Зігуля, Н. Ад Гогаля да Маркеса: свята са знакам якасці / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 10 лютага. — С. 9.
У Магілёве расказалі, чым парадуе гледачоў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@гt.кантакт-24»
У Магілёве зноў павеяла вясной. Выбачайце за штамп, але гэта не сказ, а стан душы. Бо пасля таго, як адбылася першая прысвечаная чарговаму тэат-ральнаму святу прэс-канферэнцыя, час сапраўды ўжо ляціць непрыкметна. Не паспеем азірнуцца, а на календары 20 сакавіка — дзень адкрыцця любімага аматарамі тэатра форуму — М.@гі.кантакт.
З падрабязнасцямі чаканага тэатральнага дзейства азнаёмілі сустаршыня аргкамітэта ХVІІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@гі.кантакт», намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль МАЛАШКА, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр ЖЫГУН, дырэктар Магілёўскага абласнога драмтэатра Ірына БЕЛЯКОВА і галоўны рэжысёр гэтага ж тэатра Каміля ХУСАІНАВА.
— Вялікую тэатральную падзею другі год запар узначальвае міністр культуры, — адзначыў Валерый Малашка. — Гэта дапамагае прывабліваць цікавыя тэатральныя калектывы на міжнародным узроўні. Два гады з-за пандэміі мы не маглі развіваць фестываль, нават рабілі яго са спектакляў цалкам беларускіх тэатраў. Але форум застаецца топавым мерапрыемствам. Сёлета гэта першая маштабная падзея ў рамках Года якасці.
Праграма вельмі насычаная, практычна чатыры спектаклі за дзень. Будзе нялёгка і крытыкам, і журы, і гледачам вызначыцца, які з іх найлепшы. Чакаем вялікую колькасць артыстаў, рэжысёраў, усіх тых, хто мае дачыненне да тэатра. У горадзе будуць задзейнічаны чатыры сцэнічныя пляцоўкі, дзве з якіх — абласнога драмтэатра.
Традыцыйна, акрамя паказаў спектакляў беларускіх і замежных тэатральных калектываў, у рамках форуму адбудуцца майстар-класы, творчыя сустрэчы, будзе арганізавана работа маладзёжнай творчай лабараторыі. Асноўная праграма ўключае 26 спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Балгарыі і Расіі.
Беларусь на тэатральным форуме прадставяць тэатры з Магілёва, Мінска, Брэста і Гомеля.
— Праграма форуму па-чала фарміравацца адразу ж пасля таго, як закончыўся папярэдні, — заўважыла дырэктар тэатра Ірына Белякова. — Мы актыўна наведвалі расійскія тэатры, прыглядаліся да калектываў. Некаторых запрашалі пасля таго, як убачылі іх работу на сцэне і атрымалі вялікае задавальненне. Наш тэатр выступае за пашырэнне межаў форуму. Сёлета запланаваны паказ спектакля «Жаніцьба» ў Бялынічах — культурнай сталіцы гэтага года.
Паколькі сёлетні год праходзіць пад знакам 80-годдзя вызвалення Беларуси для аматараў тэатра падрыхтаваны падарунак. «Яны змогуць па білетах на спектаклі наведаць яшчэ і экспазіцыю Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перасовачная выстава ад якога будзе працаваць у тэатральным скверы», — удакладніў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун.
Тэатральная афіша вельмі насычана спектаклямі класікаў, у рэпертуары пастаноўкі на вядомыя творы Гогаля, Булгакава, Дастаеўскага, Марка Твэна, Чынгіза Айтматава і іншыя. На думку арганізатараў, класічная форма падачы вядомых твораў таксама цікавая. У любым выпадку, яны будуць прачытаныя сучаснай мовай. Па словах Камілі Хусаінавай, тыя калектывы, якія працавалі ў эксперыментальных жанрах, з часам пасталелі і ім сталі цікавыя яшчэ і класічныя формы.
Толькі з Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ў Магілёў завітаюць чатыры тэатры — драмтэатр «На Литейном», Пецярбургскі камерны тэатр «ТОК», тэатр пантамімы і пластыкі «Ателье» і Ладзейнапольскі драмтэатр-студыя «Апрель».
У афішы заяўлены таксама Каляда-тэатр з Екацярынбурга, з якім у Магілёва склаліся вельмі цесныя сяброўскія сувязі. Гэтым разам ён пакажа гасцям спектакль «Тарас Бульба». Рэжысёр Мікалай Каляда напісаў інсцэніроўку, выкарыстоўваючы розныя творы Мікалая Гогаля. Ён набліжае старадаўнія падзеі да сённяшняга дня і нагадвае, што не павінна быць месца войнам. Наогул, тэма пераасэнсавання чалавечага жыцця, яго каштоўнасці і важнасці чырвонай ніткай пройдзе праз рэпертуар тэатральнага форуму. Напрыклад, Іркуцкі акадэмічны драмтэатр імя Ахлопкава запросіць паразважаць на ваенную тэму і лёс салдата разам з героямі п’есы «Твардоўскі: Васіль Цёркін. Кніга пра байца». Гэты спектакль уваходзіць у трылогію пастановак аб жыцці і творчасці рускіх паэтаў, створаных у рамках праекта «Голас рускай паэзіі». Кыргызскі дзяржтэатр юнага гледача імя Бакен Кыдыкеевай з Бішкека прадставіць монаспектакль «Yмут» («Надзея»). Гэта гісторыя апавядае пра жанчыну, якая адправіла сына на Вялікую Айчынную вайну з надзеяй, што ён вернецца. Кранальны спектакль аб бясконцай вечнай матчынай веры і любові. Госць з Ерэвана — дзяржаўны рускі драмтэатр імя К. С. Станіслаўскага — з дапамогай тэатральных прыёмаў перадасць у кароткіх гісторыях паводзіны чалавека, якія абумоўліваюць інстынкты. Спектакль «Людзі. Звяры. Абставіны» — разважанні вядомага амерыканскага драматурга Дона Нігро на маральную тэматыку. Балгарскі тэатр з Сафіі «Сляза і смех» звяртаецца да адной з самых знакамітых кніг ранняга італьянскага Рэнесансу Джавані Бакача «Дэкамерон». У разгар чумы тры дамы ўспамінаюць свае інтымныя перамогі, сімвалізуючы гэтым трыумф жыцця над смерцю.
Журы Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт» прадставяць вядомыя тэатразнаўцы Беларусі, Расіі, Кыргыстана, Ізраіля. Узначаліць яго расійскі і ізраі льскі рэжысёр, педагог, крытык Віктар Шрайман.
Застаецца дадаць, што білеты ў касах Магілёўскага драмтэатра і адначасова на сайце kіnoteatr.megamag.by можна будзе набыць ужо з 2 лютага. На асноўныя паказы квіток пацягне на 25—47 рублёў, на дзіцячыя — ад 20 да 30, а на адкрыццё — каля 50 рублёў.
Як адзначылі арганізатары, плануецца, што доля бюджэтнага фінансавання форуму сёлета складзе чвэрць ад усіх выдаткаў на яго правядзенні. Астатнія кампенсуюцца за кошт продажу білетаў.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара.