Івашнёва, А. Аб сябрах-таварышах… / Алёна Івашнёва // Настаўніцкая газета. — 2024. — 2 ліпеня. — С. 9.
Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны будзе вечна жъщь у сэрцах беларусаў. Гэта цудоўна засведчыў фестываль патрыятычнай песні, які традыцыйна праводзіцца ў нашай школе.
Сёлета ён быў прысвечаны песням і вершам ваеннага і пасляваеннага часу. У нядзелю ў актавай зале сабралася шмат народу: настаўнікі, вучні, бацькі, госці. Да гэтага на сайце школы адміністрацыя звярнулася да бацькоў з прапановай прыняць удзел у фестывалі, а не быць толькі гледачамі. Многія адгукнуліся. На мерапрыемства мы запрасілі кіраўніка гарадскога ваенна-патрыятычнага клуба «За савецкую Радзіму» Аляксандра Башарымава. Ён быў нашым каардынатарам, а вяла канцэрт педагог-арганізатар Алена Юхнавец.
Адкрыўся фестываль галоўнай песняй вайны, ваенным гімнам «Вставай, страна огромная!» Мелодыя і словы прабіралі наскрозь, у зале стаяла поўная цішыня, і нават малодшыя вучні, адчуваючы значнасць і сур’ёзнасць моманту, паводзілі сябе бездакорна. Затым вучаніца 5 класа Ангеліна Валковіч і яе маці выканалі вядомую ўсім «Катюшу». Спачатку былі чутны толькі два жаночыя галасы, а потым усе прысутныя падхапілі славутую мелодыю. «Песня о Родине» асабліва кранула гледачоў, бо выканаўцамі былі дзядуля Н.А.Марчанка, яго дачка Вікторыя і ўнучка Міраслава. На сцэне стаялі тры пакаленні, і гэта было жывым доказам таго, што ўсе мы любім сваю Айчыну і гатовы за яе пастаяць. Мама Ксенія Якаўлева пад суправаджэнне двух акардэаністаў (сына і дачкі) энергічна праспявала «Смуглянку», а дзяўчаты-старшакласніцы здзівілі пластычным танцам на мелодыю песні «Синий платочек».
Гучалі і даволі складаныя музычныя кампазіцыі «А закаты алые», «Поклонимся великим тем годам». Але самае моцнае ўражанне зрабіў «Десятый наш десантный батальон», які выканала мама вучаніцы Іры Мельнік Ганна Крыцкая. У кожнага быў камяк у горле, слёзы на вачах і, галоўнае, пачуццё, што гэтага нельга ні забыць, ні страціць. На геніяльныя вершы Расула Гамзатава прагучала мелодыя «Журавлей», да якой удзельніцы харэаграфічнага гуртка падрыхтавалі музычнае суправаджэнне. Здавалася, чуўся клёкат птушак і былі бачны жураўлі-салдаты, якія назаўсёды адляталі ў неба. I вельмі крануў танцавальна-музычны нумар «Вяртайцеся дамоў»: дзяўчынкі звалі сваіх хлопцаў, якія сталі не па гадах сталымі, вярнуцца дамоў жывымі. А як хвалююча прагучала ‘Темная ночь», якую спявалі дзве жанчыны, якія вераць і чакаюць, — мама Т. А. Еліна і яе дачка Яна. Самыя цёплыя эмоцыі выклікалі і кампазіцыі ў выкананні сем’яў Машковых, Ціцянковых, Мельнік.
У фінале на сцэну выйшаў вучань 3 класа Ваня Старавойтаў, прапраўнук героя Івана Саскова. Іван Ніканоравіч прайшоў усю вайну, ваяваў на некалькіх франтах, мае шмат узнагарод і з’яўляецца кавалерам ордэна Айчыннай вайны дзвюх ступеней. Ці ж гэта не гордасць для сям’і і школы! Хлопчык расказваў аб подзвігах свайго прадзеда, паказваў фотаздымкі. Яны перадаваліся па зале з рук у рук, бо кожнаму хацелася дакрануцца да гэтай герачнай гісторыі.
Сёння вершы і песні ваенных гадоў і тыя, што былі напісаны пасля вайны, гучаць гэтак жа кранальна. Яны з’яўляюцца цудоўным сродкам уздзеяння на маладыя сэрцы і душы, вучаць мужнасці, баявой дружбе, гатоўнасці абараняць родную зямлю. Яны незаменныя ў справе патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання.
Алёна ІВАШНЁВА, дырэктар сярэдняй школы № 28 Магілёва.