Пакуль пішу — жыву…

Лесюкова, І. Пакуль пішу — жыву… / Ірына Лесюкова // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 29 сакавіка. — С. 11.

Споўнілася 97 год са дня нараджэння Віктара Арцем’ева

Былы выкладчык Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума імя А. С. Пушкіна (цяпер установа адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў») Віктар Іванавіч Арцем’еў 21 сакавіка святкаваў дзевяноста сёмы дзень нараджэння. Віктар Іванавіч заўсёды жаданы госць у каледжы мастацтваў на мерапрыемствах патрыятычнага, духоўна-маральнага і літаратуразнаўчага напрамкаў, а таксама на пасяджэннях аб’яднання па інтарэсах «Інтэлектуальнае бібліяасяроддзе». На сустрэчах з моладдзю дзеліцца павучальнымі гісторыямі са свайго доўгага жыцця, разважае пра чалавечую годнасць, значнасць роднай мовы, выказвае ўласны погляд на падзеі Вялікай Айчыннай вайны і змены ў грамадстве.


Віктар Арцем’еў

Віктар Арцем’еў

Адзін ты — чалавек,

А многа ўжо — людзі. 

У чалавека — век,

У народа вечнасць будзе.

У людзей — краіна,

У ёй жыве народ,

Заве яе Айчынай.

Нарадзіўся доўгажыхар у шматдзетнай сям’і ў Шклоўскім раёне на хутары Чарэйцаў Круг, непадалёк ад вёсак Радзішына і Ордаць, у 1927 годзе. Любоў да свайго малога кутка, а гэта хутар толькі з шасці дамоў, павага да бацькоў і дзядоў, бываліцы сваякоў, бабкі Хадоры і аднавяскоўцаў падштурхнулі яго правесці і апублікаваць шэраг краязнаўчых даследаванняў.

Да Радзімы, як да Бога,

Станаўлюся на калені,

І трымаю шчыра-шчыра

Маё светлае маленне.

«Люблю я Радзіму, ад краю да краю…» — працягвае ён у вершы «Маё маленне». І сапраўды, гэтага дэвізу прытрымліваецца ва ўсёй сваёй літаратурнай творчасці. Усе яго публікацыі маюць краязнаўчую тэматыку альбо ўключаюць некаторыя краязнаўчыя аспекты, годнае месца адведзена шчырай жыццёвай асабістай споведзі.

Падлеткам давялося зведаць шматлікія жахі вайны: здзекі фашысцкіх акупантаў і катаў-паліцаяў, смерць родных і сяброў, знішчэнне яўрэяў, голад, цяжкую хваробу. Успамінамі пра юнацкія выпрабаванні страшэннага часу, страту дзяцінства, пачуццём роспачы і адначасова гонарам за ўчынкі людзей у гадзіну выпрабаванняў ён — сведка вайны, працаўнік тылу — дзеліцца на старонках сваіх кнігі і брашур, у тым ліку выдадзеных зусім нядаўна.

Вялікая і доўгая вайна была, 

Усю жудасць і мярзоту бачыў я, 

Пасля агністаю віхураю жыццё 

наша гайдалася,

А памяць пра вайну ў людзей навек 

засталася.

Няўрымслівая прага да ведаў і кнігі абумовіла жыццёвы шлях будучага літаратара. Атрымаў спецыяльнасць бібліятэкара-бібліёграфа. Працаваў ва ўстановах культуры Магілёўскай вобласці на розных пасадах. Амаль дваццаць гадоў прысвяціў педагагічнай дзейнасці ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме імя А. С. ІІушкіна. Адначасова з выкладчыцкай дзейнасцю працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР. Журналісцкая праца паспрыяла сяброўству са знакамітымі беларускімі літаратарамі таго часу. З імі для навучэнцаў тэхнікума Арцем’еў ладзіў творчыя вечары, сустрэчы.

Ва ўласнай бібліятэчнай скарбніцы Віктара Іванавіча звыш трохсот аўтографаў літаратараў. Першы з іх атрымаў яшчэ падчас вучобы ў культасветвучылішчы ад Фёдара Янкоўскага за рэцэнзію на яго кнігу пра беларускія прыказкі і прымаўкі. Яна і стала потым першым выданнем у вялікай хатняй калекцыі. Пэўную частку займаюць творы, нават сігнальныя выданні, А. Пысіна, І. Пехцерава і маладых паэтаў і празаікаў Магілёўскага краю.

Віктар Іванавіч — біёграф і даследчык творчасці літаратараў-землякоў, ураджэнцаў Магілёўшчыны. Шмат намаганняў прыклаў для ўшанавання памяці свайго сябра, аднадумца Аляксея Пысіна. Лічыць, што толькі паэт-франтавік Пысін змог праз свае вершаваныя радкі паказаць усю праўду і цяжар крывавага мінулага. Штогод, з 2010-га, Арцем’еў выступае на Пысінскіх чытаннях у Магілёўскай абласной бібліятэцы.

Віктар Арцем’еў з дзяцінства лічыў пісьменнікаў сумленнем нацыі і імкнуўся наблізіцца да іх узроўню: пашыраў кругагляд, імкнуўся да ведаў. Цікава, што свае першыя крокі на літаратурнай ніве зрабіў у газеце «Ленінская перамога», калі працаваў загадчыкам Парыцкай цэнтральнай бібліятэкі. А сур’ёзнай творчай і даследчыцкай працы напоўніцу аддаўся толькі пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Магчыма, творчая актыўнасць і ёсць сакрэт даўгалецця Віктара Арцем’ева. Ён упэўнены, што той, хто не працуе, не можа быць шчаслівым. На яго творчым рахунку больш за тры дзясяткі кніг і звыш 1000 публікацый у друку.

Як сапраўдны бібліятэкар і выкладчык лічыць чытанне асноўным фактарам, што працягвае жыццё, прыводзіць думкі ў парадак, супакойвае, уздымае настрой і дае натхненне для новых задумак: «Кніга вучыць мудрасці жыцця. Але не любая кніга. Вучыць жыццю толькі класічная літаратура».

Непадалёк ад будынка каледжа ўзвышаюцца некалькі бярозак, калісьці пасаджаныя выкладчыкам Віктарам Іванавічам. Растуць як сімвал чысціні і адраджэння, як сімвал непарыўнай сувязі пакаленняў. З вышыні гадоў Арцем’еў наказвае нашчадкам: «Трэба шанаваць сваё роднае, нацыянальнае, узбагачацца духоўна, імкнуцца да гарманічных адносін з наваколлем. Трэба ўсвядомлена адчуваць сябе часцінкай свайго народа, свайго роду, мець пачуццё гонару і адказнасці за дзень сённяшні і дзень заўтрашні, зрабіць штосьці важнае, істотнае, значнае для людзей, пакінуць свой след для таго куточка зямлі, з якога пачалася твая сцяжынка ў вялікі свет. Шчыра зычу шчасця маладым!»

Беражыце родны кут свой, 

дзядоў тэрыторыю,

Шануйце карані сялянскай гісторыі.

Лёс свой моцна ў руках трымайце

І радасць ад жыцця свайго атрымаеце.

І ў дабро, і ў горкі час помніце,

Што шчасце сабе вы самі поўніце.

Ірына ЛЕСЮКОВА

Фота з сайта nbl.by