Дук, Д. З ухілам на якасць / Дзяніс Дук ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 4 чэрвеня. — С. 1, 5.
Размова з рэктарам МДУ імя А. Куляшова Дзянісам Дукам адбылася ў разгар правядзення кампаніі па здачы цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання. Ужо другі год запар школьнікі здаюць адначасова выпускныя і ўступныя экзамены. Гэта новаўвядзенне дазваляе аб’ектыўна ацаніць іх веды і аптымізаваць працэс паступлення ў ВНУ, лічыць рэктар. На яго думку, сістэма адукацыі ў Беларусі сёння нагадвае жывы арганізм, які пастаянна ўдасканальваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Як вынік, з’яўляюцца новыя падыходы, дысцыпліны, спецыяльнасці. А разам з імі — цікавасць да беларускіх ВНУ з боку замежнай моладзі. Дзяніс Дук расказаў, як гэта адбываецца на прыкладзе педагагічных спецыяльнасцяў альма-матар.
Празрыстая адзнака
— Тое, што ЦЭ і ЦТ адбываюцца ў адзін дзень, вельмі добра, — адзначае Дзяніс Дук. — Гэта здымае цэлы шэраг арганізацыйных пытанняў, у тым ліку і фінансавых, бо ўсё праводзіцца за кошт бюджэтных сродкаў. Заадно стымулюе актыўна рыхтавацца абітурыентаў, якія даўно скончылі школу, а таксама выпускнікоў каледжаў, якія ўжо ў маі павінны праходзіць вышэйазначаныя іспыты, і школьнікаў, якія добра ведаюць, што замест некалькіх школьных экзаменаў ім трэба здаць толькі два цэнтралізаваныя. Гэта аб’ектыўны фактар. Калі, умоўна кажучы, у атэстаце «8», а ЦЭ здадзена на «4», напэўна, нешта ў сістэме ацэньвання ў школе не працуе. Гэта бачыць і выкладчык, і абітурыент. Але па вопыце мінулага года карэляцыя не вельмі вялікая, значыць, адзнакі ў школе аб’ектыўныя. Гэта вельмі станоўчы вынік і стымул добра вучыцца для дзяцей.
Яшчэ адной навацыяй гэтага года з’яўляецца большая гнуткасць пры залічэнні абітурыента ў вышэйшую навучальную ўстанову. Можна паступіць у рэгіянальныя ВНУ па выніках універсітэцкіх алімпіяд. Па-за межамі конкурсу таксама пераможцы абласнога этапу алімпіяд, па выніках сумоўя паступаюць выпускнікі профільных класаў, плюс — мэтавая падрыхтоўка. Калі ласка, па мэтавым накіраванні здавай адзін экзамен замест трох і атрымлівай студэнцкі білет і залікоўку. Калі чалавек мае намер паступіць у ВНУ, ён абавязкова паступіць. Праўда, для гэтага трэба будзе прыкласці пэўныя намаганні. Ёсць спецыяльнасці інжынернага плана, педагагічнага, на што цяпер нацэлена падрыхтоўка ў профільных класах. Мы разлічваем, што больш за палову вучняў профільных класаў па педагагічнай скіраванасці Магілёўшчыны пойдзе ў наш дзяржуніверсітэт. У наступным годзе магчымасць паступаць на інжынерныя спецыяльнасці з’явіцца ў выпускнікоў інжынерных класаў. Сістэма адукацыі гнуткая, прыстасоўваецца да запытаў часу, дае абітурыентам больш магчымасцяў.
— Некалькі месяцаў таму, калі Прэзідэнт размаўляў з рэктарамі ВНУ, ён завастраў увагу на праблемах вышэйшай адукацыі. Былі пытанні і наконт празрыстасці ЦТ.
— Вопыт мінулага года, калі паступілі скаргі, што падчас ЦТ няма празрыстасці, улічаны. Цяпер усе бланкі адказаў будуць персанальна высланы абітурыенту. Ён будзе бачыць, дзе адказаў правільна, а дзе памыліўся. Раней такога не было.
— Магчыма, нешта будзе ўдасканалена і ў адносінах замацавання выпускнікоў на першым працоўным месцы? Гэта пытанне таксама застаецца праблемным.
— Гэта праблема не толькі ВНУ, ёсць яшчэ і работадавец. Універсітэт накіроўвае на работу строга ў адпаведнасці са спецыяльнасцю. Работадавец жа павінен забяспечыць умовы, каб маладому спецыялісту захацелася застацца на першым працоўным месцы. Па-першае, гэта камфортны клімат у калектыве, па-другое, павінен быць інстытут настаўніцтва, каб малады чалавек ведаў, да каго звярнуцца па параду, па-трэцяе, важны аспект — матэрыяльнае стымуляванне працы, па-чацвёртае, стварэнне бытавых умоў для пражывання. Калі няма жылля і перспектыў яго атрымаць, малады чалавек не затрымаецца на працоўным месцы. Гэтую праблему ведаюць у вобласці. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама неаднаразова звяртаў на яе ўвагу і казаў, што яна комплексная і кіраўніцтва на месцах павінна клапаціцца пра ўмовы працы і жылля для маладых спецыялістаў. Калі ўсё гэта супадае і мы бачым, што ўсе кампаненты разам, малады чалавек абавязкова застанецца і нават створыць сям’ю. На працягу двух гадоў мы адсочваем, як наш выпускнік працуе, які ў яго заробак. Ён павінен працаваць на поўную стаўку і па профілі. Калі мы выяўляем парушэнні, накіроўваем ліст да работадаўца і просім выправіць хібы. Потым паўторна робім запыт. Калі сітуацыя не мяняецца, накіроўваем звесткі ў пракуратуру, якая дае прававую ацэнку такіх дзеянняў на месцы. Але гэта бывае вельмі рэдка.
У адпаведнасці з патрабаваннямі часу
— Ваша ВНУ рыхтуе ў тым ліку і журналістаў. На нядаўнім медыяфоруме ў Магілёве Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што гэта вельмі адказная прафесія, у сучасных умовах нечым падобная на ваенную. Словазлучэнне «інфармацыйныя войны» само за сябе кажа.
— Так. Гэта вельмі адказная прафесія, і мы ганарымся, што нашы выпускнікі трымаюць планку. Наогул, зварот Прэзідэнта быў вельмі шчырым, насычаным пазітыўнымі эмоцыямі. Як заўсёды, былі зроблены акцэнты, расстаўлены прыярытэты, на што больш звярнуць увагу. Вельмі спадабалася тая цеплыня, з якой ён звяртаўся да журналістаў, ступень паглыбленасці ў вырашэнне праблемы. Сёння дробных тэм не бывае. Рэгіянальныя СМІ падхопліваюць тое, што турбуе людзей на месцы. Прэзідэнт адзначыў іх высокую ролю. Што яны, нягледзячы на стварэнне медыяхолдынгаў, павінны заставацца мясцовымі выданнямі і не губляць сваёй асаблівасці. Паказваць праблемы і як яны вырашаюцца ўладамі. А калі праблема вырашана, трэба напісаць і пра вынік. Па сабе і сваёй сям’і ведаю, што жывыя матэрыялы з месцаў выклікаюць вялікі інтарэс. Той куточак, дзе жывеш, бліжэйшы за ўсё. І я згодны з тым, што роля рэгіянальных СМІ вялікая. Шмат нашых выпускнікоў працуюць у розных масмедыя, пачынаючы ад тэлеканала Беларусь 4 (Магілёў), заканчваючы рэдакцыямі розных газет. І шмат хто сябе добра зарэкамендаваў. У нас студэнты працуюць ужо з 3-га курса. Ёсць свая газета і ў ВНУ, дзе студэнты практыкуюцца ў розных тэхнічных спосабах данясення інфармацыі, апрацоўкі фота, відэа.
— Універсітэт імя А. Куляшова сёння рыхтуе педагогаў, юрыстаў, журналістаў і іншых спецыялістаў. Сёлета, наколькі ведаю, будзе адбывацца набор і на новыя спецыяльнасці?
— У гэтым годзе мы адкрылі набор на спецыяльнасць «Трэнерская праца» з кваліфікацыяй не настаўнік фізічнай культуры, а менавіта трэнер па лёгкай атлетыцы. Яна больш складаная ў плане падрыхтоўкі, але вельмі запатрабаваная ў рэгіёне. Удзячны ўпраўленню спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, кіраўніцтву вобласці і Міністэрству адукацыі за вялікую працу дзеля таго, каб гэтая спецыяльнасць у рэгіёне з’явілася. Трэба было даказаць Міністэрству спорта, што ў нашым універсітэце і наогул Магілёўскай вобласці створаны ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі трэнераў. Мы ўдасканальваем нашу матэрыяльную базу, будуем новы шматфункцыянальны стадыён, які будзе, напэўна, адным з самых сучасных у Магілёве. Спадзяёмся, што будаўніцтва завершыцца ўжо сёлета. Мы паказалі магчымасці Магілёва, на базе якіх устаноў зможам праводзіць навучанне трэнераў па лёгкай атлетыцы. За апошнія гады ў Магілёве з дапамогай рэспубліканскага бюджэту зроблена шмат новых аб’ектаў для падрыхтоўкі спартсменаў, якія, як ацанілі спецыялісты, адпавядаюць патрабаванням. Гэта была першая ўмова для адкрыцця спецыяльнасці ў ВНУ. Другая — наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў. Добрага трэнера можа падрыхтаваць толькі выдатны трэнер. Ва ўніверсітэце працуе некалькі чалавек, якія маюць кваліфікацыю трэнера і падрыхтавалі шмат чэмпіёнаў рознага ўзроўню. Плюс мы звярнуліся да мясцовых федэрацый, і нам гарантавалі для ўдзелу ў навучальным працэсе вядучых трэнераў, якія таксама падрыхтавалі не аднаго чэмпіёна Беларусі, свету.
Сёлета ў рамках нашай традыцыйнай спецыяльнасці «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» мы адкрылі таксама новую спецыялізацыю «Пачатковая ваенная падрыхтоўка». Акрамя кампетэнцыі настаўніка фізічнай культуры будучы спецыяліст будзе валодаць неабходнымі ведамі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, што сёння вельмі запатрабавана ў школах. Гэта пашырыць магчымасці ў прафесійным плане. Плюс мы спадзяёмся і ўжо зрабілі ўсе неабходныя крокі, каб з другога курса пэўная частка студэнтаў, якія абяруць гэтую спецыялізацыю, навучалася на ваеннай кафедры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і на выхадзе атрымлівала лейтэнанцкія пагоны. У нас з Міністэрствам адукацыі ёсць папярэдняя дамоўленасць аб адкрыцці ў 2025 годзе новай спецыяльнасці, каб з самага пачатку наш спецыяліст абазначаўся як выкладчык пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, а потым ужо фізічнай культуры. І спадзяюся, што налета аб’явім набор ужо на спецыяльнасць «Пачатковая ваенная падрыхтоўка», а не на спецыялізацыю як цяпер.
— На якія спецыяльнасці прагназуецца найбольш вялікі попыт?
— Думаю, будзе, як заўсёды, карыстацца попытам шэраг педагагічных спецыяльнасцяў: пачатковая адукацыя, у тым ліку інклюзіўная, правазнаўства, ІT-спецыяльнасці. Абітурыенты актыўна цікавяцца згаданай спецыялізацыяй «Пачатковая ваенная падрыхтоўка». Пытаюцца пра магчымасць навучання на ваеннай кафедры, кваліфікацыю будучага выкладчыка, цікавяцца прахаднымі баламі, як паступіць па мэтавым наборы.
Фота: БелТА
Гісторыя беларускай дзяржаўнасці
— Сёлета ва ўніверсітэцкай праграме з’явіліся новыя дысцыпліны, якія датычацца ідэалагічнага складніка. Раскажыце пра іх.
— Тэма ідэалагічнай накіраванасці знаходзіцца ў зоне пільнай увагі і пастаянна абнаўляецца. Нашы новыя дысцыпліны — гэта «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», разам з традыцыйнымі дысцыплінамі, такімі як «Філасофія». «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» — гэта сінкрэтычная дысцыпліна, якая паказвае, які шлях адолелі нашы інстытуты ўлады, каб прыйсці да моцнай прэзідэнцкай рэспублікі, у чым перавагі гэтай формы кіравання, адметнасць нашых дзяржаўных сімвалаў, чым мы ганарымся.
За нашымі сімваламі шматвяковая гісторыя, хоць апаненты спрабуюць пярэчыць. Але факты — рэч упартая. Дысцыпліна вельмі цікавая, шматаспектная, яна падводзіць да разумення, што мы жывём у краіне, дзе кожная эпоха наклала свой адбітак на тое, якімі мы сталі і куды нам рухацца далей. Каб усе ведалі, чаму на нашай глебе не могуць прыжыцца тыя заходнія ліберальныя каштоўнасці.
У нас яны традыцыйныя, далёкія ад скажэнняў, якія назіраем у Заходняй Еўропе. Мы — традыцыйнае грамадства з традыцыйнымі сямейнымі каштоўнасцямі. Яны пабудаваны на павазе да старэйшых, на роўных і ўзаемапаважлівых узаемаадносінах паміж мужчынам і жанчынай.
Другі прадмет, які абавязковы для ўсіх, — «Сучасная палітэканомія». Па абедзвюх дысцыплінах ёсць падручнікі, я з’яўляюся адным з аўтараў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці». Новыя дысцыпліны — жывы матэрыял. На яго аснове можна рабіць вучэбна-метадычныя комплексы ці дапаможнікі. Ніхто не абмяжоўвае. І гэты сацыяльна-гуманітарны блок пастаянна абнаўляецца. Падручнікі выйшлі летась, і там пакуль нічога няма пра апошнія выбары ў парламент, новы фармат УНС. Усё гэта ў найбліжэйшай будучыні таксама павінна легчы на старонкі падручнікаў.
Міжнародныя стасункі
— Наперадзе Форум рэгіёнаў. Як у ім будзе задзейнічаны ваш універсітэт?
— У нас традыцыйна падчас яго працуе форум рэктараў Беларусі і Расіі. Мы падпісваем дагаворы з ВНУ-партнёрамі з Расійскай Федэрацыі або мадэрнізуем тыя, што ўжо былі, або падпісваем пагадненні аб нейкіх новых сумесных праектах. Тут вельмі шмат аспектаў. Як прыклад, мы актыўна ўдзельнічаем у Асацыяцыі педагагічных універсітэтаў па лініі СНД. З Узбекістанам ёсць сумесныя адукацыйныя праграмы, з расійскімі партнёрамі кожны раз знаходзім новыя пункты ўзаемадзеяння. Сёння рыхтуем свае прапановы да нашых партнёраў і, калі яны будуць падтрыманы, у чэрвені падпішам дамоўленасці.
— У вас праходзяць навучанне студэнты з розных краін, у тым ліку афрыканскіх. Якія спецыяльнасці яны выбіраюць і як гэта супрацоўніцтва развіваецца?
— Экспарт адукацыйных паслуг — гэта адна з асноўных сфер у дзейнасці ўніверсітэта. Да нас прыязджаюць на падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў розныя ВНУ Беларусі, у тым ліку і нашу, прадстаўнікі болей чым 10 краін Афрыкі. Адзін з нашых галоўных традыцыйных партнёраў — гэта Кітай. Тут мы бачым вельмі высокую запатрабаванасць на нашу адукацыю, асабліва магістарскую падрыхтоўку, аспірантуру. І трэці кірунак — краіны Азіі з былога Савецкага Саюза, такія як Узбекістан, Туркменістан, Таджыкістан, дзе таксама ёсць вялікі попыт на нашу адукацыю. Для ўзбекскіх студэнтаў навучанне вядзецца на рускай мове, для кітайскіх — у асноўным на англійскай. На сёння наш асноўны ўзбекскі партнёр — універсітэт горада Чырчык. Іх студэнты вучацца дома тры гады па нашых адукацыйных праграмах, а потым прыязджаюць у Магілёў. Замежныя студэнты атрымліваюць у нас веды па педагагічных спецыяльнасцях па кірунках біялогіі, фізікі, матэматыкі, пачатковай адукацыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Дзяніса ДУКА