Бунцэвіч, Н. Захаваць чалавечнасць / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2024. — 23 жніўня. — С. 11.
У канцы 47-га сезона Магілёўскі абласны тэатр лялек выпусціў прэм’еру, прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі. Гэта спектакль “Чалавек, заставайся чалавекам!” маладога рэжысёра Марыі Гуцавай паводле апавядання Васіля Быкава “Адна ноч”.
Рэжысёр зрабіла інсцэніроўку, у якой вельмі добра ўлічыла асаблівасці ўвогуле тэатральнага мастацтва і ў прыватнасці эстэтыкі тэатра лялек, дзе могуць ажываць самыя нечаканыя рэчы. Марыя Гуцава паклікала ў пастановачную каманду галоўнага мастака Новага драматычнага тэатра лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Лідзію Малашэнка. У яе заўжды шмат цікавых рашэнняў, як увасобіць тыя ці іншыя ўласныя і рэжысёрскія ідэі. А яны папраўдзе нешараговыя. Марыя Гуцава не пабаялася ажывіць… вайну. І не толькі праз дакументальныя кадры. Галоўнае — праз візуалізацыю яе чалавеча-нечалавечага аблічча. Так-так, вайна ў пастаноўцы — паўнавартасная дзейная асоба, выяўленая і лялькай, і жывым планам артысткі.
На гэтую ролю была абрана Дзіяна Даўганінец. Прыгажуня з гнуткай балетнай фігурай паўстае жанчынайвамп, ракавой спакусніцай з веерам у руках. Адзетая па модзе, калі берцы з таўшчэзнай падэшвай ідуць у дадатак да вячэрняй сукенкі, спачатку гераіня дзейнічае даволі груба. Раскрыты металічны веер асацыіруецца з тронкамі сапёрнай рыдлёўкі ці з закругленай пілой. Моцныя ўдары па ім нагадваюць набат. Ці лёсавызначальнае, як у оперы “Турандот”, гучанне гонга, што кліча на смяротны паядынак. Ручка веера — салдацкі штык, сутыкненне з якім таксама нясе пагібель. А тонкая чырвоная стужачка, уплеценая ў валасы, — струменьчык крыві.
Гераіні падабаецца здзекавацца з двух параненых салдат, імёны якіх становяцца намінальнымі, адыгрываюць ролю сімвалічных абагульненняў: беларускага Івана (Максім Кошалеў) і нямецкага Фрыца (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц). Тыя з-за выбуху апынуліся разам у заваленым склепе, і выбрацца адтуль можна толькі сумеснымі намаганнямі.
Але ж байцы — ворагі! Раптам высвятляецца, што ў іх багата агульнага. Абодва — простыя цесляры, якія мараць вярнуцца дадому, да родных і блізкіх, працаваць, а не ваяваць. Прыходзіць разуменне, што вораг у гэтых салдат аднолькавы — вайна. І яны могуць супраць яго з’яднацца, бо абодва ненавідзяць Гітлера. Але ж Вайна змяняе тактыку і пачынае павольна спакушаць кожнага паасобку — на вялізным стале ў цэнтры сцэны, які бывае ў высокіх начальнікаў. Яна тут — галоўны начальнік і камандзір. І Вайна не збіраецца злазіць з гэтага п’едэстала, ганарліва танцуе на стале, гулка тупаючы нагамі. Кожны такі крок-удар аддаецца ў сэрцы выбухам. У пэўны момант у байцоў нібыта атрымліваецца яе пазбавіцца, ды Вайна вяртаецца — ужо ў абліччы агромністай, аж да каласнікоў, жудаснай лялькі.
Салдаты таксама паўстаюць і лялькамі ў чалавечы рост у вайсковай форме, і жывым планам — у амаль аднолькавай сподняй бялізне. Такі падзел на лялек і людзей невыпадковы: Іван і Фрыц — забіты, што канчаткова становіцца зразумела ў фінале, а ігра артыстаў жывым планам — гэта данесены да нас, нашчадкаў, аповед несмяротных душ. Скарыстаны і невялікія лялькі. Праз іх у спектаклі ўзнікаюць і шматлікія ахвяры, што загінулі ў страшнай мясарубцы вайны, і ўспаміны пра мірнае жыццё, пафарбаванае выключна ў святочныя адценні. Невыпадкова родныя салдат — гэткія “сувенірныя” лялькі ў народных строях. І да пэўнага часу яны хаваюцца ў тумбачках па баках стала, быццам даказваючы, што мірнае насельніцтва пацярпела ад ліхалецця не менш за вайскоўцаў.
У спектаклі, які ўспрымаецца на адным дыханні, пралічана і даведзена да вышыні кожная дробязь. Гэта не толькі візуальны складнік і цудоўная акцёрская ігра, але і адметнае музычнае суправаджэнне, што цалкам адпавядае сучасным мастацкім тэндэнцыям і будуецца на добра адрэпеціраванай імправізацыйнасці. Гукавая атмасфера ствараецца, ледзь толькі гледачы ўваходзяць у залу, яшчэ да пачатку сцэнічнай дзеі. Скрыпачка Сабіна Пятроўская, якая пасля заканчэння БДУКМ выкладае ў Ракаве, звяртаецца да сучасных прыёмаў выканальніцтва, жанру дроўн: кампазіцыя ўзрастае з розных адценняў адной працяглай ноты — у дадзеным выпадку гэта асацыіруецца з трывожным чаканнем. Яшчэ адна выпускніца БДУКМ мінчанка Ала Шаранкова скарыстоўвае яўрэйскія песні, выконваючы іх у беларускай народнай манеры, і частку Рэквіема. А лейтматывам становіцца калыханка, прыдуманая артыстам тэатра Максімам Кошалевым. Менавіта яе спявае Івану маці, і мелодыя ўспрымаецца як абярэг, што адлюстроўвае не толькі матчын клопат, але і любоў усёй Радзімы да сыноў.
Фінальная мізансцэна вымушае згадаць скульптуру старога з забітым хлопчыкам у Хатыні: абодва салдаты ў той жа позе трымаюць на руках сваіх двайнікоў-лялек. Такая бязмоўная застыласць — крык душы, што адгукаецца ў сэрцы кожнага.
Надзея БУНЦЭВІЧ