦЯНКОЎ. — У беларускіх ВНУ створаны магчымасці для самарэалізацыі і рэалізацыі студэнцкіх ініцыятыў. Адкрыццё на базе нашага эканамічнага факультэта навукова-адукацыйнага цэнтра для прасоўвання ідэй устойлівага развіцця, зялёнай эканомікі і інфарматызацыі — яшчэ адзін крок для самарэалізацыі моладзі. Кожную восень мы праводзім для ініцыятыўных дзяўчат і хлопцаў конкурс стартапаў, у якім бяруць удзел нават школьнікі. Да нас паступаюць праекты з усёй вобласці, мы іх разглядаем, але шматлікія ідэі ма юць патрэбу ў дапрацоўцы. Цяпер будзе магчымасць яшчэ іх і пралічыць.

10 тысяч аб’яднаных ідэямі самакіравання

Менавіта такая агульная колькасць насельніцтва задзейнічана па вобласці ў органах мясцовага самакіравання. Пра гэта паведаміла старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына РАІНЧЫК.

— Важнасць нашага вялікага мерапрыемства цяжка пераацаніць, — адзначыла яна. — На працягу трох дзён разам з дэпутатамі працавалі прадстаўнікі Маладзёжнага парламента, студэнцтва, школьнікі. Наша задача была аб’яднаць вакол пытанняў мясцовага самакіравання не толькі дэпутатаў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, але і грамадскасць. І вельмі важна, што на ўзроўні аблвыканкама і аблсавета ініцыятывы ад жыхароў знаходзяць падтрымку, у тым ліку фінансавую.

Пра важнасць форума казаў і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан СТРАХАР.

— Сумесная работа выканаўчых органаў з дэпутатамі праводзіцца пастаянна, — канстатаваў ён. — Без разумення праблем, якія сёння цікавяць жыхароў нашай вобласці, без ранжыравання гэтых праблем немагчыма пабудаваць ніякую стратэгію. Нам вельмі важна ведаць, якія праблемы хвалююць грамадзян, якія праблемы яны лічаць найбольш важнымі, і канцэнтраваць увагу на вырашэнні гэтых пытанняў. Работа такая вялася заўсёды, але цяпер мы імплеменціравалі стратэгію ўстойлівага развіцця ва ўсе праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, у тым ліку раённыя. І ў гэтым супрацоўніцтве мы бачым залог развіцця ўсёй вобласці.

Ініцыятывам — зялёнае святло

Сёння ў беларускім парламенце вядзецца вялікая работа па пытаннях змянення, дапаўнення, прыняцця новых законаў, якія рэгламентуюць дэпутацкую дзейнасць. Рыхтуецца праект Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, у які будуць уносіцца змяненні і дапаўненні. На прыклад, з’явіцца новая глава па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятываў.

— Моцная рэгіянальная палітыка, развітое мясцовае самакіраванне — гэта ініцыятывы, самазанятасць, усё тое, пра што ішла гаворка падчас форуму, — рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК. — Калі мы гаворым пра заканадаўчую практыку, мэты ўстойлівага развіцця, то галоўнае ў гэтым — як раз нацыянальны інтарэс, інтарэс краіны, рэгіёнаў. Мы займаемся ініцыятывамі і праектамі, каб дастойна прадстаўляць краіну ў свеце. Напружаная работа ідзе па прывядзенні ў парадак законаў з улікам канстытуцыйных змяненняў, якія адбыліся. Што датычыцца мясцовага самакіравання, самае галоўнае, каб людзі, выкарыстоўваючы той заканадаўчы інструментарый, які ёсць на сённяшні дзень, маглі рэалізаваць свае ініцыятывы. Мы павінны рэагаваць не на нейкія сістэматычныя скаргі прафесійных скаржнікаў, а на тыя ініцыятывы, што ідуць ад людзей, якія і самі гатовыя ўкласціся, і іншых падцягнуць. Грамадзянская супольнасць — гэта самаініцыятыўныя грамадзяне, якія ўзаемадзейнічаюць у рамках Канстытуцыі і ў рамках заканадаўчага поля з органамі ўлады. Магілёўская вобласць дэманструе вялікую актыўнасць і тут ажыццяўляецца шмат ініцыятыў. Гэта выдатна паказвае, што рэгіён развіваецца і імкнецца быць у лідарах.

Арыентацыя на моладзь

Фарміраванне ў свядомасці школьнікаў асноў беларускай дэмакратыі ў першую чаргу залежыць ад педагагічных работнікаў. На гэтым акцэнтаваў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег ДЗЯЧЭНКА.

— Для таго каб фарміраваць дэмакратыю, павінны быць адпаведныя ўмовы, — лічыць ён. — Правядзенне форуму якраз і ёсць адна з умоў фарміравання дэмакратыі ў нашай дзяржаве, фарміравання народаўладдзя. На форуме мы абмяняліся вопытам работы органаў мясцовага самакіравання, паглядзелі, як яны фарміруюцца са школы. У рабоце секцыі «Вучнёўскае самакіраванне — шлях да развіцця асобы» ўзяло ўдзел фактычна каля 500 педагагічных работнікаў — сто непасрэдна, астатнія далучыліся ў фармаце відэаканферэнцыі. Усяго да абмеркавання надзённых пытанняў падключыліся 272 школы Магілёўскай вобласці. Фактычна мы правялі ўнікальную па сваім маштабе і змесце дыялогавую пляцоўку па абмене перадавым педагагічным вопытам палітычнай сацыялізацыі асобы, выяўлення сярод школьнікаў будучых лідараў грамадскай думкі, фарміравання лідарскіх якасцяў навучэнцаў.

З гэтым меркаваннем цалкам згодны старшыня Маладзёжнага парламента пры аблсавеце Міхаіл ПАГОЦКІ.

— Школы — стартавая пляцоўка, дзе закладваюцца асновы маладзёжнага парламентарызму, — канстатаваў ён. — Моладзь атрымлівае той вопыт, які ёй спатрэбіцца ў будучым. У кожнай ВНУ развітое студэнцкае самакіраванне, кірунак аднолькавы — прасоўваць ідэі, рэалізоўваць сябе ў спорце, праектнай дзейнасці, навуцы і гэтак далей.

Акцэнт — выключна на канструктыўныя ініцыятывы

З 2015 года на Магілёўшчыне актыўна працуе з ініцыятывамі насельніцтва абласная асацыяцыя мясцовых Саветаўдэпутатаў, якая падтрымлівае насельніцтва. Старшыня праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль МАЦЮЛІН падзяліўся думкамі наконт таго, што можа аб’яднаць людзей.

— Трэба шукаць тыя прапановы і ідэі, якія і на наш погляд, і на погляд людзей, што жывуць у тым ці іншым мікрараёне, важныя, — лічыць ён. — Для гэтага трэба ведаць сваіх выбаршчыкаў у твар, быць у курсе іх надзей і патрэб. Тады будзе проста вырашаць праблему, нават калі існуюць фінансавыя складанасці. І трэба ўсё даводзіць да ведама насельніцтва. Тая ж віктарына, якую мы правялі, таксама карысны вопыт. Калі школьнікі будуць разумець азы мясцовага самакіравання, яны змогуць праявіць сябе і ў студэнцкай сферы, і ў жыцці.

У Магілёве, Бабруйску, райцэнтрах вобласці прыкладам самаарганізацыі грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння з’яўляюцца калегіяльныя органы мясцовага самакіравання. Яны прыцягваюць да сябе людзей ініцыятыўных, неабыякавых, тых, у каго вырашэнне праблем не зводзіцца да ўтрыманства і скаргаў у розныя інстанцыі. Тут прывыклі дзейнічаць канструктыўна, разам з дэпутатамі і ўладай. Вядома, ёсць пытанні, якія вырашыць на мясцовым узроўні складана, але і іх трэба ўзнімаць.

— Трэба, каб органы тэрытарыяльнага кіравання бралі больш актыўны ўдзел у разглядзе пытанняў, якія перашкаджаюць жыць камфортна, — адзначыў старшыня пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Анатоль ГЛАЗ. — Узяць тое ж набалелае пытанне з ацяпленнем. Вясной рэжым працеплівання магчымы, а восенню чамусь ці не. Трэба чакаць, пакуль сярэднясутачная тэмпература на працягу некалькіх дзён складзе нейкі там мінімум. Калі ў дзіцячых садках уключылі батарэі, чаму ў кватэрах дзеці павінны мерзнуць? І з такімі ініцыятывамі могуць выступаць органы мясцовага самакіравання, падганяць такім чынам органы ўлады праз дэпутатаў усіх узроўняў. Надышоў час ссунуць акцэнт з неканструктыўных скаргаў на стваральныя ініцыятывы.

Нэлі ЗІГУЛЯ