На высокім узроўні

Сінькевіч, Г. На высокім узроўні / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 23 студзеня. — С. 10.

Для кожнага вучня — індывідуальная траекторыя навучання. Сакрэты поспеху гімназіі № 3 Магілёва

Гімназія № 3 Магілёва — старэйшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў рэгіёне. Разумнаму, добраму, вечнаму тут пачалі вучыць больш за дзвесце гадоў назад. Маючы багатую гісторыю, гімназія адпавядае патрабаванням сучаснасці. Сёння гэтая навучальная ўстанова ў ліку лепшых у вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вынікі работы 3-й магілёўскай гімназіі ўражваюць. Мясцовыя навучэнцы бліскуча праяўляюць сябе ў алімпіядах, творчасці і спорце. Калі гаварыць мовай лічбаў, то за пяць гадоў гімназісты вызначыліся 20 перамогамі на заключным этапе рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 2 — на міжнародных алімпіядах. Акрамя таго, за гэты час у іх узнагароднай скарбонцы — 60 дыпломаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, больш за 400 дыпломаў творчых конкурсаў. У чым заключаецца формула поспеху? Як удаецца дасягаць такой якасці ў навучанні?

Навучэнка 11 “А” класа, пераможца алімпіяд, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Ірына Прышчэпава з настаўніцай Інай Ге­надзьеўнай Лапіцкай

— Усе дасягненні навучэнцаў — заслуга педагогаў. Наш калектыў — гэта выключныя прафесіяналы. Звыш 93% настаўнікаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, двое з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі. Педагогі нястомна знаходзяцца ў развіцці, дзякуючы чаму ў гімназіі рэалізуюцца інавацыйныя праекты, укараняюцца перадавыя тэхналогіі і методыкі навучання, — паведаміў дырэктар Міхаіл Якубук.

Адукацыйны працэс у гімназіі № 3 пабудаваны з акцэнтам на асобе навучэнца. Кожнае дзіця тут лічаць унікальным, для кожнага распрацоўваюць індывідуальную траекторыю навучання з улікам яго здольнасцей.

— Патэнцыял вучняў стараемся разгледзець яшчэ ў пачатковай школе. Вывучаем схільнасці дзяцей, накіроўваем іх у патрэбнае рэчышча, далучаем да гэтай работы бацькоў. Ужо з 2 класа прыцягваем вучняў да ўдзелу ў конкурсах і алімпіядах, стымулюем іх пазнавальную актыўнасць. Раскрыццю дзіцячых талентаў садзейнічае разнастай­насць гурткоў і факультатываў. У нас функцыянуе адзіны ў горадзе клас Канфуцыя па вывучэнні кітайскай мовы. Таксама мы нала­дзі­лі эфектыўную пераемнасць у навучанні. База, закладзеная ў пачатковых класах, мэтанакіравана развіваецца на другой і трэцяй ступені адукацыі, — расказаў Міхаіл Анатольевіч.

Сістэмнасць і зладжанасць работы педагогаў дазваляе дасягаць высокага ўзроўню якасці адукацыі. Свае моцныя веды навучэнцы пацвярджаюць не толькі шматлікімі вучэбнымі перамогамі. Штогод сярод выпускнікоў гімназіі ёсць уладальнікі сярэбраных і залатых медалёў, нярэдка на максімальныя балы яны здаюць цэнтралізаваныя экзамен і тэсціраванне. Апошнім часам 12 хлопцаў і дзяўчат сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Больш за 90% гімназістаў становяцца студэнтамі УВА.

Адметна, што нароўні з навучаннем прыярытэт у 3-й гімназіі надаюць выхаванню. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню ў вучняў патрыятызму.

— У нас функцыянуе інавацыйны рэсурсны цэнтр, распрацаваны аўтарскія праграмы правядзення шостага школьнага дня. Навучэнцы рэгулярна падарожнічаюць, вывучаюць старонкі мінулага роднага горада. Да беларускай культуры і традыцый далучаем вучняў праз нацыя­нальнае тэатральнае мастацтва батлейкі, якое актыўна адра­джаем. У гімназіі пастаянна ладзяцца батлеечныя спектаклі. Тэмы духоўнасці і маралі, якія ўзнімаюцца ў паказах, дапамагаюць закладваць у дзяцей правільныя жыццёвыя каштоўнасці. Важныя якасці фарміруе ў вучняў таксама валанцёрства. Два гады назад нашай установе прысвоены статус “Школа міру”, мы вя­дзём шырокую міратворчую дзейнасць, — адзначыў Міхаіл Якубук.

Плённая праца педагагічнага калектыву дазваляе гімназіі № 3 Магілёва на працягу шэрага гадоў быць у ліку лідараў сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Зададзеную планку тут плануюць утрымліваць.

— Галоўная наша мэта — дапамагчы кожнаму навучэнцу самарэалізавацца, знайсці сваё месца ў грамадстве. Для гэтага ствараем усе неабходныя ўмовы. Імкнёмся да таго, каб дзеці з цеплынёй успаміналі гады, праве­дзеныя ў сценах гімназіі, — падкрэсліў дырэктар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара