З верай у будучыню

Какорыч, В. З верай у будучыню / Віктар Какорыч // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 26 студзеня. — С. 10. 

Пісьменніцкая агранізацыя Магілёўшчыны падвяла вынікі за мінулы год

Чарговае падвядзенне вынікаў работы пісьменніцкай агранізацыі Магілёўшчыны за мінулы год адбылося ў студзені бягучага года. Справаздачны год у аддзяленні выдаўся насычаны і плённы. Шэрагі Магілёўскага аддзялення СПБ папоўніліся адразу двума выдатнымі аўтарамі — Аленай Любчанка (Курэк) і Святланай Цмугуновай, якія актыўна ўключыліся ў работу. 


Пісьменнікі Магілёўшчыны падчас справаздачнага сходу.

Пісьменнікі Магілёўшчыны падчас справаздачнага сходу.

Пісьменнікамі Магілёўскага аддзялення СПБ у выдавецтвах Беларусі выдадзена 20 кніг і больш паловы з іх — за дзяржаўны кошт.

Вельмі добра, калі чытач застаецца некоторы час сам-насам з тым ці іншым творам і перажывае тое, што ўклаў у яго пісьменнік. Аднак не меней важна праводзіць і сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі. Чалавек, асабліва малады, які часам у нечым сумняваецца пад націскам нездаровай фэйкавай інфармацыі, у працэсе жывой гутаркі можа набыць правільны арыенцір у сваім светапоглядзе. А такіх сустрэч пісьменнікі Магілёўскага аддзялення правялі каля 800. Гэта Дзень ведаў, урокі мужнасці і памяці ва ўстановах вышэйшай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі «Нам этот мир завещано беречь», шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Тыдню дзіцячай кнігі і Міжнароднаму дню роднай мовы, уключаючы літаратурны марафон, аўтарскія чытанні на базе гарадскіх бібліятэк «Вялікія чытанні. Сустрэчы на Парнасе», цыкл сустрэч у межах інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» (ШАГ), марафон летніх чытанняў у бібліятэцы пад адкрытым небам «Аптэка для душы» і інш. За выніковы перыяд найбольш актыўна працавалі Вольга Бялова, Жанна Міус (Усцінава), Алеся Цэван, Наталля Ніканчук, Галіна Пярун, Алена Кісель, Алена Курэк (Любчанка), Алёна Беланожка (Пруднікава), Мікалай Леўчанка, Уладзімір Ясеў, Наталля Азаранка, Марына Сліўко, Уладзімір Іскроў, Віктар Кунцэвіч, Уладзімір Харланцьеў, Валянціна Габрусева і інш.

У сваю чаргу ім ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца. Адзін з іх — старшыня аддзялення Алесь Казека, аўтар цудоўных вершаў і паэм. А яго паэтычныя апавяданні «Час сяўбы» і «Радоўка» з’яўляюцца працягам коласаўскай энцыклапедыі сялянскага жыцця.

У 2023 годзе працягвалася рэалізацыя маладзёжнага патрыятычныга праекта «Песня роднай зямлі», створанага разам з Магілёўскім дзяржаўным каледжам мастацтваў пры фінансавай падтрымцы Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру і ўсебаковай падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Кіраўніком праекта з’яўляецца аўтар паэм «Медуніца» і «Марыйка» Алесь Казека, які сам удзельнічае ў пастаноўцы.

За справаздачны перыяд праект убачылі і абмеркавалі жыхары 10 раёнаў Магілёўскай вобласці, студэнты і выкладчыкі МДУ імя А. А. Куляшова, навучэнцы ўстаноў адукацыі г. Магілёва і г. Бабруйска.

Апроч гэтага, пастаноўка літаратурна-пластычнай кампазіцыі па паэме «Марыйка» дэманстравалася на мемарыяльным комплексе «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» у в. Боркі пры правядзенні семінараў, патрыятычных праектаў і акцый.

Убачылі яе і ўдзельнікі II Рэспубліканскага фестывалю дзіцячай міратворчасці «Дзеці за мір» і маладзёжнай патрыятычнай акцыі «Скажы сваё слова за мір».

У мінулым годзе штомесячна ў літаратурным салоне МДУ імя А. А. Куляшова праходзілі пасяджэнні літаратурнай гасцёўні «Магія слова», якія арганізоўвае Алена Кісель. Таксама Алена Уладзіміраўна актыўна працуе ў галіне крытыкі, з-пад яе пяра ў 2023 годзе выйшлі такія важкія артыкулы як «Чатыры погляды на кнігу Жанны Міус «На пытанне — ёсць паданне»», «Якой павінна быць крытыка?», «Выпрабаванне часам, або Пяць пытанняў да паэмы Алеся Казекі «Марыйка»», «Ці можа састарэць паэзія?», «Фэнтэзі: папулярнае і… не прызнанае?», «Ці патрэбна нам цэнзура?», «Дзе вырошчваюць крытыкаў?».

Гэтыя артыкулы друкаваліся ў газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць», на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алена Кісель уваходзіць у склад секцыі крытыкі СПБ.

У маі мінулага года ў Касцюковічах прайшоў VII рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг — 2023». Свята сабрала творчыя калектывы, пісьменнікаў, майстроў народнай творчасці. Фестываль займае годнае месца ў культурнай прасторы Магілёўскай вобласці і кожны раз дорыць выдатную магчымасць акунуцца ў атмасферу паэзіі і музыкі.

Прыклад супрацоўніцтва — Міжнародная канферэнцыя «Это нужно — не мертвым! Это надо — живым: Буйничское поле — поле памяти», арганізаваная Магілёўскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, Магілёўскім абласным аддзяленнем Беларускага фонда міру пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. У ёй прымала ўдзел кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, прадстаўнікі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Кіраўніцтва Беларускага фонда міру, пісьменнікі з Беларусі і Расіі на чале са старшынямі творчых аб’яднанняў Алесем Карлюкевічам і Мікалаем Івановым.

Пісьменнікі прынялі ўдзел у абласным маладзёжным патрыятычным праекце «Дарогамі памяці і Славы». Сёлета яго ўдзельнікамі сталі маладыя людзі не толькі Магілёўшчыны, але і Ленінградскай, Смаленскай, Бранскай, Астраханскай вобласці і Хабараўскага краю.

Прайшла сустрэча з беларусамі Камчаткі, прымеркаваная да Дня народнага адзінства, у якой прынялі ўдзел Алесь Казека і Уладзімір Ясеў. У Пушкінскім цэнтры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта адбылася сустрэча студэнтаў спецыяльнасці «Замежнае рэгіёназнаўства» з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Кісель, Вольгай Бяловай і Жаннай Міус. Ладзіўся таксама асветніцкі тэлемост са студэнтамі Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў.

У мінулым годзе Магілёскім аддзяленнем праведзены Міжнародны літаратурны конкурс «Это нужно — не мертвым! Это надо — живым!»; II Рэспубліканскі конкурс беларускамоўнага верша «З табой маё слова, Радзіма», прысвечаны Году міру і стваральнай працы; літаратурны конкурс «І кружыцца планета Куляшова» і шэраг творчых спаборніцтваў з удзелам магілёўскіх пісьменнікаў: конкурсы паэзіі ў рамках VII рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» і фестывалю «Вянок Аляксею Пысіну»; сумесна з Федэральным агенцтвам «Россотрудничество» у Рэспубліцы Беларусь праведзены міжнародны маладзёжны паэтычны анлайн-конкурс #НовыеПоэты; разам з Магілёўскім гарвыканкамам і Цэнтрам творчасці «Эверэст» — адкрыты конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці «На пачатку дарог», прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова і інш.

Алесь Казека асабліва адзначыў дасягненні ў дзіцячай літаратуры. За выніковы перыяд праведзена больш за 100 цікавых сустрэч і мерапрыемстваў, як абласнога так і рэспубліканскага узроўню. Удзельнічалі пісьменнікі і ў рэспубліканскіх фестывалях «Ідзі, Зіма! Ідзі ў дарогу!», «Александрыя збірае сяброў», «Па слядах Францыска Скарыны», «Чытаем разам».

Жанна Міус, Алена Курэк, Марына Сліўко прынялі ўдзел у праграме летніх чытанняў «Вялікія чытанні. Сустрэчы на Парнасе», ладзіліся сустрэчы на розных пляцоўках: парк Падміколле, бібліятэкі імя А. Пушкіна, імя М. Лермантава, імя Я. Купалы і г. д.

Публікацыі асобных твораў нашых аўтараў можна ўбачыць на старонках дзіцячых выданняў Беларусі (часопісы «Вясёлка», «Качелі», «Шапакляк», «Зайкина школа»).

Дарэчы, творчы праект Алены Курэк (Любчанкі) «В гостях у Няши Растяпкиной» на YouTube-канале набраў 115 тысяч праглядаў.

У рамках адукацыйнага праекта «Ад культуры чытання — да культуры асобы» ў Мінскай гімназіі № 17 прайшлі адкрытыя урокі творчых фантазій па кнігах Жанны Міус «Сиреневая Соня в Чудесонии» і «Где бродит будетбродик».

У галіне драматургіі актыўна працуе Вольга Бялова. У яе творчай скарбонцы п’есы «Прыгоды Заранкі і Янкі», «Душа», «Модная пчолка», «Чорная ружа», казка «Чароўная фарбачка».

У 2023 годзе Вольга Бялова як драматург і рэжысёр-пастаноўшчык прадставіла спектакль «Таямніца краіны Гармоніі», які дэманстраваўся на сцэне абласнога тэатра лялек. У рэпертуар гэтага ж тэатра ўключаны спектакль «Пчолка Зуза» па п’есе Вольгі Бяловай «Модная пчолка».

Каб прывіць малодшым школьнікам любоў да чытання, заклікаць праводзіць вольны час з добрымі кнігамі, для маленькіх гледачоў працягваецца паказ тэатральна-паэтычнай праграмы Вольгі Бяловай па творах Жанны Міус «Приземлились каникулы».

Літаратурныя аб’яднанні «Натхненне» МДУ імя А. А. Куляшова (кіраўнік член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Міхальчук) і «Роднае слова» пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі (кіраўнік Людміла Дзеружкова) таксама паслядоўна працуюць з моладдзю.

Штомесяц у Магілёўскай абласной грамадска-палітычнай газеце «Магілёўскія ведамасці» выходзіць літаратурная старонка Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ «Натхненне», у якой адзначаюцца найважнейшыя падзеі жыцця і дзейнасці пісьменніцкай арганізацыі, друкуюцца творы, не толькі членаў аддзялення, але і маладых аўтараў, пераможцаў літаратурных конкурсаў.

Віктар КАКОРЫЧ