Скульптурная антрапалогія Андрэя Вараб’ёва

Шаранговіч, Н. Скульптурная антрапалогія Андрэя Вараб’ёва / Наталля Шаранговіч // Мастацтва. — 2024. — № 4. — С. 30—33.

У кожнага горада павінен быць свой летапісец. Для Магілёва такім захавальнікам гарадскіх таямніц і стваральнікам новых візуальных традыцый стаў скульптар Андрэй Вераб’ёў. Магчыма, таму што ён родам з Магілёва. Калі пасля вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кафедры скульптуры вярнуўсятакі ў родны горад, той аддзячыў тым, што ўспрыняў мастака як роднага сябра і раскрыу яму свае сакрэты.

Андрэй нарадзіўся ў сям’і лекараў: бацькі, дзядулі, бабулі, усе родзічы — дактары. Аднак, насуперак сямейнай традыцыі, сам урачом не стаў, зачараваўся творчасцю яшчэ ў школе, аднойчы зазірнуўшы ў майстэрню мастака. Фантастычны свет мастацтва стаўся шляхам на ўсё жыццё. Андрэй застаўся верны гэтай прафесіі. Як і роднаму гораду.

На вуліцах Магілёва ўтульна змясціліся шматлікія бронзавыя скульптуры-аб’екты Андрэя Вераб’ёва, якія абраслі за апошнія гады сваімі легендамі і сталі нязменнай часткай аблічча горада. Шмат гадоў запар Андрэй кіраваў Магілёўскім аддзяленнем Беларускага саюза мастакоў. Шмат гадоў выкладаў у Магілёўскім універсітэце, а яго былыя вучні дасюль захавалі да яго цёплыя сяброўскія пачуцці. Колькі гадоў адкрывала наведвальнікам у Магілёве свае дзверы галерэя Андрэя Вераб’ева, дзе не толькі дэманстраваліся работы яе гаспадара, але выстаўляліся творы сяброў і калег з розных мясцін Беларусі. Мастацкая галерэя, дарэчы, існуе і сёння, толькі змяніла фармат дзеяння. Андрэй перадаў «стырно ўлады», з узростам шкадуючы часу на штосьці іншае, акрамя ўласна творчасці.

Шмат праектаў ужо здзейснена Вераб’ёвым у Магілёве і іншых мясцінах Беларусі. А колькі яшчэ нерэалізаваных эскізаў, якія маглі б стаць новымі ажылымі гісторыямі старажытнага Магілёва, стаіць у майстэрні… Аўтар з нязменнай адкрытасцю дзеліцца задумамі. Марыць. Напрыклад, бронзавы Машэка з вызваленай ад панскай няволі каханай, якая разгубілася ад гэтага вызвалення і адной рукой ці то абдымае яго, ці то цягнецца да зброі. Памер будучай працы павінен быць, заўважае аўтар, не менш за 2 метры. Андрэй бачыць яе ў магілёўскім парку Горкага. А яшчэ скульптар хацеў бы бачыць у горадзе скульптуру-фантан Рамэа І Джульеце — Роме з Юляй, як з пяшчотнасцю ён называе прыдуманых ім персанажаў. Хлопец з дзяўчынаю, якія ўзняліся над дахамі сваіх дамоў, зліваюцца ў пацалунку, нягледзячы на сцяну вады, якая спрабуе іх разлучыць. У магілёўскага прадпрыемства «Бабушкина крынка» мог бы з’явіцца свой адметны знак — Крумкач з сырам. Андрэй укладае ў гэтую скульптуру своеасаблівы сэнс: крумкач — птушка поспеху. Яна шчаслівая, на яе з неба зваліўся кавалачак сыру. Яна, як усе шчаслівыя асобы, аўтаматычна дзеліцца шчасцем з усімі: «Гэты Крумкач — самая шчаслівая істота ў Магілёве.

Яна настолькі радасная і акрыленая, што ад шчасця ў яе бягуць заўважныя мурашы па скуры і вылазіць залатое яйка. Калі яго пагладзіць, то радасці і шчасця ў чалавека будзе бязмежная колькасць».

А яшчэ ў яго запасніках ёсць жаніх з нявестай, якія маглі б стаяць каля будынка ЗАГСа; дрэва ведаў у выглядзе снапа з беларускіх кветак з лісткамі-літарамі; купэ цягніка ў натуральны памер, у якім утульна размясцілася звычайная беларуская сям’я, што едзе да бабулі ў госці (сёння думка Андрэя развілася і ён ужо бачыць цэлы вагон, які можна усталяваць на рэйкі і вазіць з горада ў горад); помнік маладой бульбе; хлопчык, што вучыцца маляваць; Шагал, які рукой дакранаецца да Эфелевай вежы і мае два твары, бо ў яго дзве радзімы — Беларусь і Францыя. А чаго варты рыбак — скульптуру ў рэальны чалавечы рост мастак бачыць на Дубравенцы, дзе рыбак стаіць на адным з паўкруглых парапетаў тварам да ракі, разгледзець яго магчыма толькі з вады. Ці тунэль перад мастацкім музеем імя П. Масленікава, падобны здалёк на сілуэт чалавека або замочную адтуліну. «Гэта работа — спроба паказаць, як бяжыць час і праходзіць чалавечае жыццё, — распавядае Андрэй Вераб’ёў. — Уваход у тунэль з аднаго боку маленькі — для дзіцёнка, а з другога боку — для дарослага чалавека. Маленькі чалавек можа зайсці з аднаго боку і выйсці з другога, а дарослы можа толькі пасунуцца ў адзін уваход, прайсці па тунэлі не зможа, бо вярнуцца ў дзяцінства нельга».

Андрэй часта з гумарам згадвае, як вядомым ён стаў не тады, калі адкрыў у Мінску падчас студэнцтва ў 1994 годзе амбіцыйную галерэю свайго імя пад назваю «АВ» (Андрэй Вераб’ёў) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, і не тады, калі пачаў адзіны ў Беларусі выстаўляць канцэптуальныя аўтапартрэты, што выклікаюць і спрэчкі, і захапленне гледачоў адначасова. Знакамітым ён прачнуўся пасля таго, як у Шклове ў 2007 годзе каля Дома культуры з’явіўся помнік агурку. Скульптар распавядае, што шчыра здзівіўся нечаканай прапанове тагачаснага кіраўніка Шклоўскага райвыканкама. А потым пачаў абдумваць ідэю. I нарадзілася цэлая гісторыя. Уявіў, што ёсць такі Агурадок — чалавек-агурок. У папярэднім жыцці ён быў артыстам шклоўскага правінцыйнага тэатра, таму такі выйшаў эксцэнтрычны і арыстакратычны. У кошыку ў яго агуркі, ён ходзіць начамі па горадзе і падкідвае іх у агароды — нездарма Шклоў называюць агурочнай сталіцай Беларусі. Атрымаўся вясёлы мужычоку пінжачку, гальштуку-матыльку, на галаве — шапка з лісточка, у адной руцэ — кошык з агуркамі, у другой — кветачка. «Скульптуры, калі яны выкананы таленавітымі майстрамі і нясуць у сабе сэнс, таксама могуць выклікаць у душы дзіўную мелодыю, якая задав настрой. Асабліва калі яны знаходзяцца на вуліцах горада, дзе мноства гараджан хоць і імчыцца, разважаючы аб сваіх праблемах і планах, тым не менш заўсёды знойдзе імгненне, каб атрымаць асалоду ад дзівоснай кампазіцыі, здольнай прымусіць усміхнуцца або падумаць аб тым, што ж хацеў сказаць аўтар мудрагелістага твора».

А яшчэ Андрэй Вераб’ёў з’яўляецца аўтарам памятнага знака «Магілёў — культурная сталіца СНД» каля гарвыканкама, скульптуры гімнасткі каля Палаца гімнастыкі ў Магілёве, дзяўчынкі з люстэркам каля МДУ імя А. Куляшова, студэнткі і студэнта, што чытаюць кнігу, у Горках, скульптуры «Развітанне» ў Быхаве, многіх мемарыяльных дошак у памяць аб выдатных магіляўчанах. Камсамольскі сквер Магілёва ўпрыгожвае вулічная скульптура «Маленькі прынц».

«Маленькі прынц» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы — гэта філасофская казка пра дабро і зло, галоўны герой якой змагаецца са штодзённасцю жыцця. У Андрэя Вераб’ёва Прынц стаіць на астэроідзе і палівае сваю Ружу. Скульптура засяроджваецца на гісторыі Маленькага Прынца і Ружы як адлюстраванні няпростых узаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай. Герой стомлены цудоўнай кветкай, але, дзе б яна ні знаходзілася, думае толькі пра яе.

У гэтым філасофскі сэнс самой казкі, дзе планеты, па якіх падарожнічае Прынц, сімвалізуюць людскія душы. Як і ў жыцці, яны могуць быць прыгожыя, калі чалавек працуе і развіваецца, а могуць і загінуць, калі чалавек будзе ленавацца.

А яшчэ варта згадаць ільвоў, што ўпрыгожваюць адну з галоўных гарадскіх магістраляў, — яны адразу сталі пазнавальным сімвалам горада. Для стварэння скульптур аўтар пазнаёміўся з сапраўднымі львамі, дрэсіроўкай якіх займаюцца браты Запашныя. Вывучаючы манеры і звычкі гэтай жывёлы, Андрэй Вераб’ёў стварыў цудоўныя скульптуры, якія па заслугах ацанілі не толькі магіляўчане, а таксама расійскія дрэсіроўшчыкі. Адзін з братоў Запашных, пабываўшы ў Магілёве, сказаў, што скульптура падобная да арыгінала: леў рэалістычны і вельмі адрозніваецца ад іншых скульптур, якія ён бачыў. Свой леў з’явіўся і каля будынка МТС на вуліцы Першамайскай у Магілёве. Гэты бронзавы цар звяроў вельмі добразычлівы, усміхаецца і размаўляе па тэлефоне.

Ёсць работы Вераб’ёва і ў Мінску. Каля Храма свяціцеля Мікалая Японскага размясцілася скульптурная кампазіцыя «Далоні». Работа была створана на пленэры, дзе па задуме арганізатараў трэба было ўвасобіць у жыццё адну з біблейскіх запаведзяў. Андрэю дасталася чацвёртая. Сутнасць яе ў тым, што шэсць дзён чалавек павінен працаваць, а сёмы прысвячаць Богу. Андрэй Алегавіч уключыў у кампазіцыю наступныя элементы: уздоўж дарогі да храма выклаў шэсць камянёў, а за імі — скульптуру далоняў, якія ўвасабляюць сёмы дзень, які трэба праводзіць у малітве і прысвячаць Творцу.

А вось адну з важных для яго ідэй — пясочнага гадзінніка — ён рэалізаваў некалькі гадоў таму ў кітайскім горадзе Нанкіне, які ў 2016-м стаў пабрацімам Магілёва. Там сёння ўсталявана ўнікальная кампазіцыя пад назвай «Кароль і каралева, або Пясочны гадзіннік часу». Калі яе разглядаць стоячы — бачыш сімвал кахання паміж мужчынам і жанчынай, абмен энергіяй між імі, а калі нахіліць галаву — атрымаецца васьмёрка, або вечны pyx часу… Андрэй Вераб’ёў перадусім унікальны мастак. Яму цесна ў рамках традыцыйнай скульптурнай пластыкі. Сэнс часта дамінуе над формай яго твораў. Мастак віртуозна адчувае прастору як у невялікіх станковых, так і ў манументальных работах. Ён ніколі не працуе проста «пад заказ», у кожным аб’екце знаходзіць уласную тэму, якая хвалюе менавіта яго. А на пытанне пра творчае крэда звычайна адказвае: «Я проста іду».

А яшчэ імя Андрэя Вераб’ёва ў сучаснай беларускай скульптуры асацыіруецца з адраджэннем цікавасці да аўтапартрэта як галоўнага аб’екта і суб’екта творчасці. За апошнія дзесяцігоддзі Андрэй стварыў безліч скульптурных работ, якія фіксуюць самыя розныя — часам мудрагелістыя і «нязручныя» — вобразы ўласнага твару. Невялікія або маштабна супастаўныя з гледачом пластычныя аб’екты-аўтапартрэты, размешчаныя ў прасторы інтэр’еру або на адкрытым паветры, выступаюць алегорыямі сты-хій, часу сутак, супакою ці руху, розных эмацыянальных станаў. У шэрагу прац аб прысутнасці чалавека гаворыць толькі яго след — контур, зрэз дрэва, адбітак рукі…

Сваю юбілейную выставу ў арт-гасцёўні «Высокае места» Андрэй Вераб’ёў назваў «Перл». У экспазіцыі — станковыя работы розных перыядаў — безумоўна, аўтапартрэты. Побач на сценах жывапіс жонкі — Аксаны Еўдакіменка. Перл — неверагодна шматзначнае слова. Паходзіць ад французскага perle — жамчужына. Гэта пра каханне мужчыны і жанчыны, якое матэрыялізавалася ў новай асобе, падобнай да абаіх, іх любае дзіця — дачка Адэлаіда. Перл — гэта і твор, жывапісны альбо скульптурны, які прайшоў стадыі пакут, пошукаў, сумненняў, побытавых праблем, тэхналагічных працэсаў, але здзейсніўся. Невыпадкова мастак пра сваю творчасць кажа так: «Аўтапартрэт для мяне — нагода паразважаць пра жыццё. Пра маё жыццё і пра жыццё кожнага чалавека. Пра хуткаплыннасць гэтага жыцця, пра яго непаўторнасць, тонкасць і прыгажосць. А лінія кахання — гэта расповед пра з’яднанне ў адно цэлае, пра святасць, пра палёт, пра прыгажосць, пра гармонію дзвюх падобных і адначасова супрацьлеглых істот».

Уся экспазіцыя «Перл», ды і наогул пераважная большасць работ Андрэя Вераб’ёва на выставе, — гэта, безумоўна, сам Андрэй Вераб’ёў і яго варыяцыі. Старога і маладога, вясёлага і сумнага, разгубленага і засяроджанага… Пазнаеш аўтарскія рысы твару адразу. Але калі прыглядаешся больш пільна, разумеет «звышідэю» мастака: прымусіць нас, гледачоў, убачыць у гэтых работах саміх сябе…

Ужо пасля адкрыцця выставы мне хацелася задаць майстру некалькі пытанняў, каб вызначыць важныя тэзы яго творчасці. Мастак нешматслоўны ў нашай гутарцы. Данесці да гледача максімальна вялікую колькасць інфар-мацыі ён намагаецца не словамі, а вобразамі аўтапартрэтаў.

— Дзякуючы аўтапартрэту я і стаў скульптарам. Вучыўся ў школе з архітэктурна-мастацкім ухілам, была магчымасць паспрабаваць сябе ў лепцы. Я гэта вельмі любіў і аднойчы ў 7 класе вырашыў паспрабаваць зляпіць сябе. Рабіў гэта дома. Хутка вяртаўся з заняткаўу школе, глядзеў на сябе ў люстэрка і такім чынам ствараў першы аўтапартрэт. Адкрываў сябе. Адкрываў чалавека для сябе. Як выглядае чалавек, што думае. Як гэта можна перадаць. Першы аўтапартрэт і стаў вызначальнай тэмай на ўсё жыццё. I самае галоўнае, што гэта не стала праз гады для мяне менш цікавым, — распавядае Андрэй.

Удалы твор — гэта твор, у якім максімальна вызначаны сэнс, а не матэрыял, І таму Андрэй Вераб’ёў часта выкарыстоўваў такія «дэмакратычныя» матэрыялы, як цэмент, кераміка, воск. Для мастака важна ў першую чаргу данесці да гледача змест, раскрыць метафару. Ствараецца ўражанне, што дбайная прапрацоўка матэрыялу яго не цікавіць. У некаторым сэнсе гэта дапамагае раскрываць іронію і самаіронію — як адны з найважнейшых складнікаў станковых работ Вераб’ёва. Мастак гуляе формай і фармальнай кампазіцыяй. Дапамагаюць архітэктоніка, выразны сілуэт, пластыка, нюансіроўка фактур, разнастайнасць натуральнай колеравай палітры: тэракотавы ў гліне, цёплыя адценні рыжага чыгуна, блікі паліраванай бронзы.

— Аўтапартрэт — гэта вырашэнне тэмы чалавека. Гэта партрэт кожнага з нас. Я рады, калі ў маёй рабоце кожны думае пра сябе і бачыць менавіта сябе. Гэта мае развагі пра тое, якім можа быць чалавек, што ён ёсць.

Ён можа быць ядром, можа быць кніжкай. Альбо твар, вобраз чалавека можа ўвасабляць сабой усё яго жыццё — ад маленства да смерці. Іначай як гэта перадаць? — распавядае мастак.

Для Андрэя Вераб’ёва аўтапартрэт — трохмерная філасофія. Арт-выказванне. Эстэтычны жэст. Паэтызаваны эратызм. Размова аб жыцці, аб уласным шляху, аб кахан-ні, аб сталенні і старэнні, нават аб жыцці пасля смерці — усё гэта пра чалавека.

«Аўтапартрэт ва ўзросце трыццаці чатырох гадоў» ператварае чалавека ў спіл дрэва: колькі колаў, столькі і гадкоў, столькі і шляхоў, столькі і нягодаў і радасцяў быцця. «Аўтапартрэт ва ўзросце трыццаці васьмі гадоў» усейвае твар адтулінамі. Адтуліна як след, які пакідае ў чалавеку кожны пражыты год.

«Маска на кожны дзень» вызначае тыя ролі, што чалавек грае ў жыцці. Кожны сам выбірае маску, якая стане яго тварам на многія гады наперад.

«Узнёслая І зямная» распавядае пра процілеглыя выявы, што не могуць існаваць адна без другой. Баланс ўзвышанага і зямнога неабходны кожнаму з нас. Вельмі далёка адыходзячы ад зямнога, чалавеку цяжка вярнуцца ў будні, але і без узвышанага будзе невыносна ў свеце штодзённасці.

«Нараджэнне і смерць». Вонкава працу можна параўнаць з зямным шарам, у цэнтры якога знаходзіцца ядро. Кожны чалавек як планета; у ім шмат складнікаў і пры гэтым усё ў гармоніі. У цэнтры — галава немаўля, на яе паступова накладваюцца пласты — гады. Як завяршэнне — мы бачым твар дарослага чалавека.

Прафесіянал з узнёслымі думкамі юнака-рамантыка і светлым сэрцам дзіцяці. Мабыць, так можна ўявіць сабе скульптара Андрэя Вераб’ёва. Таго, што бясконца ў дарозе мастацтва.

Скульптор Андрэй Алегавіч Вераб’ёў нарадзіўся ў Магілёве 10 сакавіка 1969 года. У 1988-м скончыў аддзяленне скульптуры Mi некого мастацкага вучылішча імя А. К. Глебова, а ў 1996 г. — Беларускую акадэмію мастацтваў. 3 1995 г. актыўна выстаўляецца, у тым ліку і за мяжой. 3 2003 года — сябра Беларускага союза мастакоў. У 2023-м стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва Беларусі.