Подзвігу народа — вечная памяць

Піўкарэц, Д. Подзвігу народа — вечная памяць / Данііл Піўкарэц // Культура. — 2025. — 21 лютага. — С. 4.

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за рэалізацыю міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта “Дарогамі памяці і славы”

Музей падзяліў узнагароду з Магілёўскай абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і Тэлерадыёкампаніяй “Магілёў”.

— Калектыў прыняў спецыяльную прэмію Прэзідэнта з натхненнем і пачуццём адказнасці, — расказвае дырэктар установы Віктар Анненкаў. — Трэба апраўдаць высокі давер і годна працягваць нашу работу. Мы разумеем важнасць і актуальнасць сваёй справы.

ПАМЕСЦАХ — БАЯВОЙ СЛАВЫ

Праект рэалізоўваецца з 2022-га па ініцыятыве абласнога камітэта БРСМ пры ўсебаковай падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі таленавітай моладзі — выдатнікі ў вучобе і спорце, грамадскія актывісты. Першы раз маршрут праходзіў па месцах баявой славы Магілёўскай вобласці. Хлопцы і дзяўчаты ўскладалі кветкі да помнікаў і абеліскаў, знаёміліся з гісторыяй свайго краю. Адбываліся канцэртныя праграмы, адкрытым дыялогі, флэшмобы і мітынгі. Інфармацыйную падтрымку аказвалі журналісгы ТРК “Магілёў”.

Магілёўскі краязнаўчы музей далучыўся да акцыі з першага дня. Спецыялісты ўстановы распрацавалі гістарычныя перасоўныя выставы, якія экспанаваліся на базе звычайных аўтобусаў і паказваліся ў розных кутках рэгіёна.

— Галоўнай мэтай было зацікавіць наведвальнікаў любога ўзросту. Час паказаў, што нашы супрацоўнікі паспяхова спраўляюцца з гэтай задачай, — падкрэслівае Віктар Анненкаў.

У 2022-м музейшчыкі прадстаўлялі матэрыялы, прысвечаныя сацыяльна-эканамічнаму развіццю Магілёўшчыны ў савецкі перыяд, а таксама сучасным дасягненням. У апошнія два гады дэманстравалі дакументы і фотаздымкі ваеннага часу, асабістыя рэчы падпольшчыкаў і партызан — у тым ліку экспанаты, якія раней не бачыла шырокая публіка. Каб экспанаваць іх у незвычайных умовах, вырабляліся спецыяльныя стэнды і вітрыны.

— 3 кожным годам выставы мяняюцца, аднак яны заўсёды прысвечаны бессмяротнаму подзвігу нашых продкаў, якія абаранілі Айчыну, аднавілі вёскі і гарады. Летась мы арганізавалі конкурс на найлепшы прадмет ваеннага часу, удзельнікамі якога сталі музеі з усяго рэгіёна, — адзначае Віктар Мікалаевіч. — Выбраныя артэфакты ўвайшлі ў склад экспазіцыі “80 рэліквій Вялікай Айчыннай вайны”, якую мы размясцілі ў адным з аўтобусаў.

НАДЗЕЙНАЕ ПАРТНЁРСТВА

Геаграфія ініцыятывы паступова пашыралася: за тры гады яна вырасла ад рэгіянальнай да міжнароднай. Летась разам з актывам Магілёўскай вобласці ў ёй прынялі ўдзел юнакі і дзяўчаты з 11 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.

— У нас добра наладжаны сувязі з замежнымі спецыялістамі, — падкрэслівае Віктар Мікалаевіч. — Да фарміравання экспазіцый мы прыцягвалі расійскіх калег з Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай абласцей, яны падзяліліся ўнікальнымі матэрыяламі. Аўтобусы з нашымі выставамі прыязджалі ў пяць населеных пунктаў Бранскай вобласці. Летась у маршрут былі ўключаны і знакавыя месцы нашага краю: мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак” у Борках, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, Бабруйская крэпасць. Такім чынам больш людзей змаглі далучыцца да патрыятычнай ініцыятывы.

Супрацоўніцтва краязнаўчага музея з расійскімі ўстановамі культуры працягваецца і па-за межамі праекга. Магіляўчане разам з расійскімі калегамі ўдзельнічаюць у канферэнцыях і семінарах, абменьваюцца інфармацыяй і вопытам.

ПЛАНЫ НА БУДУЧЫНЮ

Сёлета аўтобусы-музеі адправяцца ў дарогу ўжо чацвёрты раз.

— Мы пачалі падрыхтоўку новых перасоўных выставак, — распавядае Віктар Анненкаў. — Плануем правесці конкурс на найлепшы прадмет ваеннага часу сярод школьных музеяў. Прадставім іх у рамках акцыі.

Яшчэ адна амбіцыйная задача, якая стаіць на парадку дня, — стварэнне экспазіцыі для новага музея воінскай славы на Буйніцкім полі. Праект яго адкрыцця быў прапанаваны да рэалізацыі Саветам Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы. Завяршэнне работ будзе прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

— Дэманстрацыйныя залы будуць займаць больш за 2 тысячы квадратных метраў. У іх будуць адлюстраваны асноўныя падзеі вайны — пачынаючы ад абароны рэгіёна і заканчваючы яго вызваленнем у ходзе Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. Асаблівую ўвагу нададзім пасляваеннаму развіццю Магілёўшчыны. Таксама ў будынку размесціцца вялікая актавая зала, некалькі сучасных канферэнц-залаў, вучэбныя класы. Усё гэта дазволіць будучаму музею стаць паўнавартасным культурна-адукацыйным цэнтрам.

Захаванне гістарычнай памяці застаецца для ўстановы першараднай задачай. Віктар Анненкаў упэўнены, што сучаснаму пакаленню трэба ведаць пра трагічныя падзеі мінулага, каб не паўтараць падобнае ў будучыні.

— Мы павінны перадаваць падрастаючаму пакаленню праўду пра тыя часы, — адзначае дырэктар музея. — Расказваць пра гераічны народ, які абараняў і аднаўляў з руінаў нашу крашу — незалежную і суверэнную Беларусь.

Данііл ПІЎКАРЭЦ