Адзін дзень на стадыёне «Спартак»

Хмяльніцкі, Д. Адзін дзень на стадыёне «Спартак» / Данііл Хмяльніцкі // Звязда. — 2023. — 9 жніўня. — С. 5—6. 

У аўторак на стадыёне «Спартак» у Магілёве было шматлюдна і горача. Спартсмены ў змешаных і групавых спаборніцтвах змагаліся за выхад у фінал. Невялікі спойлер — усе нашы каманды перамаглі!


Трыбуны на стадыёне вельмі гучныя — балельшчыкі актыўна падтрымліваюць спартсменаў, але ў момант падрыхтоўкі да стрэлу ўсе заціхаюць, бо гэта — момант максімальнай канцэнтрацыі. Кожны стрэл — бура эмоцый.

За права прадставіць нашу краіну ў фінале камандных выступленняў жанчын змагаліся Анастасія Нікіфарэнка, Аляксандра Стралец і Наталля Траццяк. Дзяўчаты перамаглі, а значыць, будуць змагацца за «золата».

«Гэта была безумоўна камандная работа, у нас амаль усё атрымалася, за выключэннем некаторых нюансаў, але так бывае ва ўсіх. Насамрэч — мы малайцы, — падзялілася з журналістамі першымі эмоцыямі Аляксандра Стралец. — Вядома, хваляванне было. Гэта ж не проста так выйсці ды пастраляць. Але гэта больш працоўнае хваляванне. Яно не перашкодзіла нам, а хутчэй дапамагло сабрацца, каб дабіцца сваёй мэты.

Наталля Траццяк адзначыла, што барацьба была сур’ёзная, а ўсе сапернікі — моцныя і добра падрыхтаваныя спартсмены. «Мы адразу рыхтаваліся да сур’ёзнай барацьбы», — сказала яна.

Дзяўчаты падкрэслілі, што моцная падтрымка гледачоў — вялікая рэдкасць на спаборніцтвах па стральбе з лука. Па словах Аляксандры Стралец, першапачаткова здавалася, што гучная падтрымка балельшчыкаў можа трохі перашкаджаць, бо спартсменам трэба быць максімальна сабранымі. Але ўсё склалася зусім інакш, эмоцыі балельшчыкаў стымулявалі і дапамагалі. Такая падтрымка — вялікая рэдкасць, падкрэсліла яна.

Канкурэнтам дзяўчат у фінале стане каманда з Расіі. Беларускі нацэленыя паказаць высокія вынікі. Яны без бою не здаюцца, бо ніколі не недаацэньваюць сваіх сапернікаў. Трэба змагацца за кожнае ачко, за кожную прабоіну.

Беларуская мужчынская зборная па стральбе з лука, у склад якой увайшлі Антон Цярэта, Цімафей Прылепаў і Станіслаў Барлюгоў, у паўфінальным паядынку атрымала ўпэўненую перамогу над камандай з Узбекістана з лікам 6:0! У фінале яны сустрэнуцца з камандай Расіі «Шчыра кажучы, былі ўпэўненыя ў перамозе, ішлі мэтанакіравана перамагаць», — падзяліўся ўражаннямі з журналістамі Антон Цярэта. — Я думаю, што пераломны момант быў на трэцяй серыі, калі нашы спаборнікі пачалі трапляць у «дзясяткі». Але думаю, яны ўсё ж такі не справіліся з хваляваннем. Вельмі прыемна, калі каманду падтрымліваюць нашы ж людзі. Гэта падбадзёрвае і дае ўпэўненасць.

«Надае ўпэўненасці, узнімае сілу духу, калі сваякі, балельшчыкі так актыўна падтрымліваюць нас, — дадаў Станіслаў Барлюгоў. Ён расказаў, што ў каманды усё ідзе па плане: «З хлопцамі трэніраваліся, усё атрымалася, як і планавалі. Будзем змагацца да канца, хочам узяць „золата“ на гэтых спаборніцтвах».

Для Цімафея Прылепава ІІ Гульні краін СНД сталі першымі буйнымі спаборніцтвамі ў яго спартыўным жыцці. «Рады, што яны праходзяць у маім родным горадзе, таму што дома — і сцены памагаюць», — сказаў ён.

Нашы спартсмены адзначылі, што з’яўляюцца не проста камандай, а адным цэлым. І нягледзячы на тое, што выступаюць такім складам упершыню, усё роўна яны знайшлі агульную мову і падтрымліваюць адзін аднаго, бо гэта — залог поспеху, а калі ёсць падтрымка, то, несумненна, становішся мацнейшы.

Расійскія спартсмены таксама могуць пахваліцца выдатным вынікам. У паўфінальным паядынку па стральбе з лука зборная Расійскай Федэрацыі аказалася мацнейшай за зборную Азербайджана. У выніку — 5:1 на карысць Расіі. «Нікога не недаацэньваем, усе сапернікі дастояныя. Мы працуем і робім сваю справу, — распавёў журналістам расійскі стралок з лука Мухібула Махмудаў. — Арганізацыя на найвышэйшым узроўні, нам вельмі падабаецца ў вас, такое адчуванне, што мы прыехалі на Алімпійскія Гульні, вялікі дзякуй за гэта Магілёву».

Гулец расійскай зборнай па стральбе з лука Сяргей Цярэнаў адзначыў, што ніколі яшчэ не бачыў столькі людзей, падтрымка балельшчыкаў зараджае на перамогу. Яму вельмі хочацца згуляць з камандай Беларусі.

Спорт — справа сямейная

Не толькі беларусы і расіяне сёння радаваліся сваім поспехам. «Бронза» ІІ Гульняў краін СНД — першая вялікая перамога і чарговы крок да мары для 15-гадовага лучніка з Туркменістана Эзізмухамета Сахедава. Спартсмен стаў бронзавым прызёрам спаборніцтваў па стральбе з лука ў індывідуальных заліках сярод мужчын. «На перамогу разлічваў, сёння настрой быў вельмі добры — і я выйграў з лікам 7:1. Больш за ўсё ў гэтай перамозе мне дапамог бацька. Ён вучыў мяне, перадаваў вопыт, дапамагаў, падтрымліваў. Зараджалі эмоцыямі і балельшчыкі — прыемна, калі на трыбунах так перажываюць за спартсменаў. Для мяне гэта першая вялікая перамога і чарговы крок да мары — стаць алімпійскім чэмпіёнам. Для гэтага буду ўзмоцнена трэніравацца і ісці толькі наперад, працаваць на вынік. З маім бацькам і па сумяшчальніцтве трэнерам пакуль яшчэ не вырашылі, як будзем святкаваць перамогу».

Эзізмухамет таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі аб нашай краіне: «Мне вельмі падабаецца ў Беларусі, хоць я тут упершыню. Арганізацыя на найвышэйшым узроўні: смачная ежа, выдатны прыём і гасцінныя людзі. Уразіла экскурсія па горадзе — у вас сапраўды вельмі прыгожа. Надвор’е таксама парадавала, у нас у Туркменістане нашмат гарачэй».

Сын-пераможца — сапраўдны гонар для бацькі. «Бронза» сына на спаборніцтвах па стральбе з лука на ІІ Гульнях краін СНД для мяне як сон», — распавёў старшыня Нацыянальнай федэрацыі стральбы з лука Туркменістана, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай краіны Вепа Сахедаў. «Сапернікі сына нашмат старэйшыя за яго, калі Эзізмухамету ўсяго 15 гадоў, то астатнім ужо бліжэй да 25-ці. Прагназаваў яму чацвёртае месца, але сын сказаў, што можа лепш. Кажа: пакажу сваю сілу і патэнцыял на гэтых спаборніцтвах. Аднак, нягледзячы на мэтанакіраванасць, ён вельмі сціплы хлопец. Я прашу яго не саромецца гаварыць падчас спаборніцтваў, калі мой характар яму не падабаецца. Вядома, я магу быць вельмі эмацыянальным, калі Эзізмухамет страляе: ён хвалюецца, а я — у дзесяць разоў больш. Ён жа не толькі спартсмен, але і мой сын. Я нават гэтай ноччу дрэнна спаў, усё пракручваў у галаве, разбіраў работу саперніка. А сын, вядома ж, адпачываў, яму неабходны 9-гадзінны сон — тады мацнейшыя нервы і лепшая стральба.

Найлепшы падарунак для кіраўніка

Толькі станоўчыя эмоцыі адчуваў і старшыня Беларускай федэрацыі стральбы з лука Мікалай Марусаў. «Сёння беларускія лучнікі зрабілі найлепшы падарунак у мой дзень нараджэння — выйшлі ў фінал. Звычайна падарункі дораць увечары, але наша зборная ўжо паднесла мне, і не адзін: выхад у фінал каманднага заліку ў мужчын і жанчын, а таксама ў мікстах. Вялікі ім дзякуй за гэта. У нашых рабят атрымалася паказаць тое, над чым мы працавалі ўсе папярэднія месяцы і гады. Я іх люблю!». — прызнаўся старшыня федэрацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што праца камандаў на гэтым не скончылася, бо галоўны бой яшчэ наперадзе, таму пакуль ніхто не расслабляецца.

«Вядома ж, медаль ужо ёсць, але паверце, ніводнага спартсмена не задавальняе другое месца, нават калі гэта „серабро“ Алімпійскіх гульняў або чэмпіянату свету. Значыць, дзесьці недапрацавалі. Усе хочуць перамогі, таму і ў беларускай зборнай настрой толькі адзін — залаты медаль».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

г. Магілёў