«Нашы выпускнікі павінны быць не толькі спецыялістамі, але і патрыётамі

Дук, Д. «Нашы выпускнікі павінны быць не толькі спецыялістамі, але і патрыётамі» / Дзяніс Дук ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 23 лютага. — С. 3.

Рэктар МДУ імя А. Куляшова Дзяніс ДУК аб праблемах, якія агучыў на сустрэчы з кіраўнікамі ВНУ Прэзідэнт краіны і як яны вырашаюцца

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова — адна з вядучых у краі не ўстаноў па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Тут штогод набываюць запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці каля чатырох тысяч чалавек. І вельмі важна, каб яны былі не толькі спецыялістамі высокага ўзроўню, але і праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі. Пра гэта і не толькі мы пагаварылі з рэктарам МДУ імя А. Куляшова Дзянісам Дукам.

—Дзяніс Уладзіміравіч, раскажыце пра галоўныя вынікі сустрэчы Прэзідэнта з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў?

— Тая сукупнасць праблем, якія абазначыў кіраўнік дзяржавы, стымулюе ўсю сістэму адукацыі. Бо трэба максімальна хутка — тэрмін названы да 1 верасня — выправіць асноўныя хібы, якія былі пазначаны, і вызначыць дакладную стратэгію далейшага развіцця. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што не трэба праводзіць нейкіх радыкальных пераўтварэнняў, бо за апошнія дзесяцігоддзі сістэма адукацыі падвяргалася сур’ёзнаму шторму з пункту гледжання механізму ўвядзення розных навацый. Напрыклад, цэнтралізаваны экзамен, калі летась Прэзідэнт стаў на бок абітурыентаў і патрабаваў, каб сістэма ацэньвання вынікаў была максімальна празрыстай. Сёлета ўсё будзе зроблена ў адпаведнасці з гэтым патрабаваннем. Абітурыенты даведаюцца не толькі пра вынікі, але і пра памылкі, якія яны зрабілі.

Трэба ўдасканаліць сённяшнюю сістэму развіцця вышэйшай школы. Асноўныя вектары былі абазначаны падчас гэтай размовы. Напрыклад, тое, што адукацыя не можа быць без палітыкі. Пра гэта трэба казаць адкрыта. Раней, запрашаючы ўдзельнічаць студэнтаў у электаральнай кампаніі, выбарах, чулі ад некаторых, падагрэтых укідамі з Захаду: гэта маё асабістае права рашаць, пайду ці не. Трэба, каб студэнт вызначыўся са сваёй пазіцыяй. Бо гэта будучы спецыяліст, які ўзначаліць калектыў, будзе працаваць з моладдзю. Каго ён зможа за сабой павесці? Вось на такіх прынцыповых момантах акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.

Я не пагаджуся з ацэнкамі некаторых экспертаў па выніках нарады, што, маўляў, Прэзідэнт вызначыў шляхі вырашэння праблем. Кіраўнік краіны выразна сказаў, што ён пазначыў праблемы. А прынцыповых стратэгічных прапаноў, як іх вырашаць, чакае ад савета рэктараў. А таксама ад Мінадукацыі і ад урада. Бо на гэтай нарадзе прысутнічаў сур’ёзны пул экспертаў і адказных асоб. Ад парламен-тарыяў таксама шмат што залежыць. Гэта датычыцца і прыняцця законаў, і ўдасканальвання іх. Таго ж Кодэкса аб адукацыі, які з’яўляецца жывым дакументам. Гэта жывая тканіна — і падкідвае кожны год нам новыя выпрабаванні і праблемы. Жыццё не стаіць на месцы, а Беларусь — адкрытая краі на з экспартна-арыентаванай эканомікай. Мы ідзём у нагу з патрабаваннямі часу.

І ісці прыходзіцца ўсё хутчэй і хутчэй, бо жыццё становіцца ўсё больш імклівым.

—Адна з праблем, якую абазначыў Прэзідэнт, датычыцца замацавання выпускнікоў ВНУ на месцах. Што, на ваш погляд, тут абавязкова павінна прысутнічаць?

— Павінен быць рух з двух бакоў — ВНУ і заказчыка кадраў. Вядома, што невялікая частка студэнтаў трапляе ў ВНУ выпадкова, у тым ліку і ў наш універсітэт. Таму студэнтаў, якія адлічаюцца на 1 курсе, невялікі працэнт, але ён ёсць. А ў маштабах краіны атрымліваецца 8 тысяч студэнтаў. Гэта людзі, якія памылкова прыйшлі ў вышэйшую школу або адлічаны за непаспяховасць. Каб гэтага не дапусціць, задача ВНУ і працаўладкавальнікаў — пазнаёміць моладзь, якая толькі збіраецца паступаць, з той ці іншай спецыяльнасцю, паказаць спецыфіку вучэбнага працэсу. Гэта прафарыентацыйная дзейнасць, унёсак універсітэта ў гэтую справу. Наступны момант. Чалавек абраў спецыяльнасць, якая яму спадабалася, абараніў дыплом, атрымаў першае працоўнае месца. Вось тут галоўнае, каб яго не спасцігла расчараванне. Каб работадавец стварыў умовы і малады чалавек замацаваўся на першым рабочым месцы згодна з атрыманай спецыяльнасцю. Гэта павінна быць камфортнае жыллё, якое даецца менавіта на доўгі тэрмін, — арэнднае, прыватнае, заробак, падтрымка ў калектыве і іншыя моманты. Задача ВНУ, і мы гэта робім, — сачыць за траекторыяй нашага выпускніка. Глядзім, як ён працуе — на поўную стаўку ці не, які ў яго заробак, на той пасадзе, на якой трэба, або не. Закликаем выпускнікоў звяртацца да нас, калі ўзнікла канфліктная сітуацыя на месцы і яна не вырашаецца.

Значная праблема, пра якую казаў Прэзідэнт, — гэта неабходнасць удзелу практыкаў у падрыхтоўцы будучага спецыяліста. Моладзь павінна з першых курсаў праходзіць практыку ў тых умовах, якія максімальна набліжаны да будучага працаўладкавання. У нас такі вопыт ёсць. Мы наладзілі цеснае ўзаемадзеянне са Следчым камітэтам, пракуратурай Магілёўскай вобласці, шматлікімі ўстановамі адукацыі, СМІ. Студэнты праходзяць там практыку, потым — працаўладкоўваюцца. Мы вітаем, калі студэнт на 4 курсе ідзе працаваць. І мы пераводзім яго на індывідуальны графік вучобы. Але не заўсёды работадавец укладаецца ў развіццё будучага спецыяліста. Трэба і яму больш актыўна ўдзельнічаць у прафарыентацыйнай рабоце, вырашаць кадравае пытанне праз мэтанакіраваную падрыхтоўку.

— Сёння даводзіцца чуць, што ВНУ не заўсёды рэагуюць на выклікі сучаснасці і рыхтуюць патрэбных спецыялістаў. Якая работа ў гэтым кірунку праводзіцца вашым універсітэтам?

— Сёлета мы адкрылі вельмі запатрабаваную ў рэгіёне спецыяльнасць — трэнерская дзейнасць па лёгкай атлетыцы. Мы ўпершыню на мясцовай базе будзем рыхтаваць трэнераў для спартыўных устаноў Магілёўшчыны. Мы таксама першыя ў краіне, пакуль у рамках спецыялізацыі па кірунку «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры», будзем рыхтаваць спецыялістаў па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Гэта спецыялізацыя сёння вельмі запатрабаваная. Якія перавагі бачым для нашых студэнтаў? Яны атрымаюць класічныя кампетэнцыі настаўніка фізкультуры, але пры гэтым будуць мець і ваенную падрыхтоўку. Для хлопцаў гэта асабліва актуальна. На наступны год плануем адкрыць асобную спецыяльнасць, звязаную з пачатковай ваеннай падрыхтоўкай. Па гэтым пытанні шчыльна працуем з Міністэрствам адукацыі. Такую спецыяльнасць змо-гуць атрымаць і навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў, якія па стане здароўя не могуць пайсці ў спецыялізаваныя ваенныя ўстановы.

— Уякіх яшчэ спецыялістах сёння існуе патрэба?

— У школах патрэбны фізікі і матэматыкі. Адразу падкрэслю, што гэта праблема для ўсіх развітых краін. Таму што дакладныя навукі патрабуюць больш інтэлектуальных намаганняў. Маладыя людзі, якія маюць схільнасць да дакладных навук, як правіла, ідуць працаваць у IT-сферу. Але будучага інжынера ў школе могуць падрыхтаваць толькі настаўнікі фізікі або матэматыкі. Таму вельмі запатрабавана гэта прафесія. Такому спецыялісту гатовыя выдзеліць рабочае месца 4-5 работадаўцаў. Выбар каласальны. Моладзь любіць карыстацца слоганам «сацыяльны ліфт», але мне больш падабаецца казаць «сацыяльная лесвіца». Ліфт — гэта калі ты ўзнёсся адразу наверх, а для сапраўднага кіраўніка карысна прайсці ўсе прыступкі. Па «сацыяльнай лесвіцы» выкладчык фізікі або матэматыкі за кошт сістэмнасці і досведу ў дакладных навуках трапляе на пасаду кіраўніка ў той жа школе ці адміністрацыі раёна. Вялікая частка кіраўнікоў гар- і райвыканкамаў Магілёўскай вобласці — і я гэта добра ведаю — выпускнікі нашага фізмата.

— Наколькі прэстыжным лічыцца дыплом вашага ўніверсітэта? Ці каціруецца ён за мяжой?

— У нас вучацца прадстаўнікі Афрыкі, Кітая, Узбекістана, Туркменістана, іншых краін. Сёння мы актыўна супрацоўнічаем з краінамі блізкага і далёкага замежжа. У іх ёсць выбар, дзе вучыцца, але тое, што яны ідуць да нас, сведчыць пра якасную адукацыю.

Да пэўнага часу краіны Еўрасаюза рабілі для нашых спецыялістаў штучны бар’ер. Трэба было пацвердзіць дыплом, папрацаваць у той ці іншай фірме. Сёння бар’еры знятыя. Еўропа адчувае востры дэфіцыт кадраў — у медыцыне, іншых галінах. Еўрапейцы пільна сочаць за працэсам навучання ў нашай краіне і робяць верыфікацыю, дзе, у якой ВНУ спецыялісты вучыліся.

— Наколькі моцны прафесарска-выкладчыцкі склад МДУ імя А. Куляшова?

— У нашым універсітэце колькасць людзей, якія маюць вучоную ступень, досыць высокая. Гэта прыкладна 50 % ад выкладчыцкага саставу. Не ў кожнай краіне і ВНУ такі высокі працэнт людзей са ступенямі і званнямі. У гэтым перавага нашага ўніверсітэта. Нам цікавы спецыяліст, які зможа сфарміраваць вакол сябе суполку, людзей, якія будуць імкнуцца дасягнуць яго ўзроўню.

— Прэзідэнт сказаў і вы таксама гэта падкрэслілі, што ВНУ без палітыкі быць не можа. Як гэта разумець?

— У нас яшчэ некаторыя выкладчыкі думаюць, што іх абавязкі — гэта выкладанне прадмета і ўсё. Але яны памыляюцца. Сёння не той час. Сучасны выкладчык павінен быць і псіхолагам, і ідэолагам, і стымуляваць амбіцыі студэнтаў у добрым сэнсе слова, іх творчую энергію на карысць радзімы. Для гэтага самому трэба стаць узорам. Не стаяць убаку, калі ў краіне ідуць важныя палітычныя падзеі. Як, напрыклад, сёння, калі мы ўпершыню праводзім адзіны дзень галасавання. Гэта нармальна, калі выкладчык на сваіх занятках нагадае пра гэта студэнтам. I адкажа на пытанне, навошта гэта патрэбна. Так ён абазначыць сваю грамадзянскую пазіцыю і патлумачыць яе. Трэба разумець, што дзяржава ўкладае вялікія сродкі ў адукацыю і патрабуе аддачы. I нават той, хто вучыцца платна, у лепшым выпадку на 2/3 забяспечвае рэнтабельнасць навучальнага працэсу. Нам даводзіцца датаваць нават вучобу платніка. Вельмі важна, каб з ВНУ выходзілі не толькі кваліфікаваныя спецыялісты, але і ідэалагічна вытрыманыя грамадзяне.

Нэлі ЗІГУЛЯ.