Зігуля, Н. Маляўнічы свет Уладзіміра Напрэенкі : у Магілёве адбылася прэзентацыя альбома вядомага беларускага мастака / Н. Зігуля //Звязда. — 2014. — 9 жніўня. — С. 7.
У Магілёве адбылася прэзентацыя альбома вядомага беларускага мастака.
Ад маляўнічых пейзажаў Уладзіміра Напрэенкі так і вее жыватворнай прахалодай. Пераканацца ў гэтым можна ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава, дзе захоўваецца каля 200 работ мастака. Менавіта большасць перададзеных гэтай установе работ і ўвайшла ў альбом 70-гадовага майстра. Падрыхтаваць яго дапамаглі супрацоўнікі музея і тыя, хто неабыякава ставіцца да творчасці мастака.
Уладзімір Напрэенка нарадзіўся ў касцюковіцкай вёсцы Антонаўка, а першыя крокі ў жывапісе рабіў з дапамогай магілёўскага мастака, выпускніка Маскоўскага Строганаўскага вучылішча Марка Волахава. Падчас сваёй працы ў Віцебску мастак захапіўся творчасцю Марка Шагала. Пад яго ўплывам напісаны шэраг палотнаў.
Шмат сіл і таленту мастак Уладзімір Напрэенка ўклаў ва ўвасабленне беларускіх краявідаў. Апошнія пейзажы зроблены на яго віцебскім лецішчы ў Гарадоцкім раёне. Як адзначыў сам, на творчасць яго натхняе любімая жонка Людміла.
А яшчэ мастака ведаюць як чалавека вялікай душы, які заўсёды гатовы займацца дабрачыннасцю. Як гэта было на нядаўняй выстаўцы ў Сербіі. Сродкі ад яе ён перадаў гэтай краіне як дапамогу ад наступстваў патопу.