24 гадзіны ў суткі на сувязі

Дзячэнка, А. 24 гадзіны ў суткі на сувязі / Алег Дзячэнка ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 9 жніўня. — С. 8. — (Прыл.: Мясцовае самакіраванне). 

Алег Дзячэнка пра работу ў акрузе, навуковы падыход

Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Алег Дзячэнка з’яўляецца членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці ад Магілёўскай вобласці, узначальвае Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Яго лёс вызначыла прафесія настаўніка, якую нельга ўявіць без цеснага ўзаемадзеяння з людзьмі, моладдзю. У сваёй дзейнасці — і працоўнай, і грамадскай — ён ставіць акцэнт на выхаванні падрастаючага пакалення, захаванні гістарычных традыцый, умацаванні міжнацыянальных і міжнародных зносін. Падчас сёлетняга X Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ва Уфе ён удзельнічаў у падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і дзяржаўнай аўтаномнай установай дадатковай прафесійнай адукацыі Рэспублікі Башкартастан. І наша размова пачалася менавіта з гэтага.


— Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана ў рамках рэалізацыі выніковага дакумента ІX Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў летась у Гродне, — падкрэсліў сенатар. — У нас быў час прыгледзецца адзін да аднаго, ацаніць магчымасці і вырашыцца на доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Яно датычыцца няспыннай педагагічнай адукацыі і адукацыі дарослых. Таго, чым непасрэдна займаецца наша акадэмія. Абодва бакі маюць намер абменьвацца інфармацыйна-аналітычнымі матэрыяламі, вучэбна-метадычнай дакументацыяй, вопытам эфектыўнай работы. Плануем таксама рэалізоўваць сумесныя праграмы і праекты, арганізоўваць і праводзіць навуковыя мерапрыемствы, у тым ліку ў дыстанцыйнай форме, узаемадзейнічаць па ўсіх без выключэння кірунках. Акадэмія, рэктарам якой я з’яўляюся, працуе па трох асноўных. Мы ажыццяўляем праграмы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. У сярэднім іх асвойвае штогод звыш сямі тысяч чалавек. Для жадаючых атрымаць «новую» адукацыю прапануем праграмы перападрыхтоўкі, у тым ліку ў дыстанцыйнай форме. Напрыклад, асобам, якія не маюць дыплома педагога, сёлета дадзена магчымасць прайсці перападрыхтоўку па спецыяльнасці «Педагагічная дзейнасць». Акадэмія таксама з’яўляецца каардынатарам па інавацыйным і навукова-метадычным забеспячэнні дзейнасці ўстаноў адукацыі, духоўна-маральным, патрыятычным і ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, сацыяльна-педагагічнай рабоце і ахове дзяцінства, па рэалізацыі праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Мы забяспечваем арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне рэспубліканскіх конкурсаў прафмайстэрства педработнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі», «Я — даследчык» для дашкалят, рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» і іншых. Акрамя таго, праводзім сацыялагічныя даследаванні, розныя тэматычныя семінары, лекторыі, навучальныя курсы, іншыя адукацыйныя і метадычныя мерапрыемствы, у якіх штогод удзельнічае звыш 13 тысяч чалавек.

— Ваша работа — перадусім з людзьмі. Наколькі вы даступны чалавек?

— Акрамя традыцыйных асабістых і выязных прыёмаў грамадзян, тэлефонных прыёмаў і сустрэч у працоўных калектывах карыстаюся для зносін сацыяльнымі сеткамі. Праз акаўнт у «Фэйсбуку» і вэб-сайт Djachenko. by інфармую насельніцтва аб праведзенай сенатарскай рабоце і падтрымліваю зваротную сувязь у рэжыме, як той казаў, 24/7.

У рабоце са зваротамі грамадзян няма дробязяў. Тут важныя ўсе пытанні: ад добраўпарадкавання тэрыторый, могілак, рамонту дарог, забеспячэння вадой да вырашэння спрэчных юрыдычных праблем, звязаных з прымяненнем заканадаўства. Са свайго досведу прывяду характэрны прыклад.

З жыллёвай праблемай звярнулася да мяне жыхарка Магілёва. Яе прыватнае домаўладанне падлягала зносу, паколькі на зямельным участку планавалася будаўніцтва новага шматкватэрнага жылога дома. Пераязджаць у выдзеленую ў якасці кампенсацыі кватэру сям’я катэгарычна адмовілася. Што рабіць у такой сітуацыі? Як дапамагчы чалавеку? Высветлілася, што ўлады могуць даць сям’і жылы аднакватэрны дом, але для гэтага неабходна прыняць шэраг рашэнняў. Пасля юрыдычнай прапрацоўкі пытання было прынята рашэнне ў інтарэсах грамадзянкі.

Дарэчы, звяртаюцца жыхары не толькі маёй акругі — Магілёўскага і Чавускага раёнаў вобласці, — але і іншых рэгіёнаў, у тым ліку Магілёва і Мінска. Калі ёсць магчымасць у рамках заканадаўства вырашыць тое ці іншае пытанне — стараюся дапамагчы, калі не — тлумачу, чаму.

— Якія тэмы ўзнімаеце на сустрэчах і дыялогавых пляцоўках у працоўных калектывах, з насельніцтвам, моладдзю?

— Сярод тэм, якія абмяркоўваюцца, — заканатворчая дзейнасць Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, развіццё сучаснай грамадска-палітычнай сітуацыі, экстрэмізм і нацызм, а таксама гісторыя іх узнікнення і барацьба з праявамі гэтай небяспечнай з’явы ў сучасным грамадстве, узаемадзеянне ўстаноў адукацыі з Беларускай праваслаўнай царквой па пытаннях патрыятычнага выхавання моладзі, рэалізацыя рашэнняў VІ Усебеларускага народнага сходу, патрыятычнае выхаванне і рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, ідэалагічная работа ў сучасных умовах, захаванне гістарычнай памяці і ўвекавечанне імёнаў герояў вайны і ветэранаў працы і іншыя. Тэм настолькі шмат, што іх цяжка пералічыць.

Вельмі актуальныя сёння пытанні міжнароднай абстаноўкі. Паглядзіце, як абвастрыліся глабальныя праблемы чалавецтва. Адна эпідэмія COVІD-19 чаго вартая. З кожным днём абвастраецца ваенная эскалацыя на нашых паўднёвых граніцах. Недружалюбныя нам дзяржавы напампоўваюць краіны Балтыі, Польшчу і Украіну цяжкім узбраеннем, воінскім кантынгентам, нарошчваюць шчодрую ваенную і эканамічную дапамогу кіеўскаму рэжыму, усімі спосабамі абвастраюць канфліктную сітуацыю ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Мы павінны ўлічваць гэты сумны вопыт і ва ўмовах новага геапалітычнага перадзелу свету, узрастання агрэсіўнасці Паўночнаатлантычнага ваенна-палітычнага блока забяспечваць бяспеку беларускай дзяржавы, стымуляваць рост эканомікі, захоўваць грамадзянскі мір і згоду ў грамадстве. Як сказаў наш Прэзідэнт, кожны беларус павінен быць грамадзянінам і патрыётам, добрасумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі і ўносіць свой уклад у агульную справу абароны нацыянальных інтарэсаў.

Прыём грамадзян — неад’емная частка работы сенатара

Прыём грамадзян — неад’емная частка работы сенатара

— Што, на ваш погляд, неабходна для захавання гістарычнай памяці і фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў?

— Мы павінны выключыць любыя спробы пад выглядам навуковых ці іншых дыскусій перагледзець падзеі не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і ўсёй тысячагадовай гісторыі беларускага народа. Гістарычны рэвізіянізм недапушчальны ва ўсіх формах свайго праяўлення.

Гістарычная праблематыка сёння на парадку дня. Да мяне неаднаразова на прамую тэлефонную лінію звярталіся ініцыятыўныя грамадзяне, якія прасілі аб садзейнічанні ва ўвекавечанні памяці тых ці іншых гістарычных асоб або гераічных падзей мінулага. Летась завяршылася эпапея з устанаўленнем у Шклове Магілёўскай вобласці помніка расійскаму дзяржаўнаму дзеячу Апалону Крывашэіну. Помнік быў зроблены на сродкі расійскага мецэната беларускага паходжання. Аднак з-за прававых калізій, кадравых ратацый у раёне і дыскусій адносна выбару месца для рэалізацыі праекта спатрэбілася дзесяць гадоў.

Між тым асоба Апалона Крывашэіна значная не толькі для Шклоўскага раёна, але і для ўсяго Усходне-Беларускага рэгіёна. Мяркуйце самі. У царскай Расіі ён займаў пасаду міністра шляхоў зносін. Менавіта пры ім быў распрацаваны план Кіева-Пецярбургскай чыгункі, праведзена чыгуначная ветка «Магілёў — Орша» і спраектавана станцыя Шклоў.

У сваім маёнтку ён пабудаваў фабрыку па вытворчасці паперы, якая цяпер дзейнічае пад назвай ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак». Па яго ініцыятыве ў 1902 годзе ў Шклове быў закладзены парк пейзажнага тыпу, які стаў помнікам садова-паркавага мастацтва.

У рамках маштабнай работы па захаванні гістарычнай памяці нельга не сказаць аб пошукавай дзейнасці, звязанай з увекавечаннем імёнаў ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Працуючы з дакументамі ў адным з архіваў Магілёва, я ўстанавіў імёны жыхароў невялікай вёскі ў Магілёўскім раёне, якія былі спаленыя нямецка-фашысцкімі акупантамі ў ліпені 1943 года. Збіраюцца і публікуюцца матэрыялы аб земляках, што бралі актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і ў так званых лакальных войнах 1939–1940 гадоў. І наш святы абавязак — аднавіць сацыяльную і гістарычную справядлівасць, устанавіць па меры магчымасці імёны ўсіх, хто абараняў інтарэсы працоўнага народа. Тым самым мы не толькі захаваем памяць пра герояў вайны, але і нададзім магутны імпульс працэсу грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, захаванню шматвяковых традыцый, папулярызацыі традыцыйных каштоўнасцяў і гісторыка-культурнай спадчыны.


Дарэчы

«Наглядны прыклад народнай дыпламатыі ў дзеянні»

Выказаўся Алег Дзячэнка і наконт яркай спартыўнай падзеі, якой гэтымі днямі жыве ўся краіна:

— У Год міру і стваральнай працы Беларусь праводзіць ІІ Гульні краін СНД па дваццаці відах спорту. Гэта не толькі пачэсна, але і палітычна глыбока сімвалічна. Удзельнікі спартыўных спаборніцтваў, якія прыбылі ў нашу краіну, назіральнікі, балельшчыкі і турысты змаглі адчуць вялікую ўвагу і падтрымку, што аказвае дзяржава спартыўнай супольнасці, інвестуючы значныя фінансавыя сродкі ў будаўніцтва сучасных спартыўных аб’ектаў, стымулюючы развіццё масавай фізкультуры і спорту, садзейнічаючы тым самым больш шырокаму ўкараненню ў штодзённае жыццё людзей. Усё даступна і прывабна, ад дваровага варкаўту да буйных спартыўных збудаванняў і фізкультурна-аздараўленчых комплексаў.

І ў забеспячэнні ўмоў правядзення саміх Гульняў вытрыманы высокія стандарты. Не толькі ў сталіцы і ў абласных цэнтрах, але і ў раённых гарадах — у Жлобіне, Маладзечне, Оршы і Салігорску.

Нашы замежныя госці на свае вочы пераканаліся, што залогам усяму з’яўляецца грамадска-палітычная стабільнасць і эканамічная ўстойлівасць беларускага грамадства. Наглядны прыклад народнай дыпламатыі ў дзеянні.

ІІ Гульні краін СНД умацавалі салідарнасць краін Садружнасці і прадэманстравалі ўсім краінам міралюбівы знешнепалітычны курс Беларусі, накіраваны на нармальнае суіснаванне дзяржаў з розным сацыяльным укладам, гістарычнымі і нацыянальнымі традыцыямі.

Нэлі ЗІГУЛЯ