Зігуля, Н. Свята са знакам якасці / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 26 лістапада. — С. 1, 8—9.
Тысячы гараджан сталі ўдзельнікамі мерапрыемстваў марафону. І шмат хто казаў, што энергетыка, якая панавала на пляцоўках, сапраўды была магутным яднальным сродкам. Людзі пераканаліся, што іх мэты і задачы супадаюць: жыць у міры, сумленна працаваць і гадаваць дзяцей. Магілёў атрымаў шмат падарункаў у выглядзе канцэртаў, сустрэч з вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, палітолагамі, артыстамі, кніг, якімі папоўнілася Магілёўская абласная бібліятэка. Было шмат сюрпрызаў, новых праектаў, арыгінальных ідэй. Гэта ўсё ўжо гісторыя. Якія ж засталіся ўражанні і ў чым карысць марафону? Пра гэта ў нашым рэпартажы.
«Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт»
Праект пад такой назвай стартаваў у МДУ імя А. Куляшова. Дзве гадзіны працягвалася сустрэча студэнтаў і прадстаўнікоў грамадскасці з доктарам педагагічных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Радзьковым. Прафесар, які ў пачатку нулявых некалькі гадоў узначальваў ВНУ, валодае дарам трымаць увагу аўдыторыі, у тым ліку маладзёжнай. Шчырасць, вобразнасць мыслення, цікавы погляд на падзеі, вялікі вопыт, у тым ліку работы ў вышэйшых эшалонах улады — усё гэта падкупляе.
Мадэратар сустрэчы, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, старшыня праўлення грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім Гігін адзначыў, што мэта праекта, першым удзельнікам якога стаў Аляксандр Радзькоў, — праз яркіх асоб паказаць кіраўніцтва дзяржавы. Аляксандр Міхайлавіч дзяліўся ўспамінамі, расказваў пра сучаснасць і пра тое, як будавалася беларуская дзяржаўнасць. Ён перакананы, што ўсё ў нашым жыцці заканамерна.
— Прырода разумная: для кожнага з нас малюе перспектыву, — разважаў ён. — І не столькі вызначае, колькі закладвае гэтую перспектыву. Камусьці дае здольнасці творчыя, мастацкія, камусьці — літаратурныя, інжынерныя, матэматычныя, а камусьці — лідарскія. І важна, каб чалавек сам зразумеў, для чаго ён прызначаны ў жыцці. Зразумеў гэта і потым рэалізаваў. Для кіраўніка краіны першапачаткова павінна быць прыроджаная якасць лідарства. Калі прыводзіш прыклад такіх людзей, як наш Прэзідэнт, або яго настаўнікаў, гэта якраз доказ, як трэба жыць, сябе развіваць, дасягаць вышынь.
У выступоўцы спыталіся пра галоўныя дасягненні эпохі Аляксандра Лукашэнкі. Ён адказаў, што, па-першае, гэта наша краіна. «Мы з вамі пад кіраўніцтвам Прэзідэнта стварылі краіну такой, якая яна ёсць», — аргументаваў ён. На другое месца Аляксандр Радзькоў паставіў Саюзную дзяржаву, тое, што Беларусь разам з Расіяй змаглі выбудаваць сяброўскія адносіны. І працягваюць паказваць іншым, як можна ствараць раўнапраўныя адносіны, забяспечваць бяспеку адно аднаго. «Гэтыя дасягненні — самыя галоўная багацці для кожнага беларуса, і іх можна і трэба захаваць», — падкрэсліў беларускі палітык.
«Эфект Куляшова»
Тэма мерапрыемства «Знакавая сустрэча» — «Хто і як уплывае на наша мысленне», як, дарэчы, і месца яе правядзення — фудкорт гандлёвага цэнтра «Атрыум», — былі нечаканыя. Гледачы размясціліся за столікамі, сумяшчаючы сняданак з размовай. Удзел у сустрэчы ўзялі генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, вядомы палітычны аглядальнік Вадзім Гігін і беларускі тэлевядучы Рыгор Азаронак. Рыгор адразу ж прызнаўся, што на фудкорце яму яшчэ выступаць не даводзілася.
— Гаворачы пра паліттэхналогіі, ці можна казаць, што фастфуд — гэта нейкі кірунак, які фарміруе наша мысленне? — з гэтага правакацыйнага пытання пачаў размову мадэратар мерапрыемства, аглядальнік «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет.
На думку Вадзіма Гігіна, аднолькавыя брэнды ва ўсім свеце — гэта прыкметы глабалізацыі — свайго роду ўніфікацыя, выстройванне ўсіх пад адзін грэбень.
— За ежай заўсёды ідуць тавары, за таварамі — палітыка, а за палітыкай ідуць салдаты, — аргументаваў ён.
Рыгор Азаронак заўважыў, што мы ёсць тое, што нас акаляе, а таксама тое, што мы ядзім, глядзім. «У канцы 1980-х у Маскве адкрыўся першы «Макдональдс», а хутка распаўся СССР, — супаставіў ён факты. — Як казаў Міхаіл Булгакаў, разруха пачынаецца ў галовах. «Макдональдс» быў на той час як нейкае прычасце да амерыканскіх каштоўнасцяў. І для нас, малых яшчэ школьнікаў, паход у «Макдональдс» быў як заахвочванне. З калегі пакпіў Вадзім Гігін: «Рыгор Юр’евіч „Макдональдс“ цяпер не прызнае, ён перайшоў на шаурму — еўразійскія каштоўнасці».
Ад ежы паступова размова перайшла да паліттэхналогій, з якімі беларусы сутыкнуліся ў 2020 годзе.
— Як любыя брэнды, не толькі ежы, і фільмы, і адзенне, роўна таксама і палітыкі дзейнічаюць па адной метадычцы, — перакананы Вадзім Гігін. — Дастаткова ўспомніць, як жанчыны стаяць на каленях перад паліцэйскімі. Можна браць Мінск, Кіеў, Грузію. Я быў у М’янме, краіна ў Малой Азіі, там таксама жанчыны стаялі на каленях перад паліцэйскімі. Не можа быць паўсюль спантанна. Гэта такі палітычны фастфуд, тое, што, як лічыцца, павінна працаваць паўсюль. Супадзення не бывае.
— Паліттэхналогій шмат, — працягваў разважаць Азаронак. — Напрыклад, кіраванне марай. Мы, маўляў, еўрапейцы. Не такія, як усе. Як фарміруецца мысленне? У нас, напрыклад, усё найлепшае асацыіруецца з еўра — еўрарамонт, еўравокны, усё з дадатковым коранем «еўра» добрае. А калі пачынаеш параўноўваць паасобку і дасканала, атрымліваецца, што ў нас лепш. Інфапсіхоз, інфапандэмія — так пра заходнія паліттэхналогіі кажа наш Прэзідэнт.
Як працуюць гэтыя тэхналогіі, Рыгор Азаронак прадэманстраваў на эфекце ў кінамантажы, які мае назву «эфект Куляшова». На экране побач з фотаздымкам артыста Сяргея Бязрукава з’явіліся па чарзе — жанчына, ежа, статуэтка Оскара. Прысутным прапанавалі выказаць здагадку, пра што ў кожным выпадку думае Бязрукаў. Атрымалася забаўна.
— Калі мы супастаўляем розныя кадры, складваецца ўражанне, што адзін і той жа чалавек думае пра рознае, у залежнасці ад таго, што знаходзіцца ў кадры побач з ім, — падсумаваў палітычны аглядальнік. — Насамрэч, наш герой можа думаць зусім пра іншае. Але пры мантажы адразу ж закладваецца вобраз. У гэтым сутнасць «эфекту Куляшова». Эфект шырока выкарыстоўваецца ў палітыцы.
Дастаткова накласці голас палітыка на кадры, якія выклікаюць страх, агіду, і ён будзе з гэтым суадносіцца. Наша задача — навучыцца ў гэтым разбірацца, бо адна справа — кіно, другая — бізнес або палітыка. Вам спрабуюць прадаць тавар, выкарыстоўваючы тую ж маніпуляцыю свядомасцю, каб адключылася крытычнае ўспрыманне сучаснасці.
Тэма размовы захапіла ўсіх, прагучала шмат пытанняў. Гледачоў цікавіла, што думаюць палітолагі пра тыя складаныя абставіны, якія сёння пануюць у свеце, і ці дойдзе справа да самага страшнага. Пыталіся пра сацсеткі, як яны ўплываюць на ўспрыманне інфармацыі і якія платформы найбольш папулярныя ў Беларусі.
— Калі рэгіструецеся ў любой сацыяльнай сетцы, пакідаеце ўсе даныя для вялікіх сервераў, якія знаходзяцца не ў нас. І любы ваш рух пакідае лічбавы крок, — папярэдзіў Рыгор Азаронак. — Фактычна вы расказваеце не толькі пра тое, з кім перапісваецеся, але і тое, што глядзіце, чым захапляецеся. Трэба быць асцярожнымі.
Магіляўчане цікавіліся, якая адукацыя лепшая: класічная або інавацыйная, як замяніць кока-колу айчыннымі напоямі, як захаваць сваё інфармацыйнае поле, абараніць дзяцей ад заходняй ідэалогіі.
— Трэба захаваць унутраны мір, і Прэзідэнт даў рэцэпт, — нагадаў Вадзім Гігін. — Працуйце спакойна, рабіце тое, што прывыклі рабіць заўсёды, дабівайцеся вынікаў, астатняе — яго задача. Калі кожны будзе займацца сваёй справай, мы захаваем унутраны мір і перададзім гэту атмасферу вакол нас.
17-гадовы Арцём Акуловіч, першакурснік гістфака МДУ імя А. Куляшова, прызнаўся, што сустрэча была для яго вельмі цікавая і пазнавальная.
— Жывыя сустрэчы шмат чаго даюць, — падзяліўся ён. — Карысна ведаць, якія могуць быць пасткі, як правяраць крыніцы інфармацыі. У інтэрнэце хапае такіх, хто маніпулюе нашай свядомасцю.
«Веды без меж»
Гэта яшчэ адна акцыя, якая стартавала на «Марафоне адзінства» ў Магілёве, звязана з бібліятэчнай справай. Яе ініцыятарам выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін. Як ён патлумачыў, ідэя нарадзілася падчас абмеркавання пытання папулярызацыі сацыяльна значнай літаратуры з прадстаўнікамі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі. У спіс трапілі 50 найменняў кніг аб гісторыі, культуры, палітыцы Беларусі. Акрамя гэтага, вырашана ўсе раённыя бібліятэкі падключыць да электронных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі.
На сустрэчы з прадстаўнікамі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства культуры, кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі прысутнічалі кіраўнікі раённых і гарадскіх бібліятэк.
— Мерапрыемства вельмі важнае для нашай установы, — падкрэсліла дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна Ілона Сарокіна. — Кнігі дапамогуць нам больш глыбока вывучаць гісторыю нашай краіны, абапіраючыся на дакладныя факты. Галоўнае, што нашы раённыя бібліятэкі і цэнтральныя гарадскія Магілёва і Бабруйска атрымалі доступ да электроннай базы Нацыянальнай бібліятэкі, якая валодае наймагутнейшым патэнцыялам алічбаваных выданняў. Яны захоўваюцца ў Беларусі ў асноўным у адзіным экзэмпляры і да іх не тое што радавы чытач — нават бібліятэкары не мелі раней доступу. Цяпер любы ахвотны, які хоча вывучаць сваю гісторыю і імкнецца да гэтага, можа скарыстацца ў раённай бібліятэцы анлайн-рэсурсам. «Марафон адзінства» — цудоўная акцыя. Нават у арганізацыі мерапрыемства мы падстаўляем адно аднаму плячо і працуем разам.
Вадзім Гігін паведаміў, што акцыя «Веды без межаў» — гэта першы крок у стварэнні інтэграванай нацыянальнай электроннай бібліятэкі.
— Маладому чалавеку сарыентавацца ў гэтым моры інфармацыі аднаму цяжка. І кнігі з’яўляюцца пуцяводнымі зоркамі, — патлумачыў ён. — Мы падказваем чытачу, дзе браць правільную літаратуру. А такія пытанні паступаюць падчас сустрэч рэгулярна. Я не сумняваюся, што друкаваная кніга будзе жыць заўсёды, але электронны рэсурс — гэта наогул сімвал адзінства. Паступова ўсе вобласці і раёны будуць падключаны да электронных рэсурсаў Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта базы даных, бібліяграфічныя спісы, магчымасць праверыць інфармацыю. Мы тэхналагічна гатовы да гэтага. Карыстальнік атрымае веды ў выглядзе друкаванай кнігі, алічбаваных даных, неабмежаванага доступу да верыфіцыраванай, праверанай інфармацыі.
Дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Бабруйскага раёна Жанна Канькова паведаміла, што ў іх на абслугоўванні 51 вёска, болей як тысяча дзвесце чытачоў, і шмат хто з іх цікавіцца гісторыяй. Новыя магчымасці — толькі на карысць.
— Цудоўна, што «Марафон адзінства» прырастае новымі пляцоўкамі, — адзначыла ў сваёй прамове кіраўнік упраўлення культуры і народнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Карповіч. — Бібліятэкары — тыя людзі, якія стаяць на вастрыі нашай інфармацыйнай, літаратурнай дзейнасці. Значнасць бібліятэкара вельмі важная. Ён заканадаўца моды ў літаратуры. Невыпадкова мы шмат увагі ўдзяляем сацыяльна значнай літаратуры. Гэта тая, якую на сваім узроўні міністэрства, бібліятэкі, усе, хто ўваходзіць у вялікі каардынацыйны савет, ужо першапачаткова адсочваюць і рэкамендуюць даносіць да насельніцтва на культурным і ідэалагічным узроўні. Гэта такі маркетынгавы ход. У крамах купляюць тое, што на адлегласці выцягнутай рукі. І ў бібліятэчнай справе трэба так дзейнічаць.
Адну справу робім разам
Гэты праект таксама першую абкатку прайшоў у Магілёве. Ён сабраў у адным з цэхаў ААТ «Ольса» работнікаў прадпрыемства і ўнітарнага прадпрыемства «Тыфлас» Беларускай асацыяцыі інвалідаў па зроку. «Тыфлас» — асноўны пастаўшчык кабельнай прадукцыі кабельных шнуроў для электрапомп «Ручаёк» , якія выпускае «Ольса». Такі вось паказальны прыклад кааперацыі на карысць двух вытворцаў.
— У агульным аб’ёме прадукцыі дадзены від займае 20%, — паведаміла дырэктар ААТ «Ольса» Кацярына Багдановіч. — Прадукцыя з’яўляецца імпартазамяшчальнай, і аналагічных вытворчасцяў у Беларусі няма. На наступны год ёсць планы супрацоўніцтва з гэтым прадпрыемствам і па новых відах прадукцыі.
Кіраўніца адзначыла, што сустрэча ў рамках «Марафону адзінства» напоўнена радасцю і пазітывам. Такі матыў у рабоце натхняе на далейшую стваральную працу. Адну справу «Ольса» і «Тыфлас» робяць з 2013 года, але актыўна партнёрства стала развівацца з 2022 года, калі «Тыфлас» стаў пастаўшчыком металаёмістай прадукцыі. На 20 лістапада 2024 года імі пастаўлена болей чым 260 тысяч найменняў вырабаў.
Дырэктар прадпрыемства «Тыфлас» Аляксандр Бажкоў таксама згодны з тым, што супрацоўніцтва атрымалася вельмі эфектыўнае, як, дарэчы, і мерапрыемства.
— Праект «Адну справу робім» добры тым, што людзі пазнаёмяцца паміж сабой і гэта дасць новы штуршок для далейшага супрацоўніцтва, — заўважыў ён. — Вельмі добры фармат, трэба яго працягваць. На сустрэчу прыйшлі нашы рабочыя, майстры, ІТР, тыя, хто не задзейнічаны на дадзены момант у працоўным працэсе.
Для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана невялікая прэзентацыя прадукцыі ААТ «Ольса» з удзелам выхаванцаў дзіцячага садка, цырымонія ўзнагароджвання і невялікі канцэрт у цэху. Настрой падымалі салісты квартэта «Добрыя людзі».
Адзіныя — непераможныя
У горадзе за два дні адбылося шмат падзей. Гэта і традыцыйныя «НЯсумныя НЯлекцыі», цэхавыя канцэрты «Разам працуем, разам спяваем», квэст на веданне Беларусі і роднага краю «Гэта ўсё маё роднае», адкрыццё мурала «Будучыня Беларусі ў тваіх руках» на адным са шматпавярховікаў па вуліцы Фаціна, выставы і вялікі кірмаш каля Лядовага палаца пад назвай «Са знакам якасці».
— Наш «Марафон адзінства» з кожным разам папаўняецца новымі праектамі, — адзначыў у размове з журналістамі Вадзім Гігін. — Калі мы ўспомнім, як ён пачынаўся ў Маладзечне, то на Магілёўшчыне разы ў тры павялічылася колькасць акцый. З новых гэта «Адну справу робім», «Кнігі ў дар», пашырылася колькасць выстаў, з’явіўся новы праект «Маё жыццё. Мой шлях. Мой Прэзідэнт» і «Веды без межаў». Марафон ахоплівае ўсё больш людзей і працягвае развівацца.
Выніковым акордам стаў гала-канцэрт «Час выбраў нас». Сярод тых, хто выступаў на сцэне, быў і даўнейшы сябар газеты «Звязда» народны ансамбль «Вязанка» Вяззеўскага сельскага Дома культуры, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь.
— Мы рады ўдзельнічаць у гэтым праекце, бо нічога няма даражэйшага, чым сваё, глыбіннае, сапраўднае, дарагое, — запэўніла кіраўнік народнага ансамбля Ірына Забаўская. — І тое, што нас запрашаюць на такія маштабныя мерапрыемствы, нагода пазнаёміць людзей з нашай творчасцю, паглядзець, што робяць іншыя, і аб’яднацца.
Тэма адзінства чырвонай ніткай прайшла праз гала-канцэрт.
— Моц Прыдняпроўскага краю, сіла каранёў, ад якіх Прэзідэнт ніколі не адрываецца, даюць яму магчымасць эфектыўна кіраваць нашай краінай, застаючыся народным Прэзідэнтам, — звярнуўся да гледачоў гала-канцэрта Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый
Крутой.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка заклікаў душой і сэрцам любіць сваю краіну.
— Мы 30 гадоў жывём у суверэннай краіне, 30 гадоў разам з нашым Прэзідэнтам будуем Рэспубліку Беларусь. Мы любім яе і душой, і сэрцам. Таму што яна прыгожая, таму што яна наша.
Песню «Час выбраў нас» трохтысячная зала Лядовага палаца спявала разам. Рэспубліканская акцыя «Марафон адзінства» адправілася далей. У найбліжэйшую пятніцу і суботу яе сустрэне Віцебская вобласць.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара і БелТА.