Вайна выглядвае з раскопаў

Зігуля, Н. Вайна выглядвае з раскопаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 28 мая. — С. 3.

У Слаўгарадскім раёне вяртаюць з забыцця невядомых герояў

Пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» вядуць разведвальную работу яшчэ з сакавіка. Вахта Памяці «Сожскі рубеж — 2024», адкрыццё якой адбылося ў Слаўгарадзе, дала афіцыйны старт раскопкам. З гэтага дня штодзень байцы клуба «Віккру» ў прамым сэнсе слова днююць і начуюць у полі пад адкрытым небам. І гэта нягледзячы на капрызы прыроды, назойлівую машкару, цяжкадаступнасць месцаў. Працуюць поруч з байцамі 52-га асобнага спецбатальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.


Непахаваныя, неаплаканыя

Як удакладняе кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка, Вахта Памяці — гэта ўжо вынік пошукавай работы. «Галоўнае — разведка, — кажа ён. — Каб вызначыцца, дзе шукаць, мы адпрацавалі не менш 10 разведвальных выездаў. У 1941 годзе 219-я мотастралковая дывізія генерал-маёра Паўла Корзуна штурмавала Прапойск (так на пачатку вайны называўся Слаўгарад) на працягу 20 дзён, страціла вельмі шмат — сотні, магчыма, тысячы салдат. 15 ліпеня немцы занялі Прапойск, умацавалі яго і перакрылі „варшаўку“ — дарогу Масква — Брэст. Чырвоная Армія на працягу месяца да сярэдзіны жніўня спрабавала выбіць іх і несла вялікія страты. Па іх мы, уласна кажучы, і працуем. Поле бою заставалася за немцамі, хаваць нашых было няма калі і няма каму. Яны дагэтуль ляжаць тут — вакол Прапойска, у самім Прапойску. Як загінулі ў 1941-м, так дагэтуль і лічацца зніклымі без вестак».

У пачатку жніўня 1941-га Прапойск неаднойчы станавіўся цэнтрам увагі Стаўкі Галоўнага камандавання. Сюды кідалі вельмі вялікія сілы, у тым ліку 25-ы мехкорпус. Асноўны удар на сябе прыняла 50-я танкавая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Барыса Бахарава. На жаль, не атрымалася выбіць немцаў, і чырвонаармейцам прыйшлося адступаць праз Проню, сыходзіць прасёлкавымі дарогамі на ўсход. Папоўка, Васькавічы, Свенск, Рэкта — гэта тыя месцы, дзе пошукавікі працуюць штогод. А яшчэ Аляксандраўка — самая вялікая і зручная пераправа на Сожы ў 1941 годзе, праз якую прайшлі не менш чым 1,5 дзясятка дывізій. Тут зніклі без звестак каля 10 генералаў Чырвонай Арміі. І цалкам — штаб 20-га стралковага корпуса на чале з генералам Сцяпанам Яроміным. Месца дагэтуль не знойдзена. Як кажа Мікалай Барысенка, аб’екты ўвагі № 1 для пошукавікаў — Аляксандраўка-1, Аляксандраўка-2, Гіжэнка. Тут яшчэ доўга прыйдзецца працаваць. Трэба зрабіць усё, каб вярнуць салдат з вайны.

Ні адны раскопкі не праводзяцца без удзелу прадстаўнікоў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Камандзір рэкагнасцыровачнага пошукавага ўзвода 1-й спецыялізаванай пошукавай роты батальёна лейтэнант Іван Гаўрыленка падкрэслівае, што галоўнае ў пошукавай рабоце — увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр фашызму. «Жэтоны і спадарожныя прадметы, знойдзеныя на месцах былых баёў, даюць магчымасць даведацца імя байца, — кажа ён. — Адпрацоўваюцца месцы, дзе ўжо праведзена разведка і ёсць упэўненасць, што трэба капаць. Мы адзіныя ў краіне маем права на правядзенне пошукава-палявых работ. Удзельнічаем у раскопках, забяспечваем кантроль як за ходам работ, так і за захаваннем тых прадметаў, якія знойдзены. Працуем згодна з інфармацыйным лістом, які складаецца на аснове звестак, атрыманых ад звычайных грамадзян і членаў пошукавых клубаў».

Таямніцы супрацьтанкавых равоў

Сімвалічна, што ў Слаўгарадзе супалі дзве важныя падзеі — Вахта Памяці і перапахаванне ахвяр генацыду. У старадаўнім слаўгарадскім парку побач з воінскім пахаваннем з’явілася яшчэ адно — вечным сном там спіць 91 чалавек з ліку мірных грамадзян, расстраляных немцамі ў 1941 годзе. Іх целы былі кінуты ў супрацьтанкавыя равы і прысыпаны зямлёй. Цяпер гэта вуліца Ракасоўскага.

— Нелюдзі прыйшлі на нашу зямлю, каб ажыццявіць свой страшэнны чалавеканенавісніцкі план «Ост» і знішчыць 75% беларускага насельніцтва, — гаворыць старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — У Прапойску яны адразу ж пачалі ўстанаўліваць новы парадак. Стварылі гета і здзекаваліся з мірнага насельніцтва. У першую чаргу расстрэльвалі яўрэяў, цыганоў, камуністаў, камсамольцаў, партыйных.

Святлана Язерская працягвае, яе голас дрыжыць ад хвалявання, на вачах з’яўляюцца слёзы. «У мяне ледзь бацьку не расстралялі, — тлумачыць яна. — Ён быў чарнявы, карыя вочы — і немцы прынялі яго за яўрэя. Падлетка схапілі, але маці на каленях поўзала і крычала, што яе сын не яўрэй. І выцягнула яго. Цяпер, пераглядаючы спісы забітых, не магу стрымаць слёзы. Самаму старому, якога забілі фашысты, было 85 гадоў, а самаму маленькаму — усяго два. Каму яны перашкаджалі? Імёны шмат каго не вядомы. Напісана імя маці ці бацькі і колькасць дзяцей. Пра такое нельга забываць. Трэба пісаць, расказваць усім».

Падчас расследавання крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа пракуратурай Магілёўскай вобласці ўстаноўлены 42 раней невядомыя пахаванні забітых фашыстамі мірных жыхароў, у тым ліку ў Слаўгарадзе.

— Людзей расстрэльвалі за тое, што яны проста жылі на гэтай зямлі, — канстатуе намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй ВОЛКАЎ. — Гэта бесчалавечна. Наша праца працягваецца, і лічбы не апошнія. Неабходна, каб нашая моладзь захоўвала памяць аб ахвярах нацызму і разумела, што Вялікая Айчынная вайна вялася на знішчэнне беларускага народа. Сёння мы павінны быць адзіныя ў памкненні захаваць мір на нашай зямлі, не дапусціць паўтарэння вайны.

Пракуратурай Слаўгарадскага раёна вывучаны архіўныя дакументы, акты Дзяржаўнай надзвычайнай камісіі, паказанні сведак, дадзеныя яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— У перыяд акупацыі Прапойскага раёна было забіта больш за 2 тысячы мірнага насельніцтва, сагнана ў рабства болей чым 800 чалавек, знішчана 55 населеных пунктаў, — адзначыў пракурор Слаўгарадскага раёна Аляксей Пухоўскі. — На тэрыторыі раёна быў арганізаваны перасылачны лагер, а таксама турма ў будынку былой бальніцы.

Сярод тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць ахвяр генацыду, — Ніна Аляксандраўна Пархоўнік з сынамі Аляксандрам і Барысам. Яны прыехалі з Масквы.

— Тут пахаваны мае дзядуля з бабуляй па лініі бацькі, — са слязамі на вачах расказвае Ніна Аляксандраўна. — Вядома толькі, што ў той дзень яны даехалі да Крычава на кані, але вырашылі вярнуцца па карову. І іх забілі. Тата ў той час служыў у арміі, быў прызваны ў 1939 годзе. Прайшоў фінскую вайну і ўсю Вялікую Айчынную. Перамогу сустрэў у Берліне.

Аддаць даніну павагі ахвярам вайны прыйшлі прадстаўнікі ваенна-патрыятычных клубаў сярэдніх школ №№ 1 і 2 Слаўгарада.

— Наш клуб называецца «Патрыёт», — удакладняе дырэктар Слаўгарадскай СШ № 2 Леанід Качанаў. — У яго складзе — у асноўным вучні 9–10 класаў. Яны ўдзельнічаюць у акцыях, наведваюць брацкія магілы, займаюцца са стралковай зброяй. Ваенна-патрыятычная дзейнасць з’яўляецца добрым прыкладам для выхавання моладзі і своеасаблівай прафарыентацыяй. Служыць стымулам для паступлення ў вышэйшыя ваенныя ўстановы. Гэтым юнакам і дзяўчатам не трэба тлумачыць, што такое гістарычная праўда пра вайну і ад чаго яе трэба ахоўваць.

У пошуках экіпажа

Асобная тэма — самалёты. Апошнім часам пошукавікам у архіўных базах даных часта стала трапляць інфармацыя пра збітыя падчас Вялікай Айчыннай вайны над Магілёўскай вобласцю савецкія самалёты. Напрыклад, 29 сакавіка 1944 года адразу чатыры бамбардзіроўшчыкі Пе-2 разбіліся ў раёне вёсак Пусты Асавец Магілёўскага раёна, Лісічнік — Быхаўскага, Бясчынне — Чавускага, Іванішчавічы — Слаўгарадскага — усяго ў радыусе пяці кіламетраў. Яны бамбілі варожыя артылерыйскія пазіцыі, каб дапамагчы чырвонаармейцам прарвацца. І паляглі літаральна за некалькі соцень метраў адзін ад аднаго.

Пры клубе «Віккру» створана група «Крылы Перамогі», якая спецыялізуецца выключна на самалётах. Пра яе «Звязда» пісала летась 9 верасня. Касцяк групы — Аляксандр Клёмін, браты Андрэй і Міхаіл Нялюбіны, Аляксандр Красікаў, пошукавік з Масквы Алена Шутава. Разам яны ўстанавілі па сайтах састаў усіх чатырох экіпажаў. Але толькі па адным з самалётаў вядома, хто менавіта ў ім сядзеў. І гэта Вахта Памяці для групы «Крылы Перамогі» пачалася з выезду на места падзення самалёта каля вёскі Пусты Асавец Магілёўскага раёна. Пошукі ўскладняла тое, што яны праходзілі ў месцы вырубкі лесу, які яшчэ не расчысцілі ад завалаў. Даводзілася прадзірацца праз пні, паваленыя дрэвы, адбіваючыся ад сляпнёў і мошак.

— Бамбардзіроўшчык быў збіты нямецкай зенітнай устаноўкай ў 19.30, — удакладняе камандзір групы «Крылы Перамогі» Аляксандр Клёмін. — Нашы самалёты ляцелі эскадрыллямі з розных палкоў. Збіраліся на падлёце, станавіліся ў шэрагі і ішлі ў бой. Іх суправаджалі нашы знішчальнікі. Бамбардзіроўшчык Пе-2, які мы знайшлі, раскідала на сотні метраў. Тры гады мы сюды ездзілі, зямлю капалі, быццам бы бульбу збіралі. Накапаем мяшкоў шэсць жалеззя, дадому прывязём і чысцім — шукаем нумары. Пашчасціла знайсці. Па іх устанавілі, што гэта экіпаж у складзе камандзіра Ігара Ханжына, штурмана Аляксандра Драсвяннікава і стралка-радыста Паўла Джавадава. Зусім маладыя хлопцы былі, 1921–1922 гадоў нараджэння.

Пе-2, або, як яго яшчэ называюць, «Пешка», — самы масавы самалёт Вялікай Айчыннай вайны. Лічыўся самым сучасным бамбардзіроўшчыкам свайго часу, быў электрыфікаваны.

— Вось частка мацавання фюзеляжа, дзе хутчэй за ўсё праходзілі правады, — каментуе свае знаходкі падчас раскопак Андрэй Нялюбін. — Па ёй відаць, які моцны быў узрыў. Вырвала вінты і саму абшыўку пакарабаціла. Вось месца злучэння дзвюх металічных частак, шмат магутных заклёпак, якія літаральна вырвала пры падзенні. Алюмініевая трубачка, хутчэй за ўсё, ад сістэмы ахалоджвання радыятара. Самалёт важыў шэсць тон, а фрагменты, якія мы знаходзім, амаль бязважкія. Але мы шукаем, таму што важна знайсці тое, што засталося ад чалавека. Калі ён знайшоўся, значыць, працавалі недарэмна.

На гэты раз пошукавікі знайшлі на месцы фрагменты астанкаў лётчыкаў і яшчэ мех жалеза, якое засталося ад самалёта: гашэтка ад кулямёта, фрагменты мацавання шасі, фюзеляжа, ліхтара кабіны лётчыка, часткова прыборы з панэлі.

— Больш вяртацца сюды сэнсу няма, — канстатуе Аляксандр Клёмін. — Нас чакаюць іншыя самалёты. Наперадзе — разведка ў Горках. Там у музеі каленвал ляжаў, дзякуючы якому нядаўна былі ўстаноўлены нумары. З дапамогай расійскага сайта «Трызна», дзе размешчана інфармацыя пра авіяцыю, мы даведаліся, што рухавік паступаў у 30-ы бамбардзіровачны полк. Але пра экіпаж пакуль амаль нічога не вядома. У адзін дзень у Горацкім раёне было збіта сем самалётаў.

Цяпер група «Крылы Перамогі» працуе адначасова па 12 самалётах. Ёсць цікавая гісторыя па Быхаўскім раёне.

— Мясцовая жыхарка паўгода таму паведаміла пра тое, што на грамадзянскіх могілках вёскі Балонаў-Сялец Быхаўскага раёна пахаваны лётчык. Са слоў яе бабулі, яго прозвішча — Рэпін, — расказвае Аляксандр Клёмін. — Я знайшоў па ім інфармацыю. Гэта лейтэнант Канстанцін Рэпін, які загінуў 30 чэрвеня 1941 года, хутчэй за ўсё, пры абароне Магілёва. Ён пачынаў вайну ў Беластоку ў дзявятай авіяцыйнай знішчальнай дывізіі, але яе расфарміравалі, а лётчыкаў перакінулі ў Магілёў. Яны знаходзіліся там з 26 чэрвеня да 3 ліпеня ў складзе 41-й авіяцыйнай дывізіі. Адсюль ляталі бамбіць пераправы на рацэ Бярэзіна, аэрадром Бабруйска. Самалёт, дзе знаходзіўся Канстанцін Рэпін, быў збіты 30 чэрвеня. Мы ўжо знайшлі яго ўнучак — родную і стрыечную. Сёлета яны прыедуць на магілу да дзеда. А налета на магіле лётчыка ў Быхаўскім раёне збіраюцца паставіць гранітны помнік.

Падчас экспедыцыі ў Слаўгарадскім, Магілёўскім і Быхаўскім раёнах знойдзены астанкі 10 чалавек і тры медальёны-ладанкі. Як адзначае Мікалай Барысенка, за 30 гадоў існавання клуба «Віккру» атрымалася ўстанавіць шосты экіпаж самалёта. Гэта работа самая цяжкая і карпатлівая. І тое, што ёсць яшчэ адзін вынік, дарагога варта. Наперадзе — раскопкі ў Асіповіцкім, Горацкім і Шклоўскім раёнах. Пошукавікі вельмі спадзяюцца, што атрымаецца даведацца прозвішчы новых герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара