Калі людзям нешта паабяцалі, трэба зрабіць

Гарошкін, А. Калі людзям нешта паабяцалі, трэба зрабіць / Аляксандр Гарошкін ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 20 сакавіка. — С. 8. — (Дадатак: Мясцовае самакіраванне).

Новы старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін

Аляксандр Гарошкін — чалавек, добра вядомы на Магілёўшчыне. Працяглы час ён быў ваенным камісарам вобласці, потым працаваў ідэолагам на вядучым прадпрыемстве «Магілёўліфтмаш». Паралельна ўзначальваў і працягвае ўзначальваць абласную арганізацыю грамадскага аб’яднання «Белая Русь», а таксама з’яўляецца членам вышэйшага палітсавета беларускай партыі з аднайменнай назвай. Мае тры медалі «За бездакорную службу» трох ступеняў, Падзяку Прэзідэнта, неаднойчы адзначаўся Ганаровымі граматамі аблвыканкама, станавіўся «Чалавекам года Магілёўшчыны». Сёння старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў 29-га склікання пагадзіўся адказаць на пытанні «МС».


— Наколькі знаёмая вам новая работа? Ці даводзілася раней займацца дэпутацкай дзейнасцю? — спыталася карэспандэнт «Звязды» ў новага кіраўніка дэпутацкага корпуса.

— На пасадзе старшыні аблсавета я нядаўна, але да гэтага даводзілася займацца справамі, якія пераклікаюцца з дэпутацкай дзейнасцю. Практычна пяць гадоў узначальваю Магілёўскае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Белая Русь». А гэта работа з людзьмі, падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў, правядзенне розных акцый. Мне вельмі добра знаёмы наш рэгіён. На працягу 12 гадоў, будучы ваенным камісарам вобласці, я з’яўляўся членам Магілёўскага аблвыканкама. Быў адказны і за пэўныя раёны, таму ведаў не па чутках, як наша сельская гаспадарка развіваецца, як працуе прамысловасць. Сам непасрэдна прысутнічаў на ўсіх мерапрыемствах. Таму не адчуваю сябе навічком на гэтай пасадзе. Заўсёды жыў па прынцыпе: калі можаш дапамагчы чалавеку — дапамажы, калі не — скажы адкрыта. Не ўмею абяцаць таго, чаго ў прынцыпе зрабіць не магу.

— І ўсё ж такі ці атрымалася за кароткі тэрмін знаходжання на новым месцы адчуць розніцу з папярэдняй дзейнасцю?

— Так. Вялікая колькасць людзей выказала мне давер спачатку як кандыдату, потым як дэпутату, а затым і як старшыні аблсавета. Звяртаючыся да дэпутацкага корпуса, я адразу ж папярэдзіў, што задачы прадстаўнічай і выканаўчай улады аднолькавыя. І толькі ў цесным узаемадзеянні можна разлічваць на поспех. На сустрэчах з дэпутатамі ў раёнах нагадваю ім, што іх галоўная місія — быць сярод людзей. І ісці не туды, дзе ўсё добра, а туды, дзе ёсць праблемы. Ісці і выслухоўваць заўвагі і скаргі, а потым садзіцца за стол з выканаўчай уладай і шукаць шляхі вырашэння. Знайсці, а затым растлумачыць людзям, якія праблемы вырашацца хутчэй, якія — пазней. І потым кантраляваць ход выканання.

— Як першапачаткова ацэньваеце склад дэпутацкага корпуса 29-га склікання?

— З мінулага склікання засталіся людзі, якія сябе ўжо праявілі, і выбаршчыкі іх падтрымалі, а таксама прыйшлі новыя са сваімі ідэямі, думкамі. Будзем выкарыстоўваць вопыт тых, хто ўжо працаваў, і патэнцыял тых, хто прыйшоў упершыню. Праверым, ці ўсё выканана з таго, што абяцаў папярэдні склад. Гэта ў першую чаргу бярэцца на кантроль. Калі людзям нешта паабяцалі, трэба зрабіць.

— Тым, хто ўпершыню становіцца дэпутатам, бывае складана адразу ж уліцца ў працэс. Ці збіраецеся арганізаваць вучобу для народных выбраннікаў?

— Навічкам раздалі памяткі, як працаваць дэпутату. Да красавіка яны могуць агледзецца на месцах і вызначацца. Перад тым, як чалавека вучыць, варта зразумець, што ён хоча ведаць. Калі наваспечаны дэпутат унікне ў сутнасць справы, то зразумее, што яму трэба, каб наладзіць адносіны з людзьмі, уладай. Пачнём праводзіць заняткі з аблсавета, потым пойдзем на раёны. У падтрымку ёсць Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, яна бярэ на сябе распрацоўку метадычнага матэрыялу, у тым ліку планаў правядзення гэтых заняткаў. Будзем запрашаць палітолагаў, прадстаўнікоў арганізацыйна-кадравай службы, спецыялістаў з розных сфер. І такая вучоба будзе праводзіцца як мінімум раз у паўгода. Або па меры неабходнасці.

Не адчуваю сябе навічком на гэтай пасадзе. Заўсёды жыў па прынцыпе: калі можаш дапамагчы чалавеку — дапамажы, калі не — скажы адкрыта. Не ўмею абяцаць таго, чаго ў прынцыпе зрабіць не магу.

— Якія планы па ўдасканальванні дэпутацкай работы, можа, чагосьці, на ваш погляд, не хапае. Магчыма, гэта нейкія назіранні збоку, калі дэпутацкую дзейнасць вы яшчэ ацэньвалі як звычайны грамадзянін.

— Я катэгарычна супраць рэвалюцый. Не трэба нічога разбураць, каб пабудаваць нешта новае. Трэба агледзецца. Я заўсёды за эвалюцыйны шлях развіцця. Збіраю водгукі людзей, каб ведаць, чаго яны чакаюць ад дэпутата. Зразумела, што не ўсё, што людзі патрабуюць, у яго сілах. Рэзкіх рухаў быць не павінна. У нас наладжаная сістэма і выразная вертыкаль. А жыццё само ўносіць карэктывы, і мы на гэтыя змены павінны хутка рэагаваць. Для мяне агульны зрэз дэпутата будзе вызначацца па водгуках людзей з глыбінкі, ці ведаюць яны, хто іх народны абраннік. Калі людзі не ведаюць, хто ў іх дэпутат, гэта паказчык таго, што чалавек не працуе. Трэба не проста насіць дэпутацкі значок, а ведаць праблемы знутры. Мне здаецца, што дэпутаты крыху хітруюць, калі апраўдваюцца, што ў іх нічога няма — ні грошай, ні магчымасцяў, маўляў, «ну што мы можам?». Гэта няправільны падыход. Трэба ўмець размаўляць з людзьмі. Чалавек павінен выказацца, нават калі праблема невырашальная, ён павінен зразумець, чаму. Не пакрыўдзіцца, што яму адмовілі, а зразумець, чаму менавіта так, а не інакш. Вось гэта работа дэпутата. А потым трэба ісці да старшыні выканкама і разам вырашаць, што можна ў канкрэтнай сітуацыі зрабіць, а не думаць, як не зрабіць.

— Якія мэты і задачы вы ставілі ў сваёй перадвыбарнай праграме?

— Напісаць праграму не праблема: наабяцай усяго, што людзям трэба, і яны будуць за цябе. Але паабяцаць — гэта яшчэ не значыць зрабіць. Я людзям раю нават не праграмы вывучаць, а глядзець біяграфічныя звесткі: чаго чалавек дабіўся ў жыцці, што ў яго за плячыма. Калі ў яго пэўныя пасады, сям’я традыцыйная, дзеці не па турмах сядзяць, таму што закладкі рабілі, а вучацца і працуюць, значыць, гэты чалавек ужо чагосьці варты. На гэта трэба звяртаць увагу. Праграму нам жыццё будзе дыктаваць. Праблемы рэгіёна я ведаю, але навошта іх пісаць у праграму? Для сябе сфармуляваў два прынцыпы, па якіх буду працаваць я і дэпутацкі корпус той тэрмін, які агавораны заканадаўствам. Першы тэзіс: думаючы пра людзей і краіну, не забывай пра канкрэтнага чалавека. Наша задача — думаць пра глабальнае, але ў чалавека свае праблемы. У кагосьці агароджа ўпала, камусьці дроў трэба прывезці, таму што дзеці далёка жывуць. Здаецца, што гэта не праблема, трэба больш грунтоўным займацца, але з дробязяў складаецца жыццё. Другі тэзіс: лепш быць, чым здавацца. Гэта не мае словы, а паважанага Валянціна Пікуля. Я іх крыху перафразаваў пад сябе. У Пікуля: «Больш быць, чым здавацца, шмат рабіць, але мала выдзяляцца…»

— У вас хапае часу на літаратуру?

— А вы ведаеце, чаму ў людзей не хапае часу на літаратуру? Таму што тэлефон усё замяніў. У мяне сэнсарны тэлефон з’явіўся толькі некалькі месяцаў таму. Да гэтага быў кнопкавы, нават эсэмэскі нельга было пісаць. У ваенных такія патрабаванні. Затое быў час на кнігі. Чытаць — звычка з курсанцкіх часоў. З творамі Пікуля менавіта тады і пазнаёміўся. Потым перачытваў. Кожны раз адзін і той жа тэкст успрымаецца па-новаму. Чытаў ужо з ручкай, каб рабіць нейкія запісы.

— Вы сказалі, што выбаршчыкам трэба звяртаць увагу на тое, што чалавек у жыцці дабіўся. Раскажыце, чаго дабіліся менавіта вы?

— Калі сустракаўся з моладдзю ў 2020 годзе на фоне тых складаных падзей, пытаўся адкрыта: чаго не хапае? Адны казалі, што свабоды, другія — няма перспектыў. Як няма? Я, сын звычайнага прапаршчыка, у 39 гадоў ужо стаў палкоўнікам. Калі ў чалавека ёсць мэта, ён абавязкова яе дасягне. А для гэтага трэба працаваць, а не чакаць манны нябеснай. Ніхто за цябе нічога не зробіць. У мяне яшчэ са школы было жаданне стаць ваенным ідэолагам. Таму паступаў менавіта ў Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Вельмі прэстыжная ВНУ, яе яшчэ называлі вучылішчам Варшаўскага дагавора. Там вучылася моладзь з Германіі, Польшчы, Кубы, іншых краін сацлагера. Набор быў вельмі абмежаваны. Пасля школы здаў экзамены на дзве чацвёркі і дзве пяцёркі (па пяцібальнай сістэме. — Аўт.), але не прайшоў па конкурсе. Няўдача мяне вельмі засмуціла, але не прыпыніла. Пасля арміі ўсё ж такі паступіў. Але перад гэтым скончыў у Магілёве 98-е вучылішча з чырвоным дыпломам. Гэта давала магчымасць здаваць толькі адзін экзамен. І я яго здаў на «5». ВНУ закончыў з залатым медалём і чырвоным дыпломам, меў права выбару першага месца службы. На той час быў ужо жанаты і меў дзіця. Была магчымасць ехаць за мяжу, але хацелася хутчэй атрымаць чарговае званне. Таму абраў аддалены раён, дзе год, як той казаў, ішоў за два. Разам з жонкай і маленькай дачкой адправіўся ў ваенную акругу ў Запаляр’е. Хутка адбыўся развал Савецкага Саюза, і я вярнуўся на радзіму. Часці скарачаліся, шмат хто сыходзіў у іншыя прафесіі, бо час быў цяжкі, зарплаты ледзь на жыццё хапала. Са 112 чалавек майго курса ў арміі засталіся адзінкі. У 1998 годзе паступіў у Ваенную акадэмію, якую скончыў у 2001 годзе. Акадэмія, дарэчы, знаходзіцца на базе таго самага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, якое я скончыў. У мяне была мэта, і я ёй не здраджваў. Жонка мяне ўвесь час падтрымлівала. Усё, чаго я дасягнуў, — гэта на 60 % яе падтрымка. І нават на гэту пасаду яна мяне натхніла. Маці жыве пад Магілёвам, у Мастоўскім сельсавеце — маёй выбарчай акрузе. Людзі, якія за мяне прагаласавалі, добра ведаюць мой жыццёвы шлях. І давяраюць.

Трэба ўмець размаўляць з людзьмі. Чалавек павінен выказацца, нават калі праблема невырашальная, ён павінен зразумець, чаму. Не пакрыўдзіцца, што яму адмовілі, а зразумець, чаму менавіта так, а не інакш. Вось гэта работа дэпутата. А потым трэба ісці да старшыні выканкама і разам вырашаць, што можна ў канкрэтнай сітуацыі зрабіць, а не думаць, як не зрабіць.

— Дарэчы, якія ўражанні складваюцца ад наведвання аддаленых раёнаў вобласці? На што звяртаеце ўвагу пры знаёмстве з мясцовымі дэпутатамі?

— Стараюся прысутнічаць на сумесных пасяджэннях дэпутацкага корпуса і выканаўчай улады, каб нацэліць абодва бакі на працу разам. Калі падзяляць работу на дэпутацкую і не, нічога не атрымаецца. Павінна быць узаемадзеянне. Мне прасцей размаўляць са старшынямі райвыканкамаў таму, што яны мяне помняць яшчэ па рабоце ваенкама, члена аблвыканкама. Наш губернатар Анатоль Ісачанка быў старшынёй аблсавета і вельмі добра ведае гэтую спецыфіку. Мы працуем разам і падаём прыклад раёнам. Калі, вобразна кажучы, дэпутат сабраў людзей на суботнік, задача выканаўчай улады — забяспечыць народ усім неабходным для работы. Шмат чаго залежыць і ад саміх грамадзян. Каля дома не прыбрана, і жыхары чакаюць, калі прыедуць камунальнікі і прыбяруць ім — гэта няправільна. Павінна быць ініцыятыва, жаданне нешта ўкладваць. І тады пытанні хутка будуць здымацца. Калі жадаеце атрымаць добрую дзіцячую пляцоўку, выйдзіце на яе будаўніцтва, а будматэрыяламі забяспечыць улада.

— Цяпер ідзе вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Як кіраўнік грамадскай арганізацыі якія патрабаванні вы ставіце да будучых дэлегатаў?

— Гэта павінны быць вельмі аўтарытэтныя людзі, у першую чаргу патрыёты. У тым ліку і моладзь. Там сёння хапае аўтарытэтаў. Я не зусім згодны з пасылам, што моладзь — наша будучыня. Моладзь — не толькі наша будучыня, але і сучаснасць. Тое, што можа зрабіць моладзь, мы бачылі ў 2020 годзе. Не было б ніякай будучыні, калі б іх своечасова не прыпынілі. Як жыве краіна, шмат у чым залежыць ад моладзі. Таму глядзім, каб ва УНС была і моладзь, і рабочыя, і людзі пры пасадзе. Ахвотных шмат. Ад аморфнага грамадства мы ўжо адышлі. І гэта паказалі апошнія выбары. Людзі зразумелі, што хата з краю заўсёды гарыць першай. Мы павінны рухацца наперад. Трэба не баяцца браць на сябе адказнасць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага аблсавета