Дворык, дзе ўтульна ўсім

Зігуля, Н. Дворык, дзе ўтульна ўсім / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 17 ліпеня. — С. 10 — (Дадатак: «Мясцовае самакіраванне»).

Нядаўна папулярная ў дзяцей гульнявая пляцоўка пад назвай «Маскоўскі дворык» па вуліцы Якубоўскага, 51 у Магілёве стала больш маштабнай і функцыянальнай. Тут размясціліся дадатковыя вулічныя атракцыёны і трэнажоры, з’явіліся валейбольная і футбольная пляцоўкі. Цяпер гэта сучасная гульнявая і спартыўная зона, дзе ёсць магчымасць пазаймацца фізкультурай нават дарослым. Урачыстае адкрыццё адбылося з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва мясцовай улады і дэпутатаў.


Адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Бушлякоў адзначыў, што ўжо не першы год у Магілёве добраўпарадкоўваюцца дваровыя тэрыторыі, ствараюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі.

— Чарговы падобны аб’ект у Ленінскім раёне разлічаны на дзяцей усіх узростаў, — падкрэсліў ён падчас адкрыцця. — Гэта адзін з прыкладаў таго, што гарвыканкам і аблвыканкам прыкладаюць усе намаганні, каб магіляўчанам жылося камфортна. Такія пляцоўкі ствараюць умовы для карыснага адпачынку дзяцей і іх бацькоў. Інвестуючы ў добраўпарадкаванне нашых мікразон, дзяржава ўкладае грошы ў будучыню нашых дзяцей.

— Жыхары атрымалі проста шыкоўны падарунак, падзялілася эмоцыямі дэпутат Магілёўскага аблсавета Вольга Кавалёва. — Гэта мікрараён, дзе я нарадзілася і вырасла. Тут жыве мая сям’я, суседзі, выбаршчыкі, якія аддалі свае галасы за мяне. Я вылучалася ў народныя выбраннікі менавіта па гэтай, Арлоўскай выбарчай акрузе № 32. І мне вельмі важна, каб тут было ўтульна і прыгожа. Нядаўна адкрывалі гульнявую пляцоўку непадалёк — на вуліцы Арлоўскага. У нас наогул вельмі ўтульна і прыгожа. Я лічу, што наш мікрараён Мір-2 — самы лепшы ў горадзе. Тут знаходзіцца і прадпрыемства «Водаканал», дзе я працую, грамадскі пункт аховы правапарадку, старшынёй якога я з’яўляюся. Без перабольшання магу сказаць, што ведаю, чым дыхае гэта мікразона, якія людзі тут жывуць, што для іх важна. Хацелася ўнесці лепту ў гэтае свята. Звярнулася да кіраўніцтва прадпрыемства, дзе працую, і папрасіла дапамагчы з упрыгожваннем пляцоўкі. Мне пайшлі насустрач, і набылі ўсё неабходнае. Атрымалася вельмі святочна.

Пляцоўка знаходзіцца ў цэнтры мікразоны, дзе шмат дзіцячых устаноў. Побач гімназія № 2, тры дзіцячых садка. Тут любяць адпачываць сем’ямі. І на свята прыйшло шмат людзей. Прыемным сюрпрызам стала вясёлая забаўляльная праграма з канцэртнымі нумарамі, роставымі лялькамі, конкурсамі і гульнямі. Музычныя нумары падрыхтавалі выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Агат», дзіцячых садкоў № 62 і № 69, навучэнцы гімназіі № 2 і Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа. Працавалі лакацыі ад БРСМ, МНС, Ленінскага (г. Магілёва) аддзела Дэпартамента аховы, а булачна-кандытарскае прадпрыемства «Дамачай» арганізавала дэгустацыю сваіх прысмакаў. Захапленне ва ўсіх без выключэння выклікаў чатырохногі напарнік міліцыянера-кінолага групы затрымання Віталя Севярынцава Ітэн-Грэй, які бліскуча выконваў усе каманды свайго гаспадара.

Школьнікі адразу ж ацанілі магчымасці спартыўных пляцовак. На футбольным полі пад адабраючыя воклічы мясцовых заўзятараў прайшоў першы футбольны матч. «Не пляцоўка, а фантастыка», — прызналіся юныя футбалісты.

А вось дэпутаты нават на святах не разнявольваюцца. Вольга Віктараўна, карыстаючыся момантам, перагаварыла з начальнікам ЖЭУ наконт звароту жыльцоў дома, падвал якога падтапіла камунальнымі сцёкамі. Дэпутат кажа, што часта даводзіцца вырашаць пытанні добраўпарадкавання, жыллёва-камунальнага характару. І вельмі часта дастаткова зрабіць толькі адзін званок. Вольга Кавалёва стала дэпутатам упершыню, але, як заўважае, усё жыццё займалася грамадскай работай. Ёй падабаецца дапамагаць людзям і, як лічыць, гэта ў яе атрымліваецца. Прыходзілася працаваць і з цяжкімі падлеткамі, і з праблемнымі сем’ямі, і з аматарамі выпіць. А гэта дзейнасць, на першы погляд, магчыма, і не зусім удзячная, а усё ж прыносіць плён.

Нэлі ЗІГУЛЯ