Да філалагічных вышынь

Сінькевіч, Г. Да філалагічных вышынь / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 27 лютага. — С. 10.

Таццяна Дзіндзікава распрацавала сістэму работы, якая прыводзіць дзяцей да дасягнення вучэбных вышынь

Сучасны педагог павінен быць дасведчаным, справядлівым, чулым і крэатыўным. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 4 Магілёва Таццяна Дзіндзікава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

З педагогікай жыццё Таццяны Дзіндзікавай трывала звязана на працягу ўжо амаль трыццаці пяці гадоў. За ўвесь гэты час у яе працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс.

— Яшчэ студэнткай стала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў сваёй роднай школе — зараз чацвёртай гімназіі горада. Так дагэтуль тут і настаўнічаю. У прафесію прыйшла гледзячы на маці і дзядулю, якія былі педагогамі. Іх самаадданая праца стала для мяне прыкладам. Я таксама стараюся быць для дзяцей арыенцірам, бо ўпэнена: настаўнік — гэта шкло, праз якое вучні бачаць свет, — паведаміла Таццяна Пятроўна.

За дзесяцігоддзі педагагічнай дзейнасці ў Таццяны Дзіндзікавай склаліся ўласныя падыходы да навучання. Яна перакананая: каб дасягнуць высокай паспяховасці і захапіць навучэнцаў прадметам, педагогу трэба любіць сваю справу, знаходзіцца ў няспынным прафесійным развіцці і быць шчырым з дзецьмі.

— Адукацыйны працэс будую з акцэнтам на асобу кожнага вучня. Для мяне важна не даваць інфармацыю ў гатовым выглядзе, а ствараць умовы для самастойнага пошуку ведаў вучнямі. Для гэтага ўжываю элементы праблемнага навучання, тэхналогію крытычнага мыслення і гульнявыя тэхналогіі, — расказала Таццяна Пятроўна.

На ўрокі да Таццяны Дзіндзікавай гімназісты ідуць з задавальненнем. Што нядзіўна, бо яе заняткі заўжды напоўнены творчасцю, дыялогамі, дыскусіямі і цікавымі адкрыццямі.

— Выкарыстоўваючы заданні і практыкаванні, вучу дзяцей гаварыць і ду­маць па-беларуску. Пільную ўвагу надаю літаратуры, бо гэтыя ўрокі маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял. На літаратурных занятках мы з навучэнцамі не проста чытаем творы, а шмат гаворым і разважаем, вучымся знаходзіць асноўную думку тэксту, аналізаваць пачуцці і перажыванні герояў. Так праз мастацкае слова дзеці пачынаюць разумець жыццёвыя каштоўнасці і нормы паводзін у грамадстве, — адзначыла Таццяна Пятроўна.

Выхаванне вучняў для Таццяны Дзіндзікавай наогул у прыярытэце. На ўроках і пазакласных мерапрыемствах настаўніца далучае гімназістаў да родных вытокаў, абуджае ў іх любоў і павагу да Радзімы, дапамагае знайсці свой шлях і прызванне.

Значны ўпор Таццяна Пятроўна робіць на развіццё вучнёўскіх здольнасцей. Педагог распрацавала сістэму работы, якая прыводзіць дзяцей да дасягнення вучэбных вышынь. Яе навучэнцы пастаянна перамагаюць у творчых і лінгвістычных конкурсах, выдатна выступаюць на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

— Здольных навучэнцаў выяўляю ўжо ў 5 класе. Заўважаю, у каго з дзяцей ярчэй гараць інтарэсам вочы на ўроках. Звычайна гэта невялікая група хлопцаў і дзяўчат, прычым неабавязкова выдатнікі. З гэтай камандай рэгулярна сустракаюся на дадатковых занятках. Дасканала вывучаем не толькі курс школьнай праграмы. Развіваю агульную эрудыраванасць вучняў, іх веданне беларускай гісторыі і культуры. Не забываюся і пра псіхалагічныя моманты: падтрымліваю навучэнцаў і веру ў іх. Усё гэта ў комплексе дапамагае раскрываць дзіцячыя таленты. За апошнія некалькі гадоў мае выхаванцы заваявалі чатыры пераможныя дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, яскрава выступілі ў шэрагу прэстыжных конкурсаў, — патлумачыла Таццяна Дзіндзікава.

Плённая праца Таццяны Пятроўны неаднойчы была адзначана на розных узроўнях. Асабістыя ўзнагароды радуюць настаўніцу, але галоўнае для яе не гэта.

— Вельмі натхняюць поспехі навучэнцаў. Неверагодна прыемна бачыць іх з сертыфікатамі ў 100 балаў на ЦЭ ці ЦТ, з прызавымі дыпломамі конкурсаў і алімпіяд. Аднак асабліва цешыць вучнёўская ўдзячнасць. Сённяшнія гімназісты часта дзякуюць за ўрокі, выпускнікі — не забываюць, тэлефануюць, шукаюць сустрэчы. На мой погляд, менавіта гэта — самая лепшая настаўніцкая ўзнагарода, — падкрэсліла Таццяна Дзіндзікава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара