Зігуля, Н. Ваенныя вёрсты сяржанта Андрэйчыкава / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 4 студзеня. — С. 8.
Былы пехацінец Андрэй Андрэйчыкаў бадзёра сустракае мяне на парозе сваёй кватэры і галантна дапамагае зняць паліто. Падцягнуты, ў ваеннай гімнасцёрцы, з узнагароднымі планкамі на грудзях, ён і сёння выглядае па-баявому. Нягледзячы на свае паважаныя 97 гадоў. Нават жартуе: «Пяхота — сто кіламетраў прайшла, і яшчэ ахвота». Смяецца, што іх так дражнілі на фронце. Колькі кіламетраў прайшоў насамрэч па вогненных дарогах вайны, ён не лічыў. А вось тое, што застаўся жывы, гэта цуд. З яго роты вярнуцца дамоў пашчасціла нямногім.
Карцінкі з даваеннага дзяцінства
Урэзаўся ў памяць эпізод з 1938 года, калі яны, пяцікласнікі разам са сваёй класнай кіраўніцай Вольгай Мікалаеўнай Карпінскай — будучай падпольшчыцай і маці гераічнай Тані Карпінскай, у гонар якой у Магілёве названая вуліца — прыйшлі ў музей гісторыі рэлігіі і атэізму. Ён знаходзіўся ў будынку велічнага Іосіфаўскага сабора, які пабудавалі ў Магілёве ў XVIII стагоддзі па загадзе расійскай імператрыцы Кацярыны Вялікай у гонар яе сустрэчы з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Дом, у якім жыў Андрэй Андрэйчыкаў, як раз выходзіў вокнамі на яго. Сабор быў прыгожы звонку, і не хапала слоў, каб перадаць яго прыгажосць знутры. Сцены, купал — усё ў роспісах. Царкоўныя прадметы прыбралі, але адчувалася нейкая ўрачыстая ўзнёсласць. Пасярод вялізнай залы вісеў маятнік Фуко. Настаўніца прапанавала даведацца, на колькі градусаў павернецца вакол сваёй восі Зямля, пакуль яны будуць знаходзіцца ў музеі. Яна адцягнула маятнік у бок, зафіксавала ніткай і паднесла запалку. Нітка лопнула і маятнік пачаў павольна гойдацца з аднаго боку ў другі. А настаўніца з дзецьмі пайшлі глядзець экспанаты. У музеі было шмат чаго незвычайнага. Андрэя Андрэйчыкава вельмі ўразіла муміфікаваная жанчына з мноствам упрыгожванняў, якая ляжала за шкляной вітрынай. Падлетку тады падалося, што гэта была шкляная труна. А шкілет маманта ў поўную велічыню, біўні якога былі падвешаныя да столі, унушаў нават страх.
Хутка пасля таго паходу будынак знеслі. Напярэдадні да жыхароў дома, дзе жылі Андрэйчыкавы, прыйшлі нейкія людзі і папярэдзілі, што сабор будуць узрываць. Параілі заклеіць вокны паперай крыж-накрыж, каб іх не пашкодзіла выбуховай хваляй. «На наступны дзень раніцай прагрымеў магутны выбух, — успамінае суразмоўца. — Паглядзелі ў акно, а сабора няма. Маці аж расплакалася, шкада было той прыгажосці».
Гэта страшнае слова «вайна»
Пра вайну Андрэй Андрэйчыкаў даведаўся раней, чым паведамілі па радыё.
— Да нас ў госці прыехаў мой стрыечны брат Валодзя і мы пабеглі глядзець горад, — расказвае ветэран. — Па дарозе ў гарадскі парк паказваў брату тэатр, перад якім тады яшчэ стаяў вялікі помнік Леніну. На плошчы была вельмі цікавая скульптурная кампазіцыя, прысвечаная ахвярам вайны з белапалякамі. Мы там таксама затрымаліся. Пасля любаваліся Дняпром з глядзельнай пляцоўкі ў парку і слухалі музыку. Па нядзелях у парку заўсёды граў духавы аркестр. Раптоўна да музыкантаў падбег узрушаны малады мужчына і пракрычаў: прыпыніцеся — вайна. Блытана паведаміў, што яго сястра працуе на пошце і раніцай па сувязі перадалі гэту страшную навіну.
Будучы пехацінец напярэдадні вайны
Хлопчыкі пабеглі дадому, але яшчэ не вельмі верылі, што пачутае – праўда. На вуліцах Магілёва ўсё было спакойна, людзі гулялі, елі марозіва, смяяліся. Дома быў бацька, які таксама здзівіўся, калі дзеці яму паведамілі пра вайну. У кватэры было радыё і яно працавала ў звычайным рэжыме. Але хутка адтуль прагучала, што Германія вераломна напала на Савецкі Саюз.
Бой каля вёскі Гаі
У горадзе пачалася сумятня, людзі разбіралі ў крамах усё: мыла, соль, газу, водку, махорку. У бацькі ляжалі грошы ў ашчадным банку, ён пабег іх здымаць, а яму адмовілі. Сказалі, што грошы пайшлі на вытворчасць гармат, самалётаў і танкаў. Параілі прыйсці пасля вайны.
У горадзе было трывожна, людзі ўжо не ўсміхаліся. У Магілёве гасцяваў прыезджы цырк і яго рыхтавалі да эвакуацыі. Клеткі з каштоўнымі жывёламі пагрузілі на грузавікі, а слана прывязалі да машыны і ён ішоў следам. Побач з ім крочыў апрануты як арлекін пагоншчык. Андрэй суправаджаў гэтую працэсію да Галоўпаштамта. З цыркам было звязана ўсё яго дзяцінства! Драўляны будынак, дзе адбываліся цыркавыя прадстаўленні, таксама быў непадалёк ад іх дома. І ў мірны час хлопчык з сябрамі вельмі часта бегаў туды дапамагаць даглядаць жывёл.
Вайна ўсё больш паведамляла пра сябе. З захаду праз Магілёў ішлі калоны машын, прабітыя снарадамі ад бамбёжак і замаскіраваныя галінкамі. У горадзе ўвялі картачкі на прадукты, у тым ліку на хлеб. Жанчыны плакалі, выпраўляючы мужчын на фронт. У горадзе заставаліся толькі тыя, у каго была бронь.«Мой бацька электрыкам быў, забяспечваў электрычнасць у горадзе, таму яго на фронт і не ўзялі, — расказвае ветэран. — Калі Магілёў пачалі бамбіць, ён перавёз нас да родных у вёску Купёлы, што пад Магілёвам, а сам вярнуўся ў горад».
Андрэй Цімафеевіч баец па жыцці
Усе 23 дні, пакуль Магілёў трымаў абарону, вакол яго ўсё грымела і гарэла. Высока ў небе вісеў нямецкі аэрастат, з якога немцы карэкціравалі артылерыйскі агонь. Калі абарона была зламаная і страляніна сціхла, маці паслала сына ў горад, паглядзець, ці жывы бацька. Яна спадзявалася, што немцы падлетка чапаць не будуць. Да горада ж не вельмі далёка, усяго кіламетраў 12. Хлопец асцярожна прабіраўся па ускрайку лесу, які цягнуўся ўздоўж грунтовай дарогі Шклоў-Магілёў. Па ёй зусім яшчэ нядаўна грукатала нямецкая тэхніка. Асабліва жахліва было ісці каля вёскі Гаі.
— Улева і ўправа — акопы, а ў іх забітыя чырвонаармейцы, — успамінае ветэран. — На вочы трапіў адзін з напалову адарванай галавой. Лепш бы я на яго не глядзеў. Ён яшчэ доўга стаяў у мяне перад вачыма. Далей ішла адкрытая мясцовасць практычна ўся высланая целамі забітых байцоў у сіняй форме. Гэта быў той самы гераічны батальён міліцыі, якім камандаваў капітан Уладзіміраў.
Занепакоены лёсам бацькі, падлетак амаль бег у горад. Магілёў было не пазнаць. Разбураныя і спаленыя будынкі, забітыя людзі — ад убачанага сціскалася сэрца. Вось нарэшце і іх дом, дзверы ў кватэру былі расчыненыя. Хлопец літаральна заляцеў унутр і застыў на парозе. Кватэра пустая, нічога, акрамя металічных ложкаў, няма. І спытаць, дзе бацька, няма ў каго. Выбег з дома і на вуліцы ўбачыў знаёмых жанчын. Ад іх даведаўся, што ўсіх мужчын немцы сабралі і пагналі пешшу ў напрамку вёскі Ермалавічы — там знаходзіўся лагер палонных. Прыйшлося хлопцу вяртацца дадому ні з чым. Але ў хуткасці ў вёску вярнуўся бацька. Маці плакала ад радасці.
Маршавая рота
У чэрвені 1944-га Магілёў быў вызвалены і пачаўся прызыў моладзі 1926 года нараджэння. Пад яго падпадаў і Андрэй Андрэйчыкаў. У ваенкамаце яго запісалі і папярэдзілі, што хутка выклікаюць. Пакуль чакаў, паспеў паўдзельнічаць у работах па аднаўленні чыгуначнага вакзала. Ад будынка засталіся адны сцены. Трэба было ачышчаць памяшканні ад завалаў. Малады чалавек так спрытна арудаваў рыдлёўкай, што яго запрыкмеціў капітан чыгуначнага ведамства і прапанаваў працаўладкавацца. Гэта давала бронь. Але калі малады чалавек прынёс гэтую паперу ў ваенкамат, яго прысаромілі. І ён адмовіўся ад прывілея.
Перад тым, як трапіць на фронт, прайшоў вучэбку ў Казельску. З Магілёва навабранцы ішлі туды спачатку пешшу, затым ехалі на цягніку, потым зноў ішлі. Непадалёк ад Казельску іх перахапіў галодны натоўп людзей. Хлопцы неслі з сабой нямецкія трафеі — мясныя кансервы, хлеб. Амаль усю гэтую ежу яны аддалі знясіленым бедалагам. Хутка маладыя людзі адчулі той голад на сабе. Елі нейкую посную баланду з тазікаў. Садзіліся па крузе і сёрбалі.
На фронт маршавую роту адпраўлялі ўрачыста. На вакзале граў аркестр, нехта выступіў з прамовай з трыбуны. Потым маладое папаўненне прайшло страявым крокам да цягніка, які ўзяў курс на захад.
Першы бой
Камсамольскі білет сяржант Андрэйчыкаў атрымаў перад адпраўкай на фронт
Калі пад’язджалі да Магілёва, Андрэй услых шкадаваў, што не хапае часу забегчы дамоў, пабачыць родных. Бывалыя байцы, ужо з узнагародамі на грудзях, раілі не вагацца: бяжы, казалі, іншага разу можа і не быць. А калі не паспееш на гэты цягнік, паедзеш на іншым. Туды, маўляў, заўсёды паспееш. Але хлопец пабаяўся кінуць роту. І нікуды не пабег.
…Фронт грымеў ужо за Варшавай, а навабранцы захраслі каля Ваўкавыску. Кожны дзень з іх ліку бралі людзей для папаўнення падраздзяленняў. Дайшла чарга і да сяржанта Андрэя Андрэйчыкава.
— Завязлі нас ў польскую вёску і загадалі днём на вуліцы нават не паказвацца, — успамінае ён. — Сказалі, што за калючым дротам ужо нямецкая абарона. Праз некаторы час паведамілі, што ноччу ідзем у бой. І параілі не есці. Маўляў, калі куля трапіць у жывот, будзе цяжка аперыраваць. Пасля такой перасцярогі есці ўжо нікому не хацелася.
Ноччу чырвонаармейцам загадалі ланцугом ісці да дроту. Трэба было ўвесь час быць напагатове. Немцы перыядычна запускалі ракеты і ўсё навакол асвятлялася як днём. Прыходзілася ляжаць на зямлі і чакаць, пакуль згасне. Ноч правялі ў акопах, а раніцай па пазіцыях ворага стала біць савецкая артылерыя. Нарэшце паляцела зялёная ракета, знак ісці ў наступленне.
— Камандзір роты ўкраінец Краўчанка загадаў бегчы за ім, — расказвае ветэран. — Мы паўскоквалі і пабеглі. Дроту ўжо не было, артылерыя знесла, толькі слупкі валяюцца. Узялі курс на ўзлесак. Нечакана адтуль выходзіць немец з вялікай белай прасцінай і ідзе да нас. Камандзір камандуе: не страляць. Немец дайшоў да нас і здаўся ў палон. Пасля гэтага з узлеску з узнятымі ўгору рукамі сталі выходзіць іншыя немцы. Іх было шмат, нават болей, чым нас. Мы іх прапусцілі да нашых у тыл, а самі наперад, бяжым і па кустах страляем, каб праверыць, ці застаўся яшчэ хто. Нечакана на гарызонце паказаліся машыны, з якіх сталі выскокваць немцы. Мы па іх страляць, а яны зноў у машыны і назад. А потым па нас пачалі біць з мінамётаў. Камандзір загінуў на месцы.
Потым яшчэ былі баі. Немцы ўжо не здаваліся, наадварот, адчайна супраціўляліся. Шмат хто з баявых таварышаў Андрэя Андрэйчыкава загінуў. Лягчэй было, калі наступалі пад прыкрыццём танкаў. Можна было схавацца за жалезную машыну, там куля не адразу знаходзіла. А на календары ўжо быў май 45-га.
— Калі мяне раніла, з роты колькасцю 120 чалавек заставалася толькі 24, — расказвае франтавік. — Снарад разарваўся дзесьці побач і асколкі ад яго пырснулі па баках веерам. Адзін трапіў мне пад каленную чашачку, ад рэзкага болю страціў прытомнасць. Калі ачнуўся, ўбачыў нашых санітараў. Вусаты сяржант медыцынскай службы падміргнуў мне і з украінскім акцэнтам сказаў: «шчасліві ты чоловік». Сапраўды, шчаслівы. Вакол шмат было забітых. Нага балела так моцна, што немагчыма было стаяць. У шпіталі яе цалкам загіпсавалі. Аднойчы сон прыпыніла моцная страляніна. Няўжо немцы? Але сястрычка забегла ў палату і пракрычала: «Родненькія, Перамога!» Што тут пачалося! Усе, хто мог рухацца, паўскаквалі на ногі, сталі цалавацца, абдымацца. Па шчоках цяклі слёзы, але іх ніхто не саромеўся…
Дадому Андрэй Андрэйчыкаў вярнуўся не адразу, яшчэ сем гадоў служыў у групе савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі. Яго баявы шлях адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», «За Перамогу над Германіяй». Але самай вялікай узнагародай за перажытае стала тое, што ніхто з сям’і не загінуў. Застацца жывым на той вайне было сапраўдным цудам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара