Родная, музычная, народная // Культура. — 2024. — 9 лютага. — С. 14.
У рэспубліканскім календары культурных мерапрыемстваў Магілеўскі абласны фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” займае пачэснае месца нездарма. Падчас гэтага свята ладзяцца прэзентацыі культурнага, гістарычнага, творчага патэнцыялу ўсіх раёнаў — канцэртныя і экспазіцыйныя імпрэзы выліваюцца ў стракаты марафон талентаў Прыдняпроўскага краю.
Чым здзівіў гледачоў самы ўсходні куток Беларусі? Зазірнём на прэзентацыю Хоцімшчыны — чатырнаццатага ўдзельніка фестивалю.
Традыцыйна ў фае Магілёўскага цэнтра народнай творчасці разгарнулася выстава. Па словах дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Хоцімскага раёна Валерыя Жадана, прывезлі найлепшае: ад самых яркіх калектываў да самай смачнай выпечкі.
— Па вырабы нашага хлебазавода прыязджаюць нават з Расіі, — расказвае Валерый Сяргеевіч. — Таксама шырока прадстаўлены раённы Дом рамёстваў: саломапляценне, ткацтва, кераміка, тэкстыльныя лялькі. Мы ганарымся сваімі адмыслоўцамі, тры з якіх маюць статус “народны майстар”.
Адна з іх — Таццяна Кавалёва — сустракае гасцей за старажытным ткацкім станком.
— Пояс даўжынёй пяць метраў я саткала на свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”). Есць і ручнікі. Вось з арнаментам, які сімвалізуе поле, сонца, ураджай, дабрабыт, — распавядае Таццяна Іванаўна. — На стварэнне такога патрэбна каля двух тыдняў. Самы доўгі я рабіла два месяцы. Ён увесь ва ўзорах, таму заняў шмат часу. У мяне тры вучаніцы за 50 гадоў, ды хочацца, каб прыходзіла і моладзь, каб беларускае ткацтва жыло і квітнела.
Вырабы Людмілы Кавалёвай чапляюць яркім колерам. У яе калекцыі — дэкаратыўныя пано, элементы інтэр’еру і незвычайныя сувеніры.
— Мяне вабіць саломка. Гэта ўнікальны матэрыял, вельмі цёплы і прыгожы, — расказвае Людміла Дзянісаўна. — А ярка-жоўтага адцення дамагаюся, папярэдне замочваючы саломку ў содзе, вось і атрымліваецца сонечны колер.
Трэці народны майстар Ніна Рагоўская прывезла ў Магілёў керамічныя збаны, талеркі, сувеніры, упрыгожанні. Галоўная іх асаблівасць — ангобны роспіс.
— Гэта від роспісу белай глінай па яшчэ сырым чарапку, — тлумачыць Ніна Сямёнаўна. — Мне падабаецца адраджаць традыцыю і паказваць гэтае багатае мастацтва.
Усяго ж у складзе дэлегацыі амаль 100 чалавек. На фестываль прыбылі і работнікі раённай бібліятэкі: прывезлі экспазіцыю, прысвечаную развіццю краю. Унікальныя экспанаты даставілі супрацоўнікі Хоцімскага гісторыка-краязнаўчага музея. Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ветразь надзей” прадэманстраваў тэматычныя касцюмы, фотамастак Аляксандр Каржоў — здымкі, якія адлюстроўваюць прыгажосць роднай зямлі.
— Выстава атрымалася насычанай і цікавай, — распавяла Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”. — Не менш яскрава прадставілі сваю творчасць і калектывы. Народныя песні, танцы, музычныя кампазіцыі ўвасобілі гісторыю раёна. Артыстам апладзіравалі і госці, і гаспадары фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”, які будзе праходзіць у Магілёве на працягу года. Фіналам стане гала-канцэрт, куды ўвойдуць найлепшыя канцэртныя праграмы.