Зігуля, Н. Урокі гісторыі на мове віртуальнай рэальнасці / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 3 кастрычніка. — С. 9.
Магілёўская настаўніца стварыла для дзяцей інавацыйную кнігу пра абарону Магілёва з тэстамі і электроннымі дадаткамі
Дзякуючы мясцовым гісторыкам і краязнаўцам, пра гераічную абарону Магілёва напісаны не адзін дзясятак кніг. Але сённяшнія дзеці лепш успрымаюць інфармацыю ў электронным выглядзе. Падручнікі па гісторыі ўжо суправаджаюцца QR-кодамі. Нават лянівы пацікавіцца: а што там закадзіравана? У новай кнізе QR-коды ледзь не на кожнай з 204 старонак, часам іх колькасць даходзіць да шасці-сямі.
А за імі — жывыя галасы, архіўныя дакументы, успаміны. У Магілёве выйшаў абмежаваны тыраж, а настаўнікі ўжо пытаюцца, дзе набыць выданне.
Ад 22 чэрвеня да 27 ліпеня 1941-га
Яго аўтар Галіна Бяляева — асоба ў Магілёве вядомая. Завуч СШ № 34, дэпутат, грамадскі дзеяч, кіраўнік дзіцячага пошукавага атрада «Т-34», стваральніца электронных праграм па гісторыі і абароне Магілёва, аўтар кніг пра ваенныя сямейныя гісторыі магіляўчан, даследчыца магілёўскага Некропаля. Яе дасягненні адзначаны рознымі ўзнагародамі і тытуламі. Яна заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама СНГ.
Ідэя зрабіць інфармацыю пра абарону Магілёва цікавай для дзяцей узнікла ў яе паўтара года таму.
— Мне захацелася скласці такі варыянт кнігі, які быў бы зразумелы і даступны па ўзроставых асаблівасцях, па пажаданнях сучаснасці менавіта маладому пакаленню, — кажа Галіна Бяляева. — Ні для кога не сакрэт, што нашы дзеці нават думаюць інакш, чым людзі старэйшага ўзросту. І на ўроках зважаю, што яны выступаюць больш тэзісна. Мы стараемся адцягнуць дзяцей ад віртуальных сетак вуліцай, кнігай, але яны ўсё роўна імкнуцца ў свае тэлефоны. І я вырашыла выкарыстаць гэтыя імкненні на карысць.
Да стварэння кнігі настаўніца падышла грунтоўна. Абарона Магілёва ў яе разглядаецца адразу ў кантэксце ваенных падзей у СССР. Гэта своеасаблівы каляндар, на старонках якога распісана ўсё, што адбывалася ў перыяд ад 22 чэрвеня да 27 ліпеня 1941 года.
Праз QR-код можна выйсці на адпаведную вэб-старонку і атрымаць дадатковую інфармацыю пра канкрэтную асобу, якая згадваецца на старонках, дакумент, падзею. Напрыклад, калі напісана, што 24 чэрвеня ўпершыню загучаў гімн Вялікай Айчыннай вайны «Уставай, краіна вялікая», праз QR-код яго можна будзе і праслухаць. Як і выступленне народнага камісара замежных спраў СССР Вячаслава Молатава, з якім ён па даручэнні Сталіна звярнуўся да народа 22 чэрвеня, а таксама самога Іосіфа Вісарыёнавіча, які выступіў 3 ліпеня. Праз QR-код можна прагледзець інтэрв’ю маршала Андрэя Яроменкі, Канстанціна Сіманава, іншых вядомых асоб.
Прасачыць, што адначасова адбываецца на розных франтах у той момант, калі Магілёў стрымлівае шалёны націск ворага, дапамагаюць карты Беларусі, Магілёўскай вобласці і Магілёва 1940 года. Суразмоўніца ўзяла ўспаміны нямецкага генерал-палкоўніка Гейнца Гудэрыяна, маршала СССР Андрэя Яроменкі, факты з кніг магілёўскіх гісторыкаў-краязнаўцаў і алоўкам нанесла на карты лініі прасоўвання нямецкіх войскаў па Беларусі і Магілёўшчыне летам 41-га года. Пасля разам са сваімі памочнікамі з ліку школьнікаў пераўтварыла друкаваны варыянт у электронны. Што датычыцца знакавых ваенных дат, то тут Галіна Бяляева давярала выключна архіўным даным, працавала ў абласным краязнаўчым музеі імя Е. Раманава. Прызнаецца, што ў асобных аўтараў даныя былі іншыя і яна з імі не пагадзілася.
— Напрыклад, у шматлікіх крыніцах мы чытаем, што подзвіг байцоў батальёна міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава адбыўся 18 ліпеня 1941-га, — кажа яна. — А я раблю спасылку на нямецкі дакумент, дзе пазначана, што немцы прайшлі вышыню каля вёскі Гаі толькі 21 ліпеня. Былі недакладнасці па даце прыезду Канстанціна Сіманава ў полк Сямёна Куцепава, па подзвігу лётчыка-знішчальніка Мікалая Цярохіна, які здзейсніў два тараны ў небе над Магілёвам.
Народжаныя для подзвігу
На старонках мала тэксту, але шмат фота і копій дакументаў. У тым ліку нямецкіх. Напрыклад, дзённік начальніка генштаба сухапутных войскаў Германіі Франца Гальдзера. Па ім можна прасачыць, як змяняецца настрой немцаў. У першы дзень вайны Гальдзер самаўпэўнена піша, што ўсе задачы практычна выкананы, вораг разбіты, дарога на Маскву адкрыта. Літаральна праз тыдзень ён канстатуе, што яны недаацанілі савецкую армію, прыводзіць факты, калі чырвонаармейцы, не жадаючы здавацца ў палон, падрываюць сябе разам з ворагам. Ён ужо заўважае, што сапернік не толькі не адступае, але і контратакуе. А ў кастрычніку піша, што на Усходнім фронце страты нямецкага войска склалі 3,5 мільёна чалавек. Такога не было ні ў адной краіне, якую яны захапілі.
У кнізе прыводзіцца максімальна поўная інфармацыя па абаронцах.
— Не хацелася абмяжоўвацца сухімі статыстычнымі данымі, — кажа аўтар. — Мне было важна, каб чытачы зразумелі характар чалавека, у якой сям’і ён выхоўваўся, чаму ён здзейсніў гэты подзвіг. Гэта былі людзі, народжаныя для подзвігу. Я чытала іх лісты, і мяне да глыбіні душы кранулі фразы, дзе праз пяшчотныя словы да сваіх жонак і дзяцей было напісана: не хвалюйцеся за нас, не плачце, мы не пасаромім Радзіму. Яны аддавалі жыццё, абараняючы наш горад, часта не з’яўляючыся магіляўчанамі. І мне хацелася б, каб нашы дзеці і нашчадкі маглі з падзякай называць іх імёнамі свае вуліцы, завулкі, праспекты. Чырвонаармейцы, якія абаранялі Магілёў, ведалі, што наўрад ці болей убачаць сваіх блізкіх. Пра гэта ёсць ва ўспамінах Канстанціна Сіманава, які разам з фотакарэспандэнтам Паўлам Трошкіным прыехаў на пачатку абароны Магілёва ў полк Сямёна Куцепава. Яны фатаграфавалі абаронцаў Магілёва, а тыя прасілі пераслаць фота не ім, а ў сем’і. Яны разумелі, што гэта іх апошнія фотаздымкі. Як і тое, што кожнай хвілінай свайго жыцця яны стрымліваюць ворага і даюць абаронцам Смаленска каштоўныя хвіліны, каб пабудаваць яшчэ адно ўмацаванне, падцягнуць яшчэ адно падраздзяленне.
Адзін з QR-кодаў дае магчымасць прачытаць імёны людзей, якія абаранялі Магілёў. Гэты спіс быў складзены актывістамі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». Аўтар пераканана, што ён будзе і далей папаўняцца дзякуючы пошукавікам і даследчай рабоце гісторыкаў і краязнаўцаў. Часам імёны ўсплываюць з небыцця неверагодным чынам. У 1965 годзе, падчас будаўніцтва жылога дома ў Магілёве была знойдзена гільза. А ў ёй — кавалачак паперкі са словамі: «Нас засталося ў жывых 3 чалавекі — Міхаіл Фасцін з Ленінграда, я — з Данбаса і Уладзімір з Жытоміра. Бывайце, таварышы, паміраем, але не здаёмся».
— Гэтыя людзі былі ў адным акопе, яны ваявалі супраць аднаго і таго ж ворага — пра гэта вельмі важна ведаць сёння нашым дзецям, — кажа Бяляева. — І вельмі шкада, што аўтар запіскі не напісаў сваё імя. Мы б ведалі імя яшчэ аднаго героя.
Настаўніца Галіна Бяляева не магла не прайсці і такі момант, як праверка ведаў. Таму стварыла па кожным дню абароны тэсты, якія чытачы могуць прайсці праз дадатак у тэлефоне. Праграма, атрымаўшы адказы, пакажа, якія былі правільныя, і паставіць адзнаку.
У кнізе шмат фотаздымкаў мемарыяльных помнікаў і дошак, якія прысвечаны абароне горада Магілёва. У ходзе даследавання аўтарка даведалася, што адна з дошак, якая размяшчалася на будынку загса на плошчы Славы, у 1990-я падчас рэканструкцыі пабудовы бясследна знікла. Яна была прысвечана байцам 172-й стралковай дывізіі і народным апалчэнцам. Плошча Славы якраз з’яўлялася адной з крайніх баявых кропак, дзе праходзіла абарона. І Галіна Бяляева лічыць, што гэтая дошка павінна быць адноўлена.
Паскорыць выхад кнігі дапамаглі памочнікі, якіх Галіна Бяляева знаходзіла на кожным кроку. Калі патрэбна была тая ці іншая фатаграфія сучаснага мемарыяла, яна звярталася ў аблсавет грамадскага аб’яднання «Белая Русь», і літаральна праз дзве-тры гадзіны паступала серыя фотаздымкаў. Некаторыя прапанавалі валанцёрскую дапамогу, напрыклад, галоўны інжынер «Магілёўхімвалакно» Канстанцін Сіроцін з жонкай Алай, фотакарэспандэнт «Весніка Магілёва» Улад Жыгадла.
Кніга атрымала адзнаку вядомых магілёўскіх экспертаў па вайне. Яе рэцэнзентамі выступілі ваенны пісьменнік, член рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыня гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка, дацэнт кафедры дыдактыкі і прыватных методык Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Пурышава.
Выданне прысвечана абароне горада, але інфармацыя, якая тут прадстаўлена, будзе цікавая жыхарам усёй Беларусі, не сумняваецца Галіна Бяляева.
— Я нават адлік часу пачатку вайны вяду не з 4 гадзін раніцы, а з паловы першай ночы, калі ў заходнія ваенныя акругі паступае дырэктыва наркама абароны Сямёна Цімашэнкі, дзе прапаноўваецца не паддавацца на правакацыйныя дзеянні і быць у поўнай баявой гатоўнасці, — аргументуе яна. — Немцы планавалі захапіць тую ж Брэсцкую крэпасць за гадзіну, а яе абарона працягнулася каля месяца. На старонцы за 20 ліпеня я прыводжу фатаграфію фрагмента сцяны Брэсцкай крэпасці, дзе абаронца піша: «Паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма». Калі я праводжу ўрокі гісторыі, прашу дзяцей прывесці прыклады іншых краін, дзе б мелі месца вось такія прыклады мужнасці. Дзе б людзі пісалі: не пасаромлю, не здаюся, паміраю, але трымаю абарону да апошняга.
А колькі было нягучных подзвігаў, але вельмі гераічных і важных! 20 і 21 ліпеня 1941-га ідуць у апошні бой міліцыянеры капітана Уладзімірава. Раззлаваныя іх супрацівам фашысты забараняюць мясцовым жыхарам хаваць забітых. Але жыхар вёскі Старое Пашкава Іван Глушакоў не паслухаўся і пахаваў міліцыянераў. За гэта фашысты яго расстралялі. Я прыводжу гэтае імя, каб падкрэсліць, што ён таксама герой. Звяртаю ўвагу на нашых пажарных. Пры бамбёжцы гарадоў яны першыя выязджалі і тушылі пажары, выцягвалі з-пад завалаў людзей, часта пад абстрэлам нямецкіх самалётаў. Або такі факт. Немцаў вельмі раздражняў чырвоны сцяг на шпілі магілёўскай Ратушы. Яны прыцэльным агнём збівалі яго. Але загадчык інструктарскага аддзела гаркама КПБ Азік Эстэркін падымаўся наверх і зноў яго ўзнімаў. Адважны магіляўчанін загінуў у 1941 годзе пры абароне Магілёва.
— Кожную старонку кнігі я тэсціравала не толькі на дарослых, але і на дзецях, — рэзюмуе аўтар. — Першапачаткова было нават тры варыянты вокладкі выдання. Апошнюю кропку ў выбары паставіў мой 12-гадовы сын Дзмітрый. Вайна ў падлетка асацыюецца з дымным небам і барэльефам з мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». Магілёў увайшоў у гісторыю як першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны горад, дзе была здзейснена кругавая абарона. Калі несла рукапіс кнігі на зацвярджэнне старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандру Студневу, хвалявалася, але ён адразу ж сказаў: «Гэтая кніга павінна быць!»
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара