Сцешыц, М. «Займаюся тым, што падабаецца» / Мікалай Сцешыц ; гутарыла Надзея Зуева // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 19 ліпеня. — С. 15.
Вядучы майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц сёлета адзначыў два юбілеі. Першы — 30 гадоў творчай дзейнасці ў Магілёўскім тэатры лялек, а другі — вясной артыст адсвяткаваў сваё 55-годдзе. Мы не маглі абысці такія значныя падзеі ў жыцці вядомага акцёра-лялечніка і сустрэліся з Мікалаем Арсеньевічам, каб пагаварыць пра жыццё, тэатр і прыгадаць, з чаго пачынаўся яго творчы шлях.
Шлях у прафесію
— Я заўсёды ведаў, што буду акцёрам. Вырашыў паступаць пасля дзявятага класа. Сказаў маці, што ўсё, далей вучыцца ў школе не буду — пайду ў тэатральнае вучылішча. (Лічу, лепш займацца тым, чым хочаш.) Паехаў у Днепрапятроўск, бо ў нас не было такіх вучылішч. Паступіў на акцёра тэатра лялек. Гэта цікавей, чым быць акцёрам драматычнага тэатра. Падчас гутаркі мне растлумачылі, што акцёр тэатра лялек набудзе нашмат больш у параўнанні з акцёрам «драмы». Напрыклад, у нас была ўзмоцненая пластычная адукацыя. Лічу, той багаж ведаў, які атрымаў, мяне вядзе і да гэтай пары.
Усе мае родныя жывуць у Любані. Уяўляеце, якая радасць была, калі паступіў у тэатральнае вучылішча! Мама горда хадзіла па нашым гарадку, хоць спачатку і не вельмі хацела бачыць мяне артыстам (смяецца. — Заўв. аўт.).
У вучылішчы была хутчэй не вучоба, а выхаванне чалавека як асобы, як акцёра. Памятаю, мы прыходзілі а восьмай раніцы, сыходзілі, бывала, а другой гадзіне ночы.
Ведаеце, усё закладваецца ў раннім узросце ў навучальнай установе. Здзіўляюся педагогам і рэжысёрам, якія ўмеюць вызначыць, каго з дзяцей узяць, а каго не. Памятаю сябе, калі паступаў: у шорціках, у цяльняшцы — зусім дзіця (усміхаецца. — Заўв. аўт.).
Курс набіраўся моцны. І калі ты быў прафнепрыдатны, то аб гэтым казалі і, у лепшым выпадку, пераводзілі ў «культ-прасвет». У нас было на курсе ўсяго 12 чалавек, а дайшлі да канца толькі пяць. Адлічыць маглі за паводзіны. Мяркую, паводзіны — гэта важна.
Не прыйшоў на экзамен, сарваў урок — гэта сто працэнтаў адлічэнне з вучылішча. Было вельмі строга.
Гады студэнцтва праляцелі незаўважна. Мае аднакурснікі працуюць па ўсім свеце. Шмат каго можна ўбачыць у ра-сійскім кіно. У мяне ж няма цёплых пачуццяў да гэтага віду мастацтва.
Быць драматычным акцёрам мне нават лягчэй. Памятаю, калі вярнуўся з арміі, цяжка было знайсці працу.
Удалося ўладкавацца ў Слонімскі драмтэатр. Потым быў Магілёўскі драматычны… І толькі наш абласны тэатр лялек стаў маім другім домам. Адчуваю сябе тут вельмі ўтульна.
Тэатр-эксперымент
— У нашым тэатры моцны эксперыментальны пачатак. Можна прыгадаць таленавітых рэжысёраў, якія цудоўна ажыццяўлялі гэтую канцэпцыю. Ігар Казакоў — перспектыўны рэжысёр. Нам пашанцавала, што яго знакамітыя папярэднікі — і народны артыст Украіны Сяргей Яфрэмаў, і заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Жугжда, і іншыя творцы — ставілі ў нас спектаклі. Мы і да сёння сябе пазіцыянуем як эксперыментальны тэатр. Хоць праблема рэжысуры, вядома, стаіць востра. А рэжысура ў тэатры лялек асаблівая.
Сцэна лечыць
— У мяне ніколі не стаяла пытання —хворы я, ёсць тэмпература, няма — заўсёды выходжу на сцэну. За трыццаць гадоў служэння мастацтву не было ніводнага бальнічнага. Праўда, летась адзін усё ж з’явіўся — і тое, вымусілі. Сказалі: «Коля, досыць тваіх подзвігаў».
І сапраўды, калі выходзіш на падмосткі, спадае тэмпература, становіцца лягчэй. Памятаю, у спектаклі «Тры парасяты» трэба было рабіць кульбіт.
А ў мяне — страшэнныя ныркавыя колікі. Гледачу ж не растлумачыш. Нічога, прымаў «Но-шпу».
У такіх выпадках трэба альбо мяняць прафесію, альбо ахвяраваць сабою. Вытрымцы і самадысцыпліне навучыла тэатральная школа. Цяпер, гляджу, моладзь спешчаная… Не ўсе вытрымліваюць: хтосьці зрываецца. Мяне ж гэтыя ўменні вельмі выручаюць. Трэба — значыць трэба. Устаў і пайшоў. І працуеш не на дзесяць-пятнаццаць працэнтаў, а на сто. Выкладваюся на рэпетыцыі, бо ведаю: тое, што напрацоўваю цяпер, вернецца ў будучыні. Проста не змагу пасля ніжэй гэтай планкі апусціцца.
Крызісы і ўдзячнасць
— Бываюць і белыя, і цёмныя палосы. Быў перыяд, калі мы, акцёры, не ведалі, куды рухацца далей. Не хапала рэжысёраў. Натуральна, я нармальны чалавек, магу і дэпрэсаваць часам. А на сцэну трэба выходзіць як след, бо цябе чакаюць маленькія гледачы.
Маладым акцёрам стараюся дапамагчы. Аднак парад не даю — гэта справа няўдзячная. Навучыць нельга, а навучыцца можна. Хто жадае павышаць майстэрства — падыходзяць, мы займаемся, нешта раю.
Нядаўна на гастролях у Гродзенскім тэатры лялек сустракаю свайго выпускніка, які вучыўся на драматычным аддзяленні. Кажу: «А чаго ты не ў драмтэатры?» А ён адказвае: «Вы так цудоўна расказалі пра «ляльку», што вырашыў пайсці працаваць менавіта ў гэты тэатр». Вядома, прыемна.
Па жыцці мяне вяла толькі прафесія. Калі прыехаў у Магілёў, адна карэспандэнтка спытала: «Мікалай, што для вас тэатр?» А я ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву: «Тэатр — маё жыццё». Аднак гэта на самай справе так. Ён — і мая сям’я, і мае крыўды, і мае расчараванні.
У звычайным жыцці ў мяне мінімум зносін. Сябе добра адчуваю толькі дома, у родных сценах. Я заўсёды ў тэатры — гэта мой дом. Думаю, а можа, трэба было б жыць як звычайны чалавек: стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей? Але, напэўна, звар’яцеў бы. Займаюся тым, што падабаецца.
Дарослыя і лялькі
— Цікавасць дарослай публікі ёсць. Скажу больш — яна нікуды не знікала. Часта прыязджаюць з Мінска. У тым ліку на дзіцячыя спектаклі. У мяне нават была паклонніца. Не ведаю, адкуль прыязджала, але заўсёды прывозіла незвычайныя сувеніры. Увогуле, дарослыя — тыя ж дзеці. Яны хочуць прыйсці і акунуцца ў гэтую атмасферу. Забыцца, што там, на вуліцы. Апынуцца ва ўтульным доміку. Мы стараемся падтрымліваць такую атмасферу ў тэатры. І калі думаеце, што тэатр лялек толькі для дзяцей, то дарэмна.
Надзея ЗУЕВА
Фота Магілёўскага абласнога тэатра лялек