Пяць любімых жанчын Эдуарда Карпюка

Зігуля, Н. Пяць любімых жанчын Эдуарда Карпюка / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 1 лютага. — С. 5, 7.

Магіляўчаніну Эдуарду Карпюку невымоўна пашчасціла. У яго сям’і аж пяцёра дзяўчат — любімая жонка і чатыры дачкі. А ў адносінах такая ідылія, што, паназіраўшы за імі збоку, магу з усёй адказнасцю сказаць: яны неверагодна шчаслівыя.


Эдуард +Наталля

На пытанне: «Як пазнаёміліся?» — Наталля адказвае сціпла: «Сам прыйшоў». Насамрэч гэта была лёсаўтваральная сустрэча, разам яны ўжо 27 гадоў. Сёлета будуць адзначаць дату пад знакам чырвонага дрэва. Гэта сімвал высакароднасці, мудрасці, моцы і трываласці адносін. Так яно і ёсць. Сужэнцы кажуць, што адзін без аднаго сябе не ўяўляюць. Хоць, бывае, і спрачаюцца. Але праз 10 хвілін зноў разам. Такога, каб не размаўляць суткамі, няма.

— У нас як у прымаўцы: каханыя сварацца — толькі цешацца, — смяюцца яны.

Наталля расказвае, што, як толькі ўбачыла Эдуарда, зразумела: яе лёс. І дзяўчат-суседак па інтэрнаце, калі тыя заглядваліся на хлопца, папярэдзіла: нават не думайце, гэта мой! Тыя ж апраўдваліся: маўляў, спадзяваліся, што брат. А яны і сапраўды чымсьці знешне падобныя.

— Я тады на абутковай фабрыцы працавала, жыла ў інтэрнаце, — успамінае Наталля. — Калі ён папрасіў мяне паклікаць суседа да выхаду, нешта падказала мне, што сустрэча наша невыпадковая. Наступным разам ён прыйшоў ужо да мяне.

— Я тады ў арміі тэрміновую службу праходзіў, атрымаў звальненне, — дадае Эдуард. — Завітаў да сябра, а знайшоў… сваю другую палову. Пасля дэмабілізацыі да яе прыйшоў, а хутка і ажаніліся.

Нават пэўны час працавалі разам, у той жа вайсковай часці, дзе Эдуард служыў. Пасля арміі ён там займаў розныя пасады. А Наталля шыла салдацкае адзенне. «Працавалі ў пары, рабілі ўсё разам, — усміхаецца Эдуард. — Без яе я не справіўся б. Яна была маёй правай рукой, такі баявы таварыш».

Першая дачка Анастасія з’явілася ў сям’і ў 1998 годзе. У 2001-м нарадзілася Валерыя, якую назвалі ў гонар бабулі. Трэцюю дачку Паліну бабуля Эдуарда папрасіла назваць у гонар жонкі Пятра Машэрава. Казала, што яна была вельмі добрай жанчынай. А вось самая малодшая Сафія стала падарункам да Дня маці, нарадзілася 13 кастрычніка.

— Мы вельмі хацелі дзяцей, — прызнаецца Наталля. — Я сама са шматдзетнай сям’і, нас у бацькоў было чацвёра — трое хлопцаў і я, адзіная дзяўчынка. Затое ў нашай сям’і ўсё наадварот — адзін мужчына і вунь колькі дзяўчат.

З днямі нараджэння наогул атрымалася забаўная арыфметыка, вельмі шмат супадзенняў. Эдуард нарадзіўся 17 снежня, а Наталля — 18 таго ж месяца. Тры дачкі ў іх майскія, у Анастасіі дзень нараджэння 1 мая, а ў Валерыі і Паліны — 22 мая!

Дарослыя дочкі жывуць асобна, у іх свае сем’і. Ужо і ўнук у шчаслівых дзядулі з бабуляй ёсць. На выхаванні Эдуарда і Наталлі засталіся самыя малодшыя і пакуль яшчэ школьніцы Паліна і Сафія. Дзяўчаты вельмі таленавітыя і творчыя. Поля добра малюе, вучыцца ў школе мастацтваў № 5. А Соня — музыка, іграе на домры і спявае ў хоры. Займаецца год, а ўжо робіць адчувальныя поспехі. Бацькам на Новы год выконвала на народным інструменце «Елачку». Эдуард папрасіў дачку да 9 Мая вывучыць «Кацюшу».

Тое, што яднае

Агульных інтарэсаў шмат: паходы на прыроду, тыя ж шашлыкі, грыбы, ягады. Усе любяць жывёл, і пра гэта ведаюць іх знаёмыя. Сабаку Арні падарыла Сонечцы хросная на пяцігоддзе. Вельмі ласкавы звер, любіць «цалавацца». Кошку прынесла суседка на ператрымку. Бралі на час, а затрымалася ўжо на 8 гадоў. Кошка з характарам, але яе любяць. Яшчэ ёсць шыншыла Мікеланджэла, або проста Мікі. Падарунак сяброў Эдуарда. Грызун яшчэ той.

Чаго няма ў сям’і, дык гэта машыны. Як жартуе Эдуард, ён па жыцці пасажыр. І жонцы забараніў вучыцца на правы. «Сказаў, што толькі на танку можна, — смяецца Наталля. — Тады ён будзе спакойны за мяне». «Машына — гэта лішні член сям’і, на якога спатрэбяцца грошы, — аргументуе Эдуард. — Тады я сваім хобі займацца не змагу. А яно вельмі дарагое». Сваім хобі Эдуард захапіў усіх, за ім пацягнулася і жонка. Тэма сямейных захапленняў сур’ёзная — рэканструкцыя падзей Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым сямейнікі жывуць ужо 15 гадоў. А Эдуард — наогул з дзяцінства. У кожнага, нават у 8-гадовай Соні, ёсць воінская форма. У дзяўчынкі, дарэчы, не абы якая — у сталічных майстроў пашытая. А ў Паліны шыкоўная дэсантная форма з блакітнага камуфляжу. Эдуард з гонарам дадае, што гэта ўзор першай беларускай дэсантнай экіпіроўкі.

— Калі нашы дарослыя дочкі былі маленькія, мы і з імі ў рэканструкцыях удзельнічалі, нават у кіно здымаліся, — расказвае Наталля. — Напрыклад, у дакументальнай стужцы «Недзіцячы дзённік 1943 года». Нашай Паліне тады было ўсяго 2,5 года. А летась на 9 Мая ўсёй сям’ёй апрануліся па-ваеннаму і пайшлі на парад. Да нас шмат хто падыходзіў, фатаграфаваліся на памяць.

Унучаты пляменнік Пятра Машэрава

Цікавасць да вайны ў Эдуарда спадчынная. Ён унучаты пляменнік Пятра Машэрава, які падчас вайны быў камандзірам партызанскага атрада. Партрэт Машэрава вісіць на ганаровым месцы ў зале. Бабуля Эдуарда — Валерыя Арсенцьеўна Врагава — сваячка Пятра Міронавіча.

— Мне было 4 годзікі, калі ён загінуў, — расказвае Эдуард. У бабуліных сясцёр былі фота, дзе ён мяне на каленях трымаў. Бабуля была малалетнім вязнем, яе ў Германію ганялі. Яна рана пайшла на пенсію і даглядала мяне. Я быў першы ўнук. Пра Машэрава шмат расказвала. Я яшчэ застаў сясцёр Пятра Міронавіча. Бабуля вазіла мяне ў Мінск да бабуль Лёлі і Галі, а таксама ў Віцебск — да бабы Матроны. У 80-я гады мы ўсіх аб’ездзілі. Пакуль маці заканчвала інстытуты, мы з бабуляй падарожнічалі.

Летась да Карпюкоў завітала дэлегацыя з Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава ў сувязі з 105-гадовым юбілеем вядомага палітычнага дзеяча. Яны даведаліся пра Эдуарда праз Магілёўскі музей гісторыі горада. Эдуард з прыяцелем пераапрануліся ў ваенную форму былых савецкіх часоў і выйшлі іх сустракаць. Вось сюрпрыз быў!.. Потым Эдуард віцяблянам славутыя мясціны роднага Магілёва паказаў.

Кватэра-музей

Кватэра Карпюкоў — сапраўдны музей баявой славы. На адной сцяне — вінтоўка, на другой — шашка, над тэлевізарам — партрэты дзяржаўных дзеячаў, кадры з ваенных фільмаў. Ваенны гардэроб у сямейства зайздросны. Нават на кінастудыях, напэўна, такога няма. І рэжысёры, якія здымаюць стужкі ваенных часоў, гэтым карыстаюцца. На сцяне якраз пост з аднаго з такіх фільмаў пад назвай «Бравы» — пра савецкае казацтва часоў Вялікай Айчыннай вайны. З нямецкім абмундзіраваннем былі праблемы, да таго ж, патрэбны быў фактурны герой на ролю нямецкага афіцэра. І Эдуард падышоў па ўсіх параметрах. Ён фашыстаў цярпець не можа, але ж трэба было камусьці паказваць сутнасць акупантаў. У фільме «Бравы» ён здымаўся ў нямецкай форме са свайго «гардэроба», яго адразу ж зацвердзілі на ролю нямецкага афіцэра. Фільм пакуль не выйшаў, але фрагменты ў інтэрнэце можна знайсці. Кіно, дарэчы, стваралі прадстаўнікі беларускага казацтва. І Эдуард вырашыў уступіць у яго шэрагі. Нават форму ўжо прыдбаў.

Ваенны гардэроб у сямейства зайздросны. Нават на кінастудыях, напэўна, такога няма. І рэжысёры, якія здымаюць стужкі ваенных часоў, гэтым карыстаюцца.

Сафія спяшаецца паведаміць, дзе яшчэ што ў таты ляжыць. На антрэсолях захоўваецца рыштунак — падсумкі, кабура. Яшчэ адна шафа — гэта адзенне рабочае, Эдуард — чалавек ваенны. Ён удакладняе, што ў зале захоўваецца ў асноўным летняе ваеннае адзенне, а ў спальні — зімовае. Там жа і шынелі — савецкія і нямецкія.

Самае цікавае — гэта зброя. Ёсць вельмі ўнікальныя асобнікі.

— Вось гэта рэдкая штука — ПКС 43 — пісталет-кулямёт Судаева, — дэманструе ваенную «цацку» рэканструктар. — Пісталетаў-кулямётаў Шпагіна — ПКШ — было выпушчана 9 мільёнаў, а Судаева — адзінкі, яны на ўзбраенне паступілі ў 1943 годзе.

Вага кулямёта адчувальная. Хаця Наталля так не лічыць. Прызнаецца, што падчас колішняй маштабнай рэканструкцыі вызвалення Магілёва на Дзень горада бегала з ім і цяжкасці не адчувала.

Зброя ўся разукамплектаваная, адным словам — макеты. Толькі не самаробныя, а сапраўдныя, тое, што калісьці было на ўзбраенні. Шмат што падорана, нешта спецыяльна набыта.

У калідоры абутак — на антрэсолях. Ідзём глядзець, як выглядалі падчас вайны нямецкія боты. «Падэшва каваная — скура і метал, таму ногі зімой у іх адмярзалі», — з выглядам знаўцы каментуе мой гід. На камодзе перакідны каляндар з выявай фрагментаў газет ваеннага перыяду. Каляндар ад 2015 года, але інфармацыі цікавай столькі, што яго сямейства выкарыстоўвае і цяпер.

На балконе працяг музея — савецкі і нямецкі перыяд. «Гаража няма, таму балкон — мая тэрыторыя», — усміхаецца Эдуард. Шмат падарункаў з розных краін, кнігі, каскі на любы густ. У вольны час Эдуард тут рэстаўрыруе каскі. Паказвае нямецкую, якую сам давёў да патрэбнай кандыцыі. Нямецкія рэчы збірае для таго, каб перадаць тую эпоху.

Сваім хобі Эдуард захапіў усіх, за ім пацягнулася і жонка. Тэма сямейных захапленняў сур’ёзная — рэканструкцыя падзей Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым сямейнікі жывуць ужо 15 гадоў.

На рэканструкцыі ваенных падзей бацькі абавязкова бяруць дзяцей. І што такое Хатынь, нават маленькай Соне тлумачыць не трэба. Сужэнцы з’яўляюцца членамі грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі». А яшчэ Эдуард і Наталля — члены Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». Разам з іншымі байцамі клуба Эдуард выязджае на сустрэчы са школьнікамі, дапрызыўнай моладдзю. І, натуральна, уласныя экспанаты паказвае. На школьных святах патрыятычнага кірунку часта ладзіць салюты за свой кошт.

Гронка бэзу ў падарунак

Прашу Наталлю падзяліцца жыццёвай мудрасцю, як захаваць дружную сям’ю, навучыць розуму дзяцей. Умець саступаць, не заўважаць нешта, дараваць, калі крыўдна?

— У сям’і маіх бацькоў ніколі не высвятлялі адносіны, — кажа яна. — Магчыма, яны і сварыліся, але мы, дзеці, гэтага не бачылі. Мы жылі ў вёсцы, і ў нас была вялікая гаспадарка — чатыры каровы, сем свіней, трусы. Бацька быў перадавіком у калгасе. І маці, і мы ім ганарыліся. Калі з Эдуардам прыехалі ў вёску, каб пазнаёміўся з бацькамі, яго адразу ж у сям’ю прынялі, адчулі сваяцтва душ. Распісвалі нас 8 Сакавіка ў мясцовым клубе — там ішоў канцэрт, яго перарвалі і запрасілі нас на сцэну. Сардэчна павіншавалі, а музыканты Ала з Мікалаем Яцковы выканалі для нас песню «Гронка бэзу». Пра нас нават у раённай газеце напісалі. Мы гэту газету дагэтуль захоўваем і песню не забываем.

Надвор’е ў доме залежыць і ад умення гаспадыні гатаваць. Эдуард любіць перчык фаршыраваны, качачку смажаную, рулечку, чырвоны боршч, прыгатаваныя Наталляй. «Бульбачку печаную, якую я раблю», — дадае Паліна. «А яшчэ я люблю, калі мы нешта робім разам, — дадае бацька. — І ў нас няма такога, што мы цішком нешта асабіста для сябе купілі. Мая зарплатная картачка знаходзіцца ў Наталлі, але што купляць, вырашаем разам. Ні адна жонка не вытрымала б маіх выдаткаў на хобі, а мая ўспрымае гэта нармальна. І я ёй вельмі ўдзячны».

— Напэўна, для мужчыны крышачку крыўдна быць бацькам адных дачок, — правакую напаследак Эдуарда.

— Так, — хавае ўсмешку Эдуард і хітра паглядае ў бок дзяўчат. Тыя робяць выгляд, што злуюцца, і ў адзін голас абураюцца: «Што ты сказаў?» Усе весела рагочуць. Эдуард абдымае дзяўчат і па-філасофску вымаўляе: «Дочкі — гэта добра. Значыць, вайны не будзе».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Карпюкоў