Прадметная размова

Сінькевіч, Г. Прадметная размова / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 28 лістапада. — С. 6.

Работа з маладымі педагагічнымі кадрамі, занятасць навучэнцаў, захаванне бяспекі ва ўстановах адукацыі. Гэтыя і шэраг іншых пытанняў абмяркоўваліся на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Галоўны акцэнт быў зроблены на рабоце з маладымі педагогамі. Як было адзначана, штогод ва ўстановы адукацыі рэгіёна ўліваецца звыш чатырохсот маладых спецыялістаў. Для іх прадугледжаны дадатковыя меры стымулявання ў выглядзе ўстанаўлення надбавак, даплат, павышэнняў тарыфнага акладу. Калектыўнымі дагаворамі забяспечваюцца пэўныя сацыяльныя гарантыі: матэрыяльныя выплаты пры ўступленні ў шлюб, пры нараджэнні дзяцей, частковае кампенсаванне затрат на пражыванне і праезд. Маладыя настаўнікі забяспечваюцца жыллём, ім аказваецца метадычная дапамога. Аддзелы па адукацыі рэгулярна право­дзяць сустрэчы з маладымі спецыялістамі, што садзейнічае аператыўнаму вырашэнню праб­лем, з якімі яны сутыкаюцца. Усюды ў раёнах працуюць школы маладога педагога, арганізавана настаўніцтва. Аказваецца са­дзейнічанне і прафесійнаму росту моладзі праз вучобу на метадычных аб’яднаннях, атэстацыю, удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства. Вынік гэтай працы — замацава­льнасць маладых спецыялістаў у галіне адукацыі вобласці на ўзроўні 73%. Паказчык добры, але істотна ніжэйшы за леташні.

— Адной з прычын зніжэння з’яўляецца фармальнае правя­дзенне работы з боку мясцовых органаў кіравання. Ва ўстановах адукацыі не ўсведамляюць адказнасць работы з маладымі спецыялістамі. А між тым замацаванне маладога педагога — гэта ў першую чаргу задача кіраўніка, як і ў цэлым клопат аб кадрах. Дырэктару школы трэба ўмець арганіза­ваць прафарыентацыйную работу па падрыхтоўцы будучага педагога з ліку сваіх жа вучняў, — заўважыла намеснік начальніка аддзела кадравай работы і сацыяльна-эканамічнага развіцця галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Марына Быстрова.

Паводле яе слоў, у многіх раёнах замацавальнасць маладых кадраў пакуль застаецца неста­більнай. Каб паў-­
плываць на сітуацыю, плануецца распрацаваць абласную праграму па рабоце з маладымі спецыялістамі. Для ­росту заработнай платы будуць выкарыстоўвацца ўсе магчымасці, у тым ліку датэрміновая атэстацыя на пры­сваенне кваліфікацыйнай катэгорыі. Больш павышаная ўвага будзе ўдзяляцца ажыццяўленню настаўніцтва для маладых педагогаў.

— Кадры — аснова функцыянавання навучальных устаноў. І гэта сапраўды цалкам адказнасць кіраўнікоў. Сёння важна не чакаць, што кадры прыйдуць самі, а рабіць канкрэтныя крокі па іх падрыхтоўцы. Дырэктар павінен прагназаваць на перспектыву, настаўнікі якога профілю будуць неабходны школе ў найбліжэйшы час. А пасля не спадзявацца на заяўку ў аўтаматызаванай сістэме, а зага­дзя падбіраць кандыдата на будучую вакантную пасаду сярод навучэнцаў, якія здольны быць педагогамі. З такім вучнем неабходна заключыць мэтавы дагавор, адправіць яго вучыцца, суправаджаць у гады студэнцтва і прыняць на работу. Ужо маладога спецыяліста потым трэба забяспечыць нагрузкай і зарплатай, стварыць для яго спрыяльныя сацыяльна-бытавыя ўмовы і кропкі для прафесійнага росту. Гэтая работа ўсюды павінна праводзіцца аднолькава і мэтанакіравана. Толькі тады маладыя педагогі будуць заставацца ў прафесіі, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

У ходзе пасяджэння дэталёва пагаварылі пра стан спраў у спецыяльнай адукацыі. Ва ўстановах гэтага профілю паляпшаецца прадметнае і развіццёвае асяроддзе, абнаўляюцца тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, набываецца транспарт для падвозу навучэнцаў, створаны належныя ўмовы для прафесійнай пад­рыхтоўкі дзяцей з асаблівасцямі, раскрыцця іх творчых здольнасцей. Інтэграваныя структуры дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі цалкам забяспечаны кваліфікаванымі педагогамі. Ахоп дзяцей з АПФР спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйнай дапамогай зараз складае 100%. Важна, што лічба практычна нязменная ўжо на працягу некалькіх гадоў.

Прыярытэт падчас размовы надалі і занятасці навучэнцаў. Была агучана інфармацыя аб напаўненні вольнага ад вучобы часу вучняў. Правесці яго дзеці могуць карысна, змястоўна і варыятыўна. Для іх працуюць гурткі, праводзяцца цікавыя мерапрыемствы ў рамках шостага школьнага дня і міжведамаснага супрацоўніцтва. Упор робіцца на грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, фарміраванне ў маладога пакалення свядомага светапогляду і здаровага ладу жыцця. Прывіццю любові да Радзімы і станаўленню актыўнай пазіцыі моладзі спрыяюць рэспубліканскі праект “ШАГ” і рэгіянальны “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”. Значная работа ў гэтым плане вядзецца на базе ваенна-патрыятычных клубаў, якіх зараз па вобласці налічваецца 54, і ў 187 музеях устаноў адукацыі.

На калегіі былі таксама заслуханы даклады аб захаванні бяспекі ва ўстановах адукацыі, прафілактыцы сямейнага недабрабыту і дзяржаўнай ахове дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Па ўсіх напрамках работа наладжана даволі эфектыўна. На ліквідацыю выяўленых недахопаў бу­дзе накіравана агульна прынятая пастанова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара