Распрацаваць і ўкараніць

Антоненкава, В. Распрацаваць і ўкараніць / Вольга Антоненкава // Настаўніцкая газета. — 2024. — 27 лютага. — С. 14—15.

Што з’яўляецца рухавіком развіцця Беларуска­-Расійскага ўніверсітэта?

Як аптымізаваць работу з данымі і павысіць эфектыўнасць кіравання працэсамі, ведае навуковы кіраўнік лабараторыі кіберфізічных сістэм дацэнт кафедры “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” Беларуска­-Расійскага ўніверсітэта Антон Міснік. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Рабі тое, што падабаецца

У кожнага абітурыента выбар спецыяльнасці выклікае цяжкасці, бо нават калі ты ўпэўнены, кім хочаш стаць, у старшых класах узнікаюць сумненні, а ці той шлях ты абраў. Так атрымалася і ў Антона Місніка, якога з самага дзяцінства родныя пераконвалі, што трэба ісці вучыцца на ўрача. Пасля дзевяці класаў ён нават не разглядаў іншыя варыянты. Аднак размова з маладым настаўнікам гісторыі, які завяршаў двухгадовую адпрацоўку па размеркаванні, змяніла стаўленне юнака да магчымай прафесіі.

— На летняй практыцы Віталь Валер’евіч Перапёткін, які зараз суддзя эканамічнага суда Магілёўскай вобласці, пачаў распытваць мяне пра планы на будучыню. Ён моцна здзівіўся, калі я без энтузіязму расказаў пра верагодную кар’еру ўрача і неабходнасць дадаткова два гады займацца біялогіяй і хіміяй. Педагог задаў мне простае пытанне: “А ёсць што-не­будзь цікавае табе самому?” І я блытана пачаў тлумачыць, што колькі сябе памятаю, хацеў займацца чымсьці, звязаным з камп’ютарамі, але ж усе гавораць, што праграмістаў шмат і іх работа не надта цікавая, а вось урач — гэта вельмі патрэбная прафесія. Віталь Валер’евіч выслухаў мяне, а потым даў простую і правільную параду: “Калі ты па-сапраўднаму разумееш, чаго хочаш, нікога не слухай і рабі тое, што падабаецца табе”. Здавалася б, усё відавочна, але менавіта гэтага не хапала мне для прыняцця рашэння, — узгадаў наш герой.

У 1999 годзе А.Міснік скончыў школу з залатым медалём. Планаваў паступіць у БДУІР. Для гэтага нават паўдзельнічаў ва ўніверсітэцкай алімпіядзе па фізіцы, але атрымаў 4,5 бала з-за арыфметычнай памылкі. Хоць за іх, як правіла, фізікі ацэнку не зніжаюць.

— Адчуванне несправядлівасці падштурхнула мяне да паступлення ў наш Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут на спецыяльнасць “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” электратэхнічнага факультэта. Дарэчы, мы былі ўнікальнымі студэнтамі, бо паступілі ў інстытут, вучыліся ў Магілёўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, а выпусціліся ўжо з Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, — расказаў Антон Яўгеньевіч.

Падчас вучобы ва УВА ён дакладна зразумеў, што не так важна, дзе ты вучышся, як тое, чаму вучышся, у каго і наколькі сам хочаш вучыцца. Па прызнанні нашага героя, ён не быў самым старанным студэнтам, але ўсё роўна БРУ скончыў з чыр­воным дыпломам. Пасля па размеркаванні трапіў у ААТ “Магілёўаблаўтатранс”:

— Там я пазнаёміўся з цудоўнымі людзь­мі — інжынерамі ад Бога, аб’ехаў усе райцэнтры вобласці. Увогуле два гады праляцелі незаўважна, але ў плане прафесійнага і кар’ернага росту магчымасці былі не такія вялікія, як хацелася. Летам 2006 года я зазірнуў ва ўніверсітэт і сустрэўся з загадчыкам кафедры “Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання” Сяргеем Канстанцінавічам Круталевічам, які паклікаў мяне да сябе ў магістратуру. І, як кажуць, закруцілася.

Навука — гэта заўсёды пра пошук чагосьці новага. Хочацца даказаць, што нашы распрацоўкі можна прымяняць практычна ў любой галіне.

Праз чатыры гады А.Я.Міснік пазнаёміўся з В.У.Барысавым, які ўжо ў 35 гадоў абараніў доктарскую дысертацыю (выключны выпадак!), а цяпер прэзідэнт Расійскай асацыяцыі штучнага інтэлекту. Пад кіраўніцтвам Вадзіма Уладзіміравіча малады вучоны скончыў аспірантуру смаленскага філіяла Маскоўскага энергетычнага інстытута і ў 2014 годзе абараніў у Маскве кандыдацкую дысертацыю. А затым, з 2020 па 2023 гады ў Нацыянальным даследчым універсітэце “МЭІ” прайшоў курс дактарантуры. Зараз ён рыхтуецца да абароны доктарскай дысертацыі.

— Я займаюся даследаваннямі ў галіне анталогій і анталагічнага інжынірынгу. Мая работа накіравана на распрацоўку прынцыпаў арганізацыі і захоўвання даных і ведаў пра любую прадметную галіну. Пры гэтым усе працэсы павінны быць зразумелымі любому інжынеру, а не толькі спецыялісту ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Такі падыход дазваляе паменшыць семантычныя разрывы паміж рэальнымі карыстальнікамі сістэмы, пастаноўшчыкамі задач і распрацоўшчыкамі. Усе, мабыць, памятаюць дзіцячую гульню “Сапсаваны тэлефон”, дык вось мая задача максімальна прыбраць звёны з гэтага ланцуга. Як вынік — распрацоўка і ўдасканаленне праграмнага забеспячэння для канкрэтнай прадметнай галіны становіцца істотна больш хуткай і зразумелай і не патрабуе прыцягнення спецыялістаў па інфармацыйных тэхналогіях, — патлумачыў Антон Яўгеньевіч.

Аўтаматызацыя працэсаў

У 2021 годзе А.Я.Міснік узначаліў навукова-даследчую лабараторыю кіберфізічных сістэм Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Яна яркі прыклад памкнення БРУ да развіцця тэхналагічных інавацый і ўкаранення перадавых тэхналогій у практыку. У дадзены момант лабараторыя зай­маецца аўтаматызацыяй працэсаў на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях, а таксама распрацоўкай і прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту, рэалізуючы шэраг цікавых і разнастайных праектаў.

— Так, у самім універсітэце наша сістэма суправаджае студэнтаў ад паступлення да выпуску, узаемадзейнічаючы з усімі службамі і аўтаматызуючы ўсе працэсы. Для ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў Магілёва мы стварылі сістэму пашпартызацыі і кантролю правядзення ўсіх земляных работ у нашым горадзе (пракладкі газу, водаправода, каналізацыі, электрычных і цеплавых сетак, бягучыя рамонты і інш.). Сумесна з Магілёўскім гарвыканкамам мы распрацоўваем інтэр­актыўную карту замацавання зямельных участкаў у маштабах горада, і гэтая сістэма мае дастаткова сур’ёзныя перспектывы для росту. У мінулым годзе мы пачалі супрацоўнічаць з Федэральным цэнтрам траўматалогіі, артапедыі і эндапратэзавання ў Смаленску, дзе выкарыстоўваюць нашы тэхналогіі для фарміравання індывідуальных траекторый рэабілітацыі пацыентаў пасля аперацый па замене суставаў. А яшчэ мы з магілёўскім дарожна-маставым прадпрыемствам распрацоўваем сістэму планавання і адсочвання маршрутаў уборачнай тэхнікі, — паведаміў Антон Яўгеньевіч.

Адно з асабістых дасягненняў А.Я.Місніка — выступленне на сусветным кангрэсе “Тэорыя сістэм, алгебраічная біялогія, штучны інтэлект: матэматычныя асновы і дадаткі” ў Прэзідэнцкай зале Расійскай акадэміі навук з пленарным дакладам “Анталагічны інжынірынг кіберфізічных сістэм на аснове метаасацыятыўных графаў”.

Па яго словах, лабараторыя збіраецца пашыраць даследаванні ў галіне камп’ютарнага зроку і вялікіх моўных мадэлей.

— Кіраўніцтва ўніверсітэта робіць усё магчымае і нават крыху больш, каб забяспечыць нашых вучоных усім неабходным, — падкрэсліў загадчык лабараторыі кіберфізічных сістэм. — На кафедры “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” сабралася каманда адна­думцаў, якая стараецца не толькі развіваць навуку, але і ўдасканальваць і актуаліза­ваць вучэбны працэс. Увогуле я перакананы: любыя дасягненні — гэта камандная работа.

Безумоўна, каб навуковы калектыў не спыняўся на дасягнутым, варта папаўняць яго маладымі вучонымі і новымі ідэямі. І тут адзін з самых простых шляхоў — адкрываць таленты сваіх вучняў. Што і робіць наш герой, выкладаючы тры дысцыпліны на старшых курсах: “Экспертныя сістэмы і асновы штучнага інтэлекту”, “Кагнітыўныя тэхналогіі ў штучным інтэлекце” і “Інтэлектуальныя тэхналогіі, сістэмы і сродкі”.

— Работа са студэнтамі — неад’емная частка навуковай дзейнасці. З гонарам магу сказаць, што дзве з пяці дысертацый, якія рыхтуюцца зараз на нашай кафедры, — работы маіх былых студэнтаў. Я заўсёды гатовы дзяліцца ўсімі сваімі ведамі з навучэнцамі, галоўнае, каб была зацікаўленасць з іх боку. Бо самае прыемнае ў маёй прафесійнай дзейнасці — бачыць вынікі сваёй працы. Гэта тычыцца і навукі, і праектаў, і поспехаў студэнтаў, — падсумаваў А.Я.Міснік.

Рухавік развіцця БРУ

…гэта навуковая і інавацыйная дзейнасць. Паколькі профіль універсітэта пераважна машынабудаўнічы, то і даследаванні яго вучоных носяць прыкладны характар.

— Тэматыка нашых навуковых даследаванняў тычыцца стварэння і ўдасканалення новых машын, канструкцый і матэрыялаў, механізмаў і прывадных сістэм, энерга­эфектыўных тэхналогій, прыбораў і сістэм кіравання, метадаў кантролю і дыягностыкі ў машынабудаваннi. Па гэтых і іншых напрамках створаны і плённа працуюць універсітэцкія навуковыя школы, — падкрэсліў прарэктар па навуковай рабоце БРУ Віктар Пашкевіч.

Ён нагадаў, што іх УВА ўзнікла ў 1961 годзе — тады яна называлася Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Гэта быў першы ў БССР спецыялізаваны інстытут, дзе вялася падрыхтоўка інжынераў машынабудавання. І сёння ва ўніверсітэце падтрымліваецца непарыўная сувязь з машынабудаўнічымі прадпрыемствамі, а навуковая работа накіравана на прыкладную дзейнасць і распрацоўкі для прамысловасці, рэальнага сектара эканомікі.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — галоўная арганізацыя ў галіне зваркі, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў зварачнай вытворчасці, кантролю якасці неразбуральнымі метадамі пры ажыццяўленні дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі пры будаўніцтве БелАЭС. Для гэтага ва ўніверсітэце створаны навукова-даследчы цэнтр “Эксплуатацыя і экспертыза аб’ектаў павышанай небяспекі” і цэнтр сертыфікацыі і выпрабаванняў.

— Наш цэнтр сертыфікацыі і выпрабаванняў аказвае кансультатыўную падтрымку пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі. У цэнтры працуе кантрольна-вымяральная лабараторыя, ­атэставаная амаль на 60 відаў розных выпрабаванняў. Сёння праз яе прахо­дзіць вялізная колькасць заказаў, звязаных з ацэнкай якасці зварных канструкцый, матэрыялаў і розных аб’ектаў, якія рэалізуюцца пры будаўніцтве электрастанцыі. Гэта адзін з напрамкаў, якім мы асабліва ганарымся, таму што, безумоўна, узвя­дзенне БелАЭС — флагманская будоўля нашай дзяржавы, — адзначыў В.М.Пашкевіч.

Не так даўно ў БРУ быў сфарміраваны інжынірынгавы цэнтр SimTech. У ім працуюць маладыя кандыдаты навук, якія вядуць даследаванні ў сферы пад’ёмнай і чыгуначнай тэхнікі, кар’ерных распрацовак. Цэнтр выкарыстоўвае камп’ютарныя тэхналогіі праектавання, маючы самыя сучасныя праграмныя прадукты з камерцыйнымі ліцэнзіямі на iх выкарыстанне.

— У цэнтры прымяняюцца высокапрадукцыйныя працоўныя станцыі, серверы, якія дазваляюць вырашаць вельмі навука- і рэсурсаёмістыя задачы, звязаныя з праектаваннем розных машын і механізмаў. Напрыклад, нашы вучоныя амаль на 15% зменшылі вагу рамы кар’ернага самазвала БелАЗ, прапанавалі новы тэхналагічны працэс для яго вытворчасці. Распрацавалi канструкцыi першага ў рэспублiцы казловага будаўнічага крана, вагона-хопера для чыгуначных перавозак, — паведаміў прарэктар.

Навукова-тэхнічная лабараторыя “Валаконна-аптычная дыягностыка” распрацоўвае і выпускае эндаскопы тэхнічнага прызначэння для цеплаэлектрацэнтралей, нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, розных службаў бяспекі. Больш за 80% такой прадукцыі ідзе на экспарт.

Дарэчы, стратэгічным партнёрам універсітэта выступае флагман інжынернай адукацыі Расіі — Санкт-Пецярбургскі політэхнічны ўніверсітэт Пятра Вялікага.

— Наяўнасць такога партнёра дазваляе нам вызначаць новыя арыенціры ў развіцці перадавых інжынерных школ і напрамкаў, звяраць уласныя крокі ў навуковай і адукацыйнай дзейнасці з асноўнымі сусветнымі тэндэнцыямі лічбавай інжынерыі і навукаёмістых тэхналогій. У 2022 годзе была адкрыта ўнікальная сумесная сеткавая лабараторыя інтэлектуальнай робататэхнікі і кіберфізічных сістэм. Сучаснае абсталяванне лабараторый СПбПУ і БРУ дазваляе развіваць сумесныя праекты па распрацоўцы і стварэнні праграмна-апаратных комплексаў кіберфізічных і робататэхнічных сістэм і выйсці на новы ўзровень практыка-арыентаванай падрыхтоўкі за кошт выкарыстання інтэрнэт-злучэння, — патлумачыў Віктар Міхайлавіч.

Паводле яго слоў, у БРУ актыўна развіваецца і мадэль “Індустрыя 4.0”. Для паспяховага ўкаранення ў Магілёўскім рэгіёне дасягненняў чацвёртай прамысловай рэвалюцыі ўніверсітэт уступіў у калабарацыю з ЗАТ “Тэхналагічны парк Магілёў”.

— Мы і далей будзем развіваць вялікую колькасць тэхналогій. У іх ліку — штучны інтэлект, дыстанцыйнае навучанне, прамысловая робататэхніка з аўтаномнымі і калабарацыйнымі робатамі, аўтаматызацыя працэсаў, лічбавыя двайнікі, камп’ютарны інжынірынг, адытыўныя тэхналогіі друку. А яшчэ плануем ства­рыць дэманстрацыйны цэнтр для тэхналогій “Індустрыі 4.0”, у якім будзем не толькі навучаць студэнтаў, але і запра­шаць на заняткі прадстаўнікоў нашых прамысловых прадпрыемстваў, — падзяліўся планамі Віктар Пашкевіч.

 Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва А.Я.Місніка і прадастаўлена БРУ