Унікальныя падручнікі

Сінькевіч, Г. Унікальныя падручнікі / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 2 ліпеня. — С. 7.

У музеі гісторыі развіцця адукацыі Магілёўскай вобласді шмат цікавых рэчаў. Ёсць і зусім унікальныя. Сярод іх — буквар для дарослых 1945 года.

Адным з аўтараў незвычайнага буквара стала ўраджэнка Прыдняпроўскага краю Ганна Севярнёва, якая мае звание заслужанага настаўніка. У даваенны час Ганна Кузьмінічна настаўнічала ў школах Бялыніцкага раёна, а пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны была метадыстам Міністэрства асветы і рэдактарам вучэбна-педагагічнай літаратуры дзяржаўнага выдавецтва БССР.

— Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сістэма адукацыі актыўна адраджалася. Пэўнай праблемай стала навучанне непісьменнай моладзі, якая ўжо выйшла са школьнага ўзросту. Пад куратарствам Ганны Кузьмінічны быў распрацаваны падручнік, які дазваляў маладым людзям хутка асвоіць пісьмо і навучыцца чытаць. Распаўсюджванне буквар атрымаў не толькі ў беларускіх вячэрніх школах для дарослых. Вучыліся па ім і ў іншых рэспубліках Савецкага Саюза, — расказала загадчык музея Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Дзіна Лусцянкова.

Усяго Ганнай Севярнёвай былі выпушчаны дзясяткі падручнікаў. У асноўным дапаможнікі па навучанні малодшых школьнікаў беларускай мове і літаратуры. Складала Ганна Кузьмінічна і метадычныя парады для педагогаў.

— У нашых музейных экспазіцыях ёсць і яшчэ шэраг знакавых выданняў. Гэта падручнікі па прыродазнаўстве, геаграфіі і рускаймове для глуханямых дзяцей. Іх аўтар — заслужаны настаўнік выдатнік адукацыі Міхаіл Манышаў. Міхаіл Мікалаевіч прайшоў усю вайну, удзельнічаў у абароне Магілёва, вызваленні Польшчы, Прагі, узяцці Берліна. У мірныя гады вярнуўся да педагагічнай дзейнасці. Працуючы ў Мсціслаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце, задаўся мэтай напісаць вучэбныя дапаможнікі, адаптаваныя для навучэнцаў, якія маюць праблемы са слыхам і маўленнем, — адзначыла Дзіна Уладзіміраўна.Падручнікі Міхаіла Манышава сталі сапраўдным педагагічным прарывам. Яны атрымалі шырокае распаўсюджванне, былі перакладзены на розныя мовы народаў СССР. Дапаможнікі і зараз працягваюць выкарыстоўваць у школах не толькі Беларусі, але і іншых краін.

— Заслужаным настаўнікам у музеі прысвечаны тэматычны стэнд. Сабраны гісторыі плённай стваральнай працы звыш 580 яркіх педагогаў. Выношваем ідэю аб’яднаць гэтыя апавяданні ў адзіную кнігу, — падкрэсліла Дзіна Лусцянкова. — Кожны з заслужаных настаўнікаў пакінуў запамінальны след у айчыннай сферы адукацыі. Іх жыццёвы шлях, самаадданасць прафесіі — прыклад для пераймання маладому пакаленню.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.