Цэнтр мастацтва

Емяльянава, В. Цэнтр мастацтва / Вольга Емяльянава // Мастацтва. — 2024. — № 4. — С. 22—23.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава на працягу ўсёй гісторыі свайго існавання імкнецца захоўваць і экспанаваць спадчыну беларускага мастацтва, культуры і народа. Умацоўвае духоўныя, асветніцкія каштоўнасці, прывабліваючы наведвальнікаў унікальнымі і неардынарнымі рашэннямі ў экспазіцыйна-выставачных праектах.

Размешчаны музей у цэнтры Магілёва, у будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX стагоддзя, мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарускага і позняга класіцызму. Аўтар праекта — архітэктар Аляксандр Друкер. Першапачаткова тут знаходзіўся пазямельна-сялянскі банк, а з 1919 па 1932 год — Магілёўскі дзяржаўны гістарычны музей. Яго адметнасцю быў бранірованы пакой-сейф, у якім захоўваліся музейныя рэліквіі, што паступілі з нацыяналізаваных маёнткаў, магілёўскіх Царкоўна-археалагічнага і Губернатарскага музеяў. Сярод іх Крыж Еўфрасінні Полацкай 1161 года, выкананы Лазарам Богшам, збор беларускіх рукапісных кніг і грамат (175 адзінак), зброя X—XIV стагоддзяў (280 адзінак), манеты (1800 адзінак), іконы XVII—XIX стагоддзяў, булава Жыгімонта III, карціны I. Айвазоўскага, I. Рэпіна, В. Сярова і іншых вядомых мастакоў, мітра Магілёўскага архіепіскапа Георгія Каніскага, плашчаніца 1566 года работы Ганны Фёдараўны Палецкай, блізкай сваячкі жонкі Івана Жахлівага Настассі Раманаўны, першадрукаваная Мінея, каралеўскія граматы XVI—XVIII стагоддзяў (26 адзінак), рукапісныя ірмасы 1697 года з малюнкамі і многае іншае. Лёс іх застаўся невядомым у сувязі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, калі экспанаты былі вывезеныя за межы Магілёва. У 1944-м, пасля вызвалення горада, у будынку месціліся абкам і гаркам партыі, пазней рэдакцыя газеты «Магілёўская праўда», а 19 лістапада 1990 года быў адкрыты Магілёўскі абласны мастацкі музей.

Пачатак фарміраванню калекцыі музея паклалі 83 творы жывапісу, графікі, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, перададзеныя на сталае захоўванне Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем. У фондах установы сабраныя работы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, Расіі, краін Еўропы, КНР. Выяўленчае мастацтва Беларусі XX—XXI стагоддзяў займае ў калекцыі музея значнае месца.

Сёння магілёўская зямля захоўвае і працягвае мастацкія традыцыі мінуўшчыны, ганарыцца творчасцю сучасных майстроў. Пра гэта сведчыць актыўная дзейнасць Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, які з’яўляецца сапраўдным цэнтрам мастацтва, дзе захоўваецца і папулярызуецца ўнікальная калекцыя твораў мастакоў Беларусі, а таксама іншых краін.

Музей увесь час ладзіць часовыя выставачныя праекты, майстар-класы, культурна-адукацыйныя мерапрыемствы для розных узроставых катэгорый. Актыўна вядзецца выставачная і экскурсійная работа.

Імпульсам для развіцця музейнай калекцыі паслужыў дар (28 ліпеня 1994 года) заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага мастака Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава. Яго імя — адно з самых вядомых і паважаных у беларускім мастацтве, навуковых колах і міжнароднай супольнасці. Мемарыяльная Карцінная галерэя Паўла Васільевіча Масленікава з’яўляецца галоўным помнікам творцу і першай у Рэспубліцы Беларусь аўтарскай карціннай галерэяй, адкрытай яшчэ пры жыцці самога мастака.

125 твораў жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва сталіся асновай экспазіцыі мастацкага музея імя Масленікава ў 1996 годзе. Гэта першы абласны музей у нашай краіне, што носіць імя беларускага мастака, які нарадзіўся, вырас, сфарміраваўся і адбыўся як грамадзянін у Беларусь

3 гэтага часу фонды музея папаўняліся дарамі мастакоў Э. Карповіча, Г. Паплаўскага, У. Напрэенкі, В. Ральцэвіча, У. Масленікава, В. Альшэўскага, Ф. Гумена і іншых. Музей атрымаў магчымасць сфарміраваць новыя сталыя экспа-зіцыі і працаваць са зменнымі выставачнымі праектамі.

У калекцыі музея захоўваюцца творы вядомых майстроў краіны: В. Грамыкі, А. Бархаткова, У. Кудрэвіча, М. Савіцкага, В. Цвіркі, Л. Шчамялёва, Г. Вашчанкі, А. Анікейчыка, 3. Азгура, Ю. Пэна, 3. Літвінавай, У. Кожуха, У. Летуна. Пакаленне сучасных мастакоў прадстаўлена працамі Г. Конанавай, М. і Р. Таболічаў, У. Шпартава, Б. Пярвунінскіх, Ф. Кісялёва, У. Напрэенкі, У. Масленікава і інш. Сёння ў фондах установы — больш за 8000 музейных прадметаў. У пастаяннай экспазіцыі «Захаваная спадчына» даволі шырока прадстаўлены: манументальны фрэскавы жывапіс XVIII стагоддзя («Праабражэнне Гасподняе»), калекцыя іканапісу, магілёўская школа гравюры XVII стагоддзя, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кафля XVII стагоддзя, што ўдалося сабраць, захаваць, адрэстаўраваць калектыву навуковых супрацоўнікаў музея. Таксама экспануюцца фрагменты іканастаса Мікольскай царквы манастыра з Магілёва, выкананыя вядомым майстрам XVII стагоддзя Клімам Міхаловым ва ўнікальнай нацыянальнай тэхніцы «беларуская рэзь» (рэзь навылёт). Музей арганізаваў рэстаўрацыю і захаванне насценных роспісаў «Праабражэнне Гасподняе», «Нясенне крыжа», «Сон Якава» з Бялыніцкага манастыра XVIII стагоддзя. Гэтыя фрэскі з’яўляюцца прыкладам Магілёўскай школы манументальнага жывапісу і ўносяць істотныя дапаўненні ў нашы ўяўленні аб развіцці старажытнабеларускага жывапісу ў цэлым. Роспіс «Сон Якава» стаў асноватвор-ным у арт-аб’екце «У сетцы сну Якава», які адкрыўся ў 2022 годзе. У ім арганічна злучыліся неспалучальныя рэчы — фрэскавы жывапіс XVIII стагоддзя ў стылі барока і супрэматызм. Унікальнасць праекта — новая мастацкая аўтарская інтэрпрэтацыя адрэстаўраванага насценнага роспісу.

Пастаянная экспазіцыя «Таямнічы водбліск стагоддзя» дэманструе галаграфічную выяву галоўнага сімвала хрысціянскай веры — Крыжа Еўфрасінні Полацкай, а таксама галаграмы іншых значных рэліквій беларускай зямлі.

У музеі захоўваецца копія арыгінальнай магілёўскай батлейкі з лялькамі. У рэпертуар, разам з аўтэнтычнай рэлігійнай інтэрмедыяй «Цар Ірад», уваходзяць жанравыя сцэнкі «Як баба ў свята рабіла ды душу сваю загубіла», «Можам вас навучыць, як панскія хваробы лячыць» і інш. На выступлениях супрацоўнікі музея знаёмяць гледачоў з асаблівасцямі батлейкі, гісторыяй яе бытавання. 3 мэтай пашырэння міжнародных кантактаў беларускіх мастакоў, для павышэння агульнай культуры і падтрымкі рэалістычнага напрамку ў пейзажным жывапісе штогод з 1996-га на базе музея праводзіцца Міжнародны пленэр «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве». За гады яго правядзення на магілёўскай зямлі пакінулі часцінку сваёй душы больш за 600 мастакоўз 38 краін. У рамках пленэру праводзяцца майстар-класы, творчыя сустрэчы, вечарыны нацыянальных культур.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава — сучасная ўстанова культуры, якая працуе ў розных напрамках: музейная, культурна-асветная, патрыятычная, навукова-даследчая дзейнасць.