Кажуць, што дзеці нічога не памятаюць…

 Кухарава, А. Кажуць, што дзеці нічога не памятаюць… / Алёна Кухарава // Веснік Магілёва. — 2025. — 5 марта. — С. 9.

Галіна Іванаўна Рыбцова ўзначальвае Магілёўскую абласную асацыяцыю малалетніх вязняў фашысцкай няволі. У кнізе яе жыцця ёсць старонкі паспяховай педагагічнай дзейнасці, шчаслівага сямейнага жыцця, грамадскай актыўнасці. Да любой справы яна падыходзіць грунтоўна, але з насцярожанасцю. Апошняя вось ужо 82 гады пераследуе яе як напамін пра жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на долю жанчыны ў дзіцячым узросце.

Перад вачыма толькі цемра

Бацька Галіны Іванаўны, ваенны лётчык Іван Уладзіміравіч Дзямідаў, баявыя заданні пачаў выконваць з першых дзён Вялікай Айчыннай. Аднак маленькая Галя да чатырох гадоў яго не ведала. Адзін з першых мірных успамінаў яе быў такім:

— Тата вярнуўся з вайны ў снежні 1945. Да таго часу я яго ніколі не бачыла, але адразу здагадалася, што гэта менавіта ён, і кінулася з крыкамі «Тата-тата!». Мой стрыечны дзядзька быў чымсьці падобны да таты знешне, але ў ім я бацьку не пазнавала.

Да вайны Дзямідавы жылі ў ваенным гарадку Бараўскі Смаленскай вобласці. Калі фашысцкія захопнікі напалі на Савецкі Саюз, для сямей ваеннаслужачых арганізавалі эвакуацыю. Але Іван Дзямідаў вырашыў, што яго жонцы Ксеніі, якая тады насіла пад сэрцам дзіця, трэба выпраўляцца ў іншы бок: у Беларусь. Там, у вёсцы паміж Дрыбінам і Горкамi, жылі яго бацькі і шматлікая радня. А разам любую бяду адольваць лягчэй.

Іван не ведаў, што напрыканцы жніўня, калі Ксенія ў рэшце рэшт дабярэцца да Кледнявічаў, там ужо будуць уладарыць немцы. А напачатку верасня там жа на свет з’явіцца яго дачка Галя.

3 аповедаў мамы Галіна Іванаўна ведае, што ўсіх працаздольных вяскоўцаў фашысты зганялі на работы. Не хацелі рабіць выключэнне і для Ксеніі, якая толькі нарадзіла. У пэўным сэнсе дапамагло тое, што бацька яе мужа яшчэ ў Першую сусветную быў у палоне, дзе крыху вывучыў нямецкую. Таму з адным з канваіраў удалося паразумецца і выклікаць у немца штосьці накшталт спачування: працаваць на ворага з гэтай хаты забіралі толькі малодшага сына гаспадароў — шаснаццаці-гадовага Пятра (у рэшце рэшт, калі надарылася магчымасць, гарачы хлопец уцёк да партызанаў). .

Са слоў родных Гапіна ведае і пра тое, як перад вызваленнем вёскі савецкімі салдатамі немцы пазбаўляліся ад свед-каў сваіх злачынстваў. Доўгія калоны беларусаў, адарваных ад роднага дому, ішлі на Захад, з кожнай вёскай прыбываючы людзьмі. Былі сярод іх і Ксенія з дачкой.

— Гналі нас, пакуль немцы не стамляліся. Тых, хто адставаў ці падаў, тут жа забівалі. Людзі імкнуліся дапамагаць адно ад-наму. Маме было вельмі цяжка, мяне двухгадовую яна несла на руках. Калі набліжаліся да Оршы, я захварэла на адзёр. У адной з вёсак, дзе спыняліся на начлег, людзі папрасілі, каб з нам з мамай канваіры дазволілі пераначаваць у хаце. Там мы пазнаёміліся з сям’ёй жанчыны, якую ў вёсцы звалі Сібірачкай. Гэта былі вельмі добрыя і чулыя людзі.

Раніцай жанчыны прасілі пакінуць нас у вёсцы, канваір не пагаджаўся, пакуль нявестка Сібірачкі не аддала яму свой залаты заручальны пярсцёнак.

Лёс неаднаразова дасылаў Дзямідавым жорсткія выпрабаванні, але ж сваёй міласцю на пэўны час іх адкладваў. У Аршанскім раёне маці з дачкой затрымаліся яшчэ на некалькі месяцаў. Але з чарговай калонай, у якую сагналі і жыхароў гэтай вёскі, усё ж працягнулі свой пакутніцкі шлях. У Оршы Ксенія і Галіна разам з Шурачкай, дачкой Сібірачкі, першы раз патрапілі ў канцлагер для сямей партызанаў і савецкіх ваеннаслужачых. Першы раз маленькая Галя апынулася на нарах, прыкрытых саломай, а вакол — калючы дрот.

Страшную праўду адкрыў час

— Гэта толькі кажуць, што дзеці нічога не памятаюць. Няпраўда. Проста іншым разам не хочацца выцягваць гэта з глыбінь. А перада мной як жывыя паўстаюць карцінкі. Настолькі ўеўся негатыў, які быў з дня ў дзень, гадамі…

Вось адзін з малюнкаў, які Галте Іванаўне паказвае памяць: Польшча, вялікая чыгуначная станцыя, калючы дрот пад напружаннем, вартавыя вежы і немцы з кулямётамі. Дзяцей і бацькоў разлучаюць. Вакол крыкі і плач. Мама, Шура і дзве стрыечныя бацькавы сястры Насця і Дуня, якія знайшліся па дарозе, хаваюць Галю за сваімі спадніцамі…

Далей дзяцей і падлеткаў вядуць ў адны дзверы вялікай пабудовы, а дарослых — у іншыя. У вялікім пакоі з мармуровымі лавамі жанчынам загадалі зняць з сябе ўсё адзенне, нібыта перад паходам у баню. Мама загадала Галі ціхенька сядзець у куточку. Афіцэр заўважыў дзяўчынку і яе аднялі, а за спробу выратаваць дачку Ксенія атрымала прыкладам па галаве, страціла прытомнасць.

— 3 мамай я не так баялася, яна старалася мяне прыкрыць, загарадзіць ад таго, што адбывалася вакол. А без мамы я крычала не сваім голасам, пакуль мяне неслі да дзяцей. Мама ніяк не магла ачуняць. Нашыя жанчыны засталіся вакол яе, а ўсіх іншых за тэты час завялі ў цёмны пакой з высокімі дзвярыма. Цёця Насця падгледзела адным вокам, што там за памяшканне: у ім не было падлогі.

Толькі цуд мог дапамагчы жанчынам. Яны рушылі шукаць людзей. А Ксенія кінулася па памяшканнях, ловячы крык дачкі, якая залівалася плачам. I паўсюль натыкалася на глухія дзверы. Раптам адчынілася маленькая шчылка і паляк прамовіў: «Кабетка, ходзь сюды. Бяры дзіця і ўцякай».

3 дапамогай вышэйшых сіл беларускія жанчыны зноў патрапілі на станцыю. I толькі праз гады зразумелі, што пабывалі ў Асвенцыме. 3 цёмнага пакоя без падлогі людзі, атручаныя газай, траплялі адразу ў крэматорый. Больш за мільён адтуль не вярнулася.

Усе розныя: людзі і пачвары

— Мама амаль да чатырох год карміла мяне грудзямі. Узгадвала, што ў такія моманты перад вачыма лёталі іскры. Сама была амаль без сіл, але свайму дзіцяці хацела дапамагчы, — узгадвае Галіна Іванаўна.

Пасля канцлагеру пэўны час беларускі хаваліся ў адным з вагонаў на станцыі, дзе было шмат рускамоўных людзей, якія карміліся з салдацкай кухні. Верагодна, тэта былі сем’і паліцаяў, што беглі за мяжу ад людскога суду. Уцекачоў яны сваімі прысмакамі не частавалі, але і не выдалі (рэшткі сумлення?).

З чарговага лагера, працоўнага, беларускую сям’ю — Ксенію, Насцю, Дуню, Шуру і маленькую Галю — выкупіў нямецкі генерал-памешчык. Ён валодаў вялікай гаспадаркай, якую трэба было абслугоўваць.

I да людзей ставіўся па-людску: даваў прытулак у жытле для персаналу, выпісваў прадукты і нават пакпапаціўся пра малако і печыва для Галі. Не ў прыклад баўэру-суседу, які купіў рускіх дзяўчат, каб абслугоўвалі свінаферму. Спалі працаўніцы на саломе побач з жывёлай, а харчаваліся тым, што не даелі свінні. Любыя спробы схапіць свіную мешаніну адразу з вядра караліся біццём.

Боль прытупляецца, але не сціхае

Ужо восемдзесят год як сціхлі апошнія выбухі той неверагодна жорсткай вайны. Дзямідавы і сотні тысяч, мільёны савецкіх грамадзян вярнуліся дамоў. Але ці можна пераступіць праз перажытае, забыцца і напоў-ніцу насалоджвацца жыццём? Вядома, не.

Галіна Іванаўна ўжо даўно вырасла, выйшла замуж, выгадавана трох сыноў, дачакалася ўнукаў і праўнукаў, рэалізавалася ў прафесіі як настаўніца хіміі і біялогіі, але і сёння яе памяць бударажыць душу, заводзіць сэрца, зацягвае вочы слязьмі.

— Усё жыццё я не магла наесціся цукеркамі. Вельмі доўга не ўмела ўсміхацца, не ведала дзіцячай бесклапотнасці, была маленькай бабуляй. А ў юнацтве на фоне перажытага стрэсу захварэла на сухотны менінгіт, месяц прабыла ў коме і толькі цудам урачы з дапамогай новых лекаў мяне выцягнулі.

Вайна не праходзіць бясследна, у кожнай сваёй ахвяры яна пакідае адбітак. А для нас гэта напамін пра тое, што такое больш не павінна адбыцца.

Алёна Кухарава