Зігуля, Н. «Караткевіч пахваліў мае работы, і гэта мяне натхніла…» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 9 снежня. — С. 8.
Ёй пашчасціла жыць у той прыгожы час, калі можна было проста так мець зносіны з вядомымі асобамі, прозвішча якіх мы сёння прагаворваем з прыдыханнем. Уладзімір Караткевіч, Алена Абразцова, Таццяна Каламійцава — за імі цэлая эпоха. У канцы 70-х мінулага стагоддзя яны ўжо былі вельмі папулярныя асобы, а Вера Юркова толькі пачынала свой шлях у мастацтва. Яна была студэнткай Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута, які мы сёння ведаем пад назвай Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, і мела магчымасць з імі сустракацца. Некаторымі з яе ўспамінаў мы вырашылі падзяліцца з нашым чытачом.
Ён свяціўся як сонейка
У памяці засталася карцінка — Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, мастак Аляксандр Кішчанка сядзяць за сталом, размаўляюць аб нечым, смяюцца…
— Гэта кафэшка і зараз існуе, мы яе «тэлевізарам» называлі, — усміхаецца Вера Юркова. — Вокны ў падлогу — усе наведвальнікі як на экране. Таму, уласна, і назву такую прыдумалі. Па дарозе ў інстытут мы вельмі любілі туды забягаць. Там былі вельмі смачныя сардэлькі і кава з булачкай. І туды заходзіла і наша багема. Аднойчы я там і падгледзела гэтую зорную кампанію.
Веры наогул пашчасціла са знакамітасцямі. Яна была любімай выхаванкай народнага мастака Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча. Інтэлігентны чалавек, вельмі вытанчаны, яго бацькі былі вядомымі артыстамі цырка. Ён сябраваў з Караткевічам.
— Аднойчы мой выклад- чык прапанаваў напісаць курсавую работу і зрабіць эскізы да аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» і апавядання «Карней — мышыная смерць», — успамінае Вера. — Ён перадаў мне яго рукапіс, дзесьці напісаны ад рукі, дзесьці набраны на друкарцы. Я чытала і была ў захапленні. Мова Караткевіча вельмі спецыфічная, складаная, філасофская. Мне падабаецца смакаваць такія тэксты.
Калі эскізы былі гатовыя, Арлен Кашкурэвіч паведаміў вучаніцы, што запрасіў Караткевіча, каб той ацаніў. Як жа яна тады хвалявалася…
Дзесьці ў пачатку нулявых магілёўскі мастак Фёдар Кісялёў запрасіў Веру Юркову на пленэр у Оршу. Тая з задавальненнем пагадзілася. А калі трапіла ў тамтэйшы музей Караткевіча, успаміны паглынулі яе. Яна перанеслася на некалькі дзесяцігоддзяў назад у шчаслівы час студэнцтва, калі пісьменнік забег у інстытут паглядзець на яе работы. На вуліцы была восень, а ён, здавалася, увесь свяціўся. Нібыта сонейка. Такая моцная энергетыка сыходзіла ад яго. І вось цяпер у Оршы тая кароткая сустрэча зноў нагадала пра сябе.
Я з вялікім задавальненнем паглядзела музей, хоць ён мне падаўся паўпусты, — кажа мастачка. — Прасторнае памяшканне, высачэзныя — метраў шэсць столі. Але экспазіцыйнага матэрыялу няшмат. Здавалася, што экспанаты спецыяльна расцягнулі, каб нечым запоўніць пустыя месцы. Я ўбачыла яго пісьмовы стол, лямпу, медны чайнік, невялічкі камод, і мяне перапоўнілі цёплыя пачуцці… Караткевіч абяцаў настаўніку забегчы да нас у інстытут дзесьці каля 11 гадзін раніцы. І прыйшоў, як і абяцаў, у прызначаны час. Дарэчы, пасля я дзесьці прачытала, што ён любіў працаваць з 4 гадзін раніцы да 10. Напэўна, як раз перад тым, як прыйсці, ён нешта пісаў. Запомніўся яго прамяністы позірк, вельмі добры, праніклівы. Ён паглядзеў усе дзевяць маіх эскізаў, потым прыабняў мяне і сказаў, што я добра прасякнулася яго творам. Мне бы- ло вельмі прыемна і радасна. Дагэтуль гучаць у галаве яго словы, і я адчуваю, якім мяккім навобмацак было яго карычневае паліто.
Рашэнне аддаць любімыя сэрцу работы ў аршанскі музей Караткевіча Вера Юркова прыняла сёлета. А разам са сваі мі студэнцкімі работамі перадала нацюрморт з чайнікам, які ўбачыла ў музеі. Яна зрабіла яго пасля першага наведвання музея.
Што датычыцца эскізаў, то яны асацыятыўныя.
— Канкрэтыкі там няма, — тлумачыць мастачка. — «Дзікае паляванне караля Стаха» дзесьці пераклікаецца з творамі Джэка Лондана. Я чытала, што ідэю ён узяў менавіта у гэтага аўтара, а потым развіў у сваім рэчышчы. Падчас работы над эскізамі засяроджвалася на асобных момантах. Я чула тупат каней, бачыла зданяў, якія на іх сядзелі, як яны ляцелі ў шалёнай віхуры над зямлёй, чула таямнічы шоргат у палацы. Працавала не адзін месяц. А сустрэча з Караткевічам была вельмі кароткай. Ён кудысьці спяшаўся. Мяне паклікалі проста з заняткаў. Як жа мне зайздросцілі мае аднагрупнікі.
А яшчэ мастачка сябравала з сям’ёй Аляксандра Кішчанкі. Яго жонка таксама была мастачкай. Вера Юркова часта бывала ў іх у гасцях. Ёй запомнілася іх заластудыя, сцены якой былі аформлены ў цёмна-сініх тонах. Пасярод пакоя стаяў белы раяль і таго ж колеру крэсла. У кватэры мастакоў некалькі разоў прыпынялася Алена Абразцова. І аднойчы гэта адбылося, калі ў іх гасцявала і Вера. І хоць суразмоўніца не раз бывала на канцэртах спявачкі, ёй запомнілася, як Абразцова музіцыравала на белым раялі ў той сіняй зале, а яна ляжала за сценкай і слухала чароўныя гукі.
І кніга пайшла нарасхват
А быў у Веры Юрковай вопыт стварэння эскізаў не толькі да курсавой работы, але і да канкрэтнага выдання. Яна ілюстравала аповесць Віктара Казько на рускай мове «Здравствуй и прощай», якая выйшла ў выдавецтве «Юнацтва». Калі пачынала, яна яшчэ не была знаёмая з пісьменнікам, упэўненасць прыдаваў той бясцэнны вопыт, які яна набыла ў інстытуце, ілюструючы творы Караткевіча. Аднойчы да яе прыехала сяброўка-журналістка, убачыла раскіданыя па кватэры эскізы і пацікавілася, над чым Вера працуе. Высветлілася, што Віктар Казько сябар прыяцелькі. Яна потым яе з ім і пазнаёміла.
Эскізы прайшлі вельмі жорсткую цэнзуру. Для вокладкі мастачка намалявала дзяўчыну, якая летуценна глядзіць удалячынь. Былі заўвагі наконт дзяўчыны, маўляў, кніга ж пра геолагаў, але Юркова сваю версію адстаяла. Пераканала, што аповесць у прынцыпе пра любоў, хоць і аб геолагах. Да таго ж на дзяўчыну хутчэй звернуць увагу.
А вось аўтара Вера ўразіла тым, што вельмі тонка перадала ў малюнках сутнасць прафесіі. Восем ілюстрацый і вокладка сталі быццам працягам кнігі. Казько здзіўляўся, як у яе атрымалася адчуць тую атмасферу, у якой ён жыў.
Дарэчы, калі кніга ўбачыла свет, мастачка ледзь паспела купіць яе. Тыраж практычна адразу ж разышоўся. У магілёўскіх кнігарнях яна не знайшла ніводнай кнігі і адправілася на раён. Да бліжэйшых да Магілёва Чавусаў дабіралася аўтастопам. Купіла там апошніх пяць кніг. Яшчэ пяць здабыла ў іншым райцэнтры. Потым рабіла знаёмым падарункі.
Трэба любіць Радзіму
У Магілёве работы Веры Юрковай можна сустрэць нават на вуліцы. Яе рукой размалявана сцяна этнаграфічнага музея. Роспіс «Гараджане» пераносіць нас у эпоху Магдэбургскага права. Карціны мастачкі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у фондах Беларускага Саюза мастакоў, у Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, музеі гісторыі Магілёва, нават у Траццякоўцы ў Маскве. Яе асабістыя выставы праходзілі ў Расіі, Францыі, Польшчы і нават нямецкім Патсдаме, дзе яна нарадзілася ў сям’і ваеннага ўрача. Ён было пяць гадоў, калі іх сям’я пераехала ў Бабруйск.
— Мы жылі ў Германіі ў вельмі добрых умовах, але бацькі ўвесь час хацелі вярнуцца дамоў, — расказвае Вера Юркова. — Асабліва маці. Яна казала, што ўсё гэтае багацце—барахло. Галоўнае тое, за каго цябе прымаюць. Маўляў, немцы такія добрыя толькі таму, што мы іх перамаглі. А калі б была іх воля, уваткнулі б з ухмылкай нож і пракруцілі б яго ўнутры. Я, дарэчы, нашмат пазней пачула гэтыя словы зусім ад іншага чалавека. Была ў Парыжы і вырашыла заехаць у Патсдам. Там жыла сям’я маіх знаёмых, таксама ваенных, якія пераехалі туды з Малдовы. У Германіі глава сямейства вырашыў арганізаваць агульную суполку з рускіх і нямецкіх ветэранаў вайны. Калі ён вярнуўся з іх муніцыпалітэта, сеў ў прыхожай і закрыў твар рукамі. Потым услых сказаў тыя словы, што я чула ад маці… Я гэта кажу да таго, каб моладзь разумела, што нас ніхто нідзе не чакае. Ні ў якой краіне не любяць эмігрантаў, лічаць іх здраднікамі сваёй Радзімы. Яна ўва ўсіх толькі адна.