Кухарава, А. Трагедыя ў мірным небе над Магілёвам / Алёна Кухарава // Веснік Магілёва. — 2023. — 20 сентября. — С. 10.
75 год таму ў небе над Магілёвам здарылася нечаканая і незразумелая трагедыя. Ваенны самалёт пацярпеў крушэнне. Экіпаж загінуў, шэсць лётчыкаў былі пахаваныя на Успенскіх могілках. Сёння там можна знайсці невялікі абеліск з таблічкай: «Экіпажу самолёта в составе капітана Кузнецова В.М., капітана Олейнікова А.Н, ст. лейтенанта Полякова В.А., лейтенанта Длі В.С., ст. сержанта Дугіна А.П., сержанта Малых І.І., погибшему при выполнении полётного задания 15 сентября 1948 года.»
Што адбылося ў той дзень? Куды і адкуль ляцеў самалёт? Які лёс за кожным з прозвішчаў? Гэты трагічны выпадак некалькі год быў мудрагелістым рэбусам для магілёўскіх аматараў пошукавага руху. У рэшце рэшт ім удалося выбудаваць сэнсавы каркас гісторыі: высветліць тып самалёта, вызначыць вайсковае фарміраванне, якому ён належаў, і аэрадром яго дыслакацыі, знайсці дакладнае месца катастрофы і нават апытаць некалькіх сведкаў. Аднак шмат што і па сённяшні дзень застаецца загадкай.
Абставіны і акалічнасці
Восеньскім днём у сярэдзіне верасня вёску Вільчыцы, што знаходзіцца непадалёк ад Магілёва, усхвалявала страшнае здарэнне. У бліжнім лесе, які мясцовыя называюць Курганне, упаў самалёт. Ужо ў наш час пошукавікі знайшлі відавочца трагедыі. Пётр Цімафеевіч Хамрыцеляў у тыя часы быў хлапчуком. Аднак той дзень у яго памяці зафіксаваўся трывала.
«Мне было восем год, і я добра памятаю, што у Курганні, у лесе, упаў самалёт, ваенны. Самалёт упаў проста на дрэвы, лётчыкі загінулі. Мы разам з іншымі дзецьмі, усёй школай. пабеглі да месца падзення. Там я убачыў самалёт. Ён разваліўся і лётчыкаў выкінула, адзін з іх зачапіўся за дрэва. Збіралі іх салдаты. Грузавы і легкавы аўтамабілі прыехалі з Магілёва надзвычай хутка, лётчыкаў павезлі ў горад».
Самалёты над Вільчыцамі, па ўспамінах мясцовых жыхароў, лёталі часта. Верагодна, неба над вёскай было часткай трэніровачнага маршруту. А вось выляталі яны з Лупалава. Там быў аэрадром, на якім пасля вайны базіравалася вайсковая частка № 13759. Пошукавікам спатрэбіўся час, каб скласці ў адно ўсе элементы пазлу.
Аднак, нарэшце, атрымалася аднавіць карціну дня. Шасцёра лётчыкаў з в/ч 13759, экіпаж бамбардзіроўшчыка Б-25, здзяйснялі трэніровачны палёт у накірунку вёскі Вільчыцы. Самалёт амерыканскай вытворчасці быў атрыманы па лендлізе (гэтая акалічнасць дадала гісторыі загадкавасці, бо савецкія самалёты на той час не маглі змясціць такі вялікі экіпаж). У выніку трагедыі ўсе лётчыкі загінулі.
Што стала прычынай трагедыі — сёння сказаць цяжка. Тых, хто мог служыць у Магілёве адначасова з загінулымі лётчыкамі, хутчэй за ўсё, няма ў жывых. А афіцыйныя дакументы, якія б маглі растлумачыць здарэнне, засакрэчаныя.
Лёс аднаго чалавека
Аднак за кожным фактам, за маўклівымі лічбамі і малазнаёмымі прозвішчамі заўсёды стаяць чалавечыя жыцці. Гэта самая вялікая каштоўнасць і самая цікавая крыніца інфармацыі. На жаль, імёны пяцёх лётчыкаў да сёння застаюцца невядомымі. А вось шосты — магілёвец Дзмітрый Длі (ініцыялы на помніку аказаліся памылковымі).
Менавіта тое, што хлопец быў мясцовым, дапамагло захаваць яго імя ў гісторыі і крыху развеяць туман над падзеямі 75-гадовай даўніны. Успаміны сясцёр Дзмітрыя — Алены і Зінаіды ў свой час запісалі магілёўскія краязнаўцы. Пошукавікам Алена Длі паказала і сямейны архіў: фотаздымкі і дакументы, якія тычыліся лёсу яе брата.
Хлопец, верагодна, адзін з самых маладых у экіпажы, на момант трагедыі яму было дваццаць два гады. 3 пачаткам вайны сям’я эвакуіравалася ў Казахстан, а ў 1943 годзе юнака прызвалі ў армію. Так пачаўся яго шлях у авіацыю. Пасля вайны Дзмітрый скончыў нышэйшае ваеннае вучылішча ў Казані. Аднак яго не
адразу накіравалі служыць у Магілёў, для гэтага прышлося «памяняцца лёсам» з аднакурснікам.
Гучыць неверагодна, аднак у дзень трагедыі лейтэнант Длі таксама не павінен быў апынуцца ў складзе экіпажа. Але вельмі хацелася яму менавіта у той дзень праляцець у небе над родным горадам. Зінаіда Длі, на два гады маладзейшая за брата, той дзень узгадвае так: «Пасля размеркавання Дзіма пражыў у Магілёве толькі тры месяцы і загінуў. Гэта быў нейкі вучэбны вылет. Спераду ляцеў самалёт з камандзірам эскадрыльі. Толькі падняліся ў паветра, ён убачыў, што льецца масла, трэба тэрмінова садзіцца. Гэты самалёт пачаў кружыць над лесам у пошуках пасадачнай пляцоўкі. Аднак другому экіпажу ён нічога не паведаміў. Наступны самалёт, у якім знаходзіўся брат з сябрамі, стаў таксама спускацца за галоўным, зачапіў крылом дрэва і рухнуў. Для ўсіх нас гэта была страшная трагедыя».
У тэму
15 верасня ў актавай зале Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа прайшла гадзіна памяці, прысвечаная 75-годдзю трагедыі ў мірным небе над Магілёвам. Мерапрыемства арганізаваў вуковы супрацоўнік музея гісторыі горада Магілёва Петр Хаванскі.
Школьнікам і студэнтам Петр Іванавіч расказаў пра падзенне самалёта ў небе над вёскай Вільчыцы, а таксама пра тое, як абставіны трагедыі высвятлялі ўдзельнікі пошукавых аб’яднанняў Магілёва.
Пасля лекцыі ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да месца пахавання загіну лётчыкаў на Успенскіх могілках і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.