Размова аб тым, што хвалюе моладзь

Майская, Н. Размова аб тым, што хвалюе моладзь / Ніка Майская // Звязда. — 2024. — 17 ліпеня. — С. 6.

Сустрэчы з медыйнымі асобамі, прадстаўнікамі сілавога блоку, сфер адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры, навукі, грамадскіх аб’яднанняў, вядучых прадпрыемстваў краіны ў летні перыяд праходзяць у выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі па ўсёй краіне. Супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда» выступілі перад школьнікамі, якія адпачываюць у Драгічынскім, Маладзечанскім і Магілёўскім раёнах. На Магілёўшчыне, на базе аздараўленчага лагера «Чайка» філіяла «Санаторый «Чайка», адбылася сустрэча з рэдактарам аддзела палітыкі газеты «Звязда» Веранікай Канюта.


Як расказала выконваючая абавязкі начальніка лагера «Чайка» Наталля Аўчыннікава, лагер працуе на працягу ўсяго летняга перыяду. «На гэты сезон запланавана пяць змен, у кожнай з якой — па 330 дзяцей з Магілёва і Магілёўскага раёна, — расказала яна. — Таксама ў нас адпачываюць выхаванцы аднаго са спартыўных клубаў Смаленска. Узроставая катэгорыя — ад 6 да 15 гадоў. Дзеці любяць адпачываць на свежым паветры, тут добрае харчаванне, шырокая праграма, насычаная культурнымі, патрыятычнымі, адукацыйнымі, спартыўнымі і забаўляльнымі мерапрыемствамі».

Журналіст выступала перад старэйшай аўдыторыяй — хлопцамі і дзяўчатамі 14 — 16 гадоў, а таму палічыла спыніцца на важнасці і запатрабаванасці ў сучасным грамадстве прафесіі журналіста. Вераніка Канюта расказала і аб сваім шляху ў прафесію, цяперашнімі прафесійнымі абавязкамі. Адразу з залы пасыпаліся пытанні: дзеці цікавіліся, дзе вучаць журналістаў, што патрэбна, каб паступіць на журфак БДУ, якімі якасцямі павінен валодаць супрацоўнік медыясферы.

Вераніка Канюта расказала выхаванцам лагера аб структуры Выдавецкага дома «Звязда», выданнях, якія ўваходзяць у медыяаб’яднанне. Асобна журналіст спынілася на гісторыі газеты «Звязда», якая ў жніўні адсвяткуе сваё 107-годдзе. Дзеці пацікавіліся, ці выходзіла перыядычнае выданне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І з вуснаў супрацоўніцы СМІ пачулі, у якіх умовах журналісты-падпольшчыкі стваралі газету, як рызыкавалі жыццём дзеля таго, каб насельніцтва ведала праўду аб тым, што адбываецца на фронце, на акупаванай тэрыторыі.

Хлопцы і дзяўчаты задавалі самыя розныя пытанні. У сваю чаргу, выступоўца пацікавілася, з якімі прафесіямі дзеці плануюць звязаць свой лёс, як яны вучацца ў школе. Журналіст параіла ім уважліва адносіцца да ўсіх прадметах, бо веды, якія ў гэтым узросце лічацца няважнымі, абавязкова спатрэбяцца ім у будучыні.

Напрыканцы сустрэчы школьнікі больш падрабязна распыталі ў Веранікі пра асаблівасці журналісцкай прафесіі: дзяўчаты плануюць паступаць на журфак БДУ і хочуць паспрабаваць сябе ў якасці пазаштатных аўтараў маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена», які выходзіць на старонках «Звязды». Журналіст дала шэраг рэкамендацый, пажадала плёну ў творчасці і выказала спадзяванне, што неўзабаве ў дадатку з’явяцца новыя маладыя аўтары, а журналісцкія шэрагі папоўніць таленавітая моладзь.

Выхаванцы аздараўленчага лагера падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля сустрэчы.

Аляксандра Лепяцёнак трэці год запар прыязджае ў лагер «Чайка». Тут ёй вельмі падабаецца: сябры, новыя знаёмствы, цікавыя сустрэчы. Па словах дзяўчыны, у шэрагу апошніх — і сустрэча з рэдактарам аддзела газеты «Звязда». Аляксандра расказала, што падчас размовы з журналістам даведалася шмат новага і цікавага.

Арцём Волкаў лічыць, што сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій (а ў лагеры былі і супрацоўнікі ўнутраных спраў, і ратавальнікі) вельмі пашыраюць кругагляд. «Мы пазнаем новую інфармацыю з першых вуснаў, — кажа ён. — У размове з журналістам «Звязды» мы даведаліся аб запатрабаванасці гэтай прафесіі. Быць журналістам не так і проста, як здаецца на перыш погляд. Я, напрыклад, атрымліваю інфармацыю з сацыяльных сетак, і мне было карысна даведацца, што не ўсяму выкладзенаму там варта верыць, а трэба прыслухоўвацца да правераных крыніц інфармацыі».

Вераніка Цімафеева марыць быць журналістам. «У мяне добра атрымліваецца пісаць сачыненні, мне гэта падабаецца, — падзялілася дзяўчына. — Я была азнаёмлена са спецыфікай журналісцкай прафесіі, але сённяшняя сустрэча з Веранікай Канюта мне нават нечым дапамагла — больш даведалася аб прафесіі ад чалавека, які непасрэдна ў ёй працуе. Гэтая сустрэча, магчыма. З’яўляецца пэўным крокам да майго будучага прафесійнага выбару».

Па словах Веранікі, прафесія журналіста вельмі важная. «У свеце цяпер неспакойна, і людзям патрэбна ведаць праўду, — кажа яна. — І менавіта людзі гэтай прафесіі дапамагаюць яе даносіць».

Супрацоўнікам тэлебачання бачыць сябе Сафія Цецярукова. «Рэгулярна гляджу навіны, сачу за інфармацыйнай павесткай, — падзялілася школьніца. — Сустрэча з журналістам «Звязды» была для мяне вельмі карыснай, бо я першы раз размаўляла з сапраўдным журналістам».

У сваю чаргу, рэдактар аддзела палітыкі газеты «Звязда» Вераніка Канюта звярнула ўвагу, што аўдыторыя, перад якой ёй пашчасціла выступіць, вельмі ўважлівая і дапытлівая. «Бачна, што дзеці сочаць за падзеямі, якія адбываюцца ў краіне і яе межамі, — адзначыла журналіст. — На шчасце, не ўсе з іх атрымліваюць інфармацыю выключна з сацыяльных сетак. Некаторыя глядзяць тэлебачанне і нават чытаюць газеты, што вельмі парадавала. Параіла школьнікам звяртацца да афіцыйных крыніц інфармацыі, давяраць дзяржаўным СМІ. Прыемна, што былі ў зале людзі, якія плануюць звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Моладзь разумее неабходнасць нашай прафесіі. У цэлым пагаварылі пра важнасць школьнага навучання, сямейныя каштоўнасці, патрыятычнае выхаванне».

Ніка МАЙСКАЯ