«Роднай магілёўскай зямлі… з нізкім паклонам»

Пракапцова, В. «Роднай магілёўскай зямлі… з нізкім паклонам» / Вера Пракапцова // Мастацтва. — 2024. — № 4. — С. 24—29.

Павел Васільевіч Масленікаў — адзін з прызнаных майстроў пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва Беларусі ХХстагоддзя. Тэатральны жывапісец, пейзажыст, мастацтвазнавец і педагог, прыхільнік класічных традыцый у мастацтве, ён жыў самім працэсам творчасці, цаніў майстэрства і прафесіяналізм.

У гонар 110-годдзя мастака ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы. Мы прапануем вашай увазе артыкул доктара мастацтвазнаўства Веры Паўлаўны Пракапцовай — дачкі майстра. Напісаны ён быў да стагоддзя мастака, але і сёння не страціў актуальнасці.

Дзейнасць заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, народнага мастака Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Паўла Масленікава была скіравана на тварэнне тэатральнай культуры, нацыянальнай сістэмы адукацыі і навукі ў галіне мастацтва, на развіццё беларускага жывапісу.

Нарадзіўся мастаку в. Нізкая Вуліца, якая пазней улілася ў вёску Княжыцы, што знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Магілёва. Бацькі — Васіль Рыгоравіч і Марыя Яфімаўна — былі моцнымі сялянамі-хутаранамі, якія добра ведалі няпростае рамяство хлебароба і выгадавалі чатырох дзяцей: старэйшую дачку Еўфрасінню і сыноў — Цімафея, Паўла, Уладзіміра. У в. Княжыцы Павел скончыў чатыры класы пачатковай школы. Самым яркім успамінам таго часу засталася экскурсія з настаўнікам у магілёўскі музей, дзе ён упершыню ўбачыў творы В. Сурыкава, I. Рэпіна, Д. Лявіцкага, I. Айвазоўскага.

У дзесяцігадовым узросце Павел пераехаў у Магілёў, дзе вучыўся ў 3-й сярэдняй школе, пазней — у Магілёўскім педагагічным тэхнікуме і Магілёўскім педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце. У тэхнікуме пазнаёміўся з цудоўным педагогам-жывапісцам Ф. Пархоменкам, які скончыў Віленскую рысавальную школу I. Трутнева. Там жа выкладчыкам музыкі, спеваў і методыкі працаваў кампазітар М. Чуркін, які стварыў цудоўны харавы калектыў і аркестр народных інструментаў, куды прыйшоў спяваць у хоры і граць у аркестры Павел Масленікаў.

Вучоба ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1934—1938) стала асновай яго прафесійнай дзейнасці. У 1930-я там выкладалі прызнаныя майстры, якія прытрымліваліся рэалістычнага метаду ў жывапісе (У. Хрусталёў, I. Ахрэмчык, Л. Лейтман, В. Волкаў, М. Лебедзева, М. Эндэ, Ф. Фогт, М. Керзін) і сфарміравалі Масленікава як мастака. Ён заставаўся адданым рэалістычнаму стылю ўсё сваё жыццё, што адбілася не толькі ў яго жывапісных работах, але і ў мастацтвазнаўчых даследаваннях.

Разам з тым Паўла Масленікава не пакідала цяга да музыкі. Аркестравае музіцыраванне было адным з яго любімых заняткаў. Такое ўнутранае яднанне музычнага і выяўленчага мастацтва ў душы маладога чалавека, мабыць, і вызначыла яго далейшую дзейнасць у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, куды ён прыйшоў, калі яму было 24 гады. Яшчэ калі Павел вучыўся на чацвёртым курсе, у вучылішча прыехаў мастак-пастаноўшчык гэтага тэатра Ніктапаліён Аляксандравіч Каровін, які і адабраў Масленікава для працы мастаком-дэкаратарам. На шырокі шлях самастойнай работы яго вывеў вядучы тэатральны мастак таго часу Сяргей Піліпавіч Нікалаеў, які стварыў нацыянальную школу дэкаратараў-жывапісцаў і да якога Павел Васільевіч ставіўся з вялікім піетэтам.

Але творчая праца была перапынена вайной. Яна застала маладога мастака падчас адпачынку на Каўказе, у Туапсэ. Па мабілізацыі яго накіравалі ў часці сувязі пад Маскву, а ў апошні год вайны — да турэцкай мяжы, у Іран.

У тэатр оперы і балета ён вярнуўся ў 1946 годзе і прапрацаваўтам да пачатку 1960-х. Павел Васільевіч быў прадстаўніком першага пакалення беларускіх мастакоў-дэкаратараўу нацыянальных тэатрах рэспублікі савецкага часу. Ён аформіў 16 опер, 7 балетаў, больш за 10 драматычных пастановак. Масленікаву пашчасціла працаваць і з еўрапейскай класікай — «Тоска» (1950) Дж. Пучыні, «Паяцы» (1951) Р. Леанкавалы, «Лакмэ» (1952) Л. Дэліба, «Фра Д’ябала» (1955) Д. Абера, «Цыганскі барон» (1960) I. Штрауса, «Баль-маскарад» (1961) Дж. Вердзі, «Джаконда» (1962) А. Панк’елі — і з творамі рускіх кампазітараў: «Дэман» (1951) А. Рубінштэйна, «Іаланта» (1952) П. Чайкоўскага. Ён афармляў оперы славянскіх кампазітараў, пастаноўка якіх сімвалізавала шматвяковую сувязь народаў, — ; «Прададзеная нявеста» (1949) Б. Сметаны, «Запарожац за Дунаем» (1951) С. Гулак-Арцямоўскага, «Страшны двор» (1952) С. Манюшкі, працаваў над савецкім рэпертуарам — «Маладая гвардыя» (1954) Ю. Мейтуса і, безумоўна, над пастаноўкай нацыянальнай беларускай оперы — «Даліна шчасця» (1957) Ю. Бяльзацкага, «Міхась Падгорны» (1957) Я. Цікоцкага, «Яснае світанне» (1958) А. Туранкова. Паралельна з працай у оперным тэатры Павел Васільевіч завочна вучыўся ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя I. Рэпіна (1948—1953) на факультэце тэорыі і гісторыі мастацтва, пасля заканчэння якога стаўаспірантам Інстытута літаратуры АН БССР. Навуковым кіраўніком амаль саракагадовага аспіранта быў Міхаіл Сяргеевіч Кацар.

Маючы тэарэтычную адукацыю і займаючыся мастац-твазнаўчымі даследаваннямі, мастак імкнуўся асэнсаваць практыку дэкарацыйнага афармлення спектакля. Ён лічыў, што «…важнае значэнне мае культура эскіза. Эскіз, як і карціна, павінен быць па-мастацку самастой-ны. Тэатральнаму мастаку, як і станкавісту, неабходна штодзённа пісаць з натуры, павышаць сваё майстэрства, узбагачаць сябе ўражаннямі» (Масленікаў П. Афармленне спектакля //Літаратура і мастацтва. — 1952. — 1 ліст. — С. 3.). Прыводзячы словы I. Рэпіна «Фарба — гэта думка», Павел Масленікаў сцвярджаў: «Колер з’яўляецца адным з самых моцных сродкаў тэатральнага мастака. Умець знайсці колеравую танальнасць карціны, якая б злівалася ў адзіны акорд з аркестравай партытурай, знайсці „сюжэтнае» развіццё колеру, узыходзячую сілу яго напружанасці, яго кульмінацыю — значыць выказаць эмацыянальна-псіхалагічную атмасферу сцэнічнага дзеяння» (Тамсама). Мастацтвазнаўчыя даследаванні П.В. Масленікава датычыліся не толькі сцэнаграфіі, але і жывапісу, тэматычнай карціны, творчасці розных мастакоў, тэорыі жанраў вы-яўленчага мастацтва. Гэта былі артыкулы ў перыядычным друку, навуковых часопісах, у пяцітомнай «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», раздзелы, прысвечаныя беларускаму жывапісу ў дзевяцітомным выданні «История искусств народов СССР», у шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва», калектыў аўтараў якой быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі ў 1996 годзе, але Паўлу Масленікаву яна была прысуджана ўжо пасмяротна. Пачатак 1960-х для Паўла Васільевіча быў самым насычаным перыядам у жыцці. Абарона дысертацыі на саісканне вучонай ступені кандыдата мастацтвазнаўства, выкананне абавязкаў старшыні Саюза мастакоў БССР, адстойванне ідэі і адкрыццёў 1962 годзе Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер называецца гімназіяй-каледжам і носіць імя яго настаўніка I. Ахрэмчыка) адбываліся паралельна з прэм’ерай «Джаконды» А. Панк’елі і падрыхтоўкай да другой (першая адбыласяў 1954-м) персанальнай выставы мастака ў 1964-м, прысвечанай яго 50-годдзю. Аднотолькі пералічэнне названых падзей, якія адбыліся за гэты кароткі час, раскрывае значэнне дзейнасці П.В. Масленікава для развіцця мастацкай культуры Беларусі.

У перыяд працы рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1960—1964) П.В. Масленікаў многа зрабіў для ўдасканалення навучальнага працэсу і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтай вышэйшай установы: былі пабудаваныя інтэрнат і другі вучэбны корпус, надбудаваны пяты паверх у старым корпусе, праведзены рамонт вучэбных памяшканняў, выселена гарадская сталовая і пераабсталявана пад скульптурныя майстэрні, арганізавана навучанне, створана Студэнцкае навуковае таварыства, адноўлена дзейнасць станковага аддзялення, пашыраны спектр спецыяліза-цый дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення, адкрыта аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу і ткацкае аддзяленне, а на завочным аддзяленні сталі рыхтаваць тэатразнаўцаў і мастацтвазнаўцаў, была адкрыта аспірантура. Павел Масленікаў быў рашучым чалавекам, байцом, цвёрда адстойваў свае ідэі. Ад яго зыходзіла каласальная энергія, якая стымулявала агульны ўздым інтэлектуальнага жыцця. Павел Васільевіч лічыў, што галоўнае — знайсці ідэю, асэнсаваць, распрацаваць яе і пры рэалізацыі абаперціся на калектыў. Ён часта паўтараў: «Кафедра — гэта святое».

У працоўнай кніжцы П.В. Масленікава — толькі два месцы працы: оперны тэатр і тэатральна-мастацкі інстытут. Унутры гэтых скупых дакументальных запісаў адлюстраваны кар’ерныя ўзроўні мастака, мастацтвазнаўца і педагога: дэкаратар (1938—1941), мастак-пастаноўшчык (1946—1960), рэктар (1960-1964), дацэнт кафедры інтэр’ера (1964—1967), загадчык кафедры мастацкага афармлення тканін і мадэлявання вырабаў лёгкай прамысловасці (1967—1978), дацэнт кафедры жывапісу (1979—1995).

Яго арганізатарскія здольнасці і актыўная, прыкметная ў рэспубліцы дзейнасць абумовілі таксама вялікую грамадскую работу: у Саюзе мастакоў БССР, намесніка старшыні праўлення Саюза мастакоў, члена прэзідыума правления Мастацкага фонду СССР. У розны час ён узначальваў творчыя секцыі маетакоўтэатра і кіно, мастацкай крытыкі і мастацтвазнаўства, абіраўся членам партбюро опернага тэатра і тэатральна-мастацкага інстытута, сакратаром партбюро Саюза мастакоў, з’яўляўся старшынёй навуковага савета Метадычнага цэнтра народнай творчасці Міністэрства культуры БССР, членам навуковага савета Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, навуковым кансультантам «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», старшынёй секцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, членам рэвізійнай камісіі Саюза мастакоў БССР і г.д. Павел Масленікаў быў чалавекам свайго часу, актыўным стваральнікам мастацкай культуры Беларусі XX стагоддзя. У ім заўсёды жыла ўнутраная незалежнасць і пачуццё абавязку, пафас неабходнасці.

3 эцюднікам на плячы мастак аб’ездзіў многія краіны — Індыю і Непал, Швецыю і Фінляндыю, Францыю і Італію, Егіпет, краіны Балтыі, Украіну, Расію — і, вядома, неаднаразова пабываў ва ўсіх куточках роднай Беларусі. Ён стварыў пейзажны летапіс сваіх падарожжаў. Яго творчасць вылучаецца рамантычным настроем, рэалістычным адлюстраваннем прыроды. Мабыць, яна ажывалаўяго творчасці як сімвал паўстання супраць рацыяналізму і норм цывілізацыі, як права раскрыцця творчай індывідуальнасці.

Пейзажы П.В. Масленікава прадстаўлены ва ўсёй жанравай разнастайнасці: гарадскія, архітэктурныя, марскія, індустрыяльныя, гістарычныя, але больш за ўсё ў іх адлюстраваны зямныя ландшафты. Масленікаў стварыў пейзажныя цыклы «Па родным краі», «Алтайскі», «Прыбалтыйскі» (1967—1974), якія экспанаваліся на персанальнай выставе, прысвечанай 60-годдзю з дня яго нараджэння. Гарадскія і архітэктурныя пейзажы адлюстроўваюць розныя станы і геаграфію падарожжаў мастака. Тэта «Старажытны Мінск» (1987), «Гурзуф» (1987), «Старая Рыга» (1973), «Ра-каў» (1980), «Вулачка Мінска» (1963), «На ўскрайку Мінска» (1963), «Індустрыяльны Мінск» (1964), «Пенза» (1956), «Ля берагоў Адэсы» (1958), «Хельсінкі. Прычал» (1973), «Хельсінкі. Порт» (1973), «Турку. Камяні» (1973), індыйскія гарады і гарады Міжземнамор’я — «Ускраіна Дэлі» (1976), «Неапаль» (1958), «Рым» (1958), «Каля Канстанцінопаля» (1958), «Марсэль. Порт» (1958). Незвычайным у жыцці П.В. Масленікава быў яго пешы паход па Алтаі ў 1972 го-дзе, адкуль ён прывёз 70 пейзажных кампазіцый на палатне. Самыя цудоўныя з іх — «Маеты праз Катунь», «Песня гор», «Малы Чамал», «Цялецкае возера», «Над Іняй», «Ля падножжа Чык-Томана», «Жнівень у Алтаі» і інш.

Пейзажы Паўла Масленікава ўзнаўляюць блізкую яго сэрцу родную прыроду. Ніякіх незвычайных зрокавых вобразаў не прапануе мастак, але пры гэтым хочацца бясконца ўглядвацца, любавацца колеравай гамай. Маляўнічыя далі, мяккія лініі, рытм каларыстычных пераходаў. Зноў і зноў адчуваеш дачыненне да прыгажосці ў яе вышэйшым праяўленні, калі эстэтычнае родніцца з ідэалам этычнага. Прыгажосць сплаўлена з дабром. Сэнсавая аснова пейзажа, якая ўпісана ў візуальную, прарастае з вопыту жыцця, увабраўшы ўсю яго мудрасць.

Асаблівай прывабнасцю вызначаюцца яго мініяцюры, напісаныя алеем на кардоне невялікіх памераў. На іх старанна прапісаны непаўторныя сугуччы зеляніны хмызнякоў, празрыстага блакіту неба, стрыманых вохрыста-карычняватых тонаў зямных сцежак. Гарманічная маляўнічасць жыцця прыроды раскрывае творчую энергію мастака, закліканую ўзбуджаць пачуццё прыгожага. Своеасаблівая лірыка пачуццяў, паэтыка далікатных адносін да роднай зямлі канцэнтруецца ў мініяцюрнай жывапіснай форме. Павел Васільевіч любіў пісаць і «буйным планам», змяш-чаючы эцюднік сярод ляснога гушчару, выбіраючы ракурс агляду ў непасрэднай блізкасці да аб’екта. Пейзаж «Лясны гушчар» (1982) нібыта ўцягвае гледача ў свае зараснікі. Цёмныя, высокія, магутныя яліны з разложыстымі галінкамі-лапамі суседнічаюць са светлымі кучаравымі бярозкамі ў кантрасным адзінстве. Поўны спакой летняга дня. Але pyx перадаецца мадуляцыяй колеру: ад жоўта-салатавай лістоты бяроз праз шызую аксамітнасць хмызнякоў да густой зеляніны елак. Водбліск сонечных прамянёў і раскіда-ныя крапавыя плямы надаюць твору экспрэсію.

Павел Масленікаў імкнуўся захаваць зменлівыя, знікомыя вобразы прыроды. «У парку» (1983) ён улоўлівае непаўторны стан надыходзячай восені, пастаянна і хутка зменлі-вую рознакаляровасць раслін, безабароннасць дрэў, якія скідваюць лісце, вібрацыю дыхания восеньскага парку. Менавіта такі стан прыроды перадае святлаколерная танальнасць пейзажа: перарывістыя лініі, адрывістыя мазкі, лёгкасць і празрыстасць фактуры, якая практычна растае да страты колеру следам за ўцёкамі «ў нікуды» дарожкі колеравай гамы. У пейзажах «Залатая восень» (1994), «Падае лісце» (1982) мастак выбірае момант, калі лісце яшчэ на дрэвах, але восеньскі вецер ужо дакрануўся да яго сваім дыханием. Бесперапынна змяняецца стан пор года, які нясе на сабе адбітак імгненнасці. Энергічна напісаныя пейзажы правакуюць адчуванне нашай прысутнасці.

Гарадскія пейзажы, створаныя падчас паездкі ў Індыю і Непал («Вечар у Дэлі», «Непал. Набярэжная Катманду», «Катманду. Перад рэзідэнцыяй караля», «Раніца ў Дэлі», усе — 1976), нібыта прывіды, якія мігцяць, праступа-ючы праз смуту ўсходняй прыроды. Яркія залацістыя фарбы купалаў высвечваюцца і патанаюць у марыве паветранай прасторы. Сакавітая зялёная гама перава-жае ў пейзажы «Ускраіна Дэлі». Утойваючы пад густым цяньком лісця зіхаценне белізны і пурпуру, якое высвет-лілася сонечным променем. Яркай каларыстычнасцю і дэкаратыўнасцю вылучаецца работа «Ля пячоры храма Аджанта», у якой багацце і прыгажосць фарбаў, разнастайнасць формы мазка — то вертыкальнага, то гарызантальнага, дзе болей працяглага, дзе кропкавага, — перадаюць пераліванне сонечнага святла і паветранай прасторы.

Сярод дасягненняў П.В. Масленікава — яго зімнія пейзажы. У іх ён перадае экспрэсію зімовых краявідаў стрыманасцю настрою і незвычайнасцю, дзіўнасцю прыродных эфектаў. Танальныя суадносіны раскрываюцца ў тонкай нюансіроўцы колеру і святла. Прыглушаныя фарбы снежнага дня ў пейзажы «Шэрань» (1981) высвечваюцца скрозь заслону серабрыста-ліловага пакрыцця. Светлавымі плямамі-блікамі кладуцца цені, бэзавым блакітам зіхаціць снег. Застылыя патокі паветра, як перламутравая заслона, ахінаюць зямлю.

Надзвычайная работа «Над Цісай» (1967). Заснежаныя Карпаты ўздымаюцца ў неба. Карціна ўражвае сілай імгненнага ўздзеяння. Быццам з вышыні птушынага палёту бачыш ва ўсёй аб’ёмнасці заснежаныя горы і бездань, завоблачную вышыню і глыбіню зямных нетраў. Карціна зачароўвае, гіпнатызуе, прываблівае да свайго сусвету, у шматгалосае рознавышыннае гучанне. Адчуваеш павет-раную нерухомасць марознага вечара і сам нібыта апы-наешся ў гэтай прасторы, чуеш звонкую цішыню горных масіваў, бачыш ззянне, водбліск апошніх дзённых прамянёў. Позірк накіроўваецца да гарызонту, а ён аддаляецца, раствараецца ў смузе, якая яднае замёрзлую ваду і неба. Зіхаціць снежны халаднаваты спакой.

Паўла Масленікава заўсёды вабілі разнастайныя атмасферныя з’явы: ранішнія туманы, застылыя марознасць зімовага дня, лёгкасць шэрані, чысціня першага снегу, вытанчанасць і празрыстасць ледзянога покрыва. «На Свіслачы» (1992), «Свіслач раскрываецца» (1992) — два розныя па настроі, стане прыроды і колеравых суадносі-нах пейзажы. Але, калі глядзіш на гэтыя палотны, здаецца, што аўтар свядома сканцэнтраваўувагу на выяўленні рознага ў падобным сюжэце ландшафту. Тая ж лукавіна ракі, тыя ж прыбярзжныя зараснікі, але прырода такая зменлівая, такая непаўторная, што кожны позірк мастака раскрывав новую дынаміку яе жыцця. Суровасць марознага вечара перададзена праз глыбокую насычанасць колеру, выразнасць ліній і малюнка. Светлы зімні дзень напісаны лёгка, у гармоніі колеравых адценняў блакітнага, лілова-ружовага, салатава-шэраватага.

У работах «Сакавіцкі вечар» (1993), «Старыя сосны» (1992), «Зімнія прыцемкі», «Ляўкі. Цішыня» (1994), «Лагойшчына» (1994), «На ўзлессі» (1979), «Люты» (1973) снежны полаг паказаны ў кантрасце з бурай зелянінай ці прыглушанай чырванню неапалага лісця застылых на зіму дрэў. Пра-сторавыя ўзаемаадносіны колеру надаюць кампазіцыям аб’ёмнасць, заводзяць гледача ў глыб выявы.

Незвычайнай празрыстасцю і цішынёй вызначаецца пейзаж «Вяснянка» (1993). Зіхаценне на воднай паверхні стварае мелодыю чуллівай прыгажосці прыроды. Утонкіх колеравых нюансах распазнаецца фактура вады, лёду і снегу, прыбярэжнага куста, абвіслага зімовага неба, ледзянога акрайка. Звонкая празрыстасць паветранай прасторы, плаўная мелодыя павольнай ракі, што заснула на зіму, — тонкая і нязмушаная работа мастака, які ўважліва прыслухоўваўся да гучання прыроды.

Водная стыхія на палотнах Паўла Масленікава высвечваецца сінню марскіх глыбінь, смарагдавасцю ляснога ўзбярэжжа, металічным бляскам сцюдзёных азёр, ша-раватай павалокай туманаў над балотамі, пяшчотным спакоем бірузы ранішняга мора, багровымі водбліскамі перадзакатнай воднай гладзі. Водныя прасторы Беларусі адлюстраваны ў шматлікіх пейзажах у розныя часы года: «На Іслачы» (1974), «Купалаўскі вечар» (1986), «Прыпяць — водная артэрыя Палесся» (1987), «На Вячы» (1989), «Пасля дажджу» (1993), «На зямлі песняра» (1995) і інш. Прырода, якая прачынаецца ў пейзажы «Вясна. Вяча» (1993), набірае сілу. Застаялая за зіму цёмная вада напоўнена спакоем, «гукавымі» і колеравымі працягласцямі, што адлюстраваны ў роўнасці мазка, замерлага ладавага адзінства светлавой гамы.

Дзівоснай па настроі і святланоснасці ўяўляецца работа «Адзінокі ветразь» (1973). Тэта паэтычны вобраз Мінскага мора. Прамяні сонца на захадзе адлюстроўваюцца ў спакойным, але поўным руху, метамарфоз, пераліваў колеру, улагоджанай калейдаскапічнасці стане мінскага вадасховішча. У панараме агляду вымалёўваецца добраўпарадкаваны пляж, абрысы новай у той час гасцініцы «Юнацтва». На першым плане — камяністы бераг. Але галоўнае, што прыцягвае ўвагу, — гэта паверхня вады.Тонкасць і празрыстасць фарбавага пласта, рухомасць і перарывістасць кароткіх гарызантальных мазкоў-рысак празрыста-прыглушаных (блакітнага, ружовага, смараг-давага, зеленаватага) колераў ствараюць адчуванне цеплыні, мяккасці, свежасці, ціхай радасці. Белы ветразь ледзь-ледзь калышацца ў спакойнай вадзе, адкідваючы ўласнае зыбкае адлюстраванне. Колеравы прамень-гук дыхае, свеціцца, звініць, прастора напоўнена святлом, паветрам і лёгкім брызам. У нябеснай стыхіі мастака захаплялі аблокі. Углядваючыся ў завоблачную высь, ён заўсёды бачыў і адзначаў іх непераўзыдзеную прыгажосць, кожны раз усклікаў: «Глядзі! Якія воблакі! Вось бы ўлавіць гэты стан і перадаць на палатне!»

Грузныя, шчыльныя, аб’ёмныя аблокі навіслі ў пейзажы «Над палямі» (1992). Іх сканцэнтраваная моц зачароўвае і як бы раскрывав, дэшыфруе сезонны час позняга лета, хлебнай нівы, якая выспявае і ўбірае ў сябе жыватворчыя вытокі нябеснай і зямной сілы. Скрозь бясконца зменлівыя аблокі мастак назіраў спякотны дзень і познюю восень, вечар на Прыпяці і жыта, якое закаласілася. Знакавай па сіле вобразнага абагульнення ў яго творчас-ці стала карціна «Зямля беларуская» (1973). Увысь бясконца зменлівых аблокаў імкнецца абеліск Кургана Славы, які ўслаўляе гераізм славянскіх народаў.

Апошняй, незавершанай работай Паўла Масленікава стаў твор, на якім адлюстравана нябесная завоблачная вышыня. Густыя шматслойныя аблокі высвечваюць ледзь прыкметную, толькі пазначаную пэндзлем мастака фігуру анёла, ад якой зыходзяць патокі прамянёў, што яднаюць неба і зямлю, усяляюць веру ў чалавека, мастака, яго творчыя сусветы.

Да ўвахода ў Магілёўскі абласны мастацкі музей, які з 1997 года носіць імя Паўла Масленікава, вядзе невялікі бульвар. Ён звязвае музей з цэнтральнай вуліцай горада — Першамайскай. Менавіта тут, у атачэнні бярозак, якія так любіў пісаць мастак, усталяваны бюст. Яго аўтар — скульптар У.М. Лятун. Уладзімір Міхайлавіч аднавіў у бронзе зборны вобраз мастака, якому не былі ўласцівыя пафас і афіцыёз. Спакойны выраз твару, берэт, расхінуты каўнер швэдра. Позірк скіраваны на родны горад, у ваколіцах якога ён нарадзіўся, правёў школьныя гады і ў які вярнуўся, падараваўшы землякам вялікі збор сваіх жывапісных работ, дзе стварыў непаўторныя, чароўныя вобразы роднай зямлі, свой асаблівы свет, у якім рэальнасць пераплятаецца з паэзіяй, жывапіс напаўняецца музычнасцю, экспрэсія набліжаецца да тэатралізацыі. Павел Масленікаў пакінуў багатую творчую спадчыну.

Лёс большасці работ мастак вырашыў яшчэ пры жыцці — перадаў у дар абласному музею. У сваім прысвячэнні ён напісаў: «Роднай магілёўскай зямлі, дарагім незабыўным бацькам маім, мудрым і працавітым землякам — з нізкім паклонам і сыноўскай удзячнасцю».