Магілёў

Лешніца, К. Магілёў / Кастусь Лешніца // Звязда. — 2024. — 24 студзеня. — С. 11. 

Магілёў — з тых беларускіх гарадоў, чыю даўніну магчыма хутчэй уяўляць, карыстаючыся многімі гістарычнымі крыніцамі, чым адкрыта з ёю сустракацца. Войны, асабліва Вялікая Айчынная, даўнія часы знявагі да гістарычных помнікаў — усё гэта зрабіла сваю справу, раструшчыўшы многія, здавалася б, трывалыя матэрыяльныя памяткі пра іншыя эпохі.

Узнаўляючы нешта пэўнае ў свядомасці, нельга не звяртацца да лёсаў нашых суайчыннікаў. Іх жыцці — крыніца ўвагі да гістарычных мясцін. Па кропельках збіраю, напрыклад, інфармацыю пра аднаго з нашых суродзічаў. Можа, спадзяюся, дзе ў звязцы з адкрыццём яго біяграфіі і ўсплыве яшчэ ўяўленне пра даўні Магілёў… З дваран Магілёўскай губерні — Міхаіл Іванавіч Лявіцкі. Нарадзіўся ў 1761 годзе. Асоба яркая, шматаблічная, хоць усё жыццё займаўся адным галоўным клопатам — ваяваў з ворагамі Расійскай імперыі. У лістападзе 1781 года ўступіў падпрапаршчыкам у Полацкі пяхотны полк. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1787—1792 гадоў. Вызначыўся пры штурме Ачакава. Пасля ўдзельнічаў у бітве пры Каўшанах, ва ўзяцці Акермана. Штурмаваў Ізмаіл. Потым служыў у Польшчы, ваяваў з паўстанцамі Касцюшкі. У 1798 годзе магіляўчанін быў прызначаны камандзірам Кіеўскага грэнадзёрскага палка. У 1803 годзе атрымаў чын генерал-маёра. З мая таго ж года — шэф Падольскага мушкецёрскага палка. Ваяваў пры Аўстэрліцы, змагаўся з французамі ва Усходняй Прусіі ў 1806—1807 гадах, быў адзначаны ордэнам святога Георгія 4-й ступені. Атрымаў і ад прускага караля ордэн — «Pour le Merite». З кастрычніка 1810 года — камандзір 3-й брыгады 7-й пяхотнай дывізіі. Незадоўга перад Барадзінскай бітвай быў прызначаны камендантам Мажайска. У 1814 годзе Лявіцкі — камендант Варшавы. У 1829-м наш зямляк атрымаў чын генерала ад інфантэрыі. У адстаўку выйшаў у 1831 годзе. Засталося знайсці мемуары генерала-земляка. І, можа быць, там будуць памяткі пра стары Магілёў і яго ваколіцы?..

Цікавы лёс у Астрарога Станіслава Юльяна, які нарадзіўся ў Магілёве ў 1830-м, а памёр у Лондане ў чэрвені 1890 года. У цянётах гісторыі наш зямляк застаўся як палкоўнік Асманскай арміі ў Турцыі, англійскі вынаходнік і фотамастака, а яшчэ як паэт. Вось колькі адразу жыццёвых «фарматаў»!.. Нарадзіўся Станіслаў у сям’і міравога суддзі Антона Астрарога. Пасля паўстання 1830—1831 гадоў разам з бацькамі эміграваў у Францыю. Прыняў удзел у Крымскай вайне 1853—1856 гадоў як капітан дывізіі султанскіх казакоў пад камандаваннем англійскага генерала Генры Найта Сторкса. У 1854-м — палкоўнік асманскай арміі. Пасля Крымскай вайны — у Англіі. Прыняў брытанскае грамадзянства. У Англіі займаўся вынаходніцтвамі ў розных галінах навукі і тэхнікі. Пасля на некаторы час перасяліўся ў Парыж. Заснаваў фатаграфічную фірму «Walery». Пісаў і друкаваў вершы на польскай мове. Вярнуўся ў Англію, адкрыў фотасалон, рабіў партрэты многіх знакамітасцяў.

З больш маладзейшых сведкаў гістарычнага сталення Магілёва — Ісай Шур, які нарадзіўся ў 1875 годзе. У біяграфіі розных краін ён застаўся як вучоны, матэматык. Бацькі Ісая — магіляўчане Моша Шур і Голда Ландау. Прозвішча маці вымушае задумацца пра блізкія сувязі з геніяльным Ландау. Але гэта — тэма асобнай гаворкі. Ісай закончыў Берлінскі ўніверсітэт. Вучыўся ў легендарнага Л. Фукса. Ужо ў 1901 годзе атрымаў ступень доктара навук. З 1910-га — прафесар Берлінскага ўніверсітэта. Вага ў навуковым свеце была ў нашага земляка настолькі вялікая, што ў 1929 годзе яго выбіраюць замежным членам-карэспандэнтам Акадэміі навукСССР. У 1938-м Шура выключылі з Прускай акадэміі навук. На шчасце, вучонаму ўдалося ўцячы ў Палесціну, дзе ён пасля і працаваў выкладчыкам Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме. Матэматыкі ведаюць і тэарэму Шура. Яшчэ адзін магіляўчанін, пра след якога нельга не згадаць, — піяніст, канцэртмайстар Міхаіл Барысавіч Борхес. Нарадзіўся ў горадзе на Дняпры ў чэрвені 1909 года. У 1931 годзе скончыў Ленінградскую кансерваторыю, а затым і аспірантуру ў ёй. З 1943 да 1957 года ўключна быў акампаніятарам славутага Аляксандра Вярцінскага. Іх гастролі праходзілі па самых розных кутках Савецкага Саюза. Вярцінскі высока цаніў выканальніцкую манеру нашага земляка. Борхес самастойна, па пласцінках, вывучыў усе песні Вярцінскага, калі артыст яшчэ быў у эміграцыі. І вось так склалася, што лёс звёў двух таленавітых людзей. І ўжо пасля смерці спевака Борхес падрыхтаваў сольную праграму «Чатырнаццаць гадоў з Вярцінскім», якая мела вялікі поспех. Піяніст іграў і спяваў, тонка перадаючы манеру Вярцінскага, тэмбр яго голасу. Захавалася сведчанне, што нават Сталін быў захоплены майстэрствам піяніста.

Параўнальна нядаўна я пазнаёміўся яшчэ з адным магіляўчанінам. Ліставаўся з ім. Прозвішча — Бязлепкін. Завуць Мікалай Іванавіч. Нарадзіўся ў Магілёве ў 1950 годзе. Закончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча (1972), а затым — філасофскае аддзяленне ваенна-педагагічнага факультэта Ваенна-палітычнай акадэміі (1980), ад’юнктуру кафедры філасофіі Ваенна-палітычнай акадэміі (1985). У тым жа годзе Мікалай Іванавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю «Мова ваеннай навукі як сродак пазнавальнай дзейнасці ваенных кадраў (філасофска-метадалагічны аналіз)». У 1999 годзе — доктарскую дысертацыю «Філасофія мовы ў Расіі (XIX — сярэдзіна XX стагоддзя)». У 1968—2001 гадах Бязлепкін служыў ва Узброеных сілах СССР і Расійскай Федэрацыі: выкладчык, старшы выкладчык кафедры грамадскіх навук Ленінградскага вышэйшага зенітнага ракетнага каманднага вучылішча, выкладчык, старшы выкладчык, намеснік начальніка кафедры, начальнік кафедры гуманітарных і сацыяльна-эканамічных дысцыплін Міхайлаўскай ваеннай артылерыйскай акадэміі. Палкоўнік запаса. З 2000 года Мікалай Іванавіч адначасова працуе на кафедры гісторыі рускай філасофіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2000—2005 гадах — прафесар кафедры гісторыі рускай філасофіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2001—2003 гадах — дэкан факультэта сацыяльнага кіравання Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі. У 2003—2006 гадах — прарэктар па навуковай рабоце Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі. З 2006-га — загадчык кафедры філасофіі Санкт-Пецярбургскай акадэміі кіравання і эканомікі. Бязлепкін — аўтар манаграфій «Мова ваеннай навукі як сродак пазнавальнай дзейнасці ваенных кадраў» (1985), «Філасофія мовы ў Расіі : вопыт гісторыка-тэарэтычнай сістэматызацыі» (1999), «Філасофія мовы ў Расіі (XIX — сярэдзіна XX стст.)» (1999), «Філасофія мовы ў Расіі: да гісторыі рускай лінгвафіласофіі» (2001,2-е выд. — 2002) і болей чым 50 навуковых артыкулаў. Кола навуковых зацікаўленняў нашага земляка: актуальныя праблемы грамадскага развіцця, філасофска-метадалагічныя праблемы ваеннага кіравання, асновы лінгвакультаралогіі, руская культуралогія: агляд асноўных тэорый, філасофія мовы, этыка і эстэтыка, гісторыя філасофскай навукі, гісторыя і філасофія навукі, метады навуковых даследаванняў. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы. Узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём «300 год Санкт-Пецярбургу».

Дык вось у нашым ліставанні з Бязлепкіным мы часта згадвалі розных ураджэнцаў Магілёва. Часам новым адкрыццям здзіўляецца Мікалай Іванавіч, часам я радуюся, што з падказкі вучонага некага заношу ў сваю памяць, а магчыма, і адкрываю для Беларусі, нагадваю чытачам, пра каго мы забыліся. I неяк Мікалай Іванавіч выказаў такую прапанову: «А чаму б не ўшанаваць многіх землякоў, назваўшы іх імёнамі вуліцы Магілёва?» Давялося мне звярнуцца да гарадской тапанімікі абласнога горада. I, канешне ж, прывёў некалькі прыкладаў, калі з вуліцамі Магілёва звязана памяць пра яго славутых ураджэнцаў…

Кастусь ЛЕШНІЦА.