Цэлая эпоха дарожнай галіны краіны

Даўжанок, А. Цэлая эпоха дарожнай галіны краіны / Алена Даўжанок, Лізавета Голад // Звязда. — 2024. — 24 кастрычніка. — С. 8.

Ад мінулага да сучаснасці

Гісторыя прадпрыемства пачалася ў кастрычніку 1969 года, калі на базе трох дзейных тады дарожна-будаўнічых раёнаў і мостабудаўнічай арганізацыі быў створаны «Дарожна-будаўнічы трэст № 3».

Ім прыйшлося прайсці праз шмат выпрабаванняў. Падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС дарожнікі ехалі ў пацярпелыя гарады і вёскі, нягледзячы на небяспеку, і самааддана працавалі. Нялёгкім быў і час перабудовы, калі заказаў не хапала і аб’ёмы дарожнага будаўніцтва няўхільна зніжаліся. Аднак менавіта гэты шлях загартаваў і паказаў, што не варта здавацца, нягледзячы ні на што.

Па словах генеральнага дырэктара Валерыя ПАЛЯКЕВІЧА, ДБТ № 3 — гэта цэлая эпоха дарожнай галіны краіны.

— За больш чым паўвекавую гісторыю прадпрыемствам было рэалізавана нямала буйных і значных праектаў. Мы зарэкамендавалі сябе надзей-нымі партнёрамі, якія выконва-юць якасную работу на любых аб’ектах: ад дарог мясцовага і рэспубліканскага значэння да міжнародных трас, — адзначыў ён.

Усе дасягненні прадпрыемства ацэньваюцца па заслугах. Так, другі год запар ДБТ-3 атрымлівае званне «Найлепшая будаўнічая арганізацыя па горадзе Магілёве». Таксама прадпрыемства стала «Арганізацыяй года» ў Рэспубліканскім конкурсе на найлепшыя дасягненні ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь «Будаўнічы Алімп 2024».

Работа кіпіць

Адзін з самых значных праектаў прадпрыемства сёння — будаўніцтва пуцеправода-дублёра «вуліца Якубоўскага — Загарадная шаша» ў Магілёве, які атрымаў афіцыйную назву праспект «17 Верасня». І гэта невыпадкова: будаўніцтва было разбіта на тры чаргі, і кожную з іх здавалі якраз да гэтай даты.

— Будаўніцтва вялося з 2020 года. Падрыхтоўка пачалася яшчэ раней. Увогуле, увесь шлях ад ідэі да рэалізацыі заняў восем гадоў, — падзяліўся кіраўнік праекта Юрый БУЯКОЎ.

Паводле яго слоў, гэта вельмі значны праспект для Магілёва.

— У першую чаргу ён вызваляе рух па праспекце Міру, які вядзе ў цэнтр горада і да вуліцы Якубоўскага. Людзям стала лягчэй дабірацца на работу, таму што зніклі пробкі. У перспектыве з’явіцца транзітны рух грузавога аўтатранспарту, — дадаў ён.

Варта адзначыць і тое, што гэты праект вельмі важны з экалагічнага пункту гледжання. З-за таго, што з’явіўся праспект у аб’езд горада, выхлапных газаў у цэнтры стане значна менш.

Нетрывіяльным рашэннем стала тое, што праспект зроблены з цэментабетону. Галоўная перавага гэтага матэрыялу — міжрамонтныя тэрміны. Так, асфальтабетон служыць 7—10 гадоў, а цэментабетон — ажно 25.

Датаго ж у рэпене есць два цэментныя заводы, якія дазваляюць выкарыстоўваць цалкам сваю сыравіну.

Другі амбіцыйны аб’ект, на якім ужо пачаліся работы, гэта ўнутрыкальцавая аўтамабільная дарога. Яе будаўніцтва разбіта на 13 чэргаў. Але казаць аб канкрэтных тэрмінах здачы пакуль складана. Асноўная праблема ў тым, што гэтае маштабнае будаўніцтва спалучана са зносамі, дзе закранаюцца маёмасныя правы грамадзян.

А яшчэ сёлета пачалі рэканструкцыю Р-122. У выніку яна будзе пашырана да дзвюх палос у кожным напрамку. Чаму быў абраны гэты аб’ект? Па словах намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы Леаніда ЗАХАРКЕВІЧА, тут адыграла важную ролю геапалітыка.

— Гэта дарога ў напрамку РФ, дзе інтэнсіўнасць транспарту за апошнія гады значна павялічылася. Цяпер у нас пачата першая чарга — гэта 40 кіламетраў да горада Чавусы. Дарога будзе таксама ў цэментабетонным выкананні, — адзначыў ён.

Зразумела, вядуцца работы і па добраўпарадкаванні самога Магілёва.

— У гэтым годзе мы рэканструявалі праспект Дзімітрава, завершым работы на праспекце Пушкінскім з новым падземным пераходам, — адзначыў Леанід Захаркевіч. — Цешыць тое, што цалкам мяняецца архітэктура дарог. З’яўляюцца новыя выбрукаваныя пешаходныя дарожкі, веладарожкі, паркоўкі — у цэлым паляпшаецца аблічча горада.

Амбіцыйныя планы

ДБТ-3 можа пахваліцца добрымі эканамічнымі паказчыкамі. Так, па словах намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы, па даных за жнівень прадпрыемства перавыконвае план на 140 %, што дазваляе выплачваць належную зарплату і абнаўляць тэхнічную базу.

— Ёсць два асноўныя кірункі, якія мы хутка ўкарэнім у сябе. Усё часцей мы робім дарогі ў цэментабетонным выкананні. Паколькі тэхнікі неабходнай у нас не было, то гэтым займаліся калегі з мінскіх трэстаў. Але цяпер ДБТ № 3 непасрэдна ўключаецца ў гэтую работу. Мы ўжо правялі тэндэр на закупку неабходнага абсталявання і чакаем яго пастаўку. Гэта зроблена на перспектыву, бо Р-122 таксама будзе ў цэментабетоне, — падзяліўся Леанід Захаркевіч.

Ёсць і іншы цікавы кірунак. Кальцавая дарога, работы на якой пачаліся зусім нядаўна, мае на ўвазе значную колькасць зносаў. Ад гэтага застаецца вялікая колькасць адходаў вытворчасці ў выглядзе жалезабетоннай крошкі. Прадпрыемства ўжо заключыла кантракт на закупку драбілкі, што дасць магчымасць другасна выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы і ісці ў нагу з часам.