Леўчанка, М. Самыя светлыя згадкі / Мікола Леўчанка // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 16 жніўня. — С. 10.
Імя слыннага паэта Аляксея Пысіна залатымі літарамі ўпісана ў беларускую літаратуру XX стагоддзя, а яго франтавая лірыка кранае самыя тонкія струны чалавечай душы нават праз многія гады. Кранае гаму, што перажытыя ім крывавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, памножаныя на велізарны талент, дазволілі ўзяць такую творчую вышыню, на якую ў далейшым так ніхто з іншых паэтаў і не ўзняўся.
Даўні сябра Аляксея Васільевіча, вядомы пісьменнік Віктар Арцём’еў, напісаў пра Пысіна столькі кніжак-успамінаў, што яго іншым паплечнікам нават не снілася. Некаторыя з іх ёсць у маёй уласнай бібліятэцы з цёплымі аўтографамі, паколькі лічу сябе вучнем легендарнага паэта, з якім часам даводзілася сустракацца, атрымліваць кароткія адказы на мае допісы. Шаноўны Віктар Іванавіч гэта добра ведае.
Захапіўся пысінскай паэзіяй у дзясятым класе Брацькавіцкай сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна, куды я хадзіў за колькі кіламетраў са сваёй роднай вёскі Калодзецкая. Ад яе да вёскі Высокі Барок суседняга Краснапольскага раёна, у якой прайшло дзяцінства будучага масцітага літаратара, было кіламетраў семвосем. Туды калі-нікалі маці і пасылала мяне на ровары па хлеб з кукурузнай мукі, бо там мелася свая хлебапякарня. Аднойчы пабачыў і хату, дзе нарадзіўся паэт, дзе прайшло яго дзяцінства.
Мае бацькі атрымлівалі разам з раённай газетай «Сцяг камунізму» абласную газету «Магілёўская праўда». У гэтым выданні, наколькі памятаю, Аляксей я Пысін працаваў літкансультантам і адначасова ўзначальваў абласную пісьменніцкую арганізацыю. Таму штомесячна рыхтаваў літаратурную старонку, на якой часам друкаваў і свае вершы. Але даволі рэдка. Напэўна, таму, што імкнуўся даваць болей газетнай плошчы малавядомым ці зусім невядомым аўтарам. Я ж свае вершы дасылаць не адважваўся, саромеўся і баяўся. Ужо незадоўга да прызыву на тэрміновую службу ў войска мяне запрасіў неяк на творчую вечарыну ў Касцюковічы мясцовы паэт-байкапісец Сямён Пацёмкін, які меў уласную кніжку твораў у серыі «Бібліятэка часопіса “Вожык”». Мерапрыемства ж ладзілася ў раённым Доме культуры, куды я паехаў разам з настаўнікам згаданай дзесяцігодкі Іванам Брындзікавым, бо таксама пісаў вершы. Пазней ён, як і я, скончыў факультэт журналістыкі БДУ імя У I. Леніна. Тады мы ўсе з нецярпеннем, нейкім асаблівым хваляваннем чакалі з Магілёва прызнанага майстра паэтычнага слова Пысіна. Чакалі нават тады, калі трэба было пачынаць вечарыну, а яго ўсё не было. Чаму — ніхто не ведаў. Гэта цяпер, калі існуе сотавая тэлефонная сувязь, не складае ніякіх цяжкасцяў даведацца, у чым справа. Тады ж карысталіся звычайнай правадной тэлефоннай лініяй, якая не заўсёды аператыўна давала магчымасць звязацца з патрэбным абанентам, асабліва ў непагадзь. Не змог у тую далёкую зіму дазваніцца да свайго калегі па пяры і Сямён Ігнатавіч. Значна пазней мы даведаліся, што дарагі госць, якога ўсе вельмі чакалі, не змог прыехаць да нас з-за моцнан прастуды.
Пасля службы ў Групе савецкіх войскаў у Германіі мне пашчасціла працаваць карэспандэнтам у быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». Паэт-франтавік сябраваў з яе тагачасным рэдактарам Георгіем Барысавым — партызанам-падрыўніком з Асобнага рэйдавага злучэння «Трынаццаць», якім у гады вайны камандаваў палкоўнік, Герой Савецкага Саюза Сяргей Грышын. Таму Пысін прыязджаў да Барысава, двойчы ўдзельнічаў у пасяджэнні літаратурнага аб’яднання пры раёнцы, на якім мы, пачаткоўцы, чыталі свае вершы, апавяданні, а наш кумір уважліва слухаў, нешта памячаў у сваім блакноце, рабіў заўвагі, даваў парады. Удзельнічаў у адным з пасяджэнняў і зусім малады аграном калгаса «Рэвалюцыя» Змітрок Марозаў — цяпер паэт, празаік, лаўрэат многіх прэстыжных літаратурных прэмій, узнагарод. Ён, дарэчы, нядаўна надрукаваў у «ЛіМе» свае ўспаміны, дзе даволі падрабязна распавядае пра тую незабыўную сустрэчу ў рэдакцыі газеты «Маяк Прыдняпроўя». Вось пасля таго пасяджэння Пысін адабраў нізку маіх вершаў і з фотаздымкам надрукаваў у «Магілёўскай праўдзе».
Георгій Ерамеевіч, альбо Жора, як яго ласкава называў паэт, калі наведваў Магілёў абавязкова сустракаўся з ім, а па вяртанні на працу перадаваў ад яго прывітаннігпажаданні прыкладна такога зместу: «Перадай прывітанне свайму Міколу, скажы, няхай і надалей піша вершы, яны ў яго атрымліваюцца».
У тэлефоннай жа размове Аляксей Васільевіч аднойчы параіў: калі маецца такая магчымасць — змяніць месца працы. Маўляў, газета, асабліва раённая, не садзейнічае творчаму станаўленню. Нават па той прычыне, што газетная мова і мова літаратурная — несумяшчальныя паняцці. Газетная мова заўсёды шкодзіць літаратурнай, не дае магчымасці творцу дасягнуць патрэбнай яму вяршыні ў мастацкім мысленні.
Час паказаў і даказаў: яго парада была вельмі слушная. Але я не шкадую, што не скарыстаў яе, хаця ніколі не забываў. Я любіў і люблю журналістыку. Літаратура ж… — маё нязменнае хобі, можа, нават прызванне, якому з вялікім задавальненнем аддаю частку свайго вольнага часу.
Мікола ЛЕЎЧАНКА