Сінькевіч, Г. Залаты трыумф / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 19 ліпеня. — С. 4.
Залаты медаль Міжнароднай навуковай фізічнай алімпіяды заваявала выпускніца Магілёўскага абласнога ліцэя № 1
Звыш 100 юных аматараў фізікі з 19 краін. Такую колькасць удзельнікаў сабрала сёлета Міжнародная навуковая фізічная алімпіяда. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, адной з лепшых была прызнана выпускніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аліна Палонская. На прэстыжным інтэлектуальным спаборніцтве дзяўчына заваявала залаты медаль, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Цікавасць да фізікі прывіў мой настаўнік Валерый Васільевіч Барашкоў. Я з дзяцінства захаплялася матэматыкай і тэхнічнай творчасцю: авіямадэляваннем, робататэхнікай, квадракоптарамі. Калі паступіла на вучобу ў ліцэй, стала ўдзельнічаць у алімпіядным руху. Першапачаткова паспрабавала сябе ў матэматыцы, але потым пабывала на занятках у Валерыя Васільевіча і зразумела: мне бліжэй фізіка. Гэтая навука больш набліжана да рэальнага жыцця, — расказала Аліна.
За гады навучання ў 1-м ліцэі Аліна Палонская неаднаразова выходзіла ў пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы. Аднак на міжнароднай арэне дзяўчына выступала ўпершыню.
— Заданні былі на парадак складаней. Але абсалютна ўсе задачы былі звязаны з навакольнай рэчаіснасцю. Напрыклад, даследавалі флэш-карты, вылічвалі, як яны працуюць з пункту гледжання назапашвання інфармацыі. Таксама вывучалі гідраўлічны скачок вады ў кране. Вельмі сур’ёзным быў эксперыментальны этап. Удзельнікам прадастаўляўся персанальны камп’ютар. Мы мадэлявалі фізічныя працэсы і аналізавалі даныя, назіралі за тым, як тэорыя сыходзіцца з эксперыментам, — падзялілася залатая медалістка.
Перамога стала для Аліны прыемнай нечаканасцю, але ў сваіх сілах яна была ўпэўнена, бо да міжнароднай алімпіяды старанна рыхтавалася. Шмат займалася з трэнерамі каманды і сваім педагогам, народным настаўнікам Беларусі Валерыем Барашковым.
— Адзінага алгарытму ў падрыхтоўцы да алімпіяды не існуе. Мяняюцца рэаліі часу, адпаведна мяняюцца і заданні. Так, на сёлетняй міжнароднай алімпіядзе трэба было з дапамогай камп’ютара апрацоўваць даныя, атрыманыя эксперыментальна. Такога раней не было на алімпіядах, а ў навуцы ўжо выкарыстоўваецца. Усе гэтыя фактары трэба ўлічваць. Асаблівы падыход павінен быць і да кожнага вучня. З Алінай мы неаднаразова разбіралі складаныя тэмы ў розных варыяцыях. Гэта дапамагае сістэматызаваць веды на падсвядомым узроўні і ў патрэбны момант выкарыстаць іх на аўтаматызме. Важны аспект якаснай падрыхтоўкі — камандная работа настаўнікаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад курацыяй кандыдата фізіка-матэматычных навук дацэнта Анатоля Іванавіча Слабадзенюка. Менавіта ўзаемадзеянне прыносіць высокія вынікі вучняў, таму варта разгледзець магчымасці для арганізацыі індывідуальнага навучання ў такім ключы для адораных навучэнцаў, — адзначыў Валерый Барашкоў.
У ліцэі неверагодна ганарацца дасягненнем таленавітай выпускніцы. Па словах дырэктара ўстановы Пятра Шылава, перамога цалкам заслужаная, бо Аліна адрозніваецца выключнай працавітасцю і мэтанакіраванасцю.
— Аліна — вельмі здольная вучаніца. Аднак як алмазу патрэбна агранка, так любому адоранаму дзіцяці — адпаведнае асяроддзе і суправаджэнне. Роля настаўніка мае вялікае значэнне. Будзем і ў далейшым імкнуцца ўзрошчваць таленты, — запэўніў Пётр Уладзіміравіч.
Дарэчы, зараз Аліна Палонская рыхтуецца да паступлення. Дзяўчына марыць звязаць жыццё з прыкладной фізікай, інжынерыяй для энергетыкі і касмічных тэхналогій.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара