Унікальная азбука

Сінькевіч, Г. Унікальная азбука / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 20 верасня. — С. 18.

Унікальную азбуку для першакласнікаў стварылі педагогі Магілёва

Вучэбны дапаможнік для першакласнікаў, які не мае аналагаў, стварылі ў Магілёве. Інавацыйная педагагічная распрацоўка накіравана на вывучэнне дзецьмі асаблівасцей малой радзімы, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ідэя стварэння ўнікальнай “Азбукі Магілёва” была агучана кіраўніцтвам гарвыканкама. Рэалізацыяй задумы займаліся творчыя групы педагогаў сярэдніх школ № 21 і № 2 горада.

— Зараз асабліва важным становіцца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, таму з самага пачатку школьнага жыцця дзяцей неабходна далучаць да краязнаўства. З гэтай мэтай і вырашана было зрабіць спецыяльны дапаможнік, — расказала намеснік дырэктара сярэдняй школы № 21 Аксана Суворава.

Па яе словах, працэс работы над кнігай быў працяглы і карпатлівы. Стаяла задача прадставіць у выданні знакавыя месцы Магілёва на кожную літару алфавіта.

— Разам з настаўнікамі пачатковых класаў Ірынай Валуевай, Аленай Дзяменць­евай, Святланай Рэянтовіч і Наталляй Разанавай з энтузіязмам працавалі па вечарах і на выхадных. Спачатку адбіралі выбітныя аб’екты і славутасці, важныя для агульнага кантэксту паняцці. Потым складалі пра ўсё гэта займальныя і павучальныя аповеды. Тэксты адаптавалі для малодшых школьнікаў. Падача інфармацыі даступная для ўспрымання. На старонках таксама размясціліся невялікія аўтарскія вершы і практычныя заданні. Разнастайныя рэбусы і галаваломкі накіраваны на павышэнне пазнавальнай актыўнасці дзяцей і замацаванне атрыманых імі ведаў, — адзначыла Аксана Аляксееўна.

Цікавы змест, распрацаваны настаўнікамі сярэдняй школы № 21, дапоўнілі яскравымі ілюстрацыямі педагогі 2-й гарадской школы. У афармленні кнігі прысутнічаюць і QR-коды, з дапамогай якіх юныя чытачы змогуць адправіцца на віртуальную экскурсію па магілёўскіх вуліцах або паглядзець тэматычныя відэаролікі.

Пакуль “Азбука Магілёва” выпушчана ў адзінкавым экзэмпляры. У хуткім часе пробны варыянт будзе адкарэкціраваны і растыражаваны. Кнігу плануюць уручаць дзецям на святах пасвячэння ў першакласнікі. Аўтарскі калектыў педагогаў-распрацоўшчыкаў перакананы: выданне дапаможа вучням 1-х класаў дасканала азнаёміцца з адметнасцямі роднага горада.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара