Яшчэ непахаваная вайна

Касцюк, Ю. Яшчэ непахаваная вайна / Юлія Касцюк // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 29 сакавіка. — С. 5.

Творы пісьменнікаў-франтавікоў абавязкова дапамогуць захаваць памяць

Напярэдадні 104-годдзя з дня нараджэння паэта і журналіста Аляксея Васільевіча Пысіна ў Магілёўскай абласной бібліятэцы адбыліся XIІІ Пысінскія чытанні. У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, члены гарадскога літаратурнага аб’яднання «Ветэран», выкладчыкі і навучэнцы Сацыяльна-гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.


Зноў у зямлі ўзарвалася граната,

Плыве ў вянках дзіцячая труна.

Хлапчук вайны не бачыў: вінавата

Яшчэ непахаваная вайна.

«Яшчэ непахаваная вайна» — гэты ёмкі радок паэта-франтавіка, сэнс якога не страціў сваёй актуальнасці і цяпер, даў назву сёлетнім чытанням, прысвечаным ваенным лёсам пісьменнікаў Магілёўшчыны і 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Значная для ўсіх нас гістарычная дата заўсёды была вялікай падзеяй і для Аляксея Васільевіча, які прайшоў Вялікую Айчынную ад самага яе пачатку і да канца, а таксама для ўсяго ваеннага пакалення магілёўскіх пісьменнікаў. Тых, хто стаяў у адным страі змагароў супраць акупантаў, тых, каму давялося пабачыць усе жахі вайны вачыма дзіцяці, і тых, у чыіх сем’ях вайна працягвае адгукацца болем і сёння.

Шаснаццацігадовым юнаком трапіў на вайну Васіль Карпечанка. Фелікс Шкірманкоў у пятнаццаць стаў байцом знішчальнага батальёна, а потым — партызанам спецатрада. Перажытае давала ім багаты матэрыял для творчасці, ім было пра што расказаць у сваіх творах.

Ваенныя лёсы Васіля Бурносава і Мікалая Ткачова падобныя — абодва былі на фронце, потым партызанілі.

Пятро Прыходзька ўдзельнічаў у бітве на Курскай дузе, Аляксей Зарыцкі — у баявых аперацыях на Волхаўскім і Ленінградскім франтах, Кастусь Кірэенка — у абароне Масквы і вызваленні роднай Беларусі.

Іван Скарынкін камандаваў радыёўзводам, стварыў нямала цікавых вобразаў як радавых салдат, так і афіцэраў, у тым ліку свайго земляка — генерала арміі Іосіфа Гусакоўскага.

Камандзір роты процітанкавых ружжаў Аркадзь Марціновіч пасля трэцяга ранення быў адпраўлены ў тыл у Сярэднюю Азію.

Палымянае слова Канстанціна Губарэвіча гучала на хвалях радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» і са старонак сатырычных франтавых выданняў «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка».

Іван Новікаў камандаваў узводам «кацюш», Васіль Хомчанка — мінамётным узводам, абодва сустрэлі перамогу ў Аўстрыі.

Сцяпан Кухараў дайшоў да Берліна і на сценах рэйхстага пакінуў аўтограф: «За спаленыя гарады і вёскі Беларусі!..»

Асаблівасцю літаратурнага мерапрыемства сёлета стала тое, што не толькі супрацоўнікі бібліятэкі расказалі маладому пакаленню аб Вялікай Айчыннай вайне радкамі магілёўскіх пісьменнікаў, але ж і сама моладзь прыняла актыўны ўдзел у чытаннях. Суровыя і пранізлівыя радкі паэтаў-франтавікоў, якія вельмі эмацыянальна прагучалі з вуснаў маладых чытальнікаў, дазволілі ім самім больш глыбока адчуць і зразумець, што такое вайна і якія жахі яна прыносіць з сабой, і, безумоўна, кранулі сэрцы ўсіх прысутных. Тэксты ўзмацняў відэарад з архіўнымі матэрыяламі, рэпрадукцыямі палоцен вядомых беларускіх мастакоў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне —М. Савіцкага, В. Бялыніцкага-Бірулі, П. Масленікава, В. Грамыкі і інш.

Рызыкуючы сваім жыццём, нашы землякі змагаліся ў дзеючай арміі, партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях. Але ўсё ж такі асноўнай іх зброяй было трапнае слова, якое ў цяжкую гадзіну ўздымала народ на барацьбу. Для многіх з іх Вялікая Айчынная вайна стала не толькі трагічнай старонкай у біяграфіі, але і той меркай, па якой яны пазней вызначалі ступень мастацкай праўды, чалавечыя якасці калег і сяброў.

Традыцыйна на Пысінскіх чытаннях гучалі вершы-шэдэўры Аляксея Васільевіча, гэтым разам ваеннай тэматыкі — «Пяць патронаў», «Палім мы маршанскую махорку», «Іван-чай», які крытыкі ставяць у адзін шэраг з вершам «Я убит подо Ржевом» Аляксандра Твардоўскага. Усю вайну гвардыі радавы Пысін прайшоў сувязістам — забяспечваў бесперабойную кабельную сувязь пярэдняга краю з камандаваннем. Яго зброя — гэта вінтоўка, катушка з провадам-кабелем і палявы тэлефонны апарат. Удзельнічаў у вызваленні Віцебскай вобласці, у прарыве фронту на рацэ Проні і ў вызваленні роднай Магілёўшчыны. 27 ліпеня 1944 года А. Пысін быў узнагароджаны медалём «За адвагу» — вельмі каштоўным для франтавікоў, бо атрымлівалі яго выключна за асабістую мужнасць, праяўленую ў баі. Дзень Перамогі сустрэў у Латвіі, на беразе Балтыйскага мора. Двойчы цяжка паранены, да самай смерці ў сваім целе насіў асколкі снарадаў.

Паэт не любіў успамінаць вайну, бо яна пакінула глыбокі адбітак у яго душы. Менавіта таму ў яго няма ні аднаго верша, напісанага на фронце. Аб сваім успрыманні вайны франтавік пачаў пісаць толькі праз дзесяць гадоў, пасля глыбокага жыццёвага роздуму і філасофскага асэнсавання сутнасці вайны. Ён, як ніхто з беларускіх паэтаў, змог паказаць вайну выразна і з веданнем справы.

Тое, што сэрца Аляксея Пысіна да апошняга шчыміла ад жорсткага крывавага мінулага, што паэт бачыў больш за іншых, адзначыў у сваім выступленні нястомны даследчык і папулярызатар яго творчасці — Віктар Арцем’еў, сябра паэта, старэйшы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, нязменны ўдзельнік Пысінскіх чытанняў. Віктар Іванавіч з таго пакалення, якое называюць «дзеці вайны». Яму рана давялося стаць дарослым, перажыць акупацыю, здзекі немцаў і паліцаяў, знішчэнне мірнага насельніцтва, голад, страты родных і аднавяскоўцаў. Усё гэта ён праўдзіва адлюстраваў у сваіх творах, і не дзіўна, што самым галоўным святам для яго з’яўляецца Дзень Перамогі. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост — 97 гадоў! — Віктар Іванавіч не змяняе традыцыі ўшанавання майстэрства пысінскага слова. Гэтым разам ён зноў прымусіў аўдыторыю па-новаму адчуць творчасць народнага душою паэта, паэта-воіна, паэта-грамадзяніна.

Безумоўна, прагучалі патрыятычныя вершы Аркадзя Куляшова, якія ўзбагацілі залаты фонд беларускай літаратуры і ўжо даўно сталі хрэстаматыйнымі: «Камсамольскі білет» і «На полі бою». А чаго толькі вартая яго паэма «Сцяг брыгады», напісаная ў 1942 годзе літаральна на перадавой і пераважна па начах! Гэты шэдэўр пра мужнасць савецкага салдата, пра тое, як «чакае ратунку заняволеная зямля», стаў вялікім дасягненнем ўсёй савецкай паэзіі ваеннага часу і наогул першай паэмай пра вайну. Падчас вайны народны паэт Беларусі працаваў ваенным карэспандэнтам франтавой газеты «Знамя Советов» 11-й арміі Паўночна-Заходняга фронту. Прымаў удзел у баях на Арлоўска-Курскай дузе, у Бранскай і Гомельска-Рэчыцкай аперацыях.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў радах змагароў стаяў і наш зямляк пісьменнік Уладзімір Савіцкі. Спачатку камандаваў мінамётным узводам, затым палкавой артылерыйскай батарэяй. Быў тройчы паранены, кантужаны. Пасля другога ранення прызнаны непрыгодным да страявой і з восені 1944-га служыў ваенным карэспандэнтам газеты «Фронтовик» 3-й ударнай арміі. Яго вершы зараджаліся ў акопах і таму і сёння пакараюць чытачоў глыбінёй думкі і вельмі дакладнай выявай рэчаіснасці. Самы высокі подзвіг — карэспандэнцкі і воінскі — У. Савіцкі здзейсніў у Берліне. Разам са штурмавымі ротамі 150-й стралковай дывізіі ён адным з першых з журналістаў увайшоў у германскую сталіцу. Знаходзячыся ўвесь час пад агнём праціўніка, асвятляў у друку баявыя дзеянні савецкіх войск. 7 мая 1945 г. у армейскай газеце з’явіўся грунтоўны нарыс «Знамя Победы», у якім ён расказаў аб подзвігах першых герояў штурму рэйхстага.

Было пра што расказаць у сваіх франтавых вершах Міколу Аўрамчыку і Аляксею Русецкаму. Вайна апаліла іх юнацтва, але назаўжды загартавала характар. Быць можа, таму напісаныя імі мастацкія творы вельмі глыбокія і шматгранныя. Паэт Аляксей Русецкі, як і Аляксей Пысін, прайшоў дарогамі вайны ад першага да апошняга яе дня. Служыў начальнікам палявой лабараторыі на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. Паэт і празаік Мікола Аўрамчык ваяваў на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 года трапіў у палон да іспанцаў, пасля немцамі быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты.

У красавіку 1945-га быў вызвалены англічанамі. Бясспрэчна, яго творы не маглі не ўтрымліваць таго, што перажыў франтавік і вязень фашысцкай няволі.

Не пісаць пра вайну не маглі, бо не мелі такога права Алесь Адамовіч і Іван Чыгрынаў. Уся іх творчасць — гэта незагойная памяць вайны, якая ўзрушае праўдзівасцю, бо заснавана на моцных уражаннях ваеннага маленства.

Не засталася па-за ўвагай і тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, што найбуйнейшая ў Еўропе карная аперацыя была здзейснена менавіта на магілёўскай зямлі. 15 чэрвеня 1942 года акупантамі была дашчэнту спалена вёска Боркі Кіраўскага раёна і яшчэ шэсць пасёлкаў: Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле, Хватаўка. Знішчаны больш за дзве тысячы мірных жыхароў. Задумайцеся: гэта чатырнаццаць Хатыней за адзін дзень…

Жудаснай трагедыі ў Борках прысвечана паэма «Марыйка» Алеся Казекі — старшыні Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Галоўную гераіню — яго маці Марыю Восіпаўну — цудам абмінуў страшны лёс. Выжыць у пякельным агні пашанцавала толькі дваццаці тром вяскоўцам. Жахі той чэрвеньскай трагедыі яны запомнілі на ўсё жыццё. Болем адбілася яна і на сям’і Алеся Мікалаевіча. Аўтар распавёў аб гісторыі стварэння паэмы «Марыйка», дзе выразнымі мастацкімі сродкамі ўвекавечыў памяць пра пакуты нявінных людзей.

Адным з кульмінацыйных момантаў стаў паказ фрагмента літаратурнай музычна-пластычнай кампазіцыі па матывах твора ў выкананні навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, што дазволіў адчуць усю трагедыю беларускага народа, які апынуўся ў вогнішчы акупацыі.

Сёння пра фашызм мы, здаецца, ведаем усё. Попел мільёнаў ахвяр генацыду стукае ў нашы сэрцы. Але ж сям-там спрабуюць зноў і зноў абяліць гэтую чуму ХХ стагоддзя — у вачах новых пакаленняў, якія самі не перажылі жахаў Другой сусветнай вайны. І таму няма больш высакароднай місіі, чым захаванне гістарычнай памяці ў імя светлай будучыні. Галоўнае — каб памяць пра Вялікую Айчынную вайну перадавалася далей, а творы пісьменнікаў-франтавікоў абавязкова дапамогуць у гэтым.

Юлія КАСЦЮК

Фота даслана аўтарам