Рагiн, Я. Край сапраўдных паэтаў / Яўген Рагiн // Мастацтва. — 2006. — №7. — С. 7.
Магілёўшчына на літаратурнай карце нашай рэспублікі займае сталае месца. Менавіта ў Горках студэнт мясцовага земляробчага інстытута Канстанцін Вераніцын стварыў у ХIХ стагоддзі знакамітую і вечную сатырыка-гумарыстычную паэму «Тарас на Парнасе», якая доўгі час лічылася ананімнай… 3 гэтай надзвычай пацярпелай у час Вялікай Айчыннай святарнай зямлёю звязаны і лёс рускага пісьменніка Канстанціна Сіманава. У 1941-м пад Магілёвам ён прыняў удзел у жорсткіх баях з фашыстамі (незабыўныя для празаіка падзеі ляглі ў аснову рамана «Жывыя і мёртвыя»), перад смерцю завяшчаў развеяць свой прах над Буйніцкім полем. На шостым кіламетры шашы Бабруйск — Магілёў цяпер усталяваны памятны знак.
Бадай, самы паэтычны раён вобласці — Касцюковіцкі. У весцы Саматэвічы нарадзіўся Аркадзь Куляшоў. Удзельнік Вялікай Айчыннай, шчыры летуценнік у творчасці і жыцці, народны паэт Беларусі, геніяльны перакладчык Аляксандра Пушкіна, сааўтар сцэнарыяў хрэстаматыйных мастацкіх фільмаў «Чырвонае лісце» і «Першыя выпрабаванні».
Не менш адметная і апавітая Беседдзю вёска Бялынкавічы. Адсюль родам Алесь Пісьмянкоў. Бліскучы літаратурны спадкаемца Куляшова, тонкі лірык, неабыякавы да лёсу роднай зямлі, «дзе самотны белы бусел думу думае аб вечным». Да скону дзён сваіх ён быў перакананы: вершы на Беларусі складаюць многія, а вось застацца паэтам наканавана толькі абраным. Так, Бог беспамылкова вылучае лепшых і хутка забірае іх да сябе. Кіруецца, напэўна, адзіным — прыгажосцю адшліфаванага радка, дзе няма месца хлусні.
Сярод гэтых лірных абраннікаў — і магілёвец Аляксей Пысін, ураджэнец вёскі Высокі Борак, што ў Краснапольскім раёне. У спавядальных вершах колішняга франтавіка — і сыноўская любоў да Бацькаўшчыны і непахісная вера ў яе лепшую долю.