Кісель, А. Дзве грані дзіцячай прозы ад Жанны Міус / Алена Кісель // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 16 жніўня. — С. 7.
Імя магілёўскай пісьменніцы Жанны Міус (Усцінавай) даўно і трывала атаясамліваецца з якаснай беларускамоўнай дзіцячай літаратурай. І з гэтым меркаваннем я неаднойчы пагаджалася ў рэцэнзіях. Але так склалася, што з творчасці Жанны Міус мне трапляліся ў асноўным кнігі, напісаныя ў вершаванай форме. Між тым аўтар на сённяшні момант прадставіла беларускаму чытачу ўжо пяць кніг дзіцячай прозы і працягвае развівацца ў гэтым жанры. А проза ўсё ж такі — гэта крышку іншае: тут патрабуецца большая ўвага да сюжэта, да персанажных арак, да логікі (так, і ў дзіцячай літаратуры таксама!).
Таму самы час ацаніць адну са свежых кніг пісьменніцы «Казачныя ночы Барвулі» і паспытаць: якая ж проза Жанны Міус на крытычны смак? Тым болей што дадзеная кніга ў бягучым годзе з’яўляецца намінантам на Нацыянальную літаратурную прэмію.
Ужо з загалоўка крытыка чакае сюрпрыз. Сам цыкл «Казачныя ночы Барвулі» зусім невялікі і займае толькі трэцюю частку кнігі. Дзве трэція прыходзяцца на казачную аповесць «Прыгоды ў Грыбадзіўі». Два тэксты, пры гэтым даволі непадобныя па тоне і накіраванасці, прадстаўляюць сабой ледзьве не розныя ўзоры дзіцячай прозы.
«Казачныя ночы Барвулі» — гэта аўтарская казка, нават аўтарскі міф. Жанна Міус ажыўляе лес і паказвае жыццё яго жыхароў. І тое, як яны разумеюць паходжанне ўсяго: месяца, дрэў, лесу ў цэлым.
«Прыгоды ў Грыбадзіўі» — гэта аповесць пра тое, як самы што ні ёсць сучасны лянівы падлетак становіцца… грыбам і трапляе ў дзівоснае лясное царства. І, вядома, перавыхоўваецца ў працэсе.
Нягледзячы на тое, што танальнасць і прызначэнне ў дзвюх частак кнігі рознае, іх аб’ядноўвае вобраз лесу. Лес у абедзвюх казках — таямнічае і поўнае неверагодных цудаў месца. А галоўнае — жывое. Дыхае ў ім усё: камяні і пні, дрэвы і грыбы. І не проста жыве — сталее, весяліцца і сумуе, пакутуе ад несправядлівасці і расказвае казкі.
Якраз «Казачныя ночы Барвулі» — цыкл з трох рознахарактарных казак, звязаных адным слухачом — маленькай цікаўнай асінкай. У трох казках — страшнай, сумнай і вясёлай — распавядаецца пра асілкаў і чараўнікоў, тут сустракаюцца вогненныя цмокі і разбіты час, і можна нават наткнуцца на пасаж аб тым, што лясная прырода — заўзятая модніца.
«Казачныя ночы Барвулі», без перабольшвання, — самая атмасферная і найбольш цікавая для дарослага чытача частка кнігі. Меладычнасць мовы, розныя апавядальнікі і розны настрой у кожным аповедзе, сумесь міфалагічнай і казачнай падачы і непаўторны каларыт кожнай гісторыі. А часам — смутак і несправядлівасць, якія так часта сустракаюцца ў міфах сапраўдных:
«Прыляцеўшы зноў да яра, між зямлёй і воднай прасторай, дзе калісьці расло чарадзейнае дрэва, асілак Збераган, зусім абяскроўлены, абамлелы, упаў беспрытомны.
Вогненны цмок таксама знясілеў, і Выраката адным меткім ударам маланкі забіла яго. Скурчыўся магутны цмок і пераўтварыўся ў скалу каменную…»
Акрамя таго, ва ўсіх трох казках заўважаецца і філасофскі пасыл (таксама цалкам міфалагічная спадчына). У першым аповедзе расказваецца пра сям’ю, пра адрачэнне ад яе, пра неабходнасць змагацца ў імя ўсяго, што квітнее і зелянее. У другім гаворка ідзе аб страчанай маладосці, згубленым часе (ці магчыма яго сабраць?). У трэцім чытача чакаюць вясёлыя роздумы пра тое, што прытрымлівацца моды бывае нядрэнна…
І ўсё гэта напісана вельмі дасканала, распеўнай і размеранай мовай, са звычайнымі для Жанны Міус моўнымі знаходкамі, з ажыўленнем і расфарбоўкай літаральна ўсяго свету. «Казачныя ночы Барвулі» поўняцца фарбамі, шоргатам, пахамі, размовамі дрэў. І гэта робіць іх вельмі прывабнымі. Сам па сабе такі баланс жанру здаецца вельмі перспектыўным, і хацелася б, каб аўтар прытрымлівалася яго і надалей. Магчыма, праз пашырэнне «Казачных начэй», напісанне іншых казак у тым жа тоне.
А вось з жанравымі асаблівасцямі другой аповесці — «Прыгоды ў Грыбадзіўі» — дарослы чытач знаёмы як мае быць. Канечне ж, з дзяцінства! Таму што формула «грубае і непаслухмянае дзіця прераўтвараецца ў кагосьці альбо трапляе ў іншы свет, перажывае прыгоды, выпраўляецца» — вельмі часта сустракаецца і ў казках, і ў мультыплікацыйных фільмах. Можна прыгадаць аповесць В. Мядзведзева «Баранкін, будзь чалавекам». А прыгоды Олі і Яло ў кнізе «Каралеўства Крывых Люстэрак» В. Губарава? І як тут не ўспомніць мультфільм аб Краіне Нявывучаных урокаў, дзе да двоечніка прыходзяць паўтара землякопа! Агульнае для такіх твораў — павучальнасць, жаданне паказаць маленькаму чытачу розніцу паміж «можна» і «нельга». Гэта не робіць жанр заганным (а магчыма, нават і павялічвае яго карыснасць). Пытанне толькі ў тым, ці здолее аўтар дастаткова завуаліраваць павучальны пасыл, не падаць яго ў лоб, не стаць для маленькага чытача строгім бацькам альбо матуляй, якія чытаюць натацыі.
Жанна Міус цалкам спраўляецца з тым, каб трымаць баланс паміж займальнасцю і павучальнасцю ў сваім творы. Выклікае інтарэс ужо сама ідэя ператварыць маленькага гультая не ў насякомае, не ў звярка, а ў грыб. Кожны этап падарожжа па казачнай лясной краіне паказвае Дасіку (дакладней, ужо Грыбасіку) не вельмі прыемныя бакі яго натуры. Але кожны этап адначасова атрымліваецца захапляльным, незвычайным, мудрагелістым. Аўтар паварочвае з простага шляху — паказаць натуральнае, прыроднае жыццё лесу, нагрузіць маленькіх чытачоў масай карысных звестак пра тое, хто як расце, чым адрозніваецца і г. д. Замест гэтага чытач паглыбляецца ў лясную казку — часам вясёлую, часам крышачку філасофскую, але нязменна вынаходніцкую. Чаго толькі варты грыбны футбол з настойлівым прамахваннем па варотах (і абавязковым захвальваннем гульцоў!). Альбо дождж сораму, што ідзе выключна па суботах? І тут вандроўка Грыбасіка крыху пачынае нагадваць падарожжа кэралаўскай Алісы — хіба што Жанна Міус не імкнецца гуляцца з адсылкамі і абсурдам. Затое раскрывае «грыбную тэму» напоўніцу: ад цвіллевых грыбоў і гульні са словам «цвіль» да вялікаснага «Грыбарыума». Калі чагосьці і не хапае ў гэтай вельмі грыбной карціне, то хіба што «грибов из Рязани — тех, что с глазами». Урэшце, «Прыгоды ў Грыбадзіўі» ўсё-такі хутчэй пра беларускі лес.
Пры ўсёй гульнявой падачы, пры ўсім жаданні паіранізаваць і павесяліцца аўтар паспявае паразмаўляць з маленькім чытачом пра многія рэчы. Тут і ўважлівасць да старэйшых, абыякавасць, лянота і неабходнасць працы, важнасць захавання прыроды чыстай, павага да яе. І нават «жыццё на канапе» і залежнасць ад мабільных тэлефонаў і гульняў. Часам, праўда, мараль тэксту падаецца вельмі ўжо прама. Калі дзесяцігадовы хлопчык пачынае агучваць думкі тыпу: «Вось якімі мы былі дрэннымі, і як нашы родныя гэта трывалі?» — занадта відавочна, што за яго кажа аўтар. Аднак у астатнім тэкст дастаткова добра змыкаецца з сучаснасцю, у тым ліку і дзякуючы сучаснай лексіцы, дзе трапляюцца і неалагізмы, і нават крышку жарганізмаў: «пасэлфіцца», «квэст», «фрыкі зачараваныя».
Пры гэтым пазнавальнасці Жанна Міус таксама адводзіць месца: у «Грыбарыуме» маленькія чытачы змогуць даведацца аб грыбной разнастайнасці, аб самым вялікім грыбе, аб таямніцах царства міцэтаў…
Якую ж выснову можна зрабіць пасля прачытання?
«Казачныя ночы Барвулі» маюць выразны казачны смак ( з яўным грыбным прысмакам). Два творы, якія змешчаны пад адной вокладкаю, адрозніваюцца атмасферай, тонам і жанравымі асаблівасцямі. Але яны аб’ядноўваюцца вобразам фантастычнага ляснога свету, каларытнасцю, маляўнічасцю, вобразнай мовай і гульнявой падачай. Кнігу можна назваць выразным прыкладам таго, што Жанна Міус як пісьменніца паспяхова развіваецца ў розных жанрах дзіцячай прозы і можа прапанаваць не толькі самым маленькім чытачам, але і дзецям сярэдняга школьнага ўзросту новае, цікавае, прыемнае і карыснае чытанне.
Алена КІСЕЛЬ, кандыдат філалагічных навук