Шпацыр на фоне Пушкіна : магілёўская дзіцячая бібліятэка — флагман навацый

Рагін, Я. Шпацыр на фоне Пушкіна : магілёўская дзіцячая бібліятэка — флагман навацый / Яўген Рагін // Культура. — 2023. — 3 чэрвеня. — С. 10.

Гэтая ўстанова знаходзіцца на Пушкінскім праспекце, дзе ўсталяваны помнік вялікаму паэту. Яна таксама носіць імя літаратара.У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” згаданая скарбніца заняла першае месца за навацыі ў галіне бібліятэчнай справы.

I Пушкін тут таксама адыграў пэўную ролю.

Інакш кажучы, прывязка да аўтара “Яўгенія Анегіна” (цудоўны пераклад твора зрабіў наш Аркадзь Куляшоў!) — не выпадковы збег абставін, а прадвызначаная заканамернасць: класік двойчы пабываў у Магілёве. Задакументаваных успамінаў пра першы візіт няма. Яго паэт згадвае ў творах. Таму прастора для краязнаўчых даследаванняў — самая широкая. I вы, напэўна, здагадаліся, што ўшанавана дзіцячая бібліятэка менавіта за краязнаўства і за новыя да яго падыходы.

ЯК СЕМ КНІЖАК НАБЫЛІ ЭЛЕКТРОННЫ ФАРМАТ

Першы раз Пушкін завітаў у Магілёў, калі ехаў з Пецярбурга ў Кішынёў на выселкі (1820). Прайшло чатыры гады, творца вяртаецца праз беларускі горад у Міхайлаўскае. Сведчанні таго захаваліся. Звесткі па крупінках збіраліся навукоўцамі, краязнаўцамі, бібліятэкарамі. (Да слова, аднаго з магілёўскіх краязнаўцаў завуць Ігар Пушкін. На жаль, не сваяк.) Усе гэтыя іпастасі без адрыву ад асноўнай працы сумясцілі работнікі кніжнай скарбніцы. Ініцыятар праекта — загадчык інфармацыйна-сэрвіснага сектара дзіцячай бібліятэкі імя Пушкіна Ірына Баранава. Вось як яна патлумачыла сутнасць навацый:

— Мы, бібліятэкары, займаемся краязнаўствам даўно. Падрыхтавалі сем кніг, шэсць з іх зрабілі “самвыдам”. Адна, пра абарону горада падчас Вялікай Айчыннай вайны, пабачыла свет пры дапамозе спонсара. Серыя згаданых кніг, натуральна, звернута да юнага чытача. А навацыя ў тым, што выдаппі гэтыя мы перавялі ў элекгронны фармат. Дзеці цудоўна арыентуюцца ў Сеціве, наша праца надзвычай запатрабаваная…

ГУЛЬНЯ? НАВУЧАННЕ!

Калі казаць дакладна, дык і гульня, і навучанне. Электронная краязнаўчая база, як сцвярджае Ірына Леанідаўна, мае не толькі сталыя раздзелы, але і часткі, прысвечаныя гульням. Кожны квэст навучальны. Кожны выключна цікавы, бо падрыхтаваны неабыякавымі спецыялістамі.

Першая гульня насычана пытаннямі па гісторыі Магілёва. Чаму Стэфан Баторый даў гораду магдэбургскае права? Дзе знаходзіўся імператарскі замак? Чаму аблвыканкамаўскі будынак падобны на мінскі Дом урада? Дзе ў Магілёве знаходзяцца Брадвей і Арбат? Ці існавала магіла льва? Адказы маюць варыянты. ‘А сам праект не толькі доўгатэрміновы. Ён — бясконцы, бо пастаянна ўдасканальваецца і дапаўняецца новымі звесткамі.

Хтосьці скажа: “Роля бібліятэкараў у развіцці краязнаўчай справы зразумелая. А што пры гэтым робяць дзеці?” Пасіўнымі сузіральнікамі іх ніяк не назавеш. Яны — актыўныя ўдзельнікі літаральна ўсіх бібліятэчных мерапрыемстваў. Гэта дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам добра арыентавацца ў школьнай дысцыпліне “Мая Радзіма — Беларусь”. Менавіта юныя чытачы стварылі лялечны тэатр ценяў — незвычайнасцю такога яшчэ нашы продкі захапляліся. Тое сёння. Што чакае гасцей заутра, ведаюць толькі бібліятэкары, якія выбудоўваюць гнуткую праектную палітыку. Яе асноўны прынцып — каб усім было цікава.

Я Ў ГЭТЫМ ГОРАДЗЕ ЖЫВУ

Другі квэст запрашае на віртуальны шпацыр па Магілёве. Згадаю спачатку сваю “аналагавую” прагулку. Шукаю Магілёўскі райвыканкам. Нейкая жвавая кабета аж спыняецца: “Навошта вам той райвыканкам! Вось дом, дзе жыў Бора Маісееў!” Ну дык яна мяне ані не здзівіла. У Магілёве процьма болыи захапляльных знакамітасцей.

Падчас бібліятэчнага “электроннага” шпацыру можна пабачыць дом, дзе нарадзіўся, скажам, Ота Шміт — савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном, арганізатар кнігавыдання і рэформы сістэмы адукацыі, даследчык Паміра і Поўначы, цікавы, нестандартны і вельмі ўплывовы чалавек. У 1930-х гадах магілёўцы маглі стаць шмітаўцамі. Слава палярнікаў-чалюскінцаў была тады неймавернай. Прапанову паэта Андрэя Александровіча перайменаваць горад жыхары падтрымалі. На вярхах пачын спынілі, бо прозвішча ў знакамітага земляка занадта ўжо нямецкае. Абласны цэнтр застаўся Магілёвам. I гэта толькі адна старонка слаўнай гарадской гісторыі…

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ

Згадваю сваё дзяцінства. Перыядычных выданняў для юных чытачоў было больш чым дастаткова: газеты саюзныя і рэспубліканскія, ці не з дзясятак часопісаў. Сёння, мякка кажучы, сітуацыя крыху іншая. Так што супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі робяць у Магілёве выключна важную справу. Праект развіваецца і застаецца адным з самых запатрабаваных сярод карыстальнікаў.

Яўген РАГІН